BE RU EN
rss facebook twitter

Аляксей Фралоў: Ці стане наш геніяльны Манюшка, а не музычная папсушка, нашым дзяржаўным інтарэсам?

26.05.2014 Глеб Лабадзенка - спецыяльна для TUT.BY, відэа аўтара
Аляксей Фралоў: Ці стане наш геніяльны Манюшка, а не музычная папсушка, нашым дзяржаўным інтарэсам?
Личности
Славуты фагатыст і даследчык музыкі Аляксей Фралоў запрашае вас на публічную лекцыю "Беларуская музычная Атлантыда: перспектывы ў кантэксце культурных і антыкультурных працэсаў".

Лекцыя адбудзецца ў межах цыкла публічных лекцый "Urbi et Orbi" ("Гораду і свету") Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" 29 траўня 2014 года ў мінскай Галерэі "Ў" (прасп. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Пералік дасягненняў і навуковых прац Аляксея Фралова займае 5 старонак фармату А4. Але калі яго слухаеш, то не гэта важна. А тое, што гэта бязмежна цікавы і адукаваны чалавек, вялікі патрыёт сваёй справы і сваёй краіны. Які да таго ж умее неверагодна цікава ўсё гэта падаць.

Пра айчынных класікаў Манюшку і Голанда, пра заробкі ў філармоніі, пра кошты на фаготы, пра сенсацыйныя адкрыцці ў айчыннай музыцы - гутарым з Аляксеем Фраловым напярэдадні лекцыі.

"Музыкі ў філармоніі атрымліваюць каля 3-х мільёнаў"

Глеб Лабадзенка: Аляксею, не далей, як сёння, пабачыў у Інтэрнэце дэматыватар. Сядзяць на лаўцы тата з дачкой, і тата пытае: "Кім, дачушка, ты хочаш быць, як вырасцеш?" Тая адказвае: "Прафесейным музыкам". Тата сумна: "Але ж мы жывем у Беларусі..." Тут ёсць праўда? Або ў Беларусі можна быць прафесійным музыкам і жыць з гэтага?

Аляксей Фралоў: Пакуль яшчэ можна, але ўсё цяжэй. І тое, "можна" - з папраўкай. Калі б не гастролі, дзе падзарабляюць прафесійныя музыкі, то ніхто б не змог жыць на музыканцкую зарплату. Я сам яшчэ нядаўна працаваў у філармоніі. Гэта галеча, абсурд: каля 3-х мільёнаў заробку... Гэта людзі, якія маюць добрую прафесійную адукацыю, многія з іх таленавітыя, многія вельмі таленавітыя. Тыя дыяменты, якіх не так многа на зямлі, эліта грамадства ў пэўным сэнсе. І шкада, што яна так "цэніцца".

- Вы на месцы не седзіце, спіс краін, дзе вы бывалі на гастролях, напраўду, уражвае. Але што вас пры такім ацэньванні працы прымушае заставацца жыць тут і адсюль ездзіць па ўсім свеце? Апроч пафасных матываў, што "жыць трэба дома".

- Да нядаўняга часу мяне трымалі менавіта пафасныя матывы. Якія для мяне не пафасныя, а вельмі натуральныя, вельмі асабістыя. Радзіма - перадусім. Гэта скарб, які не забярэш з сабой...

- Як вы ставіцеся да ўсё больш папулярных ідэяў касмапалітызму: "дом там, дзе я", "сабраўся і паехаў, куды хачу" і гэтак далей?

- У мяне ёсць некаторыя калегі менавіта з такім светапоглядам. Яны, мабыць, з юных гадоў былі выгадаваныя ў такім духу і загартаваныя. Пераважна, гэта людзі не з Мінска, якія ўжо пераездам у Мінск былі вырваныя са свайго гняздзечка, прывыкалі жыць без малой радзімы. Яны абрасталі новымі сувязямі, якія, аднак, не сталі тым пупавіннем, якое назаўжды лучыць чалавека з маці-радзімай. Такім людзям прасцей, бо адзін раз яны ўжо сарваліся.

Фота з архiва Аляксея Фралова

"Традыцыі фагота ў Беларусі каля 400 гадоў"

- Аляксею, вы сказалі, што "да нядаўняга часу" гэта было найважней. А што здарылася ў нядаўні час?

- Тры гады таму я быў вымушаны набываць свой асабісты фагот на сусветнай выставе ў Франкфурце. Таму што пры маім сыходзе з ансамбля "Класік-Авангард" мяне пазбавілі фагота філарманічнага, хоць я застаўся салістам той жа філармоніі. Адзін персанаж зрабіў усё, каб у мяне забралі той інструмент. Рэч у тым, што фагот каштуе столькі, што музыка са сваім беларускім заробкам купіць яго не можа. Таму гэта агульная практыка, што інструмент замацоўваецца за табою, захоўваецца ў цябе, ты з ім ездзіш на гастролі.

- Колькі каштуе фагот?

- Можна набыць і за 1000 даляраў, але гэта будуць дровы, а не фагот. Годны інструмент для сур’ёзнай сцэны каштуе ад 10 тысяч еўра. 20 тысяч. 30 тысяч. 50 тысяч... Каб набыць свой фагот, я быў вымушаны паехаць надоўга на заробкі далёка за мяжу.

- Дзе робяць найлепшыя ў свеце фаготы?

- Нямеччына. Тамтэйшай традыцыі шмат стагоддзяў. Дрэва, як добрае віно, трымаюць у пэўных умовах дзесяцігоддзямі, не паскараюць гэты працэс. Гэта ручная праца, не з любога палена і не ў любога майстра атрымаецца інструмент экстра-класа.

- Якія традыцыя ігры на фагоце ў Беларусі?

- О, гэта мая першая навуковая зацікаўленасць. Як патрыёт Беларусі і патрыёт свайго інструмента, свае музыкалагічныя вывучэнні я пачаў менавіта з гэтай тэмы...

- Навошта гэта практыкуючаму музыку? Проста цікаўная натура або жаданне паказаць, што мы не ўчора з дрэва злезлі?

- Пэўна, другое нават больш. Хочацца паказаць, што гэта еўрапейская краіна з еўрапейскімі традыцыямі, у тым ліку і музычнымі. Фагот, і ўвогуле прафесійная інструментальная музыка, - выразнае сведчанне таго. Бо, скажам, уся інструментальная музыка ў Масковіі з’явілася толькі з кардынальным паваротам штурвала на Захад, які здзейсніў Пётр І. І тое, з рыпеннем, пад дыктатам. А ў нас даўно перад гэтым было як у іншых заходне- і цэнтральна-еўрапейскіх краінах. Фагот (дакладней, яго прататып - дульцыян ці, па-нашаму, шторт) ад пачатку XVII стагоддзя ўжо існаваў у капэлах магнатаў, арыстакратаў і нават сярэдняй шляхты. А ў Гародні ўжо ў канцы XVI стагоддзя ён фіксуецца ў славутай Гарадзенскай капэле. То бок Стэфан Баторы ўжо мог чуць гукі гэтага інструмента. Дарэчы, гэтыя працэсы ішлі абсалютна паралельна з працэсамі пры дварах еўрапейскіх манархаў. А прарадзіма фагота - Італія. "Фаготто" па-італьянску - "звязка". Як жартуюць духавікі, вязанка дроў.

"Яшчэ 25 гадоў таму нас вучылі, што беларуская прафесійная музыка пачалася пасля рэвалюцыі"

- Калі гавораць пра старадаўнюю беларускую музыку, то існуе стэрэатып, што гэта танцы з бубнамі, спевы бабулек ды дзед з баянам. Традыцыя беларускай "высокай" музыкі - наколькі далёка яна сягае?

- У сэнсе музыкі, ды і культуры ў цэлым, ёсць відавочная неадукаванасць многіх людзей. Яна звязана альбо з нецікаўнасцю, альбо з немагчымасцю атрымаць інфармацыю на сподачку. Яшчэ 25 гадоў таму студэнты кансерваторыі і музліцэя вучыліся па кніжцы, дзе ўсё пачыналася з указаў Леніна і Луначарскага. А да таго ў нас былі лапці ды "каўтун на галаве". Гэты наўмысны міф падтрымліваўся "партией и правительством", каб паказаць, што менавіта дзякуючы камунізму мы прыйшлі да цывілізаванасці.

- Калі вы вучыліся, то пра Агінскага ўжо ведалі?

- Калі вучыўся ў Музычным ліцэі - яшчэ не. А Манюшка быў "польскім кампазітарам". Але ўжо тады нашая выкладніца па музычнай літаратуры стварыла з нас, школьнікаў, ансамблік "Куранта", які пачаў асвойваць першы айчынны "выкапень" - "Полацкі сшытак". Хоць насамрэч першымі яго пачалі выконваць у ансамблі "Кантабіле", дзе, уласна кажучы, мой бацька яго і асвойваў разам са сваімі калегамі. Гэта было здзіўленне для публікі: ваў, дык, аказваецца, не рэвалюцыя нам музыку дала, а нешта было ўжо 400 гадоў таму! Гэта быў цудоўны час: як ранняй вясной, па дрэву пачалі хадзіць сокі, набухаць пупышкі і нават з’яўляліся першыя кветкі. Хоць некаторыя даследчыкі ўспрынялі гэта ў штыкі. Яны былі перакананыя, што ўсё даўно вывучылі, а тут раптам з’яўляецца агромністы невядомы пласт. Але паступова гэта вярталася да нас: "Полацкі сшытак", "Віленскі сшытак", духоўныя канты, музыка Радзівілаў і Ельскіх, Манюшка, Міладоўскі, Тарасевіч... Орда стаў ужо не толькі мастаком, адзін Агінскі, другі Агінскі. Пра трэцяга таксама скажам на лекцыі... Прычым усе гэтыя знаходкі аказаліся не проста забытай спадчынай, але і выдатным музычным матэрыялам!.. Першае імя сярод даследчыкаў - доктар мастацтвазнаства, прафесар Вольга Дадзіёмава - унікальны спецыяліст па гісторыі музыкі Беларусі. Ва ўсім гэтым працэсе трэба адзначыць і асаблівую ролю калектыва "Беларуская капэла" на чале з заслужаным артыстам Беларусі Віктарам Скорабагатавым. Віктар Іванавіч не толькі выдатнейшы выканаўца, але і выбітны даследчык.

- Дзякуючы гэтаму працэсу за апошнія 30 гадоў хто стаў "нашым"?

- Гэты працэс працягваецца. Але яшчэ дзясятак гадоў таму ў Аркестры Радыё пры словах "беларускі кампазітар" многія калегі пачыналі крывіцца, думаючы выключна пра сучасную музыку, уяўляючы нешта нуднае і мудрагелістае. Цяпер ужо нават у Аркестры Радыё ёсць усведамленне, што і музыка Манюшкі і музыка Голанда - наша. Дарэчы, гэтым аркестрам і запісаны радыё-спектакль паводле першай (вядомай на сёння) беларускай оперы "Агатка, або прыезд Пана", створанай ў радзівілаўскім Нясвіжы Янам Давідам Голандам і Мацеем Радзівілам ажно ў 1784 годзе і пастаўленай ў гонар прыезда караля Панятоўскага. Пане Каханку тады сустракаў госця проста па-каралеўску! Несумненна, гэта найперш наша культура! Бо чыя ж яна яшчэ - створаная ў сэрцы Беларусі.

Фота Глеба Лабадзенкі

"Тое, што пісаў Манюшка ў Вільні і Менску, - гэта беларуская музычная спадчына"

- Аляксею, але калі казаць пра Голанда ды яму падобных, якія прыехалі сюды з іншых еўрапейскіх краін, - гэта таксама беларуская музыка?

- Сапраўды, тут дзеялі многія, у тым ліку і прыезжыя персанажы. Для гэтага выпадку ёсць такое спакойнае азначэнне: музыка Беларусі. Бо нават створаная замежнікамі тут музыка зазнала мясцовыя ўплывы, лакальныя тэмы і матывы, мясцовую моду. Тое, што пісаў тут немец Голанд, - гэта еўрапейская музыка і музыка Беларусі. Тое, што пісаў Манюшка ў Вільні і Мінску, - так, гэта беларуская музыка. Скіроўваю ўсіх да выдатнага артыкула Уладзіміра Мархеля і Віктара Скорабагатава ў № 5 часопіса "Весткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі". Гэты артыкул - якраз грунтоўная аргументацыя пра беларускасць Манюшкі. Больш на гэтыя тэмы я хачу паразважаць на лекцыі.

- Аляксею, але мы кажам "цукар", а ў роце соладка робіцца толькі нам. Ці дастаткова для міжнароднага прызнання цьвердзіць, што і той наш, і гэты наш? І ці трэба нам гэта?

- Найперш нам трэба самім усвядоміць, што, напрыклад, Манюшка - беларускі класік. І, можа быць, найвялікшы кампазітар Беларусі ўсіх часоў па ўзроўню таленту і маштабнасці творчасці. Але не менш важна для нас разумець, што ён таксама стаў класікам польскай музыкі. І мы не павінны прыватызоўваць яго, шкадаваць, адчуваць рэўнасць. Павінны ганарыцца, што наш зямляк стаў бацькам і нацыянальнай оперы ў Польшчы. Адукаваныя палякі ведаюць пра беларускія карані Манюшкі. Ён, як і Міхал Клеафас Агінскі, не раздзяляе нашы культуры, а яднае іх.

- Як выглядае працэс пошуку гэтых скарбаў? Што павінен умець даследчык?

- Вядома, трэба ведаць, дзе шукаць і што шукаць: у якіх архівах, у якіх фондах. Але не менш важна - мець чуццё. Адам Восіпавіч Мальдзіс менавіта адчуў, што ў тоўстай вокладцы ўніяцкага служэбніка хаваецца нешта... І гэта быў "Полацкі сшытак".

- У вас такое бывала?

- Так! Асабліва ўразіла гісторыя, калі мы са Святленай Немагай натрапілі ў Вільні на сапраўдную залатую жылу з Забельскай калекцыі. Мы знайшлі, з Божай дапамогай, цэлую кіпу нот, сярод якіх былі дзясяткі твораў духоўнай і свецкай музыкі, якая выконваліся капэлай Забельскага дамініканскага касцёла і кляштара. І сярод іх - о, дзіва! - больш за дзясятак сімфоній. Жанр, які таксама раней пачынаўся ў нас "пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі". Адкрыты цэлы шэраг імён.

Фота з архiва Аляксея Фралова

"Дзяржаўная падтрымка музыкі калі і ёсць, то я пра яе не ведаю..."

- Вы кажаце, што ўсё гэтыя знаходкі - толькі верхавіна невядомага айсберга, нашай музычнай Атлантыды. Які можа быць яе маштаб?

- Цяжка сказаць, бо даследванні вядуцца не тое, каб вельмі актыўна. Усё менш застаецца нармальных людзей, якія ўвогуле працягваюць займацца музыкай: і выканальніцтвам, і даследваннем. Гэта не проста не корміць, гэта банкруціць. Улічваючы адзінкавасць даследчыкаў і рэдкую магчымасць кудысці паехаць, а тым больш добра пасядзець ў архівах, адкрыццяў нам хопіць яшчэ стагоддзі.

- У нас няма ніякай дзяржаўнай падтрымкі такім пошукам?

- Можа быць, яна фармальна дзесьці і ёсць, але я пра гэта не ведаю. Хай нехта падкажа, буду ўдзячны.

- Вы возіце экскурсіі па Беларусі, у тым ліку і па "музычных" мясцінах. Якія самыя цікавыя?

- І Полацк, і Астрамечава ў Берасцейскай вобласці (дзе сапраўды пісаўся "Полацкі сшытак"). Гэта гарады, мястэчкі, а сёння нават і вёскі, дзе месціліся аж 26 оперна-балетных тэатраў у эпоху Класіцызму, у XVIII стагоддзі, а таксама многія дзясяткі манастырскіх капэл. Самыя буйныя - Нясвіж, Слонім, Ружаны, Дзярэчын, Слуцк, Гародня, Шклоў... У Гародні дзейнічала славутая "Літоўская капэла", якая была адной з самых выдатных у Еўропе. У Берасці і Нясвіжы з фундацыі Мікалая Радзівіла Чорнага былі надрукаваныя першыя ў Беларусі ноты - 1558 і 1563 гады. Неўзабаве пасля першых у свеце нот, надрукаваных у Італіі... Гэта і Залессе Агінскага. Убель, Смілавічы і Мінск, дзе ўзрос, вучыўся і напісаў першыя оперы Манюшка. Манюшка - бясспрэчна, для беларускай культуры кампазітар нумар адзін. Як для немцаў Бах. Але немцы зрабілі з мясцін Баха сусветныя турыстычныя пункты паломніцтва. У нас жа палац у Смілавічах разбураецца ад кожнага парыву ветру, ад кожнай залевы і граду. Асабліва востра і актуальна гэтая праблема стаіць напярэдадні 200-годдзя Манюшкі. Ці будзе ў гэтым юбілеі дзяржаўны інтарэс?

- Аляксею, вы пералічылі шмат мясцін і помнікаў. У нас ёсць на што паглядзець толькі для нас? Ці мы багатыя і на агульнаеўрапейскім фоне?

- З аднаго боку, дзякуючы вялікім стратам па сваёй віне і па віне ворагаў, мы сапраўды выглядаем у нечым бедненька. А з іншага боку, калі паглядзець больш прафесійным і мудрым вокам, мы можам сказаць, што тое, што ў нас захавалася - яно не менш цікавае, чым спадчына іншых еўрапейскіх народаў. Няма краіны, дзе ўсплеск культуры быў бы перманентны. Але Еўфрасіння і Скарына - рэдкія народы мелі тады такіх асоб і такую іх спадчыну. "Не ў Парыжы, а ў Нясвіжы" збудаваны другі барочны храм ў Еўропе. Нашае віленскае барока - такога няма нідзе. І ў музыцы ў многіх момантах мы маем сапраўдныя зорныя часы. Тут захаваліся ўнікальныя глыбінныя старажытнейшыя пласты фальклёра, стваралася выдатная еўрапейская прафесійная культура, былі свае таленты і геніі. Вядома, музыцы прыходзілася цяжэй за ўсё, бо ў часы выпрабаванняў яна церпіць найперш. Каб зруйнаваць помнік архітэктуры, ворагам трэба было яшчэ прыкласці вялікія намаганні, а музыка знікае сама, калі няма добрых умоў для існавання. У цяжкія часы людзям заўсёды робіцца не да музыкі.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Публічная лекцыя музыкі Аляксея Фралова
"Беларуская музычная Атлантыда: перспектывы ў кантэксце культурных і антыкультурных працэсаў"
з цыкла лекцый "Urbi et Orbi" ("Гораду і Свету") Лятучага ўніверсітэта і Міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь"
адбудзецца 29 траўня (чацвер) у 18.30 у Галерэі "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а).

Уваход аольны!

UPD.: Відэазапіс публічнай лекцыі:

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео