Сацыяльнае прадпрымальніцтва, занятасць як рэабілітацыя і “момант адпачынку” за кошт мясцовага самакіравання і спонсараў.
Канвенцыя па правах людзей з інваліднасцю, якую Беларусь падпісала больш за два гады таму, прадугледжвае роўны падыход у забеспячэнні ўсіх правоў, у тым ліку і права на працу. У беларускім грамадстве доўга выпрацоўваўся стэрэатып, што чалавек з інваліднасцю не можа працаваць. Аднак інваліднасць не забараняе працу, а толькі абмяжоўвае яе. Гэтай праблеме адведзена значнае месца ў праекце “Роўныя – Роўным”, які рэалізуецца ў Століне пры падтрымцы Еўрапейскага Звязу ў рамках кампаніі “Павестка 50”, накіраванай на рэалізацыю палажэнняў Канвенцыі на месцах.
У прыватнасці ў межах праекта ў столінскім Цэнтры сельскага развіцця адбыўся круглы стол “Абагульненне досведу незалежнага пражывання і безбар'ернага асяроддзя ў Латвіі і Беларусі. Працаўладкаванне людзей з асаблівымі патрэбамі праз стварэнне сацыяльных прадпрыемстваў”. Асноўным дакладчыкам выступіла кіраўнік грамадскай арганізацыі “Крылы надзеі” Эва Вількіна з горада Сігулда (Латвія). Беларускі бок прадстаўлялі кіраўнікі рамадскіх арганізацый і дзяржустаноў Століна, а таксама члены ініцыятыўнай групы бацькоў дзяцей з інваліднасцю, якія бяруць удзел у рэалізацыі праекта.
Удзельнікі круглага стала. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Як у надзеі з’явіліся крылы
Свой расповед Эва Вількіна пачала з таго, як з ініцыятывы некалькіх сямей паўстала буйная арганізацыя, якая аказвае комплексныя паслугі людзям з інваліднасцю і цяпер з’яўляецца сацыяльным прадпрыемствам.
– Напачатку, у 2003 годзе, спецыялісты адмаўляліся працаваць з дзецьмі з інваліднасцю, таму сем’і з такімі дзецьмі вырашылі аб’яднацца. Праз год удалося атрымаць невялікі бюджэт каля 7 тысяч еўра на паслугі сацыяльнай рэабілітацыі для дзяцей, – распавяла Эва Вількіна.
У 2004 годзе да ініцыятывы “Крылы надзеі” далучыліся ўжо 30 сем’яў. З таго часу мясцовае самакіраванне Сігулды стала выдзяляць арганізацыі неабходны для аказання тых ці іншых паслуг дзецям бюджэт. Паслугі – гэта рознага кшталту тэрапія, лагапедыя, догляд у працоўны час. Карыстаюцца імі дзеці не толькі з Сігулды, але і з іншых валасцей Латвіі. Справа ў тым, што ў краіне пакуль існуе ўсяго два падобныя цэнтры: акрамя “Крылаў надзеі” ў Сігулдзе яшчэ адна арганізацыя ёсць у Рызе.
– Догляд за дзецьмі з інваліднасцю дазваляе 97% бацькоў працаваць. Мы лічам, што гэта вялікая выгада для сем’яў, – адзначыла госця з Латвіі.
Эва Вількіна. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Але “Крылы надзеі” на гэтым не спыніліся. У 2006 годзе ўдалося адкрыць спецыяльныя класы ў агульнаадукацыйнай школе для навучання дзяцей з лёгкімі і цяжкімі пашкоджаннямі. Больш за тое: усе настаўнікі школы, нават тыя, хто не працуе ў гэтых класах, прайшлі спецыяльнае навучанне. Летась споўнілася 10 год, як класы дзейнічаюць, цяпер у іх навучаецца 39 дзяцей з асаблівасцямі.
– Мясцовае самакіраванне арганізавала транспарт, які раніцай забірае дзяцей, а днём і ўвечары прывозіць назад. Да 18 гадзін вечара дзеці могуць заставацца ў нас і праходзіць тэрапію, – распавяла Эва Вількіна.
Па словах выступоўцы, двойчы на год спецыялісты са школы і з “Крылаў надзеі” збіраюцца і абмяркоўваюць стан кожнага дзіцяці: якія метады ў яго выпадку найбольш паспяхова працуюць і што яму можна яшчэ прапанаваць. Такім чынам адзначаюць дынаміку прагрэсу і распрацоўваюць рэабілітацыйныя планы.
Рэабілітацыя занятасцю
Калі дзеці сталі падрастаць, наступным крокам “Крылаў надзеі” стала арганізацыя паслуг для маладых людзей і дарослых.
– У 2012 годзе мы сталі ствараць дзённы цэнтр і спецыялізаваныя майстэрні для маладых людзей і дарослых. Мы першапачаткова арыентаваліся на занятасць. У нашым дзённым цэнтры ўсе людзі займаюцца ў майстэрнях. У будучыні мы плануем адмовіцца ад майстэрняў і стварыць цэнтр па занятасці. Цяпер мы з сацыяльным цэнтрам абмяркоўваем магчымасць зрабіць там комплексныя паслугі, – падзялілася планамі Эва Вількіна.
Дырэктар столінскага ТЦСАН Любоў Дземідовіч і Эва Вількіна. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Цяпер у цэнтры ёсць восем майстэрняў (скураная, ткацкая, швейная, мазаічная, мастацкая, свячная, керамічная, мыльная, каменнай пластыкі), у якіх з 9.00 да 13.00 працуюць людзі. Занятак ёсць для ўсіх, нават для людзей з цяжкімі пашкоджаннямі. Пасля абеду праца ў майстэрнях змяняецца рэабілітацыяй – фізіятэрапіяй, танцамі, тэатральнымі і музычнымі заняткамі.
Дзённы цэнтр для маладых людзей платны, наведванне каштуе 15 еўра ў дзень. Гэтыя грошы ідуць на аплату памяшкання, харчаванне (ежу ў цэнтры гатуюць свае кухары, і гэта, дарэчы, таксама частка рэабілітацыі: кухары вучаць гатаваць наведвальнікаў, што спрыяе іх самастойнасці), фізіяпрацэдуры. Але плацяць не сем’і, а мясцовае самакіраванне. Увогуле, у Латвіі дзяржава дапамагае арганізацыям для людзей з інваліднасцю цягам чатырох гадоў, паступова скарачаючы фінансаванне і цалкам пераводзячы яго на мясцовае самакіраванне.
Пры гэтым узровень дастатку сям’і сацыяльныя службы не ацэньваюць – наяўнасці дзіцяці з інваліднасцю дастаткова, каб можна было разлічваць на наведванне цэнтра. Неабходны бюджэт арганізацыя разлічвае сама, сыходзячы з выдаткаў на аказанне паслуг. Летась сродкі мясцовага самакіравання на ўтрыманне цэнтра склалі каля 40%, а ўсе астатнія грошы “Крылам надзеі” ўдалося атрымаць ад спонсараў.
Прэзентацыя арганізацыі "Крылы надзеі". Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Цяпер цэнтр дасягнуў таго ўзроўню, калі ён можа прапанаваць пэўныя якасныя рэчы, зробленыя людзьмі з інваліднасцю, і атрымліваць за іх грошы. І ў 2015 годзе на яго базе было адкрыта сацыяльнае прадпрыемства. Кожны яго супрацоўнік, які вырабляе рэчы на продаж, павінен быць зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік, каб яму маглі плаціць зарплату.
– Калі ў цэнтр прыходзіць чалавек, у яго запытваюца, што б ён сам хацеў рабіць. І яму даюць магчымасць паспрабаваць гэтым займацца. У дзённым цэнтры ёсць апекуны, якія дапамагаюць людзям працаваць. Пасля гэтага чалавек ідзе ў спецыялізаваную майстэрню, а наступным крокам для яго з’яўляецца сацыяльнае прадпрыемства, дзе ён можа вырабляць прадукцыю і атрымліваць за яе грошы. Пасля выхаду на рынак працы чалавек перастае знаходзіцца пад апекай цэнтра, але ў любы момант ён можа звярнуцца да нашых спецыялістаў, калі яму спатрэбіцца дапамога, – тлумачыць Эва Вількіна.
Праца знойдзецца. А жаданне?
Апроч сацыяльнага прадпрыемства на базе “Крылаў надзеі” ў 2016 годзе быў адкрыты цэнтр сацыяльнай падтрымкі “Дом надзеі”, дзе дапамагаюць мамам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сіуацыі. Таксама там ёсць паслуга для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, якая называецца “момант адпачынку” (“сацыяльная перадышка”). Яна прадугледжвае, што бацькі цягам года могуць прывезці і пакінуць там сваё дзіця на 30 сутак, а самі ў гэты час адпачыць.
Арганізацыя “Крылы надзеі” лічыцца сацыяльным прадпрыемствам, але так будзе толькі да красавіка 2018 года – гэта звязана са зменай заканадаўства.
– Цяпер у нас дзейнічае закон, паводле якога недзяржаўная арганізацыя можа займацца гаспадарчай дзейнасцю, доля якой не павінна перавышаць 50% ад асноўнай працы ўстановы. Калі бюджэт перавысіць 50%, трэба афармляцца ў іншым статусе – камерцыйным, – распавяла Эва.
У Латвіі, згодна з заканадаўствам, чалавек, які афармляе сацыяльнае прадпрыемства, павінен вырашаць грамадска значныя праблемы пры выкарыстанні бізнес-метадаў, а даход павінен укладаць у развіццё свайго прадпрыемства. Але апроч гэтага сацыяльнымі прадпрымальнікамі лічацца і тыя, хто вырабляюць тавары ці паслугі для людзей з інваліднасцю і прадаюць іх за вялікія грошы. Эва Вількіна не згодная з такім разуменнем сацыяльнага прадпрымальніцтва. Беларускія калегі падтрымалі госцю ў гэтым пытанні.
Удзельнікаў праекта "Роўныя - Роўным" зацікавіў латвійскі досвед. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
– Для мяне сацыяльнае прадпрымальніцтва – перадусім занятасць. І сацыяльнае прадпрыемства не можа выжыць без падтрымкі дзяржавы, – выказаў сваё меркаванне старшыня столінскага Цэнтра падтрымкі маладых інвалідаў Міхаіл Скрабейка.
Увогуле, латвійскі досвед аказаў на ўдзельнікаў праекта моцнае ўражанне. Асабліва беларускія актывісты зацікавіліся ідэяй “сацыяльнай перадышкі” для бацькоў дзяцей з інваліднасцю.
– Гэта палачка-выручалачка для бацькоў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. У нас ёсць і непаўнагадовыя мамачкі, у якіх бацькі п’юць, таму народжаныя немаўляты аказваюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Атрымаць падтрымку ў выглядзе “сацыяльнай перадышкі” для такіх мам было б цудоўна, – мяркуе начальнік аддзела сацыяльнай падтрымкі насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Столінскага райвыканкама Галіна Варапаева.
Пра досвед заснавання сацыяльнага прадпрыемства ў Століне Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавяла стваральніца і кіраўнік сацыяльнага прадпрыемства “Дарога ў жыццё” Мальвіна Выдрыцкая. У 2002 годзе яна з паплечнікамі арганізавала працоўныя керамічныя і швейныя майстэрні, якія ў 2006 годзе перараслі ва ўнітарнае прадпрыемства, што працуе і сёння.
– Чалавеку з інваліднасцю складана знайсці працу, бо, фактычна, нідзе няма працоўных месцаў, апроч сельскай гаспадаркі. Хаця я б сказала, што гэта не горшы варыянт. Напрыклад, у нашых суседзяў – Польшчы, краінах Балтыі – вельмі распаўсюджана праца людзей з інваліднасцю ў сельскай гаспадарцы. Гэта магчыма, але ўсё залежыць ад таго, наколькі сам чалавек з інваліднасцю хоча нечым займацца. Бо ў нас вельмі шмат такіх людзей, якія не прывыклі працаваць і чакаюць нейкіх прывілеяў для сябе. Але калі вы былі за мяжой, то бачылі, што там людзі з інваліднасцю працуюць на тых жа пасадах, што і астатнія. Таму перад тым, як казаць пра працаўладкаванне, трэба саміх людзей з інваліднасцю падрыхтаваць да разумення таго, што яны – звычайныя людзі, якія могуць працаваць рукамі. Але ёсць і такія, хто імкнецца і любіць працаваць. Я лічу, калі будзе мяняцца наша грамадства, будуць мяняцца і нашы людзі з інваліднасцю, – падсумавала Мальвіна Выдрыцкая.
Старшыня Столінскай раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ" Георгій Пышняк. Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
***
Матэрыял падрыхтаваны ў межах міжнароднага праекта “Правы людзей з інваліднасцю: парадак дня для Беларусі (Павестка 50)”.
Праца з людзьмі трэцяга ўзросту натхняе, перакананая спецыяліст аддзялення забеспячэння дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян сталага веку Вілейскага ТЦСАН.
Як маленькае швачнае прадпрыемства на Аршаншчыне вырасла ў сучасную вытворчасць з якаснай прадукацыяй і стварыла сістэму працаўладкавання моладзі з інваліднасцю.
Гаспадыня бабруйскага тайм-клуба “13:87” распавядае пра тое, як сумясціць бізнес і каштоўнасці, чаму важная даступнасць, а таксама дзеліцца праваламі і дасягненнямі.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Райцентр стал вторым городом в Беларуси и первым в Брестской области, где подписали местный план реализации принципов Конвенции ООН о правах людей с инвалидностью.
Беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич обратился к Александру Лукашенко с открытым письмом, в котором потребовал от беларусского правителя не отдавать преступные приказы.
Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
За три года (столько в Беларуси реализовывалась кампания «Повестка 50») изменить жизнь в городах невозможно. Но изменить структуру отношений в местных сообществах – вполне.
Важно не только то, О ЧЁМ вы говорите, но и КАК. И если вы – журналист, блогер, публичный человек, а одна из ваших тем – люди с инвалидностью, то вот несколько рекомендаций, как подавать её корректно.
У Еўропе — мэры гарадоў, у нас — старшыні гарвыканкамаў. Бо мэраў абіраюць, а старшыняў прызначаюць. Але нечакана Лідзія Ярмошына загаварыла пра ўзмацненне мясцовага самакіравання.
Без прыватызацыі ды закрыцця стратных прадпрыемстваў беларуская эканоміка хутчэй расці не будзе, з чым згодныя нават улады Беларусі, заявіў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Вазіл Худак
Экологи, эксперты в сфере экологии и представители гражданского общества отвечают на обвинение в негативном влиянии на инвестиционный климат и недобросовестной конкуренции.