BE RU EN
rss facebook twitter

Віктар Корбут: Беларускіх адрасоў у Вільні сотні

13.02.2015 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Віктар Корбут: Беларускіх адрасоў у Вільні сотні
Фота з архіваў і Віктара Корбута, дызайн - Алены Жданоўскай
А ці не жадаеце вы пашпацыраваць вуліцамі старой Вільні з дапамогай паштовак? Так, менавіта паштоўкі здольныя замест экскурсавода і сябра стаць вам карысным спадарожнікам у вандроўках.

Днямі ў выдавецтве "Рыфтур" выдадзены цікавы камплект паштовак, якім можна карыстацца ў якасці дапаможніка для самастойных вандровак па гістарычных мясцінах Вільні. Да таго ж, гэта сваеасаблівая мапа не толькі для беларусаў, але і для літоўцаў, бо інфармацыя на паштоўках - на дзвюх мовах.

"Vilnius - Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі. Шпацыр па горадзе з Віктарам Корбутам" - такую назву мае гэтая папяровая фота-цікавостка, пра якую мы пагутарылі з аўтарам праекта, журналістам і гісторыкам Віктарам Корбутам.

На падставе архіўных дакументаў і навуковай літаратуры ён высветліў дзевяць віленскіх адрасоў, па якіх жылі ці працавалі вядомыя дзеячы беларускай культуры. Па тых адрасах таксама месціліся беларускія арганізацыі і рэдакцыі перыядычных выданняў. Аўтар праз паштоўкі паказаў сувязь пэўных будынкаў і з вядомымі культурнымі дзеячамі Літвы, якія мелі асабістыя, творчыя стасункі з беларускімі калегамі.

- Віктар, калі і як у вас нарадзілася ідэя гэтага праекта, і колькі часу над ім працавалі?

- Вiльня - гэта горад розных народаў, рэлігій. Гэта горад, дзе выйшлі першыя беларускія кнігі, надрукаваныя тут у пачатку XVI стагоддзя Францыскам Скарынам. У пачатку ХХ стагоддзя тут выдаваліся першыя беларускія газеты, адкрываліся першыя беларускія школы, убачыла свет граматыка Браніслава Тарашкевіча, якая стала асновай граматыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Па сутнасці, Вільня з XIV стагоддзя і да 1918 года выконвала ролю агульнай сталіцы Літвы і Беларусі.

Вакол Вільні яшчэ і цяпер у вёсках гавораць не толькі па-літоўску, але і па-беларуску. Гэты горад шмат у чым лёсавызначальны для Беларусі. Наколькі ж важкі ўнёсак беларусаў у гэтае места? Мне гэта хацелася высветліць.

Пра розныя аспекты жыцця беларусаў у Вільні напісана гісторыкамі нямала. У 1998 годзе выйшаў даведнік жыхара Вільні беларуса Лявона Луцкевіча "Вандроўкі па Вільні", дзе былі сабраны многія адрасы, звязаныя з нашымі землякамі ў гэтым горадзе. Але гэтая кніга, на жаль, ахапіла не ўсе падзеі, не ўсіх асоб і не ўсе адрасы Вільні, звязаныя з беларусамі і Беларуссю.

Пакуль яшчэ ніхто не зрабіў поўнага і дакладнага даведніка беларускіх мясцін гэтага горада - з адрасамі, персаналіямі, каб можна было падысці да канкрэтнага дома з гэтай кнігай і прачытаць, хто тут жыў, працаваў, якія беларускія арганізацыі дзейнічалі або існуюць цяпер. Дзе менавіта, у якіх канкрэтна будынках пакінулі свае сляды Скарына, Каліноўскі, Купала і яшчэ дзясяткі, сотні, тысячы нашых суайчыннікаў? Я паставіў сабе за мэту сабраць гэтыя звесткі. І складаю цяпер такі даведнік.

Паштоўкі - гэта ў пэўным сэнсе папярэдні варыянт будучай кнігі. Бо на напісанне кнігі патрэбныя гады. А час ідзе. Людзі маюць патрэбу ў інфармацыі. І я вырашыў падзяліцца часткай назапашаных звестак праз паштоўкі.

Ідэю падтрымалі амбасада Літвы ў Беларусі і асабіста амбасадар Эвалдас Ігнатавічус, выдавецтва "Рыфтур" і яго дырэктар Сяргей Плыткевіч, дабрачынны фонд "Вяртанне" і асабіста Павел Бераговіч (Падкарытаў).  

- Хто рабіў фотаздымкі для паштовак?

- На паштоўках выкарыстаныя архіўныя фотаздымкі - для ілюстравання гістарычных будынкаў і паказу абліччаў тых людзей, якія ў іх жылі, працавалі. Таксама зроблены сучасныя выявы.

Адкрыю сакрэт: я сфатаграфаваў дзевяць будынкаў за адзін дзень, адмыслова абышоўшы ўсё старое места. Дзеля гэтага спецыяльна прыехаў у Вільню. У гэтай справе мне дапамог мой сябар Аляксандр Гіль, якому выказваю шчырую падзяку.

- Што цікавага і раней невядомага могуць адчыніць для себя праз паштоўкі беларусы ў Вільні?

- Перш за ўсё, чытачы, турысты даведаюцца, што ў Вільні беларусы былі разам з літоўцамі, палякамі, яўрэямі адным з народаў, які ствараў гэты горад. На паштоўках адлюстраваныя мясціны, дзе скрыжоўваліся шляхі беларускіх і літоўскіх дзеячоў культуры, такіх знакамітасцей, як Янка Купала і Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс, Вацлаў Ластоўскі і Лаздзіну Пяледа, ды многіх іншых. Тут пакінулі свой след Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, якія лічылі сваёй радзімай і Літву. Усё гэта сведчыць пра ролю Вільні як вялікага цэнтра яднання розных культур і традыцый. І беларускай, у тым ліку.

- Гаворка ў паштоўках ідзе пра дзевяць адрасоў, звязаных з жыццём і дзейнасцю вядомых дзеячаў беларускай культуры ў Вільні. Што гэта за адрасы?

- Так, гэтых адрасоў дзевяць, а ўсяго беларускіх адрасоў у Вільні сотні. Аднак нават дзевяць адрасоў, якія адлюстраваны на паштоўках, дазваляюць уявіць значнасць Вільні для Беларусі.

Напрыклад, вуліца Дамінікону (Дамініканская), 11. Гэты будынак вядомы з 1600 году як уласнасць Эўстахія Валовіча. З XVIII стагоддзя - як палац Пацеяў, а з другой паловы XIX стагоддзя і да 1930-х гадоў - Умястоўскіх.

З 1906 года да сярэдзіны 1940-х гадоў на першым паверсе будынка знаходзілася Літоўская кнігарня, што належала Марыі Пясяцкайце-Шлапялене. Тут прадаваліся літоўскія і беларускія газеты і кнігі, сюды разам завітвалі Купала і Чурлёніс.

Ці возьмем наступны адрас: вуліца Піліма (Завальная), 5. Гэты дом пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Тут знаходзіліся рэдакцыі беларускіх газет "Наша ніва", "Гоман", "Krynica", "Biełaruskaja krynica", часопісаў "Саха", "Krywičanin", захоўвалася калекцыя старажытнасцей Яна Луцкевіча.

Таксама тут жылі і працавалі Вацлаў Ластоўскі і ягоная жонка Марыя Іванаўскайце-Ластаўскене, працавалі Ян Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Станіслаў Станкевіч Кнігар. Дом наведвалі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Цётка, Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас).

- Рэцэнзентамі і навуковымі рэдактарамі вашага праекта з’яўляюцца вядомыя беларусы - Варава, Мальдзіс і Ліс. Наколькі плённай была гэтая супраца?

- Я ўдзячны гэтым выдатным знаўцам гісторыі і культуры Беларусі, Вільні за тое, што яны адгукнуліся на маю прапанову азнаёміцца са зместам праекта і падтрымалі яго.

- Ці трапяць паштоўкі ў шырокі продаж, дзе іх можна набыць, акрамя як у "Рыфтуры" у Мінску? І дарэчы, якім накладам выйшаў набор?

- Паштоўкі выйшлі накладам 500 асобнікаў. Набыць іх можна ў "Рыфтуры", а таксама,  звярнуўшыся на старонку праекта ў Фэйсбуку.

Як толькі тыраж будзе прададзены, мы пачнём працу над чарговым выпускам паштовак - пра іншыя славутыя мясціны Вільні. Або, магчыма, выдадзім невялікі турыстычны даведнік. Усё залежыць ад спонсараў нашага праекта.

А да працягу працы я гатовы ў любы момант. І хачу выказаць падзяку дызайнеру выдавецтва Алене Жданоўскай, якая стварыла дызайн паштовак. Дзякуючы яе прафесіяналізму з’явіўся дасканалы з мастацкага боку прадукт.

Дарэчы, 15 лютага а 12.00 у Вільні, на вул. Раўгіклас, 25 адбудзецца прэзентацыя камплекта паштовак. Вялікі дзякуй Таварыству беларускай культуры ў Літве і Аляксандру Адамковічу за арганізацыю гэтай сустрэчы, на якую я ўсіх сардэчна запрашаю! Дарэчы, завітаўшы на нашу імпрэзу, звярніце ўвагу на суседні дом № 23. Ён цікавы тым, што тут з 20 чэрвеня 1916 года да 1918 года ўключна знаходзіліся "адміністрацыя і экспедыцыя" беларускай газеты "Гоман". А ў 1921-1932 гадах тут было Віленскае беларускае выдавецтва Барыса Клецкіна, якое выдала шмат кніг беларускіх пісьменнікаў. 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео