BE RU EN
rss facebook twitter

Чым праграма на новую пяцігодку адрозніваецца ад ранейшай

17.06.2016
Чым праграма на новую пяцігодку адрозніваецца ад ранейшай
За тыдзень да пачатку Усебеларускага сходу апублікаваныя Асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады.

Гаворачы простай мовай — план на чарговую пяцігодку. Поўны тэкст дакумента з разгорнутымі тлумачэннямі і лічбамі з'явіцца толькі пасля самога сходу (22-23 чэрвеня), але нешта ёсць і ў скарочанай версіі. Еўрарадыё параўноўвае новыя абяцанні з тымі, што нам давалі пяць гадоў таму — перад мінулым Усебеларускім сходам.

Рост валавога ўнутранага прадукту

ВУП — адзін з асноўных паказчыкаў развіцця нацыянальнай гаспадаркі. Ім мераюцца ўсе краіны ў свеце (выкарыстоўваюць звычайна тэрмін "ВУП на душу насельніцтва"). У Беларусі ў пачатку 2000-х ВУП рос стабільна і значна, але цяпер моцна запаволіўся. Гэта бачна нават з афіцыйных прагнозаў. У праграме на 2011 — 2015 гады яго рост прагназаваўся ў памеры 62-68%. Сёлета мы марым, каб да 2020 года валавы ўнутраны прадукт у Беларусі вырас на 12-15%. Па 2,5-3% у год. Сціпленька.

Рост рэальных прыбыткаў насельніцтва

Калі коратка, то рэальныя прыбыткі — гэта рост заробкаў з карэкцыяй на інфляцыю. Аўтары праграмы на пяцігодку 2011 — 2015 прадбачылі, што рэальныя прыбыткі беларусаў за пяць гадоў павялічацца у 1,7 разу — прыкладна на 75%. Сёлета мы прагназуем, што да 2020 года рэальны прыбытак вырасце ўсяго на 9,5-11%. То бок калі вы цяпер зарабляеце запаветныя 500 баксаў у месяц, то праз пяць гадоў будзеце зарабляць 550. Пры ўмове, што ўсе чаканні і прагнозы беларускага ўрада збудуцца.

Інфляцыя

Тут стабільнасць. У 2011 годзе ўлады прагназавалі, што да 2015 узровень інфляцыі ў краіне знізіцца да 5% у год. Сёлета прагназуюць, што такой яна будзе ў 2020 годзе. Рэальная інфляцыя за 2015 год склала каля 12%.

Ураджайнасць збожжавых

Куды без гэтага ў прагнозах на пяцігодку. Сёлета ў гэтым ноў-хаў ёсць прагноз па сярэдняй ураджайнасці ў 2020 годзе — яна павінная быць ажно 41 цэнтнер з гектара. Сабраць праз пяць гадоў плануем цэлых 10 мільёнаў тон. Аўтары прагнозу на 2011 — 2015 гады планавалі, што ў 2015 годзе у Беларусі збяруць 11,6 мільёнаў тон збожжавых. Але атрымалася сабраць 9 мільёнаў тон.

Узровень забеспячэння жыллём

Ён у нас вымяраецца сярэдняй колькасцю квадратных метраў на кожнага грамадзяніна. Дык вось, у праграме на 2011 — 2015 гады гаварылася, што у канцы пяцігодкі на кожнага беларуса будзе 27-28 квадратаў жылплошчы. Амаль аднапакаёвая кватэра. Ну, уласны пакой мінімум. У 2016 годзе рэальны паказчык складае 26,5 квадратных метраў. Новая праграма на 2016-2020 гады абяцае, што праз пяць гадоў кожны з нас будзе жыць на 27,3 уласных квадратах. Хочацца верыць.

Акрамя ўсяго гэтага кароткія палажэнні праграмы развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады абяцаюць крэдыты ў нацыянальнай валюце максімум пад 11%, тысячу кіламетраў новых і рэканструяваных дарог ды сярэднюю працягласць жыцця 75,3 года (цяпер 72). Мары-мары.

-З аднаго боку, ставіць перад сабой пэўныя мэты — гэта цалкам разумна. Асабліва ў галіне зніжэння інфляцыі. Калі насамрэч дзеянні, якія будуць рабіцца, будуць працаваць на выкананне гэтых мэтаў. Але, на жаль, у нашых умовах, асабліва ў апошнія гады, склалася такая практыка, калі мэты ставяцца, не выконваюцца, а далей альбо народу не тлумачаць, чаму мэты не былі выкананыя, альбо гэта спісваецца на нейкія знешнія фактары, на нейкія сусветныя крызісы. Вось з гэтых лічбаў, якія мне сёння ўдалося ўбачыць, на маю думку, разумнымі выглядаюць лічбы па зніжэнні інфляцыі да 5% у 2020 годзе. Разумна нават не з пункту гледжання дасягальнасці, а таму, што правільна ставіць перад сабой такую мэту і намагацца яе дасягнуць. Пры гэтым планы па росце ВУП, па росце рэальных заробкаў увогуле выклікаюць пэўныя пытанні. Узнікаюць пытанні пра мэтазгоднасць такога планавання, - рэзюмуе старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео