BE RU EN
rss facebook twitter

Аляксей Фралоў: Гімн "Багародзіца" мог бы стаць гімнам Беларусі - з ім рыцары iшлі на Грунвальд

31.05.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Аляксей Фралоў: Гімн "Багародзіца" мог бы стаць гімнам Беларусі - з ім рыцары iшлі на Грунвальд
Акции / Фото
Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Як уздымалася з забыцця беларуская музычная Атлантыда? У каго з магнатаў працаваў брат Галілея? І навошта гедымінава дачка Альдона паўсюль вазіла ансамбль на абурэнне палякаў?

 Канцоны i танцы Сярэднявечча гучалі на публічнай лекцыі вядомага музыкі і навукоўца Аляксея Фралова. "Беларуская музычная Атлантыда: перспектывы ў кантэксце культурных і антыкультурных працэсаў" сабрала прыхільнікаў класічнай музыкі ды беларускай гісторыі ў сталічнай галерэі "Ў" 29 траўня. 

Лекцыя ладзілася ў межах цыкла "Urbi et Orbi" Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыюма "ЕўраБеларусь" .

Даследчык музыкі і фагатыст распавёў пра шэраг адкрыццяў на шляху пошукаў згубленай музычнай Атлантыды нашай краіны. 

Падазроныя гукі з Марсу
 
- Яшчэ 30 гадоў таму пісалася, што беларуская прафесійная музыка пачалася пасля "Великой Октябрьской социалистической революции", дзякуючы ўказам Леніна і Луначарскага. Гэтаму міфу верылі цэлыя пакаленні музыкаў. Верылі, што першая беларуская опера - гэта опера Чуркіна, напісаная ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, што першыя сімфоніі таксама датуюцца 20-мі гадамі і належаць пяру вядомых беларускіх класікаў, такіх як Цікоцкі, Аладаў, Багатыроў.
 
 
Не адбіраючы ў іх ролю ў гісторыі музыкі XX стагоддзя, даследчыкі зрабілі ў пэўным сэнсе перабудову, сапраўдную рэвалюцыю ў галіне гэтых ведаў. І яна была патрэбная. Яшчэ 30 гадоў таму людзі задаваліся пытаннем: ёсць у Беларусі рэшткі старажытнай архітэктуры - Мірскі замак, Нясвіж, асыпаюцца Гальшаны, з мастацтва і літаратуры засталося нешта, а музыкі як быццам да 1917-га не было. Быў фальклёр, якому аддавалі  належнае, бо ён - "сацыяльна правільная" з’ява. А вось акадэмічную прафесійную музыку "падазронай" шляхты ідэолагі марксізму-ленінізму звязвалі з кім заўгодна - з польскім, літоўскім, марсіянскім, але ж толькі не з нашым айчынным мастацтвам у гістарычным кантэксце.
 
Вось так і атрымалася, што беларусы тады раздалі направа і налева - па мапе, - блізка і далёка сваіх продкаў, якія былі адораныя, таленавітыя і нават геніяльныя ў музыцы. Але час змяніўся.
 
 
Дэтэктыўная гісторыя ў Ягелонскай бібліятэцы
 
- Я спынюся на ключавых момантах адкрыцця беларускай музычнай Атлантыды, тыпалагічна важных помніках нашай музычнай культуры. У 60-х гадах знакаміты вучоны Адам Мальдзіс адправіўся ў Кракаў, дзе ў Ягелонскай бібліятэцы натрапіў на ўніяцкі служэбнік. Інтуіцыя яму падказала, што ў пухлай вокладцы нешта ёсць. Ён параіў супрацоўнікам архіву яе адкрыць, але тыя адмовіліся і паабяцалі скарыстаць параду ў будучыні.
 
Праз нейкі час Мальдзіс даведаўся, што знакаміты польскі музыказнаўца Ежы Голас  адкрыў тую вокладку і знайшоў нотныя рукапісы - зборнік вялізарнай колькасці, больш за 200 канцонаў і танцаў эпохі Рэнесансу й ранняга Барока, запісаных ў 1640-я гады. Такім чынам быў адкрыты знакаміты так званы "Полацкі сшытак".
 
Я бы ўсё ж такі захаваў менавіта гэтую назву, хаця сярод навукоўцаў ёсць традыцыя карэктна называць яго "Ягелонскім рукапісам" альбо "Астрамечаўскім рукапісам", але яны, мне здаецца, не даюць таго смаку, таго каларыту, які набыў рукапіс, выпархнуўшы нібыта матыль з кокану на волю. І выпархнуў ён з лёгкай рукі Голаса (у Польшчы была запісаная кружэлка), а ў нас - з лёгкай рукі, зноў такі, Адама Мальдзіса і Ўладзіміра Караткевіча.
 
Караткевіч параіў Мальдзісу перадаць рукапіс першаму і, бадай што, адзінаму тады ансамблю старадаўняй музыкі, складзенаму з найвыдатнейшых салістаў беларускай філармоніі - "Кантабіле". Потым ужо іншыя ансамблі пачалі перайгрываць "Полацкі сшытак" на розныя лады.
 
Хіт Парыжу і Нясвіжу - "Бергамаска"
 
- Ужо даказана, што "Полацкі сшытак" з’явіўся ў вёсцы Астрамечава Берасцейскай вобласці, хай сабе і ў кантакце з блізкай Польшчай,  бо там ёсць польскамоўныя тэксты. Чаму прывязка да Полацка? Ва ўніяцкім служэбніку была ўзгадка пра арцыбіскупа Полацкага Язэфата Кунцэвіча.
 
 
У зборніку апынулася мноства твораў як лакальнага паходжання - з Беларусі, Польшчы, так і з Заходняй Еўропы, напрыклад вельмі папулярны тады танец "Бергамаска" - ад назвы італьянскага горада Бергама. Якім чынам ён заехаў у Беларусь? Можа, праз Парыж, а, можа, адразу трапіў у Нясвіж? Нават цяжка сказаць. Кампазітары перапісвалі тады папулярную музыку ў свае альбомы.
 
Але ёсць і лірычны бок зборніку. Не шукайце там духоўнасці, але пачуццё і сэрца там ёсць.
 
"Песеннікі" кампазітараў 
 
- Пасля "Полацкага сшытку", які стаў першай вежай музычнай Атлантыды, пайшлі наступныя знаходкі: літаратуразнаўцы знаходзяць так званы "Аршанскі сшытак", музыказнаўцы - "Віленскі сшытак", існуе "Сапегаўскі сшытак" і шмат іншых ананімных зборнікаў, якія часам паўтараюць адныя і тыя ж творы. Гэты сведчыць пра тое, што пласт жанраў і нават канкрэтных твораў - матываў, мелодый, канцонаў і танцаў - быў вельмі распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
 
Напрыклад, калі зрабілі кантамінацыю - суаднясенне тэкста вершаў "Аршанскага сшытка" і музыкі "Полацкага", усё атрымалася, лёгка было звесці два ў адно. Асобныя інструментальныя творы аднаго сшытка нават былі надпісаныя назвамі адпаведных вершаў з другога.
 
Факты даюць нам вельмі цікавыя веды і разуменне таго, што Беларусь у даўнія часы, у розныя эпохі была сапраўды еўрапейскай дзяржавай, мела культуру, абсалютна звязаную з цэнтральнай і заходняй еўрапейскай культурай. Калі раней гэта падцвердзілі мастацтва і літаратура, то зараз гэта даказала яшчэ і музыка. Цікавыя археалагічныя музычныя інструменты адкопвалі ў Наваградку, Ваўкавыску ды іншых старажытных гарадах, што сведчыць пра існаванне там розных музычных форм.
 
 
Але тое, што мы называем прафесійнай музыкай, пачало развівацца, дзякуючы царкве. Адна з ранейшых знаходак - "Песьняспевы ў гонар Еўфрасінні Полацкай", датуюць XII-XV стагоддзямі. Да гэтага часу да нас дайшлі ўзгадкі пра "Трубы Гарадзенскія" і "Полацкі звон" - першыя інструменты, зафіксаваныя ў летапісах.
 
На вайну - з "Багародзіцай" на вуснах
 
- Дайшоў да нас гімн "Багародзіца", які мае вельмі даўнюю гісторыю і мог бы літаральна стаць нашым гімнам і сёння. Нашыя рыцары з гэтым гімнам ішлі ваяваць на Грунвальд ды іншыя бітвы. Ён нават запісаны у Статуце Вялікага княства Літоўскага. Уявіце сабе, які дзіўны факт, бо Статут - збор заканадаўчых актаў, дакументаў і выпадковыя рэчы не збіраў.
 
Трэба дадаць, што "Багародзіца" існуе ў самых розных моўных варыянтах. Існуе ўласна польская версія, але ў ёй - такія беларусізмы, якіх не ведаюць самі польскія даследчыкі. Хтосьці больш смелы з іх прызнаў, што гэта - выразныя прыкметы ўплыву стараславянскай ці царкоўнаславянскай мовы, якія маглі прыйсці толькі з усходу - ці з Украіны, ці з Беларусі. Адным словам, з Вялікага княства Літоўскага.
 
Дыскатэка кожны дзень
 
- Гедымін удала ажаніў сваіх дзяцей. Дачку Альдону ён аддаў у самыя добрыя і важныя з гледзішча стратэгічнага супрацоўніцтва рукі - Казіміру Вялікаму ў Кракаў. Дык вось у Кракаве ўдалося адшукаць першыя ўзгадкі пра музычныя калектывы Сярэднявечча. Без сумневу, першапачаткова ўсе яны - беларускія, бо Альдона прывезла ў Кракаў увесь свой ансамбль. Дагэтуль у Кракаве, у асяроддзі манархаў, арыстакратыі, шляхты такое было не вельмі прынята.
 
І калі Альдона ўехала ў Кракаў са сваім ансамблем, горад быў шакаваны. Мажліва, не настолькі, як Мінск ад расійскіх балельшчыкаў, якія апанавалі горад падчас чэмпіяната свету па хакеі, але нездалёк ад таго. Вось што піша сучаснік Альдоны, польскі гісторык Ян Длугаш: "Толькі забавам, танцам, смехам і весялосці была адданая Альдона. І настолькі, што куды конна не выязджала, заўсёды наперадзе яе суправаджаў гурт спевакоў з арфамі, бубнамі, гуслямі, напяваючы песні і розныя мелодыі на абурэнне многіх асобаў".  
 
Альдона навяла ў Кракаве свае парадкі, і праз дзесяць гадоў яе муж выдаў прывілей, паводле якога мяшчанам каралеўства дазвалялася запрашаць на вяселлі да васьмі, ня больш (!), вясёлкаў, музыкаў і камедыянтаў. Гэта значыць, што ўжо пайшла мода на такія дыскатэкі. Тады пачалі разрастацца як грыбы пасля дажджу свецкія ансамблі і капэлы.
 
Канешне, унукі Гедыміна - Вітаўт і Ягайла - не маглі адмовіць сабе ў асалодзе мець ансамбль. Ды яшчэ які! У Польшчы ўдалося знайсці рэестр Кракаўскага двара, які бясспрэчна даказвае наступныя рэчы: Ягайла прывёз вялізарную частку двара з Беларусі, а потым яшчэ наехалі людзі Соф’і Гальшанскай, ягонай жонкі, і Кракаў, асабліва Вавель, быў апанаваны беларускай дыяспарай. Дарэчы, філолагі адзначаюць вялікі ўплыў старабеларускай мовы на польскую.
 
Менавіта сухія пратаколы бухгалтараў, якія запісвалі, колькі выдана грошай на скуру для бубнаў, на палатніну для вопратак, захавалі тое, што вялікі князь мусіў раскашэльвацца на вялізарную капэлу, а таксама захавалі імёны нашых калегаў з капэлы Ягайлы: флейтысты - Громэк, Сінч, Ківала, Лінч (альбо Лінг), Няспеха і Аўлон, трубачы - Барталамей, Пінча, Хінч, цытарыст Міхал. Дробныя пазначэнні пра паходжанне - лірнік-русін, тымпаніст-русін, а часам з канкрэтнага гораду - гараднянін, смалянін, - сведчаць пра тое, што двор караля Ягайлы прыехаў у значнай ступені, калі не цалкам, з Беларусі. Дакументы датуюцца 1390-мі гадамі.
 
Акрамя таго, сярод слугаў Ягайлы - а гэта і кухня, і стайня, і духавенцтва - ёсць асобная катэгорыя "русіны", з якой мне патрапілі 26 асобаў. Цікавыя імёны сярод іх: Альгімунд, Ходзін - сын Амельяна, Ходка, Чыж, Шудзімунд, Шудзіч, Якуб са Жмудзі, Ян з Віцебска, Яська.
 
Такім чынам, ужо ў эпоху позняга Сярэднявечча мы маем факты існавання прафесійнай музыкі на Беларусі, бо кампазітары ды музыкі працавалі пры каралеўскім двары і атрымлівалі сталы заробак. Таму якія Ленін з Луначарскім і 1917 год? Мы кажам пра XV стагоддзе і такія выдатныя з’явы культуры!
 
Вулічныя музыкі таго часу запрашаюцца на княжы двор, іх апранаюць у прыгожыя гатычныя строі, і яны зусім не горшыя за венецыянскіх ці фларэнтыйскіх капэлістаў.
 
Венскі фурор дзядзькі Радзівіла
 
- Пра развіццё беларускай музыкі ў эпоху Рэнесансу можна казаць яшчэ больш. Музыкі ўдзельнічаюць у каранацыі вялікага князя - паступова інструменты дапускаюцца ня толькі ў замак і палац, але і ў храм. А раней яны гралі толькі на плошчы!
 
 
Прафесійная музыка аддзяляецца ад фальклёрнай у сучасным сэнсе, іх шляхі канчаткова разыходзяцца. Хаця і далей яны ўплываюць адна на адну.
 
Самая буйная магнацкая капэла ўжо была звязана з Радзівіламі. Віленскі ваявода, дзядзька Мікалая Радзівіла "Чорнага", "Рудога" і Барбары прыязджае ў Вену на з’езд еўрапейскіх магнатаў і прывозіць з сабой каля ста музыкаў. Магнаты тады рыхтаваліся да апошняга Крыжовага пахода, але так і не сабраліся ў яго, затое пабачылі дзіва, як піша сучаснік, са зграяй музыкаў у сто чалавек. І ўся музычная працэсія рухаліся за Радзівілам, які прадстаўляў менавіта Вялікае княства Літоўскае. Сапраўды, Радзівілы прагрукаталі тады на ўсю Еўропу.
 
У капэлах нашых магнатаў працаваў музыка Мікеланджэла Галілей - брат Галілея, славутага астронома, разам са сваім сынам Вінчэнца Галілеям, якога тут звалі проста Вінцэнтам. Спачатку яны працавалі ў Радзівіла "Пяруна", а потым Вінчэнца перамясціўся да Тышкевічаў. Яны назаўсёды засталіся ў Беларусі, не вярнуліся ў Італію.
 
Па сутнасці, усе беларускія музычныя "зоркі" таго часу былі вітаныя і жаданыя на іншых манаршых дварах Еўропы, але іх вабілі Віленскі і Гарадзенскі двары. Кампазітары і музыкі выхоўвалі эстэтыку і ядналі ёй еўрапейскіх манархаў.

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео