BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Святло, якое нам застаецца

16.03.2018 Лятучы ўніверсітэт
Святло, якое нам застаецца
Беларускі дызайнэр, мастак, фатограф, паэт і перакладчык, аўтар "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нечакана для ўсіх нас пайшоў з жыцця 24 студзеня гэтага года.

Боль і перажыванне гэтай страты застануцца з намі яшчэ доўга, калі наогул калісьці сыдуць да канца. Але сёння, у дзень яго народзінаў, мы прыгадваем, як шмат Міхал пакінуў нам у спадчыну — візуальных і паэтычных твораў, ідэй і сэнсаў, разваг і баек, святла і цеплыні.

У 2015 годзе Міхал даў інтэрвью для нашай серыі "Як я стаў інтэлекуталам", якое потым, цытуя Станіслава Ежы Леца, назваў "размовай, якой ніколі не было". Але дзякуючы гэтай "не быўшай" размове, мы сёння можам вярнуцца да расповеду Міхала пра тое, што было для яго насамрэч значным, праблемным, рухаючым — у жыцці, творчасці, людзях і краіне.

Прапануем вам некалькі кавалачкаў з гэтага аповеду.

Пра мастацтва

"Мяняецца нашае ўяўленне пра мастацтва і спосаб ацэнкі. Ацэнка паўстае не ў выніку асабістага кантакта з творам, а вынікае са статуса твора альбо творцы. І гэта, па-мойму, кепска. Для мяне галоўнымі крытэрамі з’яўляюцца суб’ектыўныя фактары, я магу іх назваць. Гэта тое, "чапляе" мяне твор, ці не. Гэта тычыцца любога віда мастацтва, бо мастацтва на тое і мастацтва, каб чапляць, то бок уздзейнічаць на нас эмацыйна. Гэта наяўнасць у аўтара свайго уласнага пазнавальнага стылю, сваёй эстэтыкі, з чаго павінна вынікаць, на маю думку, галоўнае: ці стварыў аўтар сваю ўласную візію свету альбо, што яшчэ цікавей, ці стварыў ён свой уласны сусвет... І яшчэ адзін крытэр — у кожным творы я шукаю парадак, сістэму, лад. Новы, нечаканы, шакуючы, нават, хай сабе і дысгарманічны, калі гэта трэба, але лад".

Чытайце таксама: "Простыя рэчы" Міхала Анемпадыстава

Пра беларускі рок

"Так склалася, што шмат маіх сяброў былі датычныя да паўстання беларускага року на пачатку 1980-х. Гэта яны стварылі "Мрою", "Студыё7", потым "Бонду". Яшчэ некалькі гуртоў так і засталіся ў пражэктах. Мы неяк рэгулярна перасякаліся, тады, калі саміх гуртоў яшчэ не было, а толькі пра іх размовы. З мроеўцамі я вучыўся. Рок (у сэнсе не ВІА, не джаз-рок і не каверы) на той час, тут не гралі. Была група "Сузор’е". Там гралі добрыя музыкі. Але гэта быў такі, нібы дазволены, камсамольскі рок, злеганца прыджазованы. Мае ж сябры хацелі граць "сапраўдны", то бок жорсткі, эмацыйна выразны, шчыры, бунтарскі. Такі, якім ён паўставаў у 1960-я і якім бываў і потым у лепшых сваіх праявах. А паколькі ўсе мы тады, па вялікім рахунку, толькі вучыліся, а бачыць вынікі хацелася адразу, то марылі і гаварылі мы значна болей, чым рабілі.

Шмат хто тады лічыў, што рок можна спяваць толькі па-ангельску. Мы спрачаліся, бо на той момант шмат выдатнай, абсалютна новай музыкі з цікавымі, блізкімі па духу, тэматыцы і мове тэкстамі, гралася ў суседняй Польшы. Па-расейску ўжо спявалі "Машына часу", "Акварыум", "Заапарк". А па-беларуску не спяваў ніхто.

Калі паўсталі першыя беларускамоўныя песні, я быў у войску. Здаецца, першым быў Лявон, бо ён "выспеў" да такога яшчэ ў вучэльні. Але і іх, мроеўцаў, неўзабаве забралі ў войска. Яны не паспелі зрабіць запіс, і першае, што я пачуў па-беларуску (ужо ў войску), было некалькі кампазіцый "Студыё7". Тэксты напісаў бубнач Сяргей Кныш (Боршч), скульптар па адукацыі. І тады адразу стала ясна, што такі да, рок па-беларуску спяваць можна, музыка добра кладзецца на мову. Пазней вярнуліся з войска мроеўцы, і неўзабаве з’явіліся і іхнія запісы. Аднак, я іх упершыню пачуў не са стужкі, а жыўцом, на начным канцэрце ў нейкай богам забытай вёсцы пад Даўгавпілсам, падчас сумеснай з латышамі акцыі супраць будаўніцтва Даўгавпілскай ГРЭС".

Слухайце таксама: Міхал Анемпадыстаў. Топ-12 найлепшых песень

Глядзіце фотаздымкі з канцэрта памяці Міхала Анемпадыстава

Пра Караткевіча

"Дзякуючы Караткевічу, я займеў сваю культурную прывязку, прастору. А да таго быў як бы сам па сабе... Гэта можа і зручна, але плытка неяк. Караткевіч — свой, тутэйшы і, у той жа час, не савецкі. А вось беларуская літаратура ў школьнай праграме ўспрымалася, як частка савецкай традыцыі, нават, калі такой дэ-факта не была. Шмат людзей, прачытаўшы Караткевіча, абіралі беларускую культурную мадэль. А прыналежнасць да пэўнай культурнай мадэлі, да традыцыі — гэта матывацыя і адказнасць. Калі ты ўсведамляеш сябе яе часткай і спадкаемцам, то мусіш пра яе рупіцца, памнажаць і, калі трэба, бараніць".

Пра войска

"Беларусы былі далёка не самым згуртаваным зямляцтвам. Беларусы былі кожны сам па сабе. Як тут, у цывільным жыцці, гэтак і там, мы не маем нутранай патрэбы ў гуртаванні, нават перад пагрозай звонку. І гэта не тактыка партызана. Партызанаў "сола" не бывае, за партызанам заўсёды стаіць партызанскі атрад. Беларусы (у сэнсе, усе, хто прызываўся з Беларусі) розніліся ад астатніх. Адукацыяй, майстравітасцю, адсутнасцю агрэсіі, нават рахманасцю. Але палка з дзвух канцоў, і гэтая неагрэсіўнасць праяўлялася ў нежаданні пастаяць за сябе, аказаць супраціў, пайсці насуперак пануючаму парадку. А калі ты сам за сябе не змагаешся, то ніхто табе дапамагаць не будзе, нават свае".

Пра новую краіну, творчасць і палітыку

"У мяне ніколі не было ілюзій наконт таго, што мастацкае слова ці тым болей твор візуальнага мастацтва, можа наўпрост палепшыць жыццё, змяніць сітуацыю ў краіне. Наўпрост палепшыць жыццё можа толькі дызайн. У тым сэнсе, што ён можа палепшыць асяроддзе, прастору, у якой мы жывем. Іншыя віды мастацтва працуюць апасродкавана, яны ствараюць новыя сэнсы і вобразы, запаўняюць імі культурную прастору, часам безмэтава, проста так. Мастацтва нікому і нічога не павіннае. Яно можа рэагаваць на актуальныя праблемы, а можа не рэагаваць. Творца (як творца) павінен ствараць, гэта ягоная місія. Творчасць — гэта сакральны акт, які не заўсёды ад творцы залежыць. Іншая справа, што кожны творца яшчэ і чалавек і грамадзянін, не варта пра гэта забывацца. Як гэтую тройцу (насамрэч іх яшчэ болей) сумяшчаць унутры адной асобы — спрадвечнае пытанне. Кожны як можа, гэтак і сумяшчае.

У часы гістарычных зменаў, калі падзеі, ідэі і думкі сканцэнтраваныя і носяцца ў паветры, гэта неяк само сабой атрымліваецца, без нутранага канфлікту. У 1980-1990-я так і было. Прага зменаў, творчы ўздым былі настолькі магутнымі, што іх інерцыі хапіла да пачатку 2000-х. Калі ў 1994-м Беларусь зрабіла свой цывілізацыйны выбар на карысць неіснуючага ўжо Саюза, фактычна абрала мінулае, замест будучыні, я ўспрыняў гэта як цывілізацыйную катастрофу. Пытанні і вынікі рэферэндума 1994-га гэта пацвердзілі. Пачалося закручванне гаек, а логіка закручвання гаек такая, што круціць трэба нон-стоп, без уселякіх там люфтоў і аслабак. Апошні шанец выправіць сітуацыю мы згубілі на рэферэндуме 1996-га. Гэта як бы вам дзверы адкрылі, паказалі светлую будучыню з травянымі газонамі, а потым закрылі зноў і вяртайцеся на нары".

Пра "Народны альбом"

У 1997-м мы запісалі і выдалі "Народны альбом". Ён пра тыя каштоўнасці, якія заўсёды побач, якія не кідаюцца ў вочы і не трапляюць пад накіраваныя ўдары ў культурных войнах. Яны пра з’явы і рэчы камерныя, прыхаваныя ад публічнага паказу, але вядомыя і зразумелыя амаль кожнаму. Гэта тое, з "чего начінается Родіна", як у той вядомай савецкай песні. Гэта дом, бацькі ці шырэй — сям’я, гэта звычкі, побытавая традыцыя, уключна з ежай, культурай спажывання алкаголя, гэта смакі і пахі, краявід. Гэтая тэрыторыя культуры менш за ўсё паддаецца гвалтоўным зменам, варта толькі ўсведамляць яе каштоўнасць.

Чытайце таксама: "1997. Выходзіць "Народны альбом"

Пра Лятучы і выкладчыцкую дзейнасць

"Я не магу, на жаль, спраўдзіць, наколькі эфектыўна тое, што мы робім. Я разумею, што за час, які мы праводзім разам, мы закранаем тэмы досыць павярхоўна. Увогуле, што тычацца візуальных мастацтваў і музыкі, то бок мастацтваў невербальных, навучанне доўжыцца гадамі, дзесяцігоддзямі нават, усё жыццё. Што я магу паспець перадаць? Хіба што зацікавіць. Было б добра, каб усе яны сталі, як мінімум, больш граматнымі, больш патрабавальнымі спажыўцамі дызайну, каб навучыліся самастойна адчуваць і мысліць у катэгорыях візуальнага мастацта. Каб ведалі, што Беларусь — гэта краіна з даўняй і багатай культурнай традыцыяй. Ну, і ўвогуле, каб шырэй і глыбей глядзелі на культуру, як на ўсеабдымны непарыўны працэс, дзе ўсё адно з адным звязанае і адно з другога вынікае".

Глядзіце таксама: публічныя лекцыі Міхала Анемпадыстава, прачытаныя ў Лятучым:

Пра дызайн

"Дызайн, я ўжо казаў, здаецца, ці не адзіны від мастацтва, які можа наўпрост паляпшаць жыццё — упарадкаваць прастору (і жытло, і шырэй — навонкі), зрабіць яе больш гарманічнай, зручнай. Але дызайн не існуе сам па сабе, у асобе дызайнера. Дызайн — гэта яшчэ і замоўца, і карыстальнік. Найчасцей менавіта яны вызначаюць канчатковы выгляд і "філасофію" прадукта, аб’екта альбо комплекса аб’ектаў. Без адукацыі карыстальніка якасны дызайн не паўстане. Не паўстане ён і без дэмакратызацыі краіны і грамадства ў цэлым.

Датчане, зараз вядомыя ва ўсім свеце сваім якасным дызайнам і ўвогуле камфортным ладам жыцця, называюць дызайн сярод найбольш важных маркераў уласнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Нам да іхняга дызайну, на жаль, далёка, але цягнуцца трэба. Для краіны з нешматлікімі прыроднымі рэсурсамі гэта яшчэ адзін рэсурс. Добры дызайн нам патрэбны не толькі дзеля таго, каб "жыццё стала лепей", але яшчэ і таму, што ён стварае ўласны стыль, "твар" краіны, а гэта, у сваю чаргу, умацоўваюць пачуццё саматоеснасці — тое, што нам таксама не будзе залішнім".

Пра нас

"Беларусы ўнікальныя тым, што развучыліся любіць і шанаваць сваё. А на значную частку проста забыліся. Зараз, каб пакаштаваць беларускія стравы ці купіць беларускія традыцыйныя прадукты, трэба ехаць у Вільню. Затое ў нас з’явілася безліч чужых прадуктаў мясцовага вырабу. Не, я не супраць таго, каб кухня была максімальна разнастайнай. Я толькі за. Я, аднак, яшчэ за тое, каб мы ведалі, разумелі і захоўвалі свае традыцыі. Чаму гэта павінна рабіць і за нас таксама маленькая Летува?

Тое самае тычыцца і іншых праяваў побытавай і высокай культуры, устойлівых упадабанняў. Са стратай сваёй адметнай культуры, усіх гэтых здавалася б неістотных маркераў адрознасці, пакрысе не застаецца нічога, што дае нам падставы называцца народам. Мы фізічна як бы ёсць, і межы на месцы, і назва краіны, а народа як культурнай супольнасці няма. А калі няма народа, то наяўнасць межаў — гэта пытанне часу.

Радуе, што апошнім часам цікаўнасць да ўласнай культуры, да ўласных традыцый шырыцца, што з’яўляецца ўсведамленне і асэнсаванне яе вартасці. Адначасна засмучае тое, што калектыўнае ўяўленне пра беларускую культуру застаецца размытым, а сама культура атаясамляецца з тэрыторыяй. Насамрэч, прастора культурная і геаграфічная — гэта не адно і тое ж. Зрабіць так, каб яны супадалі — праца на будучыню. Захоўваць і пашыраць беларускую культурную прастору — задача на сёння".

Чытаць цалкам: "Як я стаў інтэлектуалам. Міхал Анемпадыстаў"

Апошняй вялікай працай Міхала Анемпадыстава стаў дызайнерскі альбом "Колер Беларусі". Кніга стала завяршальным этапам шматгадовай даследчыцкай працы і была выдадзена ў 2017 годзе абмежаваным накладам, які адразу разышоўся сярод знаўцаў і прыхільнікаў творчасці Міхала.

12 сакавіка пачалася краўдфадынгавая кампанія, з дапамогай якой мы спадзяемся зладзіць перавыданне гэтай кнігі, зрабіць гэтую прафесійную і выкшталцоную працу з традыцыяй дасяжнай для больш шырокага кола.

Падтрымаць кампанію і перадзамовіць кнігу можна на платформе Ulej.by!

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео