BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Свабода і сумневы. Як у Мінску працуе ўніверсітэт, не падобны да іншых

21.03.2018 Павел Свярдлоў, "Еўрарадыё"
Свабода і сумневы. Як у Мінску працуе ўніверсітэт, не падобны да іншых
Інтэрнэт змяніў сферу адукацыі да непазнавальнасці. Самыя розныя адукацыйныя курсы — ад рамонту сантэхнікі да сучаснай філасофіі — можна засвоіць, не выходзячы з дома. За грошы і без грошай.

Але як адрозніць сапраўды карысную адукацыю ад "абалваньвання людзей ведамі"? Пра гэта, а таксама пра прынцыпы, якімі мусіць кіравацца сучасная адукацыйная ўстанова, "Еўрарадыё" пагутарыла са стваральнікамі Лятучага ўніверсітэта Уладзімірам Мацкевічам і Таццянай Вадалажскай.

"Тыя, хто сеюць дурноту, пакрыўдзяцца"

"Цэнзуры ў інтэрнэце, дзякаваць богу, няма. Але няма і ўваходнага кантролю, — разважае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. — Таму ў інтэрнэце з’яўляецца шмат дурноты, якую цяжка назваць адукацыяй. Гэта, хутчэй, абалваньванне людзей ведамі. А тое, што мы стварылі, і што пасля атрымала назву "Лятучы ўніверсітэт", гэта і ёсць спроба розумам супрацьстаяць "нямысленню", бяздумнасці, фэйкавасці і лжэнавукам".

"Еўрарадыё": Як гэтаму супрацьстаяць? Я, калі шчыра, бачу толькі адзін спосаб: стварыць нейкую экспертную супольнасць, што карыстаецца ўсеагульным даверам. Каб гэтыя эксперты давалі ацэнку тым ці іншым курсам.

Уладзімір Мацкевіч: Пры ўсёй правільнасці вашай прапановы, яна нерэалістычная. Хто будзе адбіраць экспертаў? Чаму аднаму эксперту можна верыць, а іншаму — не? Хто возьме на сябе не самую прывабную місію паліцэйскага, які адганяе несумленных экспертаў ад добрай справы?

Нешта даказаць можна толькі ўласным прыкладам. Толькі набываючы аўтарытэт, вагу, сваім прыкладам можна паказаць: я разбіраюся ў тэме і магу адрозніць праўду ад фэйкавых ведаў, постпраўды. Але кожны, хто пачынае так казаць, мусіць разумець, што тыя, хто сее дурноту, пакрыўдзяцца і накінуцца на іх. Бо постпраўда — гэта вялікі бізнес. Эзатэрычныя, містычныя, псеўданавуковыя вучэнні — гэта вялікі бізнес. На іх западаюць людзі. Значна цікавей чытаць пра лахнэсскую пачвару, чым пра тое, якая плотка водзіцца ў беларускіх рэчках. Праўда — яна сціплая. Надаць вагу сціплай навуцы — такая была наша задума, наш імпэт. Ну і як жа гэта зрабіць?

Межы і дамінанты

Таццяна Вадалажская: Лятучы ўніверсітэт — гэта супольнасць, якая з дапамогай пэўнай праграмы дзеянняў намагаецца сканцэнтраваць вакол сябе адказы на пытанні: а што ёсць сёння ўніверсітэт, і якім ён павінен быць? Чым павінна сёння быць мысленне і як яно мусіць быць арганізаванае? Якой мусіць быць адукацыя? Адразу зазначу, што ў нас няма адказаў, якія пры наяўнасці палітычнай волі можна было б распаўсюдзіць на ўсю краіну. Мы фактычна эксперыментуем на сабе — гуртуем людзей, якім гэтыя пытанні цікавыя і якія таксама імкнуцца да адказаў на іх.

Міхал Анемпадыстаў у свой час казаў пра арганізацыю прасторы па двух прынцыпах: можна выбудоўваць межы ("нашы" — "не нашы"), а можна працаваць па прынцыпе дамінанты. Гэта такі выразны, бачны аб’ект, вакол якога пераарганізуецца прастора, і які задае арыенціры. Адносна яе можна казаць: "Мы абсалютна іншыя", "Мы далёка", "Мы блізка" і г.д. Лятучы ўніверсітэт — гэта спроба выбудаваць такі арыенцір, адносна якога людзі, зместы і працэсы маглі б рухацца і самавызначацца.

Чаму выкладчыкі мусяць сумнявацца?

"Еўрарадыё": Калі б вас цяпер папрасілі сфармуляваць адрозненні Лятучага ўніверсітэта ад традыцыйнага — што б вы адзначылі?

Уладзімір Мацкевіч: Першае — гэта свабода. У нас няма кіраўніцтва, гаспадароў, акцыянераў, якія б дыктавалі сваю волю. Мы лічым, што ўніверсітэт як ідэя — тысячагадовая ідэя! — такім і павінен быць. Ніхто, акрамя ўніверсітэцкай супольнасці, не мае ўлады ва ўніверсітэце. Сучасныя навучальныя ўстановы згубілі гэтую ўласцівасць. А мы яе набываем.

Свабода дзеяння патрабуе свабоды мыслення, а свабода мыслення немагчымая без сумневаў і крытыкі. Мы робім дамінанту — кажам, што змест, які мы нясём, варты ўвагі. Але, калі мы не сумняваемся ў гэтым, мы ператвараемся ў фанатыкаў. Фанатыкаў бачна не адразу, але іх заўжды раскусваюць.

Каб не ператварацца ў фанатыкаў, але быць упэўненымі, што мы кажам правільныя рэчы, нам патрэбная крытыка ўнутры. Таму асноўная форма камунікацыі ў нас — гэта дыскусія.

Спрэчка, амаль да канфлікту. Мы імкнёмся да таго, каб кожны слухач на лекцыі мог выказацца, не чакаючы, пакуль выкладчык скончыць маналог.

Таццяна Вадалажская: Дадам яшчэ адну рысу.

Можа быць, галоўнае адрозненне ў тым, што мы не лічым універсітэт найперш адукацыйнай установай.

Людзі прызвычаіліся, што ўніверсітэт — гэта тое, дзе ты атрымліваеш дыплом, што гэта адукацыя, прычым, звычайна — прафесійная. Мы кажам, што ўніверсітэт найперш — гэта прастора для мыслення. Туды можна патрапіць, і праз гэтае патрапленне ты адукуешся. У нас ёсць курсы і лекцыі, але мы гэта бачым не ў сэнсе набывання ведаў, а ў сэнсе агульнага працэсу камунікацыі, віравання ідэй. Права, задача і магчымасць чалавека — знайсці ў гэтым адукацыю.

Курс "Практычная палітыка"

"Важна, каб ва ўніверсітэце развіваўся і той, хто выкладае"

Уладзімір Мацкевіч: Лятучы ўніверсітэт створаны для тых, хто шукае тое, што не можа знайсці ў распаўсюджаных падручніках ці ў дзяржаўных універсітэтах. Мы імкнёмся замаўляць курсы людзям, якія знаходзяцца на пярэднім краі распрацоўкі сваіх дысцыплін. А на пярэднім краі ёсць месца і сумневам, і навізне. Шмат што, што выкладаецца ў нас, гэта свежыя веды, з пылу з жару.

Таццяна Вадалажская: Больш за тое. Мы адзін час часта паўтаралі, што ўніверсітэт не для студэнтаў. Не ў сэнсе, што мы не любім студэнтаў, а ў сэнсе, што вельмі важна, каб ва ўніверсітэце рухаўся і развіваўся той, хто выкладае. Тады за ім людзі могуць рухацца таксама. Калі ён проста пераносчык ведаў з падручніка... Людзі і так могуць прачытаць.

І выкладчыкі, і слухачы — свабодныя

"Еўрарадыё": Лятучы ўніверсітэт адпавядае фармату дыстанцыйнай адукацыі?

Таццяна Вадалажская: Год таму мы зрабілі дыстанцыйную платформу і патроху напаўняем яе зместам. Чалавек можа паглядзець, увайсці ў тэму, пазнаёміцца з даследчыкам, павывучаць літаратуру, адказаць на нейкія пытанні, а пасля рухацца да дыскусіі і іншых фарматаў ужо больш падрыхтаваным.

"Еўрарадыё": Гэта ўсё можна паглядзець без рэгістрацыі і СМС?

Таццяна Вадалажская: Рэгістрацыя ёсць, але яна даволі простая.

Курс "Уводзіны ў адкрытыя дадзеныя"

"Еўрарадыё": Якія абавязкі накладваюцца на слухачоў? Ці мусяць яны праслухаць пэўную колькасць курсаў?

Уладзімір Мацкевіч: Калі мы хочам, каб наш выкладчык-мысляр быў свабодным, ён не можа накладваць абавязкі на таго, з кім размаўляе. Таму ў нас і выкладчыкі, і слухачы — свабодныя. Але потым, развіваючыся, мы зрабілі такі фармат — школы ўнутры Лятучага ўніверсітэта. Цяпер мы маем чатыры такія школы. Туды людзі запісваюцца і бяруць на сябе пэўны абавязак. Напрыклад, хадзіць ад пачатку да канца.

Гэта метадалагічная школа магістраў гульні, школа сацыяльнай аналітыкі, школа гісторыі ідэй і школа ВКЛ — праца са спадчынай. Ёсць таксама нефармальныя школы — школы без абавязкаў. Аднаго з вядоўцаў такой школы Таццяна згадала — школу дызайну вёў нябожчык Міхал Анемпадыстаў. Школу герменеўтыкі біблейных тэкстаў вядзе Ірына Дубянецкая, а сама Таццяна займаецца школай урбаністыкі. Свабода слухачоў зводзіцца да таго, каб абраць той ці іншы фармат.

Расслабленасці шмат, а практыкі не хапае

"Еўрарадыё": Хто вашы слухачы?

Таццяна Вадалажская: Гэта людзі, якія жадаюць нечага дзіўнага. Але гэта вельмі розныя людзі, ад студэнтаў малодшых курсаў да пенсіянераў. Падганяць іх пад нейкія характарыстыкі не мае сэнсу.

Уладзімір Мацкевіч: Мы вельмі не любім, калі людзі на пытанне пра сваю матывацыю адказваюць: "А нам проста цікава". Гэта сведчыць пра тое, што мэты ў іх няма. І зусім іншая справа, калі чалавек разумее свае праблемы і хоча пашырыць свой светапогляд, каб з імі разабрацца. Вось такі чалавек для нас цікавы.

"Еўрарадыё": Здаецца, ў нашым грамадстве папулярная супрацьлеглая думка — пра тое, што дадатковыя веды могуць толькі дадаць праблем.

Уладзімір Мацкевіч: Для людзей, якія так думаюць, ёсць псіхатэрапеўты. Ідзіце да іх — у нашай краіне шмат паслуг такога кшталту. Вам не сюды.

Курс "Сучасная адукацыя: радыкальныя змены"

Таццяна Вадалажская: Для нас важнае якраз напружанне і праблемы, бо мы лічым, што гэта рухае чалавекам і грамадствам. І гэтага не хапае. Расслабленасці шмат, а напружання і практыкі не хапае.

Уладзімір Мацкевіч: Нам часам і кажуць, што мы вельмі складаныя рэчы выкладаем, ды яшчэ і вельмі складана. Маўляў, можна ж гэта ўсё прасцей! Так, можна. Але тады яго згубіць сэнс. Калі вы прыходзіце на папсовую дыскатэку, вам не трэба нічога рабіць. Вы адцягнуліся там, за вас музыка ўсё робіць, ногі самі ідуць у скокі. А калі вы прыходзіце на канцэрт джазавай ці класічнай музыкі, трэба трохі напружыцца, каб гэта слухаць. Трэба зрабіць нейкую працу. Так і ў нас. Калі нешта даць у лёгкай форме, гэта праляціць і не пакіне адбітку.

"Мы хацелі б раскручваць сваіх"

"Еўрарадыё": Цяпер сярэдзіна сакавіка, як чалавек можа спрычыніцца да працы Лятучага ўніверсітэта?

Таццяна Вадалажская: Самы просты крок — зайсці на дыстанцыйную платформу і паглядзець некалькі курсаў, ці чапляе. Там можна сустрэцца і з некалькімі выкладчыкамі Лятучага ўніверсітэта. Набор на курсы другога семестра цяпер ужо скончыўся, але можна зайсці на сайт і паглядзець расклад. Магчыма, атрымаецца заскочыць у апошні вагон. Да апошняга працуе канал на YouTube — туды можна зайсці і паглядзець. Часам мы праводзім публічныя мерапрыемствы — у сярэдзіне красавіка будзе форум, на якім мы будзем абмяркоўваць інавацыі. А таксама плануецца серыя паездак па рэгіянальных кропачках. Там можна будзе сустрэцца з тымі, хто выкладае на дыстанцыйнай платформе.

Уладзімір Мацкевіч: А я б не працягнуў тое, што кажа Таццяна, а паставіў бы сваю думку наперад. Калі нехта, пачуўшы пра Лятучы ўніверсітэт, прыгадвае свой досвед навучання ў традыцыйным універсітэце і думае, што гэта тое самае, толькі нефармальнае, "лятучае", дык ён памыляецца. Мы не абы-каго запрашаем сабе ў якасці выкладчыкаў. У кожнай галіне, якую мы чапляем, нашае імкненне — запрашаць найлепшага з беларускіх спецыялістаў. Менавіта з беларускіх. Можна было б запрашаць замежнікаў, але мы хацелі б раскручваць сваіх. Але найлепшых. Не заўсёды гэта атрымліваецца, але, калі не найлепшага, дык, прынамсі, з пяцёркі лепшых у сваёй галіне мы выбіраем. Таму гэтыя лекцыі ці паведамленні, якія можна паглядзець дыстанцыйна — гэта не шырспажыў.

"Еўрарадыё": А калі прыходзіць чалавек і пачынае спрачацца з вашым выбарам?

Уладзімір Мацкевіч: Я толькі радуюся такой пастаноўцы пытання? Ёсць нехта лепшы? Мы параўнаем, і яго запросім! Так мы самі можам развівацца.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео