BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Рэзервацыя для дэмакратаў”: у Мінску абмеркавалі праблему мірных сходаў

16.11.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
“Рэзервацыя для дэмакратаў”: у Мінску абмеркавалі праблему мірных сходаў
Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
Права на мірныя сходы дазваляе трансляваць праблемы, якія ёсць у грамадстве. Але наша дзяржава, парушаючы гэтае права, спрабуе рабіць выгляд, што ніякіх праблем у нас няма.

Закон для ўсіх аднолькавы?

У Беларусі амаль не ўбачыш пікетаў, маніфестацый ці акцый мірнага пратэсту грамадзян, бо каб іх правесці, трэба ўзяць дазвол ва ўладаў. Тая, у сваю чаргу, баючыся хваляванняў у грамадстве, гарантаванае Канстытуцыяй права на мірныя сходы адкрыта забараніць не можа, таму прыдумляе шэраг стандартных ужо “прычын”, па якіх акцыі праводзіць нельга. Калі ж заяўнік усё ж правядзе сваю акцыю без дазволу, ён трапіць пад парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах” і атрымае штраф. Як людзям адкрыта выражаць сваё меркаванне і не быць за гэта пакаранымі, падчас круглага стала вырашалі праваабаронцы і новаабраныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Беларусь у 2015 годзе атрымала рэкамендацыі ў межах універсальнага перыядычнага агляду ў Радзе ААН па правах чалавека, шмат з якіх датычаць мірных сходаў. Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Зміцер Чарных распавёў, як гэтыя рэкамендацыі можна было б выконваць з улікам плану дзеяння, агучанага беларускімі ўладамі.

– Беларусь прыняла адну рэкамендацыю, якая датычыць свабоды сходаў. Яе сутнасць у тым, што краіна гарантуе ўмовы, каб праваабаронцы маглі ажыццяўляць сваё права на свабоду выражэння меркаванняў, свабоду сходаў і асацыяцый. Гэта ўскоснае прызнанне таго, што нейкія рухі ў галіне свабоды сходаў дзяржава будзе праводзіць. На жаль, шэраг рэкамендацый, якія насілі досыць канкрэтны характар, не прынятыя краінай. Напрыклад, рэкамендацыі аб унясенні зменаў у закон “Аб масавых мерапрыемствах”.

Праваабаронца дадаў, што, як ні дзіўна, уладамі былі ўлічаны некаторыя прапановы кааліцыі арганізацый грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, вывучэнне міжнароднага досведу па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў і разгляд мэтазгоднасці яго прымянення ў нацыянальнай практыцы.

– Гэта добрая аснова, каб весці размовы аб пачатку абмеркавання магчымых зменаў у заканадаўстве на аснове міжнароднага досведу і еўрапейскіх стандартаў, – зазначае Зміцер Чарных.

Прысутныя праваабаронцы з рэгіёнаў звярнулі ўвагу, што перашкоды ў арганізацыі масавых мерапрыемстваў улады звычайна ствараюць толькі для асобных грамадзян і арганізацый. Праўладныя ж структуры праводзяць свае акцыі свабодна. Па словах праваабаронцы з Наваполацку Змітра Салаўёва, штучныя бар’еры ў выглядзе заяўкі з заключанымі дамовамі з ЖЭСам, “хуткай дапамогай” і міліцыяй, улады пачалі прымяняць пасля Плошчы 2010 года. Пры гэтым такія захады супярэчаць пастанове Саўміна ад 05.03.2012  №207, дзе сказана, што мясцовы выканкам мусіць займацца ўсімі пытаннямі па ахове правапарадку. Менавіта ён павінен заяўку накіраваць у міліцыю для аховы парадку на мерапрыемстве.

– Калі акцыю арганізуе, напрыклад, БРСМ, яны робяць гэта па іншай працэдуры, – тлумачыць схему арганізацыі праўладных мерапрыемстваў юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Наста Лойка.– Яны робяць гэта праз выканкам, які выступае ў якасці заяўніка і адначасова сам дае дазвол. Паколькі гэта афармляецца як рашэнне выканкама, яно не трапляе пад закон “Аб масавых мерапрыемствах”.

Праваабаронца ўдакладніла, што гэта нават не зусім мірны сход, а проста масавы збор людзей, санкцыянаваны ўладамі, куды людзей часам зганяюць пад прымусам.

Прадстаўнік ПЦ “Вясна” з Магілёва Аляксей Колчын зазначыў, што адной з важнейшых перашкод, якія ўлады ставяць, каб не дапусціць правядзенне масавага мерапрыемства, з’яўляецца месца, якое для гэтага выдзяляюць. Напрыклад, на 360-тысячны Магілёў гэта адно месца, якое знаходзіцца далёка ад цэнтра.

– У розных гарадах Беларусі існуе рознае стаўленне да перашкод правядзення масавага мерапрынмства. Напрыклад, у Магілёве патрабуецца заключэнне дамоваў на ахову парадку, з медычнымі арганізацыямі і камунальнымі службамі. У рашэнні выканкама ў Баранавічах такога патрабавання няма. У Гомелі засталіся патрабаванні заключаць дамовы з установамі аховы здароўя і камунальнікамі. Гэта сведчыць пра тое, што вектары, якія спускаюцца зверху, даходзяць не паўсюль і прымяняюцца з рознай інтэнсіўнасцю ў розных месцах.

“Выйшаў па хлеб і атрымаў штраф”

Наста Лойка распавяла, што робяць праваабаронцы для вырашэння праблемы фактычнай забароны мірных сходаў. Па яе словах, юрыдычная пастка ў тым, што, паводле Канстытуцыі, сама гэтая працэдура рэгулюецца законам. Аднак ёсць яшчэ артыкул 8 Канстытуцыі, які кажа, што Беларусь мусіць падпарадкоўвацца ўсім абавязкам міжнароднага права. Юрысты “Вясны” і БХК ладзяць маніторынг таго, наколькі правядзенне мірных сходаў адпавядае міжнароднаму заканадаўству. Пасля складаюцца справаздачы і рэкамендацыі арганізатарам, супрацоўнікам міліцыі і суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы.

– Тое, што прапісана ў законе, відавочна не адпавядае міжнародным стандартам, якія Беларусь на сябе ўзяла, – гаворыць праваабаронца. – Апошнія два гады супрацоўнікі міліцыі на акцыях не абазначаныя, яны без формы. Ёсць пэўная праблема са свабодай працы журналістаў на мірных сходах. Найбольш распаўсюджанае і ненармальнае тое, што ўдзельнікаў мірных сходаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці – з пункту гледжання міжнародных стандартаў гэта не павінна мець месца.

Валанцёрская служба “Вясны” распрацавала канцэпцыю, якім чынам можна паўплываць на сітуацыю з боку закона.  

– Першы крок – гэта адкрыты заклік да прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый краіны. Ёсць зварот, які дае комплексную адзнаку закону “Аб масавых мерапрыемствах”, ён накіраваны чатыром суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы. І цяпер мы пачнем збіраць подпісы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, пад якім можна будзе падпісацца цягам двух тыдняў. Пасля мы гэты зварот перададзім у Савет міністраў, Савет Рэспублікі, прэзідэнту і аднаму з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Наступнай стадыяй мы хочам разгарнуць інфармацыйную кампанію, бо шмат грамадзян Беларусі не ведаюць, што існуе такая праблема, пакуль іх гэта не закране. Бо бывае шмат выпадкаў, калі чалавек выйшаў па хлеб, а трапіў на акцыю і атрымаў штраф.

Дэпутаты: Закон супярэчыць міжнародным нормам

Напрыканцы прысутных дэпутатаў Алену Анісім і Ганну Канапацкую, якія цягам круглага стала слухалі, запісвалі і зрэдку ўстаўлялі рэплікі, папрасілі выказацца.

– Мы ўсе пагодзімся, што наш закон “Аб масавых мерапрыемствах” супярэчыць міжнародным стандартам, але мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб наша заканадаўства прывесці ў адпаведнасць з імі, – сказала Алена Анісім. – Трэба адзначыць, што правапрымяненне гэтага закона ў розных рэгіёнах мала таго, што пярэчыць заканадаўству (міжнароднаму. – ЕўраБеларусь), яно, акрамя таго, і рознае. Тут таксама трэба правесці ўніфікацыю і прыбраць супярэчнасці.

Ганна Канапацкая ж зазначыла:

– Тут крыху ёсць і мой асабісты інтарэс – і арышты, і штрафы па гэтым законе ў мяне былі. Мы адкрыты да працы, прыходзьце, але няхай гэта (прапановы па рэфармаванні заканадаўства. – ЕўраБеларусь) будзе якасны прадукт, каб нам у Палаце прадстаўнікоў не давялося чырванець. Ва ўсіх у нас ёсць эмоцыі, мы разумеем, што гэта не па законе, гэта няправільна, так не павінна быць. Але асабістыя эмоцыі давайце адкладзем убок і зробім добры якасны прадукт. Калі нам трэба змяніць 10 артыкулаў закона “Аб масавых мерапрыемствах”, давайце гэта выкладзем і абгрунтуем. Калі трэба змяніць увесь закон – давайце зробім працу дзяржорганаў, давайце разам будзем рабіць Палату прадстаўнікоў парламентам і прасоўваць законы па ініцыятыве дэпутатаў.

Напрыканцы Зміцер Салаўёў прапанаваў стварыць нешта накшталт дарожнай карты і дапрацаваць праект закона, а таксама працягнуць працу ў рэгіёнах па аналізу “самадурства” ўладаў.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео