BE RU EN
rss facebook twitter

Міраслаў Кобаса: Грамадскія ініцыятывы - шлях да самакіравання

23.12.2015 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Міраслаў Кобаса: Грамадскія ініцыятывы - шлях да самакіравання
sapieha.org
Нядаўна завяршыўся ўжо другі праект “Тандэм”, накіраваны на супрацоўніцтва мясцовых органаў улады і грамадзян.

Гэты праект пачаўся ў 2011 годзе, і сама назва гаворыць, што ён скіраваны на садзейнічанне супрацоўніцтву на мясцовым узроўні паміж НДА і органамі ўлады. Ідэя была ў тым, што найлепш людзей збліжае нейкая агульная праца.

Партнёрамі грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” ў гэтай ініцыятыве выступіла Асацыяцыя агенцтваў мясцовай дэмакратыі (Страсбург, Францыя).

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” распытала пра вынікі конкурса ў старшыні Праўлення грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі” Міраслава Кобаса.

– Першы праект, “Тандэм І”, быў разлічаны на два гады. У яго межах абвясцілі конкурс, у якім была магчымасць фінансавання 11 міні-ініцыятыў. Тут было два лоты: адзін – для праектаў, дзе сумесна задзейнічаны як недзяржаўныя арганізацыі, так і мясцовыя ўлады. Другі лот прадугледжваў, што кожны мог падаць свой праект асобна. Мы на гэтыя праекты атрымалі 87 заявак, улічваючы, што інфармацыя, у асноўным, распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі, - расказвае старшыня Праўлення фонду.

Тэмы, заяўленыя на конкурс, ахоплівалі самыя разнастайныя сферы ад экалогіі і турызму да сацыяльнай дапамогі. Вось толькі некаторыя ўдзельнікі “Тандэму І”. Маладыя настаўнікі ў вёсцы Вежны напісалі праект, скіраваны на экалагічную адукацыю дзяцей. Стварылі экасцежку, куток у школе, інфармацыйныя стэнды і на прыродзе распавядалі дзецям пра экалогію, а таксама выдалі экалогічны дапаможнік для настаўнікаў. А бібліятэкары з Гальшан  дзякуючы праекту  адкрылі музей геадэзічнай Дугі Струвэ, занесенай у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Калі на гэты праект выдзелілі сродкі, то да ініцыятывы далучыўся і Аршанскі райвыканкам: прадаставіў памяшканне і зрабіў там рамонт.

У вёсцы Здзітава, што на Брэстчыне, за справу ўзяліся настаўнікі, якія напісалі праект “Паміж трох азёр”, скіраваны на развіццё аграэкатурызму. У Рэчыцы арганізавалі школу для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, а ў Гомелі Асацыяцыя дзяцей і моладзі разам з падлеткамі і іх бацькамі ўладкавала спартыўную пляцоўку.

Далучылася да праекту і Мінскае роварнае таварыства: вынікам іх ініцыятывы стаў адрэзак велатрасы ў Малінаўцы. А аб’яднанне маладых хрысціянскіх жанчын са Смаргоні распрацавала i рэалiзавала праект па аказанні сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі онкапацыентам.

Адметна, што з дзесяці праектаў-удзельнікаў мясцовыя ўлады спрычыніліся толькі да двух: Ашмянскі выканкам паспрыяў стварэнню музея Дугі Струвэ і Браслаўскі – ініцыятыве па развіцці традыцыйных рамёстваў.

Тым не менш “Тандэм І” прайшоў паспяхова, і ў 2013 годзе стартаваў праект “Тандэм ІІ”, які ўжо меў магчымасць падтрымаць 15 ініцыятыў: 4 – сумесных з уладамi, a 11 – толькi ад грамадзян цi iх абяднанняў. Гэтым разам  атрымалі 54 заяўкі, але конкурс патрапіў на лета – не вельмі добрая пара, бо многія патэнцыйныя заяўнікі былі ў ад’ездзе.

– Мы  аддавалі перавагу рэгіянальным праектам, таму што ў Мінску той, хто да гэтага iмкнецца, можа атрымаць фінансаванне, а ў рэгіёнах гэта значна цяжэй, - адзначае Міраслаў Кобаса.

У  межах праекта“Тандэм ІІ” таксама атрымалi шмат цiкавых прапаноў. Адной з іх была ініцыятыва, рэалізаваная ў Кальчунскім сельскім Савеце Ашмянскага раёна па стварэнні клуба стараст вёсак “КУТ” (культура ўпраўлення тэрыторыяй). Гэта была ініцыятыва мясцовых грамадзян і райвыканкама.

– Праект быў скіраваны на павышэнне аўтарытэту вясковых стараст. Спачатку стварылi Клуб стараст, дзе яны абмяркоўвалi свае агульныя дзеяннi дзеля вырашення тых цi iншых праблем.  Для Сацыяльнага цэнтру, якi знаходзiцца ў вёсцы Кальчуны, набылi кросны (у вёсцы ёсць попыт на ткацтва), тэнісны стол, проектар, некалькі ровараў і танометр. Сабралі групу валанцёраў са старшакласнікаў, і яны на роварах ездзілі да старых у аддаленыя вёскі, вымералі ім ціск, прывозілі кніжкі, паказвалі фільмы.

Акрамя гэтага былi абвешчаны тры конкурсы: конкурс грамадскiх iнiцыятыў, конкурс “Лепшы гаспадар” i дзiцячы конкурс “Мой родны кут”.

У межах конкурсу грамадскiх iнiцыятыў старасты правялi сустрэчы з аднавяскоўцамi, спыталі, у чым яны маюь патрэбу i прапанавалi iм вылучыць на конкурс адну iнiцыятыву, каб сумесна рэалiзаваць яе.

– Некаторыя казалі, што газ трэба працягнуць, але ў нас такіх сродкаў не было, - гаворыць суразмоўца. – Аднак на конкурс былi прапанаваны 9 iнiцыятыў. Конкурсная камiciя адабрала тры найлепшыя прапановы: людзі пажадалі пасадзіць сад, адрамантаваць мост праз балотца, а таксама пабудаваць  дзіцячую пляцоўку пры садку ля цэнтральнай сядзібы. Людзi зрабілі гэта ўсё сваімі рукам, а патрэбныя для гэтага  матэрыялы былi набытыя за кошт праекту.

Конкурс “Лепшы гаспадар” быў скiраваны на матывавацыю людзей трымаць у парадку свае сядзібы.  У ім змагаліся 18 сядзіб. Пераможца атрымаў каштоўны прыз.

– Праект атрымаўся вельмі добра, таму што на выніковы фэст прыязджалі людзі з іншых вёсак і казалі: “Мы таксама хочам такi праект! ” Хаця напачатку ў iнiцыятараў і ўладаў быў сумнеў, цi будзе ён цiкавы людзям, - зазначае старшыня Праўлення фонду.

Поспех, на думку спадара Міраслава, заключаўся ў тым, што людзі не ставіліся да праекту як да каманды “зверху”, а ўспрымалі яго як сваё.

–  Калі пралічылі эканамічны эфект праекту, аказалася ў 2,6 раза танней, чым калі тую ж самую работу замаўляць у фірм. Але галоўным было тое, што ўсе ўдзельнiкi праекту атрымалi ад яго i карысць, i асалоду. У вынiку, на адным з паседжанняў выканкам прапанаваў выдзеліць сродкі на фінансаванне дзвюх грамадскіх ініцыятыў, калі яны з’явяцца, - распавядае  Міраслаў Кобаса.

Шмат каму вядомая “зялёная карта” ад Цэнтра экалагічных рашэнняў, дзе пазначаны месцы для здачы другаснай сыравіны. А між тым гэтая ідэя таксама была рэалізаваная ў межах праекту “Тандэм ІІ”, як і шэраг іншых цікавых ініцыятыў.

Аднак не заўжды супрацоўніцтва грамадскіх супольнасцяў з уладамі ішло гладка. Быў адзін праект з Магілёва па стварэнні графіці на будынках, які спачатку мясцовыя ўлады падтрымалi, а калi справа дайшла да рэгiстрацыi праекту i ад iх спатрэбiўся лiст падтрымкi, адмовіліся ад яго.

А бывала, што супрацоўнікі выканкамаў і ўвогуле ставілі палкі ў колы заяўнікам.

– У Шчучынскім раёне адзін прадпрымальнік хацеў зрабіць конную школу для дзетак і аб’яднаць людзей розных заняткаў. Звярнуўся ў сельсавет, які выдаў паперу, што падтрымлівае ініцыятыву, толькі для рэгістрацыі яшчэ патрэбны ліст з райвыканкаму. А ў райвыканкаме сказалі: “Што гэта вы ўлады не праінфармавалі?” Як быццам бы сельсавет – не ўлада. Праект так i не быў рэалiзаваны…

Быў і горшы выпадак у Воранаўскім раёне: чалавеку адмовілі ў рэалізацыі спартыўнага праекту для дзяцей. Улады сказалі, што ім гэта непатрэбна, у іх свае праграмы.

– Можа быць, чыноўнікаў палохае крыніца фінансавання – Еўразвяз?

– У Беларусі пакуль што вельмі нявызначаная сітуацыя. З 2011 года мы зрабілі 30 міні-праектаў. Мы ездзім, размаўляем з уладамі, і я вам скажу, што амаль на 100 адсоткаў стаўленне да супрацоўнiцтва ўладаў з грамадскiмi арганiзацыямi залежыць ад таго, хто кіруе і што ў яго ў галаве. Ёсць такія, хто скажуць: хоць 10 праектаў – усе будзем рабіць. А іншыя гавораць: нічога не трэба, у нас усё добра і няма ніякіх праблем. Але ж, вядома, без праблем не бывае…

– А як ставяцца ў большасці выпадкаў – станоўча, ці ўсё ж насцярожана і нават адмоўна?

– Калі параўнаць 2011 і 2015 гады, то ўсё больш мясцовых уладаў ставяцца да гэтага нармальна і хочуць супрацоўнічаць. Я думаю, тут некалькі праблем. Па-першае, улады проста не маюць досведу рэалізацыі і напісання праектаў. І ў гэтым сэнсе, я лічу, атрымліваецца нядрэнны тандэм, калі працуе грамадская арганізацыя, якая мае адпаведныя веды, і мясцовая ўлада з яе моцным адмiнiстрацыйным рэсурсам.

Па-другое, улады не заўсёды разумеюць сутнасці гэтай дзейнасці, таму што часам для  iх галоўнае – больш набыць, напрыклад, абсталявання. Але што абсталяванне? Яно таксама трэба, але гэта толькі інструмент для рэалізацыі чагосьці больш важнага: каб заваяваць павагу людзей, стварыць умовы для ўдзелу грамадзян у вырашеннi  мясцовых праблем …

Праекты, падобныя “Тандэму”, павінны ламаць бар’еры паміж грамадскімі арганізацыямі і ўладамі. Бо яны шмат у чым штучныя i надуманыя.  Міраслаў Кобаса перакананы, што грамадскiя  iнiцыятывы – гэта шлях да самакiравання, без якога ў Беларусi няма  паспяховай i годнай будучынi.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео