BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Еўропа глядзіць на Беларусь

08.12.2007
Еўропа глядзіць на Беларусь

Еўропа не збіраецца пазбаўляць Беларусь шанцаў далучыцца да працэсаў інтэграцыі. Гэткую выснову зрабіў шэраг беларускіх экспертаў, якія прымалі ўдзел у рэгіянальным кангрэсе недзяржаўных арганізацый. Форум адбыўся 25-27 лістапада ў Кіеве пры падтрымцы Рады Еўропы.

Кожная краіна мае сваю спецыфіку

Гэта быў другі падобны кангрэс — першая сустрэча адбылася летась у Варшаве. На сёлетні форум сабраліся прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёна Еўропы — Расіі, Украіны, Беларусі, Польшчы, а таксама краінаў Прыбалтыкі і Каўказа.

Арганізацыі-ўдзельнікі мелі магчымасць прэзентаваць сітуацыю з грамадзянскай супольнасцю ў сваіх краінах. Амаль кожная краіна мае сваю спецыфіку, лічыць удзельнік сустрэчы, эксперт Агентства гуманітарных тэхналогій Андрэй Ягораў.

«Перад НДА розных краін стаяць абсалютна розныя праблемы, — сказаў Андрэй Ягораў у інтэрвію Eurobelarus.info. — Напрыклад, на Украіне, якая жыве ў сітуацыі дэмакратыі, перад недзяржаўнымі арганізацыямі стаіць пытанне поўнавартаснага ўплыву на працэс прыняцця палітычных рашэнняў. Для беларускіх НДА гэта толькі перспектыва. А ў Расіі адбываецца абваротны працэс. Раней арганізацыі трэцяга сектару мелі ўплыў на сітуацыю, але зараз краіна перажывае часы таталітарнага савецкага рэваншу. Сітуацыя ў Расіі паўтарае беларускую. Там ідзе аўтарытарызацыя, і гэты працэсс вельмі падобны на тое, як гэта адбывалася на Беларусі».

«У становішчы ўсеагульнага дысідэнства»

Што да сітуацыі ў самой Беларусі, дык і недзяржаўныя арганізацыі, і палітычныя партыі, і экспертныя суполкі ў нашай краіне знаходзяцца «ў становішчы ўсеагульнага дысідэнства», лічыць яшчэ адна ўдзельніца кіеўскага кангрэса, эксперт Агентства гуманітарных тэхналогій Святлана Мацкевіч.

«Пры гэтым адзінага погляда на агульнае становішча справаў у беларускіх арганізацый няма, — кажа Святлана Мацкевіч. — Кожны ідзе сваім шляхам».

«Нават пры ўсёй розніцы меркаванняў павінен весціся дыялог паміж арганізацыямі. Гэтага як раз і не хапае зараз. Замест гэтага ідзе нейкая “мышыная ваўтузня”, барацьба за рэсурсы. Хаця актыўнасць мусіць быць менавіта ў абмеркаванні прынцыпаў і тэхналогій далейшай дзейнасці, то бок змястоўных аспектах», — алзначыла эксперт Агентства гуманітарных тэхналогій у інтэрвію Eurobelarus.info.

«Еўропа цвяроза ацэньвае сітуацыю»

Між тым, Рада Еўропы робіць канкрэтныя крокі па працы з Беларуссю, нягледзячы на тое, што краіна фармальна не з’яўляецца сябрам гэтай арганізацыі.

«Зараз рыхтуецца адкрыццё інфармацыйнага офіса Рады Еўропы ў Беларусі, вядуцца пермовы на гэты конт з Міністэрствам замежных спраў, — адзначыў Андрэй Ягораў. — Да таго ж, Рада Еўропы адкрыла школу палітычных даследванняў для Беларусі. Гэта своеасаблівы інструмент дзеля еўрапеізацыі элітаў».

«Можна адназначна сказаць, што Еўропа глядзіць на Беларусь і ацэньвае тое, што адбываецца, — кажа Святлана Мацкевіч. — Прычым відавочна, што Еўропа цвяроза ацэньвае сітуацыю ў Беларусі, але вырашэнне пытання па змене становішча, відавочна, ляжыць на саміх беларусах».

Андрэй Аляксандраў

[email protected]

Видео