BE RU EN
rss facebook twitter

Андрэй Хадановіч: Прэмія з салідным грашовым напаўненнем - важнейшая менавiта для нашых празаікаў

02.06.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Андрэй Хадановіч: Прэмія з салідным грашовым напаўненнем - важнейшая менавiта для нашых празаікаў
ultra-music.com, kraj.by, lit-bel.org
Чаму прэмія Ежы Гедройца абмінула паэтаў? Чыя паэзія задае зараз тон літаратуры Беларусі? І як пісьменніку карміць сваю сям’ю?

 Сёння, 2 чэрвеня, ў Мiнску адбудзецца абвяшчэнне пераможцы Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. На ўрачыстай цырымоніі адзін з трох фіналістаў, аўтар найлепшай кнігі на беларускай мове ў жанрах мастацкай прозы і эсэістыкі, атрымае чэк на суму 10 тысяч еўра.

Прэмія Гедройца даецца выключна за прозу. Чаму абмінулі паэтаў? Пра гэта Службе інфармацыі "ЕўраБеларусі" распавядае сябра журы, кіраўнік Беларускага ПЭН-Цэнтра, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч:

- Абмінулі, відаць, таму, што з беларускімі паэтамі і з беларускай паэзіяй - збольшага ўсё ў парадку. Літаратурная прэмія - гэта, усё ж такі, штучная ін’екцыя, добры такі вітамінавы ці допінгавы ўкол, які дапаможа празаіку, стварыўшы ўмовы для яго нармальнай жыццядзейнасці.

Калі ж гаворка пра беларускую паэзію, то ў яе прыйшло нават не адно, а пару новых пакаленняў фантастычна цікавых аўтараў, з якімі, спадзяюся, нічога кепскага не адбудзецца, нават калі зараз не з’явіцца нейкай важнай ўзнагароды для падтрымкі паэтаў.
Можна сказаць, што прэмія Гедройца з’явілася ў самым важным сегменце беларускай літаратуры. Бо мастацкая проза - гэта тое, што якраз цяпер патрабуе падтрымкі. А беларуская паэзія - па-ранейшаму найлепшае, што ёсць у нашай літаратуры. Так было на працягу ХХ стагоддзя, так ёсць і сёння, у сучаснай беларускай літаратуры.

Нашыя паэты, прычым самых розных пакаленняў, - ад Уладзіміра Някляева і Алеся Разанава да Вальжыны Морт і Марыі Мартысевіч - усё часцей перакладаюцца на замежныя мовы. А калі перакладаюцца і выходзяць асобнымі кніжкамі, то кніжкі гэтыя адразу прыцягваюць да сябе ўвагу - і спецыялістаў, і проста чытачоў. Не выпадкова польскае выданне "Парому праз Ла-Манш" Уладзімера Арлова адразу ж здабыла вельмі прэстыжную ўзнагароду Еўрапейскі Паэт Свабоды ў Гданьску.

Нашыя сучасныя паэты запрашаюцца на замежныя фестывалі, паэтычныя конкурсы, слэмы (паэтычныя турніры. - ЕўраБеларусь). Стала добрай традыцыяй, калі беларускі паэт прыязджае на замежны слэм ва Украіну, у Расію, у Польшчу ці яшчэ некуды, ён амаль гарантавана гэты слэм выйграе. Гэтак адбывалася з Віталём Рыжковым (на фота), з Настай Манцэвіч, з Віктарам Жыбулем, з Сяргеем Прылуцкім, вашага пакорнага слугу гэтая прыемная тэндэнцыя таксама некалькі разоў не абмінула.

Калі паглядзець з іншага боку, дык цікавыя кніжкі паэзіі выходзяць у нас у некалькі разоў часцей за прозу. Паралельна з літаратурнай прэміяй Гедройца існуе паэтычная прэмія для маладых літаратараў - прэмія "Дэбют" імя Максіма Багдановіча: кожны год мы вызначаем пераможцу, аўтара да 35 гадоў, які выдаў сваю першую кніжку.

Усе чатыры гады існавання прэміі "Дэбют" ёсць адчуванне невыпадковасці пераможцаў у намінацыі "паэзія": Віталь Рыжкоў, Антон Францішак Брыль, Андрэй Адамовіч, Уладзь Лянкевіч (на фота) - усё гэта класная, актуальная паэзія. І я абсалютна спакойны за яе аўтараў: яны нікуды не дзенуцца з літаратуры і будуць надалей задаваць у ёй тон, нават калі на іх і не будзе сыпацца дождж з узнагародаў. Хоць, вядома ж, калі гэтыя ўзнагароды - незалежныя і аўтарытэтныя - з’явяцца, ніхто з пералічаных паэтаў не стане ад іх адмаўляцца.

У адрозненне ад верша, які ёсць імгненнай рэакцыяй на свет ці нейкую рэч у гэтым свеце, і прытым досыць кампактным творам, што можа быць прачытаны/праслуханы ў адзін прысест, а таму і досыць лёгка сёння пашыраецца праз інтэрнэт - можа быць, лягчэй за папяровую кніжку, - з прозай усё абсалютна інакш. Па-першае, як звычайна кажуць блогеру, "выбачай, не прачытаў, бо зашмат літар!" Па-другое, хто будзе карміць сям’ю празаіка? Бо кожны раман - гэта найперш кавалак жыцця, які трэба пражыць і не памерці з голаду. Жонка ці муж будзе "дабрачыннай фундацыяй" утрымання пісьменніка ці пісьменніцы, пакуль пішацца магчымы шэдэўр?

Таму прэмія з салідным грашовым напаўненнем - нашмат важнейшая менавіта для нашых празаікаў. І ў мяне, як у паэта Хадановіча, няма ніякай зайдрасці да будучага пераможца прэміі Гедройца, які неўзабаве атрымае 10 тысяч еўра. Я разумею справядлівасць і карыснаць гэтай узнагароды для нашай культуры тут і сёння. А калі кагосьці 2 чэрвеня задушыць зайздрасць, тым горш для яго.

Даведка "ЕўраБеларусі"

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца існуе з 2012 года. Пераможцы 2012 і 2013 гадоў - "Зборная РБ па негалоўных відах спорту" Паўла Касцюкевіча і "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без" Уладзіміра Някляева. У шорт-ліст прэміі 2014 года трапілі Ігар Бабкоў, Алена Брава, Сяргей Вераціла, Артур Клінаў, Вінцэсь Мудроў і Людміла Рублеўская.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео