BE RU EN
rss facebook twitter

Ігар Мельнікаў: Трэба нарэшце скласці беларускі пазл

16.01.2015 Пётр Кухта, "ЕўраБеларусь"
Ігар Мельнікаў: Трэба нарэшце скласці беларускі пазл
Гісторыя Заходняй Беларусі – наша, не польская, і паўнавартаснай нацыі патрэбна зразумець тыя падзеі, кажа аўтар толькі выйшаўшай кнігі «Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.».

Пра будучую кнігу гісторык Ігар Мельнікаў распавядаў Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» яшчэ падчас сумнавядомай выставы «Заходнебеларуская Атлантыда» ў Заслаўі, якую забаранілі ўлады. Яе прыйшлося рабіць віртуальнай – на Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі», што зладзілі 26-27 верасня 2014 года ў Мінску Беларускі архіў вуснай гісторыі, Інстытут славістыкі ПАН (Варшава) і Лятучы ўніверсітэт.

І вось у выдавецтве «Галіяфы» выйшла кніга «Заходнебеларуская Атлантыда 1921-1941 гг.» - вынік працы Мельнікава ў архівах і вандровак па тым зніклым кантыненце. Кніга – гэта больш 400 старонак цікавых і невядомых беларусам фактаў пра іх жа гісторыю. Ёсць і ілюстрацыі – фота тых часоў, дакументы і г.д.

- Ігар, здаецца, даволі шмат выходзіць нейкіх даследаванняў па Заходняй Беларусі зараз. Чым адметная тады гэта праца?

- Справа ў тым, што з аднаго боку, інфармацыя наконт гісторыі Заходняй Беларусі пашыраецца, тэма папаўняецца новымі выданнямі. З другога боку, афіцыйная гістарыяграфія і ў савецкія часы, і зараз у час незалежнасці больш разглядае, скажам так, ключавыя моманты гісторыі міжваеннага перыяду Заходняй Беларусі і перыяду, калі гэта тэрыторыя была далучана да БССР. Гэта падзеі вераснёўскай кампаніі, падзеі, звязаныя з дзейнасцю КПЗБ, але жыццё звычайных беларусаў у гэты час афіцыйна не бралося і не разглядалася як аб'ект даследавання. Безумоўна, сустракаюцца нейкія артыкулы, нейкія ўспаміны, збіраюць журналісты і гісторыкі інфармацыю, але гэта не мае масавага характару. Толькі зараз пакрысе набірае моц такі трэнд як вусная гісторыя, калі збіраюцца і фіксуюцца ўспаміны сведкаў тагачаснага жыцця – і яны становяцца больш даступнымі для зацікаўленых. Але гісторыя паўсядзённага жыцця, якое вельмі адрознівалася ад таго, чым жылі ў БССР, да сённяшняга дня невядомая нашаму беларускаму сучаснаму грамадству. Калі паглядзець падручнікі, то там не даведаешся, на жаль, вось такіх бытавых падрабязнасцяў: што насілі, дзе працавалі, як зараблялі грошы ці бавілі вольны час, чаму служылі ў Войску Польскім і што яны рабілі ў гэтых польскіх мундзірах у верасні 1939 года на захадзе і ўсходзе Рэчы Паспалітай і г.д. У нейкіх адзінкавых манаграфіях можа і можна нешта пра гэта знайсці, але людзі, якіх прынята называць звычайнымі, людзі, што не звязаныя з навукай, не кідаюцца да кніжак спецыялізаваных, навуковых. Яны шукаюць нешта даступнае. І справа адна знайсці гэтыя факты, другая – расказаць пра іх даступнай мовай.

- І як шукалі?

- Працаваў не толькі ў паездках па рэгіёнах, таксама было багата часу аддана і архівам – польскім, розных інстытутаў, установаў і службаў, таксама расійскім. Акрамя ўспамінаў сведкаў эпохі, акрамя дакументаў звычайных беларусаў, былі ў маёй працы і афіцыйныя дакументы, на якіх базіруецца шмат матэрыялаў у кнізе. І безумоўна, гэта паездкі, пошукі людзей, сустрэчы, пошукі прыватных архіваў, якія нашчадкі альбо прадаюць, альбо ўвогуле выкідаюць, бо непатрэбныя. Нешта купляў, нешта самі людзі прыносілі, нешта ксеракапіраваў... Шмат цікавага траплялася, напрыклад, здымкі, дакументы, якія расказваюць пра тую ж заробкавую міграцыю, калі беларусы едзілі ў Прыбалтыку, ці ЗША і Аргентыну, пазней вярталіся і набывалі тут зямлю. З аднаго боку, гэта было памылкай, калі ўлічыць, што было далей, з другога боку, тое сведчыць пра магчымасць перасоўвацца па свеце і зарабляць. Усе гэтыя гісторыі грунтуюцца на дакументах і ўспамінах звычайных людзей. А заробкавая міграцыя ўвогуле, лічу, не асвятлялася ні ў гістарыяграфіі, ні ў гістарычнай публіцыстыцы сённяшняй Беларусі. У кнізе, зазначу, гэтыя факты ёсць – і досыць падрабязна апісаныя.

- Ёсць яшчэ што «капаць», пра што распавесці тым самым звычайным беларусам?

- Безумоўна. Ужо можна сказаць, што зараз пачалася праца над другой кнігай, якая пакуль умоўна называецца «Заслаўскае памежжа». Тут будуць асветленыя аспекты існавання той савецка-польскай ці «рыжскай» мяжы, якая пралягла ў 40 кіламетрах ад Мінску. І яшчэ, дзякуй Богу, ёсць старыя, якія памятаюць тую мяжу. Тут побач знаходзіцца Ракаў, вядомы як сталіца кантрабандыстаў. З яго зрабілі сімвал, і ён, дарэчы, званне той сталіцы заслугоўвае, але кантрабанда была пашыраная па шматлікіх вёсках. У іх я трапляў на ўспаміны і як савецкія чырвонаармейцы лавілі беларускіх кантрабандыстаў, і як палякі таксама палявалі на іх. Цікава і проста даведацца пра жыццё простага чалавека на тым памежжы. І звярнуць па-іншаму ўвагу на памежныя ўмацаванні, якія зараз умоўна і не зусім правільна называюць «Лініяй Сталіна». Гэта Мінскі ўмацаваны раён, кропкі якога да сёння захаваліся, большасць з іх прымала ўдзел у абарончых баях 1941 года. На гісторыі кожнага з аб'ектаў гэтага раёну зараз можна расказаць, паказаць, якую ролю яны адыгралі і што гэта ўвогуле было. Па-іншаму расказаць, чымсьці расказваюць пра «Лінію Сталіна».

Шмат чаго цікавага, пра што ёсць яшчэ распавядаць, і распавядаць трэба, бо гэта дапаможа зрабіць для беларусаў зразумелай іх жа гісторыю, асабліва ў цяперашніх варунках.

Заўсёды кажу, што гісторыя Заходняй Беларусі – гэта наша гісторыя, не польская. І трэба гэты гістарычны пазл нарэшце скласці, каб наша беларускае сучаснае грамадства зразумела, што жыццё там было не з мёду і шакаладу, але яно адрознівалася ад жыцця ў БССР.

Уз'яднанне ёсць, безумоўна, адной з ключавых падзей у нацыянальнай гісторыі, але што адбывалася, як адбывалася гэта ўз'яднанне, якія былі наступствы – таксама трэба ведаць. У нас жа пакуль тут яўна прагледжваецца ці толькі негатыўны пункт гледжання, ці толькі адзін пазітыў. Трэба разважаць. Таму галоўнай задачай маёй было даць факты, даць інфармацыю, а людзі могуць абмяркоўваць для сябе і вырашаць, як ставіцца да той ці іншай падзеі.

Таму запрашаю 23 студзеня а 18-й гадзіне ў Сядзібу БНФ на прэзентацыю кнігі, дзе буду рады паразмаўляць па пытаннях гісторыі Заходнебеларускай Атлантыды, дзе можна пабачыць таксама і слайд-шоў з унікальных фатаздымкаў.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео