BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Акно ў Еўропу ці "прарыў”, якога не было

30.01.2008
Акно ў Еўропу ці "прарыў”, якога не было

Каментуючы вынікі 2007 году, прадстаўнікі беларускіх уладаў бадзёра адзначалі, што Беларусь здзейсніла “прарыў на міжнароднай арэне”. На думку незалежных экспертаў, гэта значнае перабольшанне: ніякіх знешнепалітычных поспехаў краіна за мінулы год не дасягнула. 

МЗС: “пазітыўная дынаміка” 

Міністэрства замежных спраў Беларусі ў асобе прэсавага сакратара Андрэя Папова “пазітыўна ацаніла дынаміку стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам за 2007 год”. 

Спадар Папоў адзначыў: “Мы з задавальненнем канстатуем, што мінулы год быў азнаменаваны правядзеннем цэлага шэрагу значных сумесных мерапрыемстваў з Еўрапейскім Звязам і яго дзяржавамі-сябрамі”. 

У якасці прыкладаў гэтых “мерапрыемстваў” прэсавы сакратар беларускага МЗС прывёў абмен візітамі афіцыйных асобаў ЕЗ і Беларусі, кансультацыі і перамовы па розных пытаннях, сумесныя сэмінары і канферэнцыі. 

“Мы спадзяемся, што адкрыццё ў Мінску прадстаўніцтва Еўракамісіі створыць аснову для далейшай актывізацыі і пашырэння нашых адносінаў з Еўрапейскім Звязам па гэткіх узаемавыгадных накірунках, як энергетыка і энергаэфектыўнасць, танспарт і транзіт, прыродаахоўчая дзейнасць, узаемаадносіны мытных і памежных службаў, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і іншых”, – сказаў Андрэй Папоў. 

Прэсавы сакратар беларускага знешнепалітычнага міністэрства выказаў спадзяванні, што “пазітыўная дынаміка” ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і ЕЗ перайдзе ў “значныя практычныя вынікі і зняцце штучных бар’ераў на шляху ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”. 

Касцян: “прарыў у міжнародных адносінах” 

Яшчэ больш аптымістычна настроены дэпутат беларускага парламенту Сяргей Касцян. Ён лічыць, што Беларусь у 2007 годзе “зрабіла прарыў у міжнародных адносінах”, а ў знешнепалітычнага курса краіны “вялікая будучыня”. 

Сярод іншых краін, з якімі, на думку Касяцяна, у Беларусі “добрыя адносіны”, сябра Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу назваў і Еўразвяз. 

Сяргей Касцян адзначыў, што “многія краіны Еўропы развіваюць з Беларуссю бурныя эканамічныя адносіны”. “Узяць Германію, якая пасля Расіі занімае другое месца па ўзроўні эканамічных адносінаў з нашай краінай. У нас добрыя адносіны і з іншымі краінамі ЕЗ – Славакіяй, Славеніяй, Літвой, Латвіяй, Польшчай”, – лічыць ён. 

Вайс: “спадзеў на згладжанне палітычных супярэчнасцяў” 

Еўрапейскія дыпламаты выказваюць значна больш стрыманыя меркаванні аб развіцці адносінаў ЕЗ з Беларуссю. Напрыклад, амбасадар Германіі ў Беларусі Гебхардт Вайс у інтэрвію БЕЛТА адзначыў добрую дынаміку адносінаў у эканамічнай і культурнай сферы, але прызнаў, што застаюцца “пэўныя палітычныя супярэчнасці”. 

“Год, які наступіў, мае шанцы стаць пераломным нават у тых галінах, дзе ў нас існуе некаторае непаразуменне. У прыватнасці, я спадзяюся на магчымасць згладзіць пэўныя палітычныя супярэчнасці. З боку Еўразвязу для гэтага існуе вядомая праграма. Яна з’яўляеца важным арыенцірам і нашай палітыкі, асабліва сёлета”, – адзначыў спадар Вайс. 

Пад “вядомай праграмай” дыпламат відавочна меў наўвазе вядомыя 12 умоваў, якія мусіць выканаць Беларусь, каб атрымаць поўнавартасную падтрымку з боку Еўразвязу. І пра тое, што для еўрапейскіх палітыкаў у дачыненні Беларусі яна з’яўляецца “арыенцірам”, адназначна казалі шмат хто з афіцыйных асобаў ЕЗ. 

Вячорка: “няма ніякага пазітыўнага стаўлення да цяперашніх уладаў” 

Апаненты ўладаў, у сваю чаргу, увогуле не бачаць ніякіх падставаў, каб казаць аб нейкіх “прарывах у міжнародных адносінах” – асабліва, што тычыцца адносінаў з Еўрапейскім Звязам. 

“Прарыў? Гэта няпраўда. Я хацеў бы бачыць нейкія факты, якія б пацвердзілі, што летась улады дасягнулі нейкага “прарыву”, – пракаментаваў выказванні Сяргея Касцяна намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. 

“Гэткім прарывам, напрыклад, магла б стаць супольная нарада з удзелам уладаў, беларускіх дэмакратычных сілаў і еўрапейскіх структураў, на якой былі б абмеркаваныя пытанні правядзення ў краіне свабодных выбраў. А тое, што нейкага там чыноўніка з МЗС некуды запрасілі, – які ж у гэтым “прарыў”? Як краіна мы моцна адстаем у развіцці еўрапейскага кірунку нават ад балканскіх дзяржаў, над якімі яшчэ нядаўна вісеў праклён вайны. І ніякага пазітыўнага стаўлення да цяперашніх уладаў з боку еўрапейскіх палітыкаў асабіста я не заўважаю”, – адзначыў Вінцук Вячорка ў інтэрвію Eurobelarus.info. 

Мацкевіч: “прынцыпова нічога не змянілася” 

Аб тым, што ніякага “знешнепалітычнага прарыву” летась Беларусь не дасягнула, кажа і эксперт Агенцыі гуманітарных тэхналогіяў Уладзімір Мацкевіч. “Прынцыпова нічога не змянілася. Працягваліся тэхнічныя работы ў пэўных аспектах, напрыклад, у тым, што тычыцца памежнага ці візавага рэжыму, гандлёвых адносін. Але не болей за тое. Ва ўсім, што характэрызуе праблемнасць беларуска-еўрапейскіх адносін, не толькі не было зрухаў, але наадварот, яшчэ больш зацягнулася вырашэнне пытанняў. Калі намеснік міністра замежных спраў Варанецкі недзе выступае і яго ўважліва слухаюць еўрапейскія калегі, гэта ў прынцыпе само па сабе ні пра што не сведчыць”. 
Што тычыцца заявы Сяргея Касцяна, то яна, на думку эксперта Агенцыі гуманітарных тэхналогіяў, “сведчыць толькі аб тым, што змяняецца ідэалагічны вектар беларускай палітыкі”, але і ён “змяняецца вельмі марудна і недастаткова”. 
“Выказванні Касяцна пра Еўропу гавораць аб тым, што нейкіх антыеўрапейскіх настрояў у беларусікм парламенце няма. Але прынцыпова нічога не змянілася. Ніхто не мае дастатковага ўплыву і дастаткова моцнай пазіцыі, каб нешта змяніць у палітыцы Беларусі ў дачыненні Еўропы”, – адзначыў Уладзімір Мацкевіч. 

Вялікай заганай эксперт лічыць і тое, што Беларусь дагэтуль “не вызначылася ў адносінах да асноўных еўрапейскіх супольнасцяў”. Хаця, на думку Уладзіміра Мацкевіча, краіне неабходна абавязкова ўступіць у Раду Еўропы. 

“Дагэтуль Беларусь не з’яўляецца поўнавартасным удзельнікам нават праграмы добрасуседства Еўрапейскага Звязу. А яна нам жыццёва неабходная. Мы можам імкнуцца да ўступлення ў Еўразвяз альбо не – гэта добрая воля народу краіны. Напрыклад, Нарвегія не з’яўляецца сябрам ЕЗ. Але наладзіць добрыя стасункі з Еўропай і прывесці да несупярэчлівага выгляду нарматыўныя акты і законы паміж нашымі краінамі – гэта надзённая неабходнасць”, – лічыць Уладзімір Мацкевіч. 

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео