BE RU EN
rss facebook twitter

Андрэй Чарнякевіч: Беларусы ніколі не былі «сялянскай» ці «штучнай» нацыяй

29.06.2014
Андрэй Чарнякевіч: Беларусы ніколі не былі «сялянскай» ці «штучнай» нацыяй
Личности
Роўна сто гадоў таму стваральнік Беларускай Сацыялістычнай Грамады й рэдактар «Нашай Нівы» Антон Луцкевіч акрэсліў палітычную праграму беларускага нацыянальнага руху.

Упершыню ў гісторыі сучаснага беларускага народу ён паспрабаваў даць адказ на пытанні, хто такія беларусы, у якім кірунку ім належыць ісці й з кім супрацоўнічаць. Пытанні «А хто там ідзе?», а таксама «З кім і куды ісці?» застаюцца для беларусаў такімі ж актуальнымі, як стагоддзе таму. Пра тое, як нараджалася сучасная беларуская нацыя, і ці ўдалося ёй сфармавацца за сто гадоў, «Польскае радыё для замежжа» размаўляе з выкладчыкам Познанскага ўнівэрсітэту Андрэем Чарнякевічам.

- Спадар Андрэй, раскажыце, калі ласка, які праект прадставіў роўна сто гадоў таму Антон Луцкевіч. Наколькі ён актуальны сёння?

- Уласна кажучы, гэта нататкі, якія так і не дачакаліся друку. Гэта аналіз магчымасцяў рэалізацыі палітычных мэтаў беларускага руху. Гэты аналіз прадстаўлены дастаткова каротка. Кіраўнік першай беларускай палітычнай партыі, арганізатар выдання беларускага друку, будучы прэм’ер БНР напярэдадні Першай сусветнай вайны задаваў пытанне: «Ці можа беларускі рух ва ўмовах сусветнай вайны, якая набліжаецца, ставіць сваёй мэтай дасягненне незалежнасці?». Ягоная выснова была: «Не». Ён лічыў, што грамадства яшчэ не саспела ў нацыянальна-культурным плане.

Адзінай магчымасцю рэалізацыі патэнцыялу беларускага руху ён бачыў у тактычных саюзах з іншымі народамі, у стварэнні аўтаноміі у рамках іншых дзяржаваў. Луцкевіч не перакрэсліваў ніякай магчымасці. Ён разглядаў магчымасць супрацоўніцтва з летувіскім рухам у межах адроджанага Вялікага Княства Літоўскага, з Расеяй і нават з Польшчай. Але кожную з гэтых магчымасцяў ён разглядаў менавіта як тактычны крок.

- Шмат кажуць пра тое, што беларуская нацыя стваралася яе «бацькамі» як нацыя сялянская. Ці сапраўды людзі са шляхецкім паходжаннем, такія як Антон Луцкевіч ці Янка Купала, які пісаў «Я мужык-беларус - пан сахі й касы...», у гэта верылі? Альбо яны заігрывалі з сялянствам, каб зварушыць яго? Ці не стала ідэя пра тое, што беларусы – гэта сялянскі народ, вечным пракляццем беларускай нацыі? Ці не выхавала яна ў беларусаў комплекс непаўнавартасці?

- Колькасць сялянаў, якія былі заангажаваныя ў беларускі нацыянальны рух на яго пачатку, складала роўна трэць. Гэта бачна па статыстыцы аўтараў «Нашай Нівы». Яшчэ траціну складалі выхадцы са шляхецкага асяроддзя й яшчэ адну трэцюю – разначынцы. Так што ў выпадку беларусаў мы маем вельмі тыповыя для Еўропы суадносіны паміж роўнымі саслоўямі. Але гаворка тут ідзе пра нацыянальную эліту, якая нараджалася. Тыя, да каго яны звярталіся, з кім спрабавалі паразумецца, - гэта ўсё роўна былі сяляне.

У выніку Першай сусветнай вайны й рэвалюцыі ўжо сялянства пачало размаўляць з гэтымі людзьмі. І размаўляла яно часта на зусім іншай мове. Луцкевічу, Іваноўскаму прыходзілася ісці ім на саступкі, быць у нейкім сэнсе папулістамі. Аднак гэта не змяняе таго факту, што беларусы – гэта тыповы прыклад еўрапейскага мадэрнага народу, большую частку якога складаюць сяляне. Гэта ня кепска й ня добра.

- А ці быў беларускі нацыянальны рух рухам натуральным, які паўстаў сам? Шмат асобаў і сёння абвінавачвае беларусаў у тым, што яны «штучная» нацыя, створаная палякамі ці некім яшчэ, каб адарваць беларускі народ ад Расеі.

- Гэтае пытанне вяртаецца да нас як бумеранг. Калі пад «штучнасцю» разумець заангажаванасць у беларускі рух прадстаўнікоў польскай і расейскай інтэлігенцыі, то нейкія прыкметы «штучнасці» тут ёсць. Але вынікі польскіх і расейскіх уплываў, іх інтэлектуальных і ідэалагічных высілкаў перараслі спадзяванні й мэты тых, хто стаяў ля вытокаў.

Нараджэнне беларуская нацыі – гэта самастойны працэс. У нейкі момант дзіцяці перарастае сваіх настаўнікаў. Аб’ектыўныя фактары, якія абумовілі развіццё беларускага руху, сапраўды існавалі. Аднак пры іншых абставінах, у тым ліку геапалітычных, беларускага руху як палітычнай, а не культурнай зьявы, магло б і не быць.

- Наколькі цяперашняя беларуская нацыя – гэта завершаны праект? Ці ведаем мы «А хто там ідзе й куды ідзе?». Ці стаіць сёння пытанне, якое сто гадоў таму ставілі бацькі беларускай нацыі? Быў бы задаволены Антон Луцкевіч, убачыўшы тое, што адбываецца сёння ў Менску?

- Калі б я адказаў за Антона Луцкевіча, я б ня быў нічога варты як гісторык. У нечым, напэўна, Луцкевіч мог бы ўбачыць у сённяшняй Беларусі рэалізацыю сваіх пачынанняў. Але ці адпавядае сённяшняе грамадства яго бачанню беларускага народу й ці меў ён такое бачанне – мне цяжка адказаць. Калі існуе нейкі ідэал народу, то, хутчэй за ўсё, беларусы яму не адпавядаюць.

Але варта разглядаць беларусаў у параўнанні з многімі народамі, якія змагаліся за сваю незалежнасць, аднак так яе й не атрымалі. Напрыклад – шатландцы. Яны змагаліся за незалежнасць з XIV стагоддзя, а нават яшчэ раней. Беларусы маюць сваю дзяржаву.

Парадокс у тым, што гэтая дзяржава зноў спрабуе знайсці беларусаў. Ствараецца нацыянальная дзяржава, якая падбірае пад сябе народ. Вядомае выказванне палітыкаў, што з усім пашанцавала, акрамя народу. Давайце, маўляў, зараз з народам нешта зробім! Але я думаю, што нічога ў іх не атрымаецца. Народ такі, які ён ёсць – кепскі ці добры. Усе спробы яго выправіць, у станоўчых ці сваіх эгаістычных уладных мэтах, разбіваюцца аб рэальнасць. Беларускасць як аб’ектыўная з'ява існуе. Сёння, здаецца, ніхто не спрачаецца, што беларусы ёсць. Іншае пытанне, як ім палітычна развівацца, якую ім выбраць будучыню.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео