BE RU EN
rss facebook twitter

Рыгор-Валадзей Іскрык: Няма такой мовы, як руская!

02.11.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Рыгор-Валадзей Іскрык: Няма такой мовы, як руская!
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Гэты шасцігадовы малы падчас шпацыру з бацькамі нахабна чапляецца да мінакоў, каб пазнаёміцца на чысцюткай беларускай мове і распавесці ім пра Сусвет. У адказ амаль усе дарослыя моўчкі дзівяцца…

Зачапіць мінака

Гэтага хлопчыка можна калі-нікалі сустрэць на плошчы Якуба Коласа, бо ён жыве побач з ёй. Малы размаўляе выключна на беларускай мове - так выхоўваюць бацькі, але расейскую добра разумее - праз мультфільмы па тэлевізары, якія сам сабе цішком перакладае. 

Хлопчык яшчэ не ведае, што на "ягонай" мове ў Мінску, як і ва ўсёй Беларусі, зараз няшмат хто гаворыць, таму ён без усялякіх псіхалагічных "платоў у галаве" літаральна чапляецца да мінакоў падчас шпацыру з бацькамі па горадзе - шукае новых суразмоўцаў і сяброў. Прычым, чапляецца менавіта да дарослых, бо дзеці яму зусім нецікавыя.  

Толькі адзінкі жыхароў сталіцы з радасцю спрабуюць перайсці на мову дзіцяці. Пераважная большасць сувора маўчыць і глядзіць на малога як на іншапланецяніна.

Ці многа вы бачылі малых, якія б нахабна спынялі вас на вуліцы і прымушалі адчуць сябе грамадзянінам-недарэкай? Не кожны вытрымае такі раптоўны экзамен на білінгвізм.

"Я - Рыгор-Валадзей Іскрык!"

І пакуль самы знакаміты хлопчык Беларусі, унук Рыгора, недзе ў далёкіх Эміратах "бліскуча" закідвае пераможныя шайбы ў вароты ветэранаў хакея, цёзка ягонага дзеда сціпла бадзяецца па культурніцкіх імпрэзах радзімы разам з бацькамі.  

"Маё першае імя - Рыгор, а другое - Валадзей", - паведаміў мне малы на адкрыцці мастацкай выставы "Арт-Ворша-Рубон!", дзе я ўпершыню з ім сутыкнулася.

На маё пытанне пра прозвішча хлопчык нечакана раззлаваўся: "Няма ў мяне ніякіх прозвішчаў!"

"Цябе пра фамілію пытаюць, Рыгорка", - патлумачыла хлопчыку матуля.

"А! Фаміліё маё - Іскрык! Я - Рыгор-Валадзей Іскрык!" - гучна ўсцешыўся малы. Дарэчы, ён заўсёды размаўляе па-тэатральнаму выразна і гучна, месцамі - нават крычыць, нібыта ўсе вакол глухія. Але больш за гук здзіўляе гонар, з якім малы беларус распавядае пра любую дробязь жыцця.  

З "фаміліяй" Рыгор не памыліўся - так навучаў бацька. На гледзішча пісьменніка, драматурга і мастацтвазнаўцы Уладзіміра Іскрыка, асобныя словы ў беларускую мову лепш запазычваць з лацінскай, дзе яны гучаць больш прыгожа.

Так мы і пазнаёміліся з Іскрыкамі, якія ветліва запрасілі "ЕўраБеларусь" да сябе ў госці.

Калаўрот і каласы ў хаце

Пакуль гаспадыня нясе з кухні традыцыйны беларускі пачастунак - дранікі, Рыгорка круціць натуральны калаўрот у калідоры і просіць, каб я гэта сфатаграфавала. Саламяны конік вышынёй з чалавека, жытнёвыя снапкі, пацеркі, рушнікі ды калаўроты тут - па ўсёй хаце, у якую неўпрыкмет пераўтвараецца кватэра сталічных жыхароў. Нават жывапісныя палотны па сценах не парушаюць адчування сялянскага жытла, складзенага з працаў Ірэны, маці Рыгора і майстра студыі народнай творчасці "Жыцень" ў суседняй з домам гімназіі № 23.   

"А давай - з каласком у роце, як сапраўднага беларуса!" - прапануе новы кадр для "фатасесіі" малы і шпарка нясецца выдзіраць каласок са снапка.

Потым здымае з піяніна саламяны капялюш, надзявае на галаву і ўжо праз хвіліну дэманструе мне свае расліны, за якімі пільна даглядае.

"Ветэрынарам стану, - тлумачыць мне сваю цікаўнасць да расліннага свету. - І па раслінам. Бо расліны таксама, бывае, хварэюць, і яны таксама жывыя".           

На пытанне, з кім з дзяцей ён сябруе ў двары, Рыгор адказвае: "Сябар у мяне толькі адзін. Сямён. У Нарочы жыве (націск на "о". - ЕўраБеларусь). А тут сябрую з дзяўчынкай Элінай".

Потым раптам дадае: "З Марачкіным таксама. Ён дарослы. Ты ж на выстаўцы была на ягонай".  

Мастак Аляксей Марачкін часта бывае ў гасцях у Іскрыкаў. Дзверы іхняй кватэры перасягаюць ногі акадэмікаў, пісьменнікаў, мастацтвазнаўцаў, літаратараў, мастакоў. І ад кожнага з іх малы Рыгор нешта чуе і матае сабе на вус.

У свае шэсць год ён ужо ведае пра працэсы і будаўніцтва клетак, пра дыеты і хваробы, пра планеты ў Сонечнай сістэме і Сусвет, мае свае меркаванні пра дзяржаўны флаг (менавіта як бацька вучыў - "флаг", а не "сцяг").

Калі Рыгор чуе расейскае слова, але не ведае яго сэнсу, ён тэрмінова бяжыць да таты за перакладам.

"Або яны яго, або ён іх"

"Рыгорка, трымай гліну, як ты прасіў", - Ірэна дае малому вільгатны шэры камяк.  

"Ляпіць вельмі любіць, - кажа яна. - Можа дзень за этым заняткам прасядзець! Жывёлаў розных лепіць, але шмат чаго не паказвае нам, ня хоча чамусьці".

Тым часам, Рыгор ужо цягне стары самавар, да якога прымацоўвае кранік, сідзячы на падлозе і не звяртаючы ўвагі на гасцёў.

"Ірэнка, а калі гарбуз будзем на Хэлоўін выразаць?" - пытае Рыгор, ківаючы на памаранчавы гарбуз на калідоры. Хлопчык часта звяртаецца да маці з выкарыстаннем імя - нахапаўся ад дарослых. У дадатак логіка малога прышчапляе яшчэ і яе дзявочае прозвішча - Дзевяцень.

"Не, Рыгор, я ўжо Іскрык", - спрабуе аспрэчыць Ірэна, род якой палягае з Кастрамы.

"Усё адно ты - Дзевяцень. Баба сказала Дзевяцень - значыць, Дзевяцень", - разважае ўпарты сынок.

У школу Рыгор-Валадзей пойдзе ў наступным годзе, і ягоная маці вельмі хвалюецца за тое, ці не пакрыўдзяць там сына.  

"Або яны яго, або ён іх, - кажа Ірэна. - Або ён у сем гадоў асобай стане, абароніць мову, або не".

"Абароніць! Ён дужы хлопец," - не хвалюецца за сына Уладзімір.

"Колькі вы бачылі беларускамоўных дзетак? - пытаецца ў мяне Ірэна. - Рыгору вельмі цяжка будзе ў школе. Яму і цяпер ужо цяжка, бачна. Вось да мяне ў студыю з першага класа хадзіла на саломку, шэдэўры пляла Юстына Дынько. Беларускамоўная ў іх сям’я. Але ўжо ў пятым класе яна саромелася беларускай мовы і размаўляла з дзецьмі па-расейску. Са мной дык яшчэ па-беларуску, але з дзецьмі па-іншаму".  

"Ён першы ідзе на кантакт, а потым перажывае, калі нешта не па-ягонаму, - распавядае Ірэна пра тое, як вадзіла яшчэ зусім маленькага Рыгора на ўрок у гімназію. - І дзеці яму ўсе не такія, і людзі - не такія, бо не слухаюць яго. І псіхалагічна ён ня хоча ісці ў школу".

"Дарослыя яму цікавыя, а дзеці - не, ён можа вытрымаць іх трошачкі. Прычэпіцца да бацькоў дзяцей і будзе з імі гаварыць, але не з дзецьмі", - удакладняе яна.

Акадэмікі альбо настаўнікі?

Праз гэтае Рыгор нават не хадзіў у дзіцячы садок. Сяброўка Ірэны прапанавала аддаць яго ў гурток. Але ў Беларусі беларускамоўных гурткоў няма, кажа Ірэна, чые пошукі скончыліся нічым.

"Мікалай Першы ў садок хадзіў? А ў школу? А колькі ён моваў замежных ведаў? - кажа Уладзімір і не адмаўляе магчымасць навучання Рыгора дома, а садок называе "прывучэннем да стада". - Настаўнік у Беларусі праводзіць з вучнямі 20 гадзін, а ў Амерыцы - 12, і заробак вельмі адрозніваецца. Дык навошта аддаваць Рыгора хворым людзям, калі ў яго ёсць магчымасць браць веды ад нармальных і дасведчаных людзей? Будзе вучыцца ня горш за астатніх. Вось пра арганізм яму распавядае акадэмік, які да нас заходзіць, і калі што, Рыгор спасылаецца на ягоны аўтарытэт". 

Ірэна ва ўсім падтрымлівае мужа.

"Акадэмік яму загадаў ня есць салодкага, бо Рыгор пачаў набіраць вагу. Дык у краме Рыгор адмаўляецца ад набыцця шакаладкі: "Мама, мне гэтага ня можна!", - распавядае яна. - Уладзімір Міхайлавіч жа - настаўнік, дык гісторыю, геаграфію, біялогію і шмат чаго яшчэ дае Рыгору. У шэсць гадоў ведае планеты - якія большыя, якія гарачэйшыя, чаго я не ведаю! Яму так падабаюцца заалогія, біялогія і геаграфія - чытаем на ноч падручнікі за 5-6 класы. Мне цяжка перакладаць з расейскай на беларускую, дык тата кантралюе, ці правільна я гэта раблю. О, гэта такая трэніроўка мазгоў, так цяжка! Але Рыгор так хоча гэта ўсё ведаць…"

Ірэна задаецца пытаннем: якая школа, які настаўнік дасць Рыгору такія веды?

"Ён іншы, - кажа яна пра сына. - У яго нейкае іншае мысленне".

Як шапацелі вусені

Да кніжкі Уладзіміра Іскрыка ёсць прадмова Андрэя Макаёнка, у якой беларускі класік хваліць мову тады яшчэ маладога драматурга.

"Рыгор ад яго ўзяў мову, - паказвае на мужа Ірэна. - Адчувае яе, сам прыдумляе нейкія словы, якія нідзе не мог чуць".  

"Я дровы калоў і касіў у вёсцы, а малы тады зусім Рыгор бачыў. А потым распавёў "Радыё Свабода", што ягоны бацька працуе "касотнікам" і "калотнікам", - узгадвае Уладзімір. - Нават кажа вельмі рэдкія ў мове словы, а чуць іх нідзе не мог. Стварыў іх сам, проста на падставе законаў мовы".

На працягу размовы да нас падбягае Рыгорка і чытае караценькія, уласна прыдуманыя ім  казкі, у якіх шапацелі вусені ды іншыя, зусім ужо неверагодныя для майго асабістага слоўніка, істоты...

Вясковы аўтарытэт

Нарэшцэ, галоўнае пытанне: чаму бацькі абралі для дзіцяці беларускую мову? Вядома ж, цяжка жыць белай варонай ў зграі шэрых. Навошта абралі сыну няпросты шлях сталення?

Уладзімір Іскрык упэўнены, што расейская мова не мае перспектываў. Праз чатыры гады Расія ляснецца, кажа ён. І свабоду ад маскоўскай навалы, якую заваявала Украіна, атрымае і Беларусь.

"Інфармацыі руская мова не нясе ні па якіх галінах. У ёй няма патрэбы. У вышэйшых навуковых установах Францыі яе не вывучаюць, хаця раней вывучалі. Вось вам прыклад - Украіна, якая ўжо адмовілася ад расейскай мовы, - мяркуе бацька Рыгора. - Пасля вайны, калі я вучыўся ў школе, нас прымусова перавялі на расейскую мову і ніхто не пытаўся. Таксама і тут будзе ў хутім часе з беларускай мовай - пачнуць выкладаць яе ў школах, і ніхто пытацца ня будзе! Не ўзнікне ніякіх праблем абсалютна."

Пакуль што беларускамоўны Рыгор вельмі ўпэўнена крочыць па жыцці - дапамагае баявы характар. Нават заваяваў аўтарытэт і пашану сярод вясковых дзяцей.

"Калі ўлетку прыязджаем у мястэчка, то на Рыгора ўсе глядзяць і ўсе яго слухаюць, - кажа Ірэна. - Там розныя дзеці. І ўсе яго паважаюць, рыбу на рэчцы аддаюць, усё для яго робяць. Яны выстрайваюцца на беразе, а ён плавае і гаворыць ім што-небудзь. Аднойчы сказаў: "Вы што, ня ўмееце на беларускай мове размаўляць?" Муштруе іх там. Яго ўся вёска ведае".

Дык з такім характарам хлопца ці трэба палохацца атрымання псіхалагічнай траўмы ў школе?

"У школе ёсць настаўніцкае хамства, - кажа Уладзімір. - Яго можа гэта пакрыўдзіць. З дзецьмі ён абыйдзецца, а вось калі старэйшыя будуць чапляцца да яго…"

Група крыві

Бацька Рыгора ўзгадвае, як на ягоных вачах адбывалася русіфікацыя Заходняй Беларусі.

"Тыя, хто адразу намагаўся перайсці на расейскую мову, іхнія дзеці - "троечнікі", бо не маюць адчування ні расейскай, ні беларускай моваў. У нашай сям’і ўсе маюць вышэйшую адукацыю, і рускую мову мы ведаем лепей за любога расейца. А тыя, хто пераскочыў на расейскую, кульгаюць, - кажа Уладзімір. - Таму трэба так: беларуская - значыць, беларуская. А расейскую - прыйдзе час, Рыгор будзе ведаць выдатна".

Паводле меркавання Уладзіміра Іскрыка, у кожнага чалавека ёсць сувязь з вышэйшым розумам праз код, а гэты код - родная мова. 

"Яна дадзена кожнаму чалавеку і кожнаму этнасу для сувязі з наасферай - так, як нумар тэлефона. Чалавек ня можа на замежнай мове з ёй звязацца", - распавядае ён.

"Глядзі, вось гэта - альва, а гэта - дрэва грошай, вось - каланхоэ, а вось - беларускі кактус", - цягне коўдру ўвагі ад бацькі на сябе сынок, трымаючы ў руках гаршчочкі з раслінамі.

"Дык вось мова - гэта не вопратка, адзеў новую і ўсё, - працягвае Уладзімір. - Гэта структура думкі. Чалавек можа звязвацца з наасферай толькі на роднай мове. Ад нараджэння. Гэта як група крыві".

А вось што адказвае сам Рыгорка на пытанне, ці падабаецца яму расейская мова: "Няма такой мовы, як руская! Раней была, зараз няма. Ёсць беларуская!".

Менавіта гэтае, па сведчанням маці, хлопчык і кажа мінакам, калі чапляецца да іх на вуліцы…

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео