BE RU EN
rss facebook twitter

Ці ёсць у Беларусі праблемы са свабодай рэлігіі?

17.02.2016 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Ці ёсць у Беларусі праблемы са свабодай рэлігіі?
Аказваецца, ёсць, і звязана гэта перадусім з недасканалым заканадаўствам.

Знаёмы расказваў, што, калі трапіў у ЗША і спрабаваў тлумачыць, адкуль ён, знайшоўся толькі адзін чалавек, які чуў пра Беларусь. "Так, я ведаю Беларусь, у вас прыцясняюць царкву "Новае жыццё", - сказаў ён. Якой бы камічнай не здавалася такая "дасведчанасць", але яна кажа пра тое, што са свабодай веравызнання ў нашай краіне не зусім усё гладка.

Якраз учора ў Мінску прайшоў круглы стол, прысвечаны рэалізацыі міжнародных прынцыпаў свабоды думкі, сумлення і рэлігіі ў беларускім заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” даваедалася, як у нашай краіне абстаяць справы з адной з базавых сфер правоў чалавека.

“Насамрэч не так лёгка сказаць, як цяпер абстаяць справы ў Беларусі з гэтымі пытаннямі. З аднаго боку, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі перыядычна робяць рознага кшталту заключэнні, якія сведчаць, што да лепшага мала што мяняецца і практыка, якая існуе ў Беларусі, не адпавядае міжнароднай. Аднак калі глядзіш на паўсядзённае жыццё ў краіне, узнікае пытанне, а ці турбуе гэта кагосьці? На ўзроўні відавочнасці быццам бы нешта рухаецца. Быў уведзены і актыўна дзейнічае інстытут упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. У тым ці іншым выглядзе адбываецца межканфесійны і дзяржаўна-канфесійны дыялог. Адыйшлі ў мінулае гучныя гісторыі і грамадзянскія рухі, як, напрыклад, галадоўка ў царкве “Новае жыццё”, ці спробы праз грамадзянскую ініцыятыву нешта змяніць у заканадаўстве", - зазначыла мадэратар круглага стала, кандыдат сацыялагічных навук, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Аксана Шэлест.

Юрысты таксама прытрымліваюцца думкі, што не ўсё так адназначна ў гэтай сферы.

Член савета міжнароднай арганізацыі “Адвакаты Еўропы” Сяргей Шаўцоў нагадаў, што Беларусь мае глыбокія гістарычныя карані рэгулявання гэтага пытання.

“Дастаткова ўзгадаць статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года, які на заканадаўчым узроўні замацоўваў роўнасць канфесій (і не толькі хрысціянскіх) паміж сабой. На той момант гэта быў узор для ўсёй Еўропы”.

Аднак далейшыя спробы рэгулявання пытання свабоды думкі, сумлення і рэлігіі былі менш удалымі, калі казаць пра савецкі час. У 1992 годзе ў Беларусі прынялі закон “Аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях”, які праіснаваў 10 гадоў. У 2002 годзе ўступіў у дзеянне новы закон (ён стаў называцца “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”), прыняцце якога суправаджалася  актыўнымі выступленнямі яго крытыкаў. І хоць чыноўнікі заяўляюць, што наша заканадаўства адпавядае лепшым узорам еўрапейскага, у той жа час за апошнія дзесяцігоддзі наша краіна падвяргалася пастаяннай крытыцы адносна неадпаведнасці міжнародным стандартам у вобласці веравызнання.

Удзельніца таварыства “Ініцыятыва Forb” Дзіна Шаўцова пералічыла міжнародныя заканадаўчыя акты ў сферы свабоды рэлігіі. Яна адзначыла, што паколькі Беларусь з’яўляецца адной з заснавальніц ААН і членам АБСЕ, то мусіць выконваць звязаныя з гэтым абавязацельствы.

Юрыст распавяла, з чым давялося сутыкнуцца спецыялістам пры аналізе другой рэдакцыі закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”.

“У параўнанні з папярэдняй рэдакцыяй, з аднаго артыкула знікла адсылка да міжнародных стандартаў. Але з’явіўся артыкул 40, які гаворыць, што ў выпадках, калі дадзеным законам прадугледжаны правілы іншыя, чым у ратыфікаваных Беларуссю міжнародных дамовах, прымяняюцца правілы міжнародных дамоў. Норма някепская, але, на жаль, практыка не развіла дадзенае палажэнне і мы сутыкаемся з тым, што негатыўныя тэндэнцыі атрымалі сваё развіццё ў правапрымяненні і нават на ўзроўні заканадаўства”, - распавяла Дзіна Шаўцова.

У першую чаргу гэта тычыцца праблемы рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Паводле міжнароднага заканадаўства, гэтая працэдура не з’яўляецца абавязковай. Але ў Беларусі над людзьмі, што ўваходзяць у незарэгістраваную рэлігійную арганізацыю, можа навіснуць пагроза крымінальнай адказнасці, як гэта было з каталіцкім сацыяльным прытулкам у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна.  

Апроч таго беларускім заканадаўствам пры рэгістрацыі абшчыны, якая прапаведуе невядомае дагэтуль у краіне вучэнне, прадугледжана абавязковая рэлігіязнаўчая экспретыза. Але ў некаторых рэгіёнах праводзіцца яна і ў тых выпадках, калі абшчына прапаведуе даўно вядомае ў Беларусі вучэнне, аднак рэгіструецца аўтаномна, хоць нават пры гэтым у краіне ўжо могуць існаваць зарэгістраваныя падобныя абшчыны. Увогуле, па словах Дзіны Шаўцовай, мясцовыя адміністрацыі нярэдка свядома ствараюць адміністратыўныя перашкоды для рэгістрацыі новых абшчын.

Яшчэ адна праблема паўстае з запрашэннем у Беларусь замежных святароў. Згодна з міжнародным заканадаўствам, удзельнікі рэлігійных аб’яднанняў могуць выбіраць свой персанал згодна са сваімі стандартамі і дамоўленасцямі, і дзяржава павінна паважаць гэта права. У Беларусі гэта пытанне заканадаўча рэгулюецца двума дакументамі: законам “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”, а таксама “Палажэннем аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў мэтах заняткаў рэлігійнай дзейнасцю”. У апошняй рэдакцыі гэтага Палажэння з’явіўся шэраг новых нормаў, у прыватнасці, патрабаванне ад замежнай асобы валодання адной з дзяржаўных моў.

Як беларуская дзяржава адносіцца да свабоды рэлігіі, паказала апошняя калегія апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, калі ўпаўнаважаны Леанід Гуляка папракнуў каталікоў, што яны кепска рыхтуюць свае кадры.

Праваслаўны святар айцец Аляксандр Шрамко заўважыў, што праблемы з запрашэннем на службу замежных грамадзян не распаўсюджваюцца на прадстаўнікоў рускай праваслаўнай царквы, якая ў Беларусі мае прывілеяванае становішча.

Пра ўзаемадзеянне дзяржавы і царквы ў галіне школьнай адукацыі распавяла кандыдат філасофскіх навук Святлана Карасёва.

 “Працэсы, запушчаныя распадам Савецкага Саюза ў 91-м годзе, незавершаны. Беларусь знаходзіцца ў стане замарожанай трансфармацыі многіх сфер жыцця. У рэлігійнай сферы адбываецца перацягванне дзяржавай коўдры на сябе. Лепш пераціснуць, чым недаціснуць”, - адзначыла Святлана Карасёва.

Пры гэтым яна надзяляе вялікую ўвагу прытоку аграрнага насельніцтва ва ўрбанізаваныя раёны. “У любых грамадствах гэта заўсёды аўтаматычна прыводзіць да зніжэння агульнага ўзроўню адукаванасці, культуры і самасвядомасці. Тое, што ў апошнія два дзесяцігоддзі была дэстабілізавана сістэма адукацыі і знізіўся культурны ўзровень грамадства, прывяло да таго, што, людзі, якія цяпер удзельнічаюць у органах заканадаўчай улады і ажыццяўляюць выканаўчую ўладу – вы разумееце, якога яны ўзроўня культуры, адукаванасці і самасвядомасці?”

Некалькі гадоў таму паралельна з расійскай кампаніяй увядзення курса асноў рэлігійнай культуры і свецкай этыкі ў школах, падобны рух разгарнуўся і ў Беларусі, прычым, па словах Святланы Карасёвай, гэта была ініцыятыва не “зверху”.

“Было падрыхтавана каля 10 праграм катэхізіснага напаўнення, якія больш нагадвалі асновы праваслаўнага веравучэння, чым рэлігійнай культуры. У супрацьвагу з’явілася і некалькі выкладчыцкіх праграм. Паралельна ў гэты ж час да нас на кафедру трапіла праграма, якая мела місіянерскі кірунак, і на нас ажыццяўлялі ціск, каб мы далі ёй станоўчую ацэнку. Гэты эпізод стаў пускавым механізмам, каб пагаварыць з людзьмі, якія гэтым займаюцца”.

Так узнікла група з педагогаў, святароў, выкладчыкаў ВНУ, удзельнікі якой так і не змаглі дамовіцца паміж сабой. Тады вырашана было правесці сацыялагічнае апытанне грамадскага меркавання адрасных груп, якіх датычылася ўключэнне ў школьную праграму рэлігійнай тэматыкі. Сацыёлагі апыталі старшакласнікаў, іх бацькоў і педагогаў і сутыкнуліся з даволі нечаканымі момантамі. Напрыклад, сярод адказаў на пытанне з фармулёўкай “Назавіце вядомыя вам рэлігіі” ў вучняў першае месца заняў будызм, затым іслам, каталіцызм, хрысціянства ў цэлым і праваслаўе. У бацькоў сітуацыя наступная: хрысціянства ў цэлым, іслам, каталіцызм, будызм і праваслаўе. Пагадзіцеся, для краіны, дзе дамінуюць праваслаўе і каталіцызм, гэта дзіўна. 

Тэму партнёрства рэлігійных арганізацый з органамі ўлады закранула і старшыня “Цэнтра вывучэння сучаснай рэлігійнасці” Наталля Кутузава.

“Рэлігійнае жыццё ў краіне ёсць. Але як толькі пачынаецца нейкая дзейнасць у грамадскай прасторы (дабрачынная, сацыяльнае служэнне, адукацыя, культура), адразу наступае мёртвая зона, у якой вельмі развітыя пазаправавыя практыкі”, - мяркуе Наталля Кутузава.  

На яе думку, гэта адбываецца праз адсутнасць дакладнай фармулёўкі, што такое рэлігійная дзейнасць. Даследчыца прывяла ў прыклад сферу культуры і гісторыка-культурныя каштоўнасці: многія касцёлы ў Беларусі не маюць сваіх будынкаў, таму вымушаны арэндаваць іх у дзяржавы (як, напрыклад, Чырвоны касцёл у Мінску ці касцёл Святога Станіслава ў Магілёве). Тым не менш, гэта напрамую датычыцца рэлігійнай дзейнасці, таму мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч неаднаразова ўздымаў пытанне зніжэння арэнднай платы.

“Зніжэнне арэнднай платы не прадугледжана. Гуляка гаворыць: чаму вы незадаволеныя? Паспрабуйце за гэтыя грошы зняць офіс у цэнтры Мінска”, - прывяла рэакцыю чынавенства Наталля Кутузава.

Тыя ж сінагогі, што разбураюцца па ўсёй краіне, нельга перадаць на баланс Саюза яўрэйскіх арганізацый і абшчын, таму што апошнія не з’яўляюцца рэлігійнымі арганізацыямі.

“Стандарт, пра які мы гаворым, - свабода сумлення і іншае, - павінен быць дапоўнены роўнасцю і недыскрымінацыяй”, - пераканана Наталля Кутузава.

У межах круглага стала дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў распавёў пра канцэпцыю даследавання, якое цяпер праводзіцца, на тэму ўспрыняцця прававых абмежаванняў у сферы свабоды рэлігіі, прававых паводзін.

“Важна зразумець, наколькі гэтыя абмежаванні адчуваюцца самімі рэлігійнымі супольнасцямі і якія стратэгіі адаптацыі паводзін яны выкарыстоўваюць, сутыкаючыся з імі”, - распавёў Андрэй Ягораў.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео