BE RU EN
rss facebook twitter

Аляксандр Пяганаў: Беларускім гуманітарыям трэба выходзіць з інтэлектуальнай ізаляцыі

28.05.2014 Алена Барэль, ЕўраБеларусь
Аляксандр Пяганаў: Беларускім гуманітарыям трэба выходзіць з інтэлектуальнай ізаляцыі
калаж inosmi.ru
2 чэрвеня - дэд-лайн падачы індывідуальных заявак на IV Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца ў кастрычніку ў Літве, таму актыўным навукоўцам трэба спяшацца.

 Асацыяваны даследчык Універсітэта Парыж VII імя Дэні Дыдро, малады беларускі гісторык Аляксандр Пяганаў сёння жыве ў Францыі. Гэта не замінае яму адначасова вучыцца ў аспірантуры БДУ і займацца арганізацыяй секцыі IV Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі.

 Пра адну з найцікавейшых панэляў кангрэса - "Сярэдняя Еўропа ў палітыцы вялікіх дзяржаў" - карэспандэнт Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі" пагутарыла з яе каардынатарам.
 
Калі ляснуліся імперыі Габсбургаў і Раманавых…
 
- Аляксандр, чым адметны і цікавы праект вашай панэлі?
 
- Кангрэс гэтага года засяроджвае сваю ўвагу на Сярэдняй Еўропе - рэгіёне, які можна дэфінаваць як супольнасць малых еўрапейскіх краінаў паміж Расіяй і Нямечыннай і нават уключыць у яго Беларусь. І прапанаваная мною панэль будзе аналізаваць Cярэднюю Еўропу ў геапалітычным ракурсе. Як мы бачым на прыкладзе Украіны, гэтыя пытанні сёння вельмі актуальныя. І ў нашым рэгіёне існуе яшчэ шмат невырашаных праблем, якія маюць доўгія гістарычныя карані.
 
Спадзяюся, што секцыя "Міжнародныя адносіны і знешняя палітыка", часткай якой з’яўляецца нашая панээль, будзе міждысцыплінарнай і зможа аб’яднаць як гісторыкаў, якія традыцыйна працуюць з раней закрытымі архіўнымі крыніцаміі, так і палітолагаў ці спецыялістаў-міжнароднікаў (магчыма, журналістаў), якія аналізуюць больш сучасныя і адчыненыя палітычныя і эканамічны дадзеныя, заявы і інтэрв’ю палітыкаў. Магчыма, на секцыі атрымаецца спрагназаваць развіццё падзей у нашым рэгіёне, паразмаўляць пра альтэрнатывы будучыні, параўнаць падзеі і працэсы ў рэгіёне ў XX стагоддзі.
 
Калі азірнемся на мінулае стагоддзе, то відавочна, што ўнутрыпалітычная і эканамічная сітуацыя ў Сярэдняй Еўропе вельмі залежыла ад палітыкі вялікіх дзяржаў. Можна сказаць, што сам рэгіён Сярэдняй Еўропы нарадзіўся пасля Першай сусветнай вайны, калі імперыі Габсбургаў, Раманавых і Гагенцолернаў ляснуліся, а на іх месцы, з падтрымкай Антанты, быў створаны шэраг новых палітычных арганізмаў. Апошнія з большага існуюць і зараз.
 
Вялікія краіны, якія збіраліся на Парыжскай мірнай канферэнцыі ў 1919-1920 гадах, на Мюнхенскай канферэнцыі 1938-га, маскоўскіх перамовах жніўня 1939-га, Ялцінскай канферэнцыі 1945-га года і гэтак далей, прымалі лёсавызначальныя рашэнні для краін Сярэдняй Еўропы, змянялі іх межы, палітычны і эканамічны лад, этнічны і лінгвістычны склад.
 
То бок, бачна, што сярэдняеўрапейскія краіны развіваліся з большага ня толькі пад наглядам, але і дыктатам вялікіх дзяржаў. І каб зразумець, што такое Сярэдняя Еўропа як геапалітычная адзінка, якія ёсць шляхі яе далейшага развіцця, трэба аналізаваць цэнтральнаеўрапейскі абшар менавіта з ракурсу інтарэсаў і інструментаў уплыву вялікіх дзяржаў у Сярэдняй Еўропе.
 
Ланцуг дзяржаўных народзінаў і пахаванняў
 
- Наколькі планы нацыянальна-тэрытарыяльных перабудоў імперый дублююцца сучаснымі геапалітычнымі рэаліямі? Як разыгрываецца сёння гэтая "сярэдняеўрапейская карта"?
 
- У сітуацыі, якая ўсталявалася ў Сярэдняй Еўропе паміж Першай сусветнай і Халоднай вайной, існуе дастаткова пераемнасцей. Напрыклад, шмат сучасных рэгіянальных дзяржаў, у тым ліку і Беларусь, заклалі асновы сваей палітычнай самастойнайсці менавіта ў 1918-1919 гадах. Тады сталі незалежнымі Польшча, краіны Балтыі, Аўстрыя, Вугоршчына. Таксама тады пачалі рэалізавацца праекты чэхаславацкай і югаслаўскай адзінасці, якія зніклі толькі нядаўна ў выніку ці мірнага пагаднення (як Чэхія і Славакія ў 1993-м), ці ваеннага канфлікта (югаслаўская дэзынтэграцыя).
 
Сумна, што ўкраінцы, якія спрабавалі стварыць і абараніць незалежнасць пасля Першай сусветнай вайны і атрымалі яе толькі ў 1991-м, дагэтуль маюць шэраг праблем у будаванні сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці і кансэнсусу вакол геапалітычнага выбару.
 
Ёсць шэраг кропак у Сярэдняй Еўропе, якія былі асяродкамі канфіліктаў і асаблівай увагі вялікіх краін пасля Першай сусветнай, і застаюцца такімі да сёння. Гэта тэрыторыя міжрэчча Днястра і Прута - сучасная Малдова, якая ў міжваенны час была невырашаным пытаннем у савецка-румынскіх адносінах, так званая праблема Бесарабіі. Зараз у гэтай зоне ёсць цяжкасці ў стасунках паміж Масквой, Бухарэстам, Кіевам і, зразумела, Кішынёвам.
 
Гэта і нявырашаная праблема Косава і албанскіх этнічных груп - праблема Югаславіі на працягу ўсяго мінулага стагоддзя. Яна ўскладняла адносіны паміж Белградам і Рымам у міжваенны перыяд і стала прычынай ваеннай аперацыі НАТО у 99-м годзе супраць Сербіі.
 
Узгадаем і праблему Усходняй Прусіі (сучасная Калінінградская вобласць), якая была адрэзана ад Нямеччыны польскім калідорам пасля Першай сустветнай, што стала потым адной з галоўных прычын Другой сусветнай вайны. Зараз гэты расійскі анклаў мае пэўныя цяжкасці з падтрымкай трывалых адносінаў з матэрыковай Расіяй.
 
То бок, мы бачым вялікі кантэнт праблем у Сярэдняй Еўропе, якія ўзніклі пасля Першай сусветнай вайны, спрыялі пачатку Другой сусветнай і нейкім чынам былі вырашыныя ці закансерваваныя падчас дамінавання СССР. Зараз некаторыя рэгіянальныя супрацьстаянні затухаюць, а іншыя, наадварот, становяцца небяспечнымі.
 
Прыднястроўе і сістэматычны братэрскі гвалт
 
- На вашае гледзішча, які лёс чакае Прыднястроўе, калідор да якога намагаецца пабудаваць Крэмль, і праз гэта зараз пакутуе Адэса?
 
- Цяжка сказаць, як там будзе развівацца сітуацыя. Я займаюся больш праблемамі вугорскіх меншасцяў - пішу дысертацыю па знешней палітыцы Вугоршчыны 1918-1939 гадоў - і тагачаснай сітуацыяй на Сярэднім Дунаі, але на нашай секцыі збіраецца выступіць Віталь Рэпін - адзін з гісторыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які абараніў дысертацыю па бесарабскай праблеме ў знешняй палітыцы СССР, і ён верагодна закране і гэтае пытанне.
 
- Вугорскі пісьменнік Лайаш Грэндэл іранічна заўважыў, что Сярэдняя Еўропа - гэта сукупнасць малых еўрапейскіх унутрыкантынентальных краін, якія сістэматычна падвярагюцца гвалту і акупацыям замежнымі войскамі. Тое, што зараз адбываецца ва Украіне - яскравая ілюстрацыя сістэматычнага гвалту?
 
- Безумоўна, што буйныя гульцы - Расія, Злучаныя Штаты Амерыкі, краіны-рухавікі ЕС - улічваюць стратэгічны патэнцыял Украіны ў сваей знешняй палітыке і маюць шэраг сваіх інтарэсаў. Барацьба, якая адбываецца ва Украіне, адлюстроўвае таксама супрацьстаянне ў Паўночна-Чарнаморскім рэгіёне паміж Расіяй ды іншымі дзяржавамі, не толькі Украінай.
Калі паглядзім, хто ўдзельнічае ў перамовах па ўкраінскім крызісе, то ўбачым, што найбольш зацікаўленыя краіны - ЗША, Францыя, Нямеччына і Расія.
 
- На працягу апошняга стагоддзя краіны паміж Нямеччынай і Расіяй знаходзяцца пад уважлівым наглядам гэтых дзяржаў. На вашую думку, як Беларусі пазбавіцца ад "старэйшага брата" і нарэшцэ трапіць у агульнаеўрапейскую сям’ю?
 
- Прапановы вырашэння праблемы ўмяшання вялікіх дзяржаў у рэгіянальныя справы з’явіліся яшчэ ў міжваенны час. Сярэдняеўрапейскія малыя краіны спрабавалі аб’яднацца ў канфедэрацыі ці альянсы. Добра вядомыя намаганні Малай Антанты - саюза Чэхаславакіі, Румыніі і Югаславіі - атрымаць статус вялікай дзяржавы. Але гэта ініцыятыва правалілася. У 90-я гады з’явілася Вышэградская група - спачатку трох краінаў, потым чатырох - Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыны і Польшчы, якая таксама мае нейкія рэгіянальныя амбіцыі і спрабуе выпрацаваць адзіную пазіцыю супраць знешняга ціску.
 
Што датычыцца асіметрычных адносінаў Беларусі з Расіяй і ЕС, то, мне здаецца, іх стан залежыць ад палітычнай волі афіцыйнага Мінску, яго эканамічных і ваенных рэсурсаў, падтрымкі ўрада беларусамі і ад якасці адносінаў паміж ЕС і Расіяй. Безумоўна, сучаснае кіраўніцтва Беларусі, каб абараніць рэжымныя ці нацыянальныя інтарэсы, пайшло на альянс з Расіяй. Побач з намі дзяржавы Сярэдняй Еўропы, як мы бачым, абіраюць прывілегіяваныя адносіны з заходняеўрапейскімі краінамі ці ЗША.
 
Магчыма, для набліжэння Беларусі да Еўрасаюза патрэбна ці змена волі кіраўніцтва Беларусі, ці змена самога кіраўніцтва. Таксама нельга забываць, што такія вырашальныя пытанні прымаюцца не ў аднабаковым фармаце.
 
Іншая справа, як самі беларусы да гэтага паставяцца, бо, згодна апошнім апытанням, доля еўраскептыцыстаў сярод беларусаў павялічылася, як і доля прыхільнікаў інтэграцыі з Расіяй. Украінскі крызіс і інфармацыйная вайна вакол яго спрыялі росту расійскага прэстыжу. Далейшае развіццё падзей можа змяніць гэтую тэндэнцыю, але цяжка рабіць доўгатэрміновы прагноз.
 
Нельга, каб секцыя стала платформай для палітпрапаганды
 
- У межах секцыі плануецца арганізаваць круглы стол - пляцоўку для абмеркавання даследванняў па ролі "сярэдняеўрапейскай карты" ў палітыцы вялікіх дзяржаў ў ХХ-ХХІ стагоддзях. Хто з палітыкаў возьме ў ім удзел?
 
- Пакуль яшчэ цягнецца збор заявак, які скончыцца пасля 2 чэрвеня. Але палітыкі, якія возьмуць удзел у іншых секцыях, могуць зайсці і на гэтую, каб агучыць свае меркаваннні. Спадзяюся, што гэта будуць палітыкі рознага кшталту - як арыентаваныя на еўрапеўскую інтэграцыю, так і маючыя іншыя прапановы. Але я б вітаў іх выступіць не як палітычных дзеячоў, а як знаўцаў геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне. Нельга, каб секцыя апынулася нейкай платформай для палітычнай прапаганды.  Гэта ўсё ж такі месца абмеркавання і аналізу.
 
Крыху распавяду пра архітэктуру панэлі. Спадзяюся, што атрымаем шмат заявак і зможам іх размеркаваць па трох групах. Першая група будзе займацца нараджэннем Сярэдняй Еўропы - так званай Другой Трыдцацігадовай вайной  - перыядам паміж 1914 і 1945 гадамі. Другая група будзе займацца перыядам савецкага дамінавання ў Сярэдняй Еўропе з 40-х па канец 80-х. І трэцяя група будзе займацца падзеямі апошняй чвэрці мінулага стагоддзя - геапалітычныя эфекты распада Савецкага Саюзу, дэзынтэграцыі Чэхаславакіі й Югаславіі, аб’ядання Нямеччыны і пашырэння НАТА і Еўрапейскага Саюзу на Сярэднюю Еўропу і рэгіянальную палітыку вялікіх дзяржаў.
 
Я спадзяюся, што нашая секцыя стане пляцоўкай для сустрэчы ня толькі беларускіх даследчыкаў, але і прадстаўнікоў іншых краін. Трэба, каб беларускія гуманітарыі выходзілі з інтэлектуальнай ізаляцыі.
 
Плануецца выпуск тэзісаў канферэнцыі на беларускай мове, але ў дадатак я атрымаў прапанову ад англійскага выдавецтва надрукаваць матэрыялы секцыі на англійскай мове. Калі атрымаецца сабраць матэрыялы секцыі ды апублікаваць іх не толькі на сваёй, але яшчэ і на міжнароднай мове, з’явіцца дыялог. Голас беларускіх даследчыкаў будзе пачуты шырэй. Трэба, каб беларускія гуманітарыі ў арганізаваным фармаце (як на гэтым кангрэсе) камунікавалі і паміж сабой, і з калегамі з іншых краін.
 
Сёння ў Беларусі амаль няма навуковых установаў, якія б сістэматычна займаліся вывучэннем Сярэдняй Еўропы. Таму я спадзяюся, што кангрэс даст імпульс да больш уважлівага інтарэса беларускай грамадскасці да сярэдняеўрапейскай тэматыкі, расчыніць яе важнасць і патэнцыял для Беларусі.
 

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео