BE RU EN
rss facebook twitter

Эксперты: Ад палавых злачынстваў не застрахаваны дзеці любога ўзросту

22.11.2015 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь
Эксперты: Ад палавых злачынстваў не застрахаваны дзеці любога ўзросту
Праблема дзіцячага гвалту ў Беларусі мае схаваны характар з шэрагу прычын. Аднак дружалюбныя і даверлівыя адносіны з бацькамі могуць дапамагчы папярэдзіць злачынства супраць малога і пазбегнуць бяды.

Цягам лістапада ва ўсім свеце праходзяць мерапрыемствы па папярэджанні гвалту ў адносінах да дзяцей. Гэты месяц выбраны недарэмна. 18 чысла Савет Еўропы адзначаў Міжнародны дзень абароны дзяцей ад сексуальнай эксплуатацыі, 19-га адзначаўся Сусветны дзень барацьбы з гвалтам над дзецьмі, 20 лістапада – Сусветны Дзень дзіцяці. А ўчора, 21 лістапада, 15-годдзе святкавала Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Разуменне”, дзейнасць якога накіравана на абарону малых.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” даведалася, якія перспектывы бачаць эксперты ў абароне дзяцей ад гвалту.

Сексуальны гвалт – не адхіленне?

– 20 лістапада 1989 года ААН прыняла Канвенцыю аб правах дзіцяці. Дакумент накіраваны на тое, каб права малога на жыццё ў бяспечным свеце было належным чынам абаронена, – распавядае старшыня праўлення МГА "Разуменне", член камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Андрэй Маханько.

У 1994 годзе ў Беларусі прымаецца закон “Аб правах дзіцяці”. Некалькі яго артыкулаў карэлююцца з артыкулам 19 Канвенцыі. Напрыклад, артыкул 9 гаворыць аб тым, што кожны, каму стала вядома аб выпадках гвалту над дзецьмі, павінен паведаміць аб гэтым належным дзяржаўным органам. Такім органам у нас з’яўляецца міліцыя.

Калі казаць пра месца, якое Беларусь займае ў свеце адносна дзіцячага гвалту, то найбольш карэктнае параўнанне можна праводзіць з краінамі, дзе насельніцтва такое ж, як у нас. Напрыклад, са Швецыяй, дзе пражываюць 9,2 млн чалавек.

– Мы параўноўвалі статыстыку некалькі гадоў запар, і рост раскрывальнасці злачынстваў супраць дзяцей сексуальнага характару назіраецца з 2009 года. На 2014 год ён склаў 73%, і нават з гэтым вельмі значным ростам мы маем розніцу паміж краінамі ў выкрывальнасці злачынстваў болей чым у 5 разоў, - гаворыць Андрэй Маханько.

Ён падкрэслівае, шо гаворка ідзе толькі пра выяўленне, а не пра рэальную колькасць злачынстваў, якая ва ўсім свеце больш-менш аднолькавая. Адметна, што паводле класіфікатара  DSM-V (Diagnostic and Statistical Manual of mental disorders – Дапаможнік па дыягностыцы і статыстыцы псіхічных расстройстваў) такія формы паводзін не лчацца адхленнямі, хіба толькі калі яны супярэчаць закону.

– Выкрывальнасць – тое, што нам трэба паляпшаць, бо не ўсе ведаюць, наколькі распаўсюджана праблема гвалту над дзецьмі і не для ўсіх зразумела, што на гэта трэба звяртаць увагу.

Слоган Савета Еўропы аб тым, што ахвярамі сексуальнага гвалту з’яўляюцца“кожная 4-я дзяўчынка і кожны 6-ты хлопчык” для Беларусі таксама актуальны. Аднак акрамя сексуальнага гвалту ёсць праблемы эмацыйнага (на яго пакуль не звяртаюць увагі, але калі мама на прыпынку крычыць на дзіця, гэта можна класіфікаваць як форму эмацыйнага гвалту), фізічнага (ад яго церпяць 27% непаўналетніх паводле даследванняў 2008 года).

Колькі каштуе смерць дзіцяці

У Беларусі на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя (РНПЦ) з 2011 года працуе агульнанацыянальная дзіцячая лінія (тэлефон 8-801-100-1611).

– Калі мы гаворым пра гвалт,  людзі задумваюцца, пачынаюць ацэньваць свае дзеянні. А калі пра гэта не казаць, то, па сутнасці, праблемы няма. Але гэта зусім не значыць, што ў грамадстве гэтага няма. Тое ж датычыцца і званкоў: калі мы распаўсюджваем інфармацыю, што такая лінія існуе, то яны паступаюць, – адзначае намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Осіпчык.

Ідэю стварэння тэлефоннай лініі прапанаваў Андрэй Маханько. Абсталяванне патсавіла “Разуменне”, Мінздороўя прадаставіла памяшканне і спецыялістаў – кваліфікаваных псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, якія пастаянна ўдасканальваліся ў плане работы з дзецьмі. Лінія функцыянуе кругласуткава. Раней планавалася, што на званкі будуць адказваць адначасова два спецыялісты (даўжыня аднаго тэлефанавання можа дасягаць і гадзіны, каб устанавіць праблему, зняць трывогу, перанакіраваць пытанне спецыялісту). Але цяпер на лініі працуе адзін чалавек – дзяжурны ў прыёмным пакоі. Міністэрства аховы здароўя не можа вылучыць асобную стаўку для спецыяліста, які б займаўся выключна кансультаваннем па тэме дзіцячага гвалту.

– Заўважана: як толькі праходзіць асвятленне ў прэсе, званкоў становіцца больш, - працягвае Сяргей Осіпчык. – Тэлефануюць дзеці, суседзі, дарослыя, бацькі, сваякі, каб пракансультавацца аб розных аспектах паводзін дзіцяці.

За мінулы год на агульнанацыянальную лінію паступіла каля 300 званкоў. Спецыялісты не проста выслухоўваюць і перанакіроўваюць праблемы, з якімі да іх звяртаюцца. Калі гісторыі маюць крымінальны характар, аператар паведамляе пра гэта ў органы ўнутраных спраў.

У планах “Разумення” знайсці бізнес-партнёраў для кожнага свайго сервісу, і ў першую чаргу – для дзіцячай лініі. Праца з РНПЦ працягнецца – там добрыя спецыялісты, але сама лінія мусіць пераехаць у асобнае памяшканне, бо, па-першае, не павінна ўзнікаць асацыяцыі з установай, дзе аказваюць псіхіятрычную дапамогу, па-другое, гэта месца, як і ва ўсім свеце, павінна быць ананімным – дзеля бяспекі людзей, што там працуюць.

Пакуль што для такіх захадаў у дзяржавы няма грошай. Але Андрэй Маханько пераходзіць на даволі цынічную, аднак цвярозую і пераканаўчую матэматыку: колькі грошай недаатрымлівае дзяржава, калі памірае дзіця.

– Безумоўна, смерць дзіцяці – гора, якое ацаніць немагчыма. Але можна падлічыць, колькі “каштуе” для краіны адно загінулае малое. Гэта цынічныя лічбы, але казаць пра іх трэба, таму што матэматыкі разумеюць матэматыку. З пункту гледжання недаатрыманага падаходнага падатку ці нястворанага дабаўленага кошту дзяржава недаатрымлівае 300 тысяч долараў. Гэта ў сярэднім. А мог быць забіты і Эйнштэйн, і Моцарт, якіх не “ацэніш” у гэтую суму. Аднак гэтая лічба – пра сярэдняга чалавека з зарплатай 500 долараў у месяц, які выплачвае 30 тысяч падаходнага падатку цягам працоўнага жыцця.

Калі людзям даводзіш гэтыя лічбы, яны пачынаюць задумвацца: можа, цяпер трэба інвеставаць некаторую суму грошай, каб знізіць гэтую лічбу? Бо калі мы кажам пра загінулых, то іх таксама дзясяткі. Толькі нованароджаных кожны год забіваюць каля двух дзясяткаў, а колькі ўсяго памірае дзяцей...

Дружалюбны пакой

Дзіця, якое пацярпела ад гвалту, не заўсёды можа даваць паказанні ў судзе. Праблемай можа стаць псіхічнае расстройства, узрост, развіццё.

– Сексуальны гвалт – праблема, якая носіць латэнтны характар. Звяртаюцца не заўсёды, не самі дзеці і іх блізкія, асабліва калі не зразумела, ці атрымае злачынца пакаранне. Наша дзейнасць – дапамагчы следству сабраць большую доказную базу, каб асудзіць рэальнага злачынцу, - уступае ў размову начальнік галоўнага ўпраўлення псіхіятрычных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз Юрый Асцянка.

Сама доказная база пры сексуальных злоўжываннях часта вельмі зыбкая, бо можа не быць сведкаў, фізічных праяў гвалту. Таму тут крайне важныя паказанні дзіцяці супраць паказанняў дарослага злачынцы, які можа цынічна скажаць факты.

Дапамогу ў зборы доказаў аказваюць спецыяльныя дружалюбныя дзецям пакоі апытанняў. Яны ствараюцца ў спецыялізаваных установах. У іх – канапы, цацкі, а яшчэ – двайное шкло, якое з боку пакоя выглядае як люстэрка. А ў суседнім памяшканні гэта звычайнае празрыстае шкло, праз якое бачна ўсё, што адбываецца ўсярэдзіне. Тут за апытаннем назіраюць следчыя і законныя прадстаўнікі пацярпелага дзіцяці. Гутарку фіксуе відэакамера, каб пасля можна было выкарыстоўваць запіс у працэсе следства і суда, не апытваючы дзіця дадаткова. Бо найбольш поўныя паказанні маленькія пацярпелыя даюць адразу пасля злачынства, а праз месяц, паўгода, год яны ўжо не тыя.

– Апытанне праводзіць спецыяліст паводле адмысловага пратакола, усе эксперты прайшлі падрыхтоўку па яго прымяненні. Апытанне фіксуецца, каб у судзе можна было яго прадаставіць як доказ. Гэта дазваляе мінімізаваць выклік дзіцяці ў суд і выключыць яго апытанні неспецыялістамі, – раскрывае падрабязнасці медыцынскі судовы эксперт-псіхолаг Анжаліка Назаранка.

Такіх пакояў у краіне ўжо 18. Суразмоўцы перакананы, што малое не трэба весці ў суд для дачы паказанняў, бо ў большасці яны, запісаныя ў пакоі апытанняў, якасныя, і суддзі іх прымаюць. Як правіла, калі суддзя выклікае дзіця – гэта суддзя-мужчына. Але судзейскі корпус ідзе па шляху прыняцця новаўвядзенняў.

– 11 чэрвеня механізм аўдыё-відэа-канферэнцсувязі быў замацаваны ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Цяпер у нас на чарзе рэкамендацыя апытваць дзіця толькі адзін раз, бо гэтая гуманная мера дазволіць захаваць псіхіку дзіцяці і якасць паказанняў, - зазначыў старшыня праўлення “Разумення”.

– Па сусветных дадзеных, да 12 гадоў дзіця не можа разумець і ацэньваць усю сітуацыю, звязаную з сексуальным гвалтам. Паказанні яно можа даваць, а вось аказваць супраціўленне не. Да 12-гадовага ўзросту яно апрыёры знаходзіцца ў бездапаможным перад гвалтам стане. Таму мы выступаем з ініцыятывай, калі ўстанаўленне ўзросту бездапаможнага стану дзіцяці відавочна, - працягвае Юрый Асцянка.

Праверка на педафілію

Псіхалагічны партрэт непаўналетняй ахвяры сексуальнага гвалту скласці цяжка. Цяпер у іх ліку стала больш хлопчыкаў, хаця гэта яшчэ ні пра што не сведчыць. Малыя ў любым узросце не застрахаваныя ад палавых злачынстваў, апытваюць псіхолагі нават 3 – 4-гадовых маленькіх. Аднак вядома, што ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця рызыка стаць ахвярамі сексуальнага гвалту вышэй у 25 разоў.

У некаторых краінах існуюць базы, у якія заносяць педафілаў. У нас такой базы няма, але ёсць пастанова Саўміна, якая рэкамендуе працадаўцу правяраць сваіх работнікаў на прадмет таго, ці былі ў іх мінулым злачынствы сексуальнага характару ў адносінах да дзяцей. Гэта перадусім тычыцца ўстаноў, дзе супрацоўнікі маюць кантакт з дзецьмі.

Аднак існуе яшчэ адна праблема: якім чынам прыцягваць да адказнасці асоб, якія здзейснілі сексуальнае злоўжыванне ў адносінах да дзіцяці, але самі яшчэ не дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці? Эксперты лічаць, што трэба альбо зніжаць планку ўзроста, альбо прымаць спецыяльныя меры: памяшчаць такіх непаўналетніх у рэабілітацыйныя цэнтры (а не закрытыя спецустановы) і, вядома, праводзіць прафілактыку.

– На ўсё гэта патрэбны сродкі. Нават у краінах з устойлівай дэмакратыяй існуе праблема доўгатэрміновай сацыяльнай устойлівасці. Мы ствараем для гэтага мэтавы капітал – гэта недакранальны фонд, даходы ад якога трацяцца на пакрыццё праграмнай дзейнасці ці адміністратыўных выдаткаў, - гаворыць Андрэй Маханько. – Мы запускаем праект “10к for10к” – гэта анлайн-кампанія па прыцягненні вялікіх ахвяраванняў. У хрысціянстве апроч азначэння дзесяціны ёсць таксама дэфініцыя “ахвяравання ўсяго жыцця”, калі чалавек ахвяруе вяікую суму на нейкую важную справу.

У школах цягам апошніх гадоў вучням расказваюць аб неканфліктных спосабах вырашэння сітуацый, а таксама аб тым, як папярэджваць і паводзіць сябе ў выпадку траўлі. Дзеці павінны ведаць, якім чынам вырашаць падобныя канфлікты, і як паводзіць сябе, каб іх пазбегнуць і не патрапіць пад гвалт. Аднак вельмі шмат залежыць і ад дарослых: даказана, што малыя, якія недаатрымліваюць любові ў сям’і, часцей становяцца ахвярамі сексуальных злачынстваў.  

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео