BE RU EN
rss facebook twitter

Новая сацыяльная аналiтыка. Перадумовы i магчымасцi

04.05.2014 Павел Баркоўскі, філосаф
Новая сацыяльная аналiтыка. Перадумовы i магчымасцi
Аналитика и исследования
Прапануем вашай увазе артыкул беларускага філосафа Паўла Баркоўскага, у якім аўтар ставіць пытанне крытыкі сучаснай сацыяльнай веды і пошуку новых падыходаў да яе.

Тэкст уперыню быў апублікаваны на сайце экспертнай супольнасці Беларусі "Наше мнение".

 

 

 

 

 

 

Частка І

Сродкі традыцыйнай сацыяльнай аналітыкі выяўляюцца сёння недастатковымі для вычарпальнага патлумачэння найноўшых сацыяльных падзей і дэманструюць рыгіднасць і частковую непрыдатнасць сваёй метадалогіі і мовы для апісання і вылучэння дзейсных прагнозаў грамадскага развіцця. Найважкая задача цяпер не проста падвесці пад крытыку старыя ўяўленні пра сацыяльнае і магчымасць ягонай аналітыкі, але запрапанаваць альтэрнатыўныя спосабы сацыяльнага аналізу, якія б здымалі большасць традыцыйных праблем і мелі лепшую прадказальную моц праз выкарыстанне новых метадалагічных і моўных сродкаў.

Апошнія гады тэктанічных забурэнняў і зрухаў сацыяльнага поля ўтвараюць для сацыяльных аналітыкаў значную праблему недахопу мовы і метадалагічных сродкаў для асэнсавання і інтэрпрэтацыі таго, што адбываецца. Дакладней, недахоп гэты робіцца заўважным толькі тады, калі самі аналітыкі ці іх уважлівыя чытачы пачынаюць рэфлексаваць над недарэчнасцю ці абмежаванасцю тых вызначэнняў і механізмаў аналітычнага апісання, якія выкарыстоўваюцца журналістамі, экспертамі-сацыёлагамі ці палітолагамі альбо вольнымі інтэлектуаламі, што бяруцца за працу даць сітуацыі пэўны аналіз. А тых сітуацый нават зашмат: гэта і прайшоўшая хваля "арабскіх рэвалюцый" і новыя масавыя зварушэнні ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне, кшталту топ-падзеі апошняга часу - украінскага Еўрамайдана. Тое, што аналітыцы бракуе мовы і сродкаў адэкватнага апісання, бачна з таго, што яна дасюль выкарыстоўвае раннемадэрныя паняткі, якія даюць адноснае і скажонае ўяўленне пра новую сацыяльную рэальнасць: да прыкладу, клас, палітычныя партыі і арганізацыі, грамадства і грамадскія групы, ідэалогіі і г.д.

Асабліва на гэта пакутуе "левая крытыка" [1], хаця, трэба аддаць ёй належнае, яна найбольш схільная выкарыстоўваць інструменты сацыяльнай крытычнай аналітыкі для апісання падзей. Сучасныя ўсходнееўрапейскія левыя інтэлектуалы (перадусім у Беларусі, Расіі і Украіне), якія знаходзяцца ў першых шэрагах назіральнікаў сацыяльных зварушэнняў, як падаецца, толькі зараз пачалі перажываць той перыяд, які іх заходнееўрапейскія калегі прайшлі яшчэ ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя: з памкненнем вярнуцца назад да сапраўднага Маркса (без ягоных дыялектыка-матэрыялістычных рэвізій), нанова ўзняць рэй класавага падыходу і пераасэнсаваць умовы "слушнай" сацыяльнай рэвалюцыі з нагоды ўзрастання ідэялагічнага супрацьстаяння з неалібералізмам. Гэтая ўстаноўка, праўда, зачаста прыводзіць іх у стан разгубленасці перад "няправільнасцю" сацыяльных трансфармацый, неадпаведных класічнай схеме марксавай інтэрпрэтацыі і схіляе да татальнай крытыкі ўсялякіх палітычных захадаў грамадзян - як тых, хто кепска разумее свае класавыя інтарэсы, мае недасфармаваную класавую свядомасць і аморфны сацыяльны склад, што дазваляе капіталістым і іншым прыгнятальнікам удала маніпуляваць іхнімі думкамі і ўчынкамі.

Пры гэтым заўзятары левай крытыкі грамадства схільныя ў пераважнай большасці забывацца на ўсю штучнасць марксісцкай метадалогіі і ідэальна-тыповасць яе паняткаў, вылучаных з назіранняў над сацыяльнай рэчаіснасцю паўтарастагадовай даўніны. Так, паняцце класа, якое Карл Маркс бярэ ў палітэканамістаў Адама Сміта і Давіда Рыкарда, ад самога пачатку з’яўлялася ідэалізаваным канструктам, дарэчы прынятым па аналогіі з біялагічнымі сістэмамі. Яно ўводзіла штучны падзел у грамадскае цэлае на базе шэрагу эканамічных параметраў, кшталту ўзроўню даходаў ці валодання маёмасцю, і прапаноўвала чорна-белую сацыяльную оптыку, у якую нават тады кепска ўпісваліся асобныя катэгорыі грамадзян і некаторыя сацыяльныя групы. Выкарыстанне гэтай катэгорыі ў сацыялогіі да гэтага часу нельга патлумачыць чымсьці іншым як наўпростым недахопам сацыяльнага выабражэння, што не здатнае прапанаваць іншых катэгорый аналізу на месца размаітага паняцця класа. Уся адноснасць ягонага ўжывання сёння ўпісваецца ў класічную схему парадоксаў пры вызначэнні паняткаў, што дэманстравала яшчэ антычная мегарская школа філасофіі: з якой колькасці камянёў пачынаецца груда альбо пасля якога страчанага воласа чалавек робіцца лысым? Гэта найлепш бачна, напрыклад, на спробе вызначэння такога добравядомага панятку, як сярэдні клас, у які сябе, дарэчы, схільныя запісваць шмат якія катэгорыі беларускіх грамадзян (без аніякага на тое сацыялагічнага аснавання, але з несумнеўнае верай): з якога ўзроўню дабрабыту, адукацыі і г.д. пачынаецца і сканчваецца прыналежнасць да сярэдняга класа? Левыя працягваюць разважаць пра сацыяльнае ў межах дыхатаміі класаў "капіталісты-пралетарыят", не жадаючы заўважаць тое, што і месца дыслакацыі капіталу змянілася і роля пралетарыяў з часоў Маркса значна прасела. Сучасныя постіндустрыяльныя грамадствы даўно скарацілі колькасць гэтай калісьці мажарытарнай сацыяльнай групы і значна сказілі яе сацыяльны складнік. Офісныя працаўнікі альбо праграмісты - гэта цяпер пралетарыят альбо не? А апошніх ужо з кожным годам пабольшвае ў адрозненні ад кананічных пралетарыяў з малатком і кувадлай. Калі Ленін напачатку мінулага стагоддзя мог заносіць інтэлігенцыю ў нейкую нявызначаную праслойку з неапетытным пахам, дык сённяшнім левым даводзіцца рабіць сацыяльны пірог наўпрост прасякнутым падобнымі праслойкамі і недакласамі.

Немагчымасць змястоўнага выкарыстання паняцця класа сёння найлепш ілюструецца недарэчнасцю выкарыстання вытворных ад яго катэгорый: класавая свядомасць, класавыя інтарэсы і г.д. Калі нават з вялікай доляй сацыялагічнага дапушчэння змагчы разам упісаць частку "новых працоўных" у пракруставы ложак паняцця пралетарыята, застаецца цалкам незразумелым, дзе там магчыма адшукаць класавае адзінства, класавы інтарэс ці класавую свядомасць на ўзроўні троху большым, чым мы за мір ва ўсім свеце, ці ганьба багатым і больш спажывання бедным! Недарэчнасць старых паняццёвых і метадалаічных сродкаў, аднак, не нагода, каб зусім адмовіцца ад "левай" аналітыкі, але найперш выклік і патрэба шукаць новыя і дзейсныя сродкі ажыццяўлення сацыяльнага аналізу, што часткова ўжо, дарэчы, зрабілі заходнія калегі нашых левых. Хаця, зрэшты, пакідаю магчымасць адмовіцца ад радыкальных высноў наконт бясплённасці класічнай левай крытычнай метадалогіі ў выпадку, калі будуць прадэманстраваныя выразныя ўзоры класавага аналізу найноўшых сацыяльна-палітычных працэсаў, якія б давалі ім добрае вытлумачэнне.

Разважанні наконт ідэялогій розных сацыяльных груп таксама сустракаюцца з недарэчнасцю дастасавання гэтага паняцця ў нашыя дні. Попыт на ідэалогіі як гэткія вельмі знізіўся за апошнія дзесяцігоддзі: большасць ставіцца да іх альбо прагматычна-цынічна, альбо спрабуе трымацца на адлегласці. Гэта адбываецца збольшага таму, што ідэалогія як рацыянальна збудаваны прадукт, што мае ўнутраную логіку, набор матыватараў і дэматыватараў, пэўны мабілізацыйны патэнцыял на ўзроўні свядомага самаўзнаўлення, застаецца ў грамадзе, па-першае, скарумпаванай яе ранейшым залішнім выкарыстаннем у ХХ стагоддзі (як сродка ажыццяўлення ідэялагічных войнаў), а па-другое, відавочна саступае ў канкурэнтнай барацьбе новаму тыпу свядомасці мас, пра які яшчэ пойдзе гаворка далей. Зрэшты покрыш глабальных ідэалогій апісаны і зафіксаваны яшчэ ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя такімі аўтарамі як Жан-Франсуа Ліятар (недавер да вялікіх апавяданняў як прыкмета пастмадэрну) або Фрэнсіс Фукуяма (з яго ідэяй канца гісторыі і панавання апошняй ідэалогіі лібералізму). З гэтых прычын заўзятараў пэўных ідэалогій у чыстым выглядзе адшукаць робіцца не так проста: хаця яны і вылучаюцца ў полі сацыяльнага сваёй акрэсленай і вызначанай пазіцыяй, сваімі слоганамі і атрыбутыкай, рэальнага эфекта кіравання ці вызначэння гэтага поля яны не спрычыняюць. Класічныя ідэалогіі цяпер адыгрываюць хутчэй дэкаратыўную і маскіруючую ролю, ствараючы ілюзію наяўнасці традыцыйных форм палітычнага жыцця і ўяўнай празрыстасці сацыяльных узаемадзеянняў. Партыі і арганізацыі, якія навідавок выстаўляюць свой ідэалагічны складнік, хай сабе радыкальна нацыяналістычны альбо камуністычны, стала выціскаюцца на маргінез палітычнага працэсу. Бальшыня ж людзей застаецца ў нявызначанай ідэалагічнай пазіцыі, якая дзесьці з’яўляецца эклектычнай, а дзесьці зусім адсутнай.

Правая сацыяльна-крытычная рыторыка [2], якая змяшчае вастрыню свайго аналізу ў бок традыцыяналісцкіх, кансерватыўных альбо нацыяналістычных каштоўнасцей, таксама застаецца ў невыгодным стане. Спрабуючы рэактываваць спрадвечныя каштоўнасці традыцыйнага грамадства, яна свядома праводзіць мяжу паміж пэўнымі закансерваванымі паняццямі, структурамі і ладам жыцця ды ўсялякім новым, нязвыклым досведам сацыяльнага. Атрымліваецца, што правая сацыяльная крытыка пераважна грунтуецца на неабходнасці ўзнаўлення пэўнага класічнага архетыпу сацыяльных адносін альбо разглядае магчымыя контуры будучай рэгіянальнай і глабальнай цывілізацыйнай дынамікі збольшага ў рэчышчы археафутурызму. Метафарычна гэта нагадвае спробу ідэолагаў-рэканструктараў давесці пра неабходнасць павяртання людзей да замкавай культуры сярэднявечнага тыпу, хаця і палепшанай наяўнасцю цэнтральнага ацяплення і ўай-фая. Такі кшталт сацыяльнай крытыкі спрабуе адшукаць карані сучаснага беларускага грамадства ў ідэях "паўночнасці", "ліцьвінства", "неапаганскай культуры", сумяшчаючы гэта зачаста з штампамі паліталагічных і сацыялагічных канструкцый альбо разважаннямі ў духу "свет-сістэмнага аналізу" Імануіла Валерстайна. Пры гэтым яна дастаткова варожа ставіцца да тых мадэрных форм жыцця, якія кепска ўкладаюцца ў запрапанаваныя схемы.

З аднаго боку, тэарэтыкаў правай крытыцы можна абвінаваціць у занадта абагуленым падыходзе да аналізу сацыяльнага, пераважна ў рэчышчы прасочвання цывілізацыйнай дынамікі, разгортвання глабальных геапалітычных схем і схільнасці да канспіралагічных версій пры амаль поўным ігнараванні "сацыялогіі малых групп". З іншага боку, паслядоўнае выкарыстанне нацыяналісцкіх паняткаў і традыцыяналісцкіх формул апелюе да субстантывацыі і ўніверсальнай вартасці такіх паняткаў, як нацыя, этнас, нацыянальны характар, этнічныя карані, нацыянальныя інтарэсы, а цяпер яшчэ і імперыя, што вяртае гэтую рыторыку да раннемадэрнай веры ў "сталыя" ідэалогіі, якія маюць метафізічны падмурак, з’яўляюцца моцным аб’яднальным фактарам і істотна ўплываюць на думкі і паводзіны людзей. Але сёння мы можам хутчэй канстатаваць істотную абмежаванасць ідэалогій такога кшталту, пра што было ўжо сказана раней. Заўзятараў нацыяналізму падобнага тыпу застаецца вельмі няшмат, каб істотна ўплываць на грамадскія працэсы, і як кожная іншая традыцыйная ідэалогія нацыяналізм сёння існуе ў сінкрэтычнай і міфалагізаванай форме, акрамя таго ў шматлікіх версіях: пачынаючы ад этнічнага і сканчваючы грамадзянскім нацыяналізмам. Па гэтай прычыне апісанне сацыяльнага поля скрозь прызму катэгорый нацыянальнай свядомасці, інтарэсаў, этнічных і нацыяналістычных пачуццяў мае відавочна абмежаваную прыдатнасць і характарызуе паводзіны далёка не ўсіх сацыяльных груп (дакладней будзе сказаць, супольнасцей), а тым больш асобных дзеячоў, каб на аснове падобнай метадалогіі ствараць паўнавартасную карціну апісання найноўшых сацыяльных працэсаў.

Нарэшце, мова апісання і метадалогія даследавання, якую дэманструюць большасць прадстаўнікоў аналітычнай журналістыцы і г.зв. "нейтральнай" сацыялагічнай і паліталагічнай навукі, таксама выяўляюць рыгіднасць дадзенага падыходу да асэнсавання сацыяльнага. Гэтая нягнуткасць у разуменні новага сацыяльнага зместу прадвызначана выкарыстаннем сталых універсалісцкіх і метафізічных паняткаў, такіх як грамадства і ягоныя часткі, грамадская думка, грамадскія інтарэсы, палітычныя інстытуты, партыі і г.д. Справа не ў тым, што гэтыя паняцці раптоўна ўсе страцілі той сацыяльны кантэкст, які рабіў іхні змест набліжаным да сапраўднасці. Хутчэй гаворка ідзе пра тое, што нашае "сацыялагічнае выабражэнне" мусіць востра рэагаваць на змены сацыяльнага поля і бачыць неадэкватнасць ужывання шырокіх катэгорый, кшталту "грамадства", там, дзе справа тычыцца больш вузкага пласту падзей альбо наогул патрабуецца іншы спосаб апісання. Сёння відавочна, што традыцыйныя сацыяльныя і палітычныя структуры знаходзяцца ў заняпадзе нават у краінах са сталымі палітычнымі сістэмамі; дзяржавы ж г.зв. "пераходнага тыпу" яскрава дэманструюць усю адноснасць выкарыстання для іх аналізу і апісання класічнай тэрміналогіі сацыяльна-палітычных навук.

Да прыкладу, натуральна, што пазіцыі палітычных партый і рухаў асабліва ў постсавецкіх краінах значна праселі як у выніку аб’ектыўных палітычных працэсаў, гэтак і праз адсутнасць сфармаванай суб’ектнасці ўдзельнікаў - масавасць палітычных арганізацый тут забяспечваецца збольшага дзяржаўна-прымусовымі спосабамі. Часткова з тых жа ж прычын, чаму людзі цяпер не схільныя давяраць масавым ідэалогіям, яны не схільныя да ўдзелу ў якіх-хаця палітычных арганізацыях. Тым не менш, у хадзе сацыяльнага аналізу паліталагічная карціна свету імкнецца звесці ўсю сукупнасць сацыяльных практык да дзейнасці партыйных ці надпартыйных (узроўню дзяржавы) суб’ектаў і палітыкаў нацыянальнага ўзроўню. У лепшым выпадку, гэта дае дастаткова скажоную перспектыву разумення таго, як уся гэтая сістэма можа працаваць, хаця ў сапраўднасці атрымліваецца тая ж "чорная скрыня", пра змесціва якой спрабуюць разважаць, зыходзячы з вонкавых дэкаратыўных элементаў прадстаўніцтва. І хаця роля дзеянняў і ўплыву партый на многія масавыя грамадскія выступы апошняга часу застуюцца вельмі нізкімі, у публічнай прасторы іхняя рэалізацыя штучна прыцягваецца да гэтых найбольш відавочных і зразумелых структур, якія, у адрозненні ад збольшага "нямога" сацыяльнага, маюць свой адрозны голас ці, будзем шчырымі, хутчэй галасок. Калі сказаць па праўдзе, якія партыі альбо партыйныя групы сталіся ініцыятарамі хаця-якіх значных сацыяльных працэсаў ва Усходняй Еўропе на працягу апошніх 20 гадоў? Альбо можна задацца пытаннем, ці былі такія насамрэч у арабскіх краінах Афрыкі і Пярэдняй Азіі або іх вынесла падобна пене на апошняй хвале сацыяльнага ўзрушэння? Ці варта сёння разважаць пра грамадства як нейкі сацыяльны маналіт, калі, паводле трапнага вызначэння Эрнэста Лаклаў, яно ўжо "рашчынілася", зрабілася немагчымым, калі і наогул існавала, а на месца грамадзян як членаў грамадскага цэлага, як тое пераканаўча даводзіць Жан Бадрыяр, прыйшлі "маўклівыя массы"? Адпаведна гэтаму мы маем гіпервыкарыстанне катэгорый агульнага плана для асэнсавання складанага малюнка найноўшай сацыяльнай рэальнасці, дзе складанасць аб’екта аналізу рэдукуецца да простых і часам прымітыўных форм і схем дзеля магчымасці выкарыстання звыклых метадалогій сацыяльнага апісання і традыцыйнага набору паняткаў.

Такім чынам, сродкі традыцыйнай сацыяльнай аналітыкі - як ідэалагічна нагружанай, гэтак і ўяўна "бесстаронняй" - выяўляюць збольшага ўласную бездапаможнасць пры спробе аналізу сучасных грамадскіх працэсаў. Гэтая бездапаможнасць можа заставацца прыхаванай наяўнасцю пэўных варыянтаў апісання і традыцыйнасцю маўлення наконт сацыяльнага, але губляе ўсялякую канкрэтнасць і доказнасць пры больш руплівым разглядзе. Гэта вымушае нас сёння шукаць новыя сродкі і інструменты аналізу сацыяльнага поля як з пункту гледжання метадалогіі, гэтак і пераасэнсавання моўных сродкаў апісання: патрабуюцца новыя паняткі і мадэлі для разумення. Акрамя таго і, верагодна, перш за ўсё, патрабуецца таксама пераасэнсаваць падмурак нашага звароту да сацыяльнага, прывязаць яго да сітуацыі сучаснасці, а не да ўніверсалісцкага пагляду на грамадства як гэткае. Што мы і паспрабуем зрабіць надалей.

Частка ІІ

У папярэдняй частцы гаворка ішла пра прынцыповую недастатковасць метадалагічных і паняццёвых сродкаў традыцыйнай сацыяльнай аналітыкі для комплекснага апісання і вытлумачэння найноўшай сацыяльнай рэчаіснасці. Цяпер гаворка мусіць пайсці пра агульныя перадумовы нашага аналізу актуальнай сітуацыі і некаторыя сродкі яе новага апісання ў святле выяўлення прынцыпова новых сацыяльных практык.

Калі паглядзець на агульныя перадумовы звароту да аналізу сацыяльнага, што пануюць у наш час і збольшага пасуюць для разумення нашага рэгіёна, дык комплекс акалічнасцей гэтай новай сітуацыі можа быць апісаны з дапамогай метафарычнага вызначэння "постпалітыка" {3]. Каротка гэты стан можна акрэсліць вызначэннем адсутнасці анталагічнага вымярэння палітыкі з адначасовым усведамленнем людзьмі гэтай адсутнасці, што спрычыняе ў іх досыць цынічнае стаўленне да цэлай сукупнасці сацыяльных практык. "Страта палітычнага" тлумачыцца перадусім такой канфігурацыяй палітычнай структуры, калі заміж рэальнасці палітычнага змагання і ўласцівай ёй сацыяльнай дынамікі палітыка разгортваецца ў выглядзе спектакля, інсцэнаванага дзеяння, дзе кожныя высілкі палітычных актараў альбо ператвараюць апошніх у актораў з вызначынымі ролямі, альбо ў пасіўных назіральнікаў. Гэта збольшага дазваляе патлумачыць сваеасаблівае "расчараванне" ў палітычным, якое ахоплівае шмат каго з паспалітых грамадзян.

Адноснасць і запраграмаванасць усялякага сацыяльнага дзеяння, ягоная спачатковая ўпісанасць у запланаваныя сцэнарыі разгортвання палітычнага жыцця змушае людзей адчуваць уласную бездапаможнасць як у сістэмах развітой заходняй медыякратыі, гэтак і ва ўсходнееўрапейскіх медыйных аўтакратыях. Першыя былі апісаныя яшчэ ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя гэткімі тэарэтыкамі новай левіцы, як Гі Дэбор і Жан Бадрыяр, і на сёння ствараюць значную пагрозу канчатковага вычарпання палітычнага ў многіх краінах Захаду. Там пазіцыя ўлады задаецца функцыянаваннем безасабовых палітычных структур, якія праз сістэму знешняй ратацыі ўладных эліт ствараюць выгляд нармальнага існавання палітычнага поля, хаця і не дазваляюць істотных змен апошняга, што цалкам укладаецца ў фукіянскую схему аналізу ўлады [4]. Але ў нашым рэгіёне варта займацца аналізам іншай формы арганізацыі палітычнага, якая мае пэўныя рысы традыцыйнай аўтакратыі, але сваё існаванне абапірае ў тым ліку на сістэму новых медыя і новых тэхналогій маніпулявання свядомасцю. Прынцыповае адрозненне гэтых медыйных аўтакратыяў ад сваіх традыцыйных форм палягае ў тым, што кананічны прымус і гвалт як аснова існавання такіх рэжымаў аздабляецца яшчэ моцнай медыйнай прапагандай, якая імкнецца сцвердзіць усепранікальнасць і абсалютнасць улады рэжыму (таксама праз стварэнне адмысловых гатункаў постідэалагічных прадуктаў для замацавання і кантроля над структурай) і немагчымасць ніякага арганізаванага супрацьдзеяння яму на сістэмным узроўні. Апошняе падкрэсліваецца навочнай маргіналізацыяй усялякай альтэрнатывы існай канфігурацыі палітычнага (асабліва палітычных апанентаў), а галоўнае - практыкай свядомага "скажэння імён" праз дзяржаўныя і калядзяржаўныя медыя, калі такія паняцці, як "дэмакратыя", "правы чалавека", "сацыяльны кантракт" і г.д., губляюць сваё спачатковае значэнне і пачынаюць ужывацца ў самым шырокім кантэксце, які дазваляе нават аўтакратычны рэжым фармальна называць дэмакратыяй.

Той Ressentiment, які авалодвае людзьмі, не дазваляе ім у гэтых акалічнасцях масава звяртацца да звыклых практык узнаўлення палітычнага жыцця: удзел у палітычных партыях і арганізацыях не дае ніякім чынам уплываць на грамадскія працэсы, але з’яўляецца дадатковай крыніцай пагрозы для дабрабыту чалавека; удзел у выбарах і іншых арганізаваных формах палітычнага жыцця пакідае адчуванне парожнасці ўсіх высілкаў і ўцягнутасці ў разгортванне чужога палітычнага спектакля; страйкі, мітынгі, масавыя дэманстрацыі робяцца таксама сумнеўнымі, па-першае, праз механізмы рэпрэсій, а па-другое, праз брак салідарнасці, які не дазваляе аднаму чалавеку верыць у падтрымку ягоных дзеянняў іншымі людзьмі, нават яго аднадумцамі. Гэта ёсць свядомым выцісканнем грамадзян з сферы публічнага ў сферу прыватнага як адзінага легітымнага прасцягу існавання чалавека, што, праўда, з’яўляецца тыпалагічнай уласцівасцю ўсіх аўтакратый паводле паліталагічнай навукі. Пры гэтым, у адрозненні ад развітых форм медыякратыі, медыйныя аўтакратыі пакідаюць заўважнаю сваю дзейнасць па перафарматаванні палітычнага ў гатунак грамадскага спектаклю праз "дэфекты машыны": зломы сістэмы гвалту, сацыяльнага прымусу і постідэалагічнага маніпулявання свядомасцю альбо іхнія эксцэсы праяўлення. Менавіта праз з’яўленне новай і дасюль кепска адрэфлексаванай палітычнай рэчаіснасці, як можна меркаваць, старая сацыяльная аналітыка, якая паўстае з раннемадэрнай формы сацыяльна-палітычнай навукі ці крытычнага дыскурсу аб грамадстве, застаецца зачаста нерыхтоўнай да апісання найноўшага сацыяльнага плана альбо дае адно недастатковыя мадэлі яго апісання.

Яшчэ адной важнай праявай змянення звыклай карціны сацыяльнай рэальнасці робіцца працэс "масавізацыі" сацыяльнага. Першыя прыкметы гэтага трэнду былі заўважныя яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя, пра што былі напісаны класічныя працы па сацыялогіі і псіхалогіі мас, якія належаць такім аўтарам, як Зігмунд Фройд, Гюстаў Лебон, Эліас Канэцці. Яны адцемілі істотную рысу новага грамадскага парадку, калі на месца індывідаў і індывідуальных дзеянняў прыходзяць сацыяльныя агрэгаты: натоўпы, класы, народныя масы, якія кардынальна змяняюць спосабы тыповага светаўспрымання і паводзіны людзей, што ўваходзяць у іх склад, і робіць іх лягчэйшымі для маніпулявання і кіравання. Гэты эфект мас быў трапна залучаны ў палітычную практыку дзейнымі палітычнымі рэжымамі, якія дасягалі за кошт ператварэння індывідуалістычнага парадку сацыяльнага ў калектыўны значнага падвышэння эфектыўнасці сістэм кіравання, планавання, вытворчасці і спажывання. Прычым у аднолькавай ступені гэта было прыдатным як для сістэм таталітарна-аўтарытарнага, гэтак і ліберальна-дэмакратычнага кшталту, хіба што толькі ў рознай ступені вызначанасці. Гэта прывяло да таго, што ўжо ў 70-я гады мінулага стагоддзя Жан Бадрыяр паставіў дыягназ канчатковай страты грамадскага на карысць панаванню "цьмяных мас" у кантэксце палітычнай культуры ліберальна-дэмакратычнай Францыі. Хаця ягоную канстатацыю і можна лічыць інтэлектуальным перабольшваннем, тым не менш, ён адзначае вельмі істотны і пагражальны працэс: грамадскае цэлае ўсё ў большай ступені падначальваецца "эфекту масы" і робіцца непрыдатным для класічнага сацыялагічнага аналізу. Розныя замеры "грамадскай думкі" ці спробы аналізаў размеркавання грамадскіх інтарэсаў, на ягоную думку, цяпер фіксуюць хутчэй наяўнасць сваеасаблівай "чорнай дзіры" ў сацыяльным: агульны стан аморфнасці думкі і стэрэатыповасці паводзін грамадзян, арыентаваных хутчэй на запыты і патрэбы сістэмы спажывання і забаўлення, а не на якісьці актыўны ўдзел у сацыяльным жыцці. Гэты стан таксама можа актыўна падтрымлівацца сістэмай улады праз ужыванне новых медыйных тэхналогій маніпулявання свядомасцю: для лепшага кіравання масамі ствараецца паранаідальная карціна свету, перанасычаная постідэалагічнымі вобразамі.

Як ужо адзначалася, шмат у чым падобны эфект мас спароджаны развіццём палітычнай культуры мадэрных форм дзяржаўнасці, якія дасягалі праз амасаўленне грамадскасці мэты большай эфектыўнасці рэгулявання і размеркавання. Але цяпер сацыяльная аналітыка змушаная вызначаць і не ігнараваць наяўнасць масавых эфектаў у сучаснай палітыцы. Масы могуць заставацца адначасова досыць інэртнымі і пасіўнымі ў палітычным плане, досыць проста маніпуляванымі з дапамогай розных СМІ і іншых каналаў дзяржаўнай і недзяржаўнай прапаганды, але пры гэтым дэманстраваць "выбухі актыўнасці" - спантанныя, зачаста ірацыянальныя ўварванні ў палітычнае поле з высокім працэнтам мабілізацыі пратэстных груп і пандэмічным характарам распаўсюджання масавых настрояў і ўзрушэнняў (што для мадэрнай палітыкі застаецца безумоўным скандалам, бо нават рэвалюцыі тая разглядае як вынік пэўных рацыянальных супярэчнасцяў). Гэта можна часткова патлумачыць тым, што пэўная непрадказальнасць і нестабільнасць мас ёсць паўзбочным эфектам іхняй высокай кантраляванасці і маніпуляванасці. Як і кожнае нестабільнае рэчыва, пры пэўных умовах масы могуць спараджаць выбухі пры досыць нязначных на першы погляд зачэпках, узрушэннях палітычнага поля. Гэта не значыць, праўда, што знікаюць іншыя, класічныя суб’екты палітычнага дзеяння, з якімі звыклася мець справу паліталагічная ці сацыялагічная навукі, кшталту, партыйных лідараў ці грамадскіх актывістаў, дзяржаўных чыноўнікаў ці палітыкаў рэгіянальнага або міжнароднага ўзроўню, але бясспрэчна тое, што з дапамогай аналізу толькі іх дзеянняў ужо немагчыма скласці поўную карціну сацыяльных пераўтварэнняў, як тое рабілася ў раннемадэрную эпоху: масы і новыя супольнасці патрабуюць уласнага пільнага разгляду.

Цяпер, пасля разгляду анталагічных, ці падставовых, умоў звароту да сацыяльнага, можна паставіць пытанне пра тое, якімі новымі сродкамі можа карыстацца сацыяльная аналітыка для таго, каб ажыццяўляць якасныя разборы найноўшых палітычных сітуацый у паасобных краінах, на рэгіянальным альбо міжнародным узроўнях. Найперш, на пярэдні план выходзіць адзін з найбольш эфектыўных сродкаў новай аналітыкі, ужо параўнальна даўно ў яе інтэграваны высілкамі такіх інтэлектуалаў, як Жан-Франсуа Ліятар, Жан Бадрыяр, Эрнэста Лаклаў, Шанталь Муф, Карнеліус Кастарыядыс, Юрген Габэрмас, Норман Фэркло, Рут Водак і інш., хаця і дасюль нязначна выкарыстоўваемы: дыскурс-аналіз, альбо аналітыка спосабаў палітычнага выказвання (называння і саманазывання), моўнага перфарматыву, які ажыццяўляецца тымі ці іншымі палітычнымі сіламі на дыскурсіўным узроўні. Гэта мае на ўвазе выкарыстанне цэлага шэрагу герменеўтычных і структурна-лінгвістычных прыёмаў і практык, а таксама наўпроставых тэхнік дыскурсіўнага аналізу для вызначэння, ідэнтыфікацыі і змястоўнага разбору тых форм палітычнага прамаўлення і спосабаў моўнага самаапісання і апісання канкуруючых груп, што ствараюць пэўныя палітычныя актары, звычайна на ўзроўні супольнасцей. Гэтыя дэкларацыі можна пабачыць, напрыклад, як слоганы і элементы навочнай агітацыі пры мітынгах і маніфестацыях, як маніфесты і петыцыі, што складаюцца ад імя пэўных, зачаста кепска акрэсленых супольнасцей і груп, як саманазвы і эпітэты, што надаюцца прадстаўнікам пэўнага палітычнага руху і саюзным/партнёрскім сілам, і, наадварот, назвы і эпітэты, што выкарыстоўваюцца для азначэння палітычных канкурэнтаў, а таксама, безумоўна, навочныя формы рэпрэзентацыі такіх палітычных структур: тэксты-канцэпцыі, інтэрв’ю з асобнымі прадстаўнікамі, выказванні ў публічных сетках ад імя самой структуры. Гэты кшталт сацыяльнага апісання, па-першае, дазваляе ствараць больш падрабязны, змястоўны і менш ангажаваны партрэт той альбо іншай палітычнай сілы, чым звядзенне яе да нейкай тыпалагічнай і звыклай з’явы сацыяльна-палітычнага поля: левыя, правыя, нацыяналістыя, фашыстыя, камуністыя, анархістыя, нудыстыя і г.д. Па-другое, ён збольшага дазваляе выключаць розныя спекуляцыі і ажытацыі наконт прыроды таго альбо іншага руху ці супольнасці, як, да прыкладу, у выпадку ўкраінскага "Правага сектара" альбо таго ж беларускага "Правага альянсу". Гэта, праўда, можа ўскладняць карціну сацыяльнай рэальнасці, якую спрашчае і робіць больш прадказальнай тыпалагізацыя палітычных суб’ектаў, прынятая ў паліталогіі ці сацыялогіі, але відавочна стварае куды больш набліжаны да рэчаіснасці яе сацыяльны партрэт.

Паводле папярэдніх назіранняў, у дзейнасці шмат якіх палітычных структур ці паасобных актараў можна заўважыць перадусім дзве асноўныя тэндэнцыі развіцця палітычнага: 1) павяртанне да "прамога" выказвання і дзеяння і "простых" варыянтаў вызначэння сацыяльна-палітычных каштоўнасцей і 2) зварот да постідэалагічных форм светапогляду ў абліччы "новых міфалогій". На кожнай з азначаных з’яў варта спыніцца асобна.

Як ужо даводзілася раней, постпалітыка дзейнічае на сістэмным узроўні як свядомае скажэнне сэнсу асобных катэгорый, палітычных каштоўнасцей і ідэалаў, а таксама як размыванне каардынатаў для дзейнасці ў палітычным полі. Сэнс паняццяў, якія вызначаюць палітычныя прынцыпы і ідэалы, скажаецца такім чынам, каб іх зыходнае значэнне было рэлятывізаванае: губляла якую-хаця семантычную тоеснасць і магло быць зразуметым у залежнасці ад прыхільнасцей і жаданняў хаця-якой палітычнай групы. Гэта відавочна адбываецца з выкарыстаннем шэрагу такіх паняццяў, як, прыкладам, "дэмакратыя", "правы чалавека" альбо з такой паліталагічнай катэгорыяй, як "фашызм". Бадай няма такой палітычнай сілы, якая б сёння не ўжывала гэтыя паняцці ў значэнні, набліжаным да ўласных перакананняў, і не абвяшчала б свае погляды "дэмакратычнымі", а адваротныя - "фашысцкімі". У такой логіцы крывога люстэрка губляецца ўсялякая ідэнтычнасць палітычнага выказвання (розныя палітычныя супольнасці прамаўляюць падобным чынам), і застаецца голае маніпуляванне ідэалагічна нагружанымі словамі з абвінаваўчым ухілам. Гэткаю непераборлівасцю палітычнага дыскурсу ўмацоўваецца палітычны спектакль, у якім магчымасці якога-хаця крытычнага выказвання ці дзеяння рэпрэсуюцца моўным цынізмам і парушэннем трывалых каардынат для дзеяння: на месца ўпэўненасці і перакананасці ў правільнасці апошняга прыходзіць каштоўнасны нігілізм.

На тле падобнай тэдэнцыі, як пошук альтэрнатыўнай стратэгіі дзейнасці і выказвання, пачынае распаўсюджвацца практыка павяртання да "зыходнага" сэнсу палітычных імён і адраджэння асноўных палітычных каштоўнасцей у іхняй спачатковай "самавідавочнасці". Зразумела, што такое павяртанне не можа заставацца наіўным і непасрэдным перавызначэннем скарумпаванага сэнсу слоў, але базуецца на непрыняцці дыскурсіўнага рэлятывізму і нігілізму, і таму схільнае хутчэй да логікі моўнага канструктывізму. Напрыклад, насуперак дзейнай практыцы і рыторыцы пра непахісную легітымнасць улады і магчымасць адно легальных механізмаў яе мадыфікацыі цяпер можна пабачыць адраджэнне навачаснага ліберальна-рэвалюцыйнага дыскурсу пра права народа на паўстанне ў выпадку парушэння ягоных базавых правоў і свабод. Гэты дыскурс, які з’яўляецца ў тэарэтычнай форме яшчэ ў разважаннях Томаса Гобса, Джона Лока і Шарля Мантэск’ё, а пасля набывае практычнае вымярэнне ў пострэвалюцыйных канстытуцыях Францыі і ЗША, сёння пачынае разглядацца як базавы інструмент для павяртання палітычнага поля ў бок непахіснасці (абсалютнасці) каштоўнасцей свабоды і права (таго, што можа звярнуць нерэлятыўную сістэму палітычных каардынат). Гэта толькі паасобны прыклад таго, як дыскурсіўная няпэўнасць і ідэалагічная нявызначанасць зноў змяняюцца логікай "прамога" пратэсту і дзеяння. Заміж бясконцых дыскусій наконт правамоцнасці нейкай палітычнай сілы выказваць, напрыклад, свае лозунгі сацыяльнай роўнасці альбо справядлівасці ўсталёўваецца практыка замацавання новых дыскурсіўных цэнтраў, для якіх сацыяльная справядлівасць тут і цяпер зводзіцца да выканання наступнага спісу патрабаванняў (спіс звычайна прыкладаецца), а тыя сілы, якія гэтаму супрацьдзейнічаюць, абвяшчаюцца рэакцыйнымі. Гэта надае сацыяльнаму дзеянню неабходную яму сістэму пэўных каардынат, што стымулюе асобных удзельнікаў палітычнага поля да інтэнсіўнай сацыяльнай мабільнасці і дынамікі.

Калі постмадэрнізм у палітыцы прыводзіў да павелічэння колькасці альтэрнатыўных выказванняў і нявызначанасці пазіцый тых, хто прамаўляе, дык падобны рэнесанс палітыкі "пэўнага" выказвання прыводзіць да стварэння новых цэнтраў сацыяльнай напружанасці. Моўны канструктывізм відавочны ў гэтым выпадку, паколькі палітычныя сілы, што прыходзяць да стратэгіі і тактыкі прамога дзеяння, свядома расчышчаюць рэлятыўную сістэму каардынат і няпэўную множнасць выказванняў і на іх месца прапануюць свядома абраныя спосабы вызначэння сэнсу палітычных катэгорый, перафармулёўку класічных палітычных каштоўнасцей і "простыя" формы ўварвання ў палітыку, кшталту "народнай дэмакратыі". Безумоўна, збольшага падобнае "павяртанне сэнсу" ў палітыку можа адбывацца праз дагматызацыю і замацаванне неаліберальных альбо леварадыкальных палітычных слоганаў і каштоўнасцей, але часам можна назіраць досыць сінкрэтычныя і нават ультрамадэрныя мадэлі канструявання палітычнага дыскурсу і дзеянняў на ягонай аснове. Дарэчы такая практыка "прамога" выказвання можа знаходзіць сваё вымярэнне таксама і праз мастацкія формы (для параўнання можна звярнуць увагу на апошнія альбомы беларускага гурта "Ляпіс Трубяцкі"). Для новай сацыяльнай аналітыкі прынцыповай нагодай выкарыстання яе метадалогіі даследавання з’яўляецца неабходнасць вылучэння і інтэрпрэтацыі падобных пунктаў прырашчэння сэнсу: дыскурсіўных аснаванняў для замацавання новай сістэмы каштоўнасцей, перакананняў, і ўсталявання сістэмы каардынат палітычнай дзейнасці. Гэта неабходна для разумення "кагнітыўнага" вымярэння палітыкі: таго, што можа ствараць аснову для новага супрацьстаяння ідэалогій і постідэалогій у найноўшым палітычным свеце, таго, што непасрэдна адбіваецца на інтэнсіўнасці мабілізацыі непасрэдных удзельнікаў сацыяльна-палітычных працэсаў.

Іншым стратэгічным вымярэннем стварэння найноўшага палітычнага дыскурсу з’яўляюцца шматлікія постідэалагічныя практыкі (таксама, магчыма, як "ідэалогіі другога пакалення"), якія замацоўваюць кагнітыўны фармат "новай міфалогіі", што да арганізацыі прасторы сацыяльнага дзеяння. Гэты фармат адрозніваецца ад папярэдняга перадусім тым, што новая міфалогія як нашчадак старой ідэалогіі не імкнецца да ўсталявання пэўнай рацыянальнай сістэмы каштоўнасцей, вызначэння свайго канцэптуальнага строю і арганізацыі дзейнасці на згаданай аснове, але выбудоўвае такую мадэль разумення свету, якая збольшага грунтуецца на міфалагічных пачатках. Апошняе мае на ўвазе выкарыстанне такіх структур азначвання, якія выбудоўваюць відавочныя апазіцыі: "сваё-чужое", "святло-цемра", "праўда-хлусня", базуюцца на збольшага эмацыйна-ірацыянальных міфах гістарычнага, сацыяльна-псіхалагічнага і іншага кшталту, спараджаюць замкнёную логіку функцыянавання дыскурсу, якая ніяк не рэагуе на вонкавую крытыку альбо контрпрыклады. У сваю чаргу, у адрозненні ад старых ідэалогій, новыя міфалогіі як постідэалогіі вызначаюцца пераважна сваім сінкрэтычным характарам, то бок магчымасцю паяднання ў сваіх межах кампанентаў сталых ідэалогій самага рознага спектру (напрыклад, нацыянал-бальшавізму з неакансерватызмам і традыцыяналізмам) і далучэння да іх розных элементаў каштоўнасцей, паняццяў з агульнай постпалітычнай адсутнасцю сэнсавай глыбіні і герменеўтычным нігілізмам. Старыя ж ідэалогіі збольшага грунтаваліся на пэўнай псеўданавуковай тэорыі (напрыклад, расавай дасканаласці, нябачнай рукі рынка альбо класавай барацьбы), якая павінна была абгрунтаваць пераканаўчасць і адзіную слушнасць гэтай ідэалогіі, змяшчаючы ірацыянальныя элементы сацыяльнай псіхапаталогіі (нянавісць да жыдоў, пагарду да сацыяльных лузераў альбо пераслед ворагаў народа) як працяг тэарэтычна абгрунтаванай пазіцыі.

Таксама новыя міфалогіі дазваляюць ствараць на сваёй аснове кангламераты базавых міфаў, якія спалучаюцца паміж сабой і дазваляюць дапасоўваць сябе да самых розных палітычных сітуацый. Калі ў якасці прыкладу зноў звярнуцца да аналізу ўкраінскіх падзей, дык можна, у прыватнасці, пабачыць стварэнне кангламерату з такіх дзвюх базавых новых міфалогій, пашыраных пераважна ў рускамоўным палітычным асяроддзі, як "Гейропа" і "бандэраўцы" (гэта, праўда, не адмаўляе магчымасці далучэння да іх яшчэ іншых міфалагем). Першы міф грунтуецца на атаесамленні ўнутраной і вонкавай палітыкі краін Еўрапейскага Саюза з паасобнай паспяховай тэндэнцыяй барацьбы за правы сэксуальных меншасцей у іх як падмена традыцыйнай ідэі Еўропы сімулякрам Еўропы "нетрадыцыйных каштоўнасцей", стварэння вобразу "талерасцкай Еўропы". Гэты міф дазваляе функцыянаваць рэгіянальным аўтарытарна-дзяржаўным і глебава-патрыятычным мадэлям ідэнтычнасці як зберагальнікам традыцыйных, аўтахтонных каштоўнасцей і самабытнага ладу жыцця і мыслення (у тым ліку, палітычнага). Другі міф свядома скажае ўзровень прысутнасці ў палітычнай сферы Украіны ўльтранацыяналістычнага складніку і дэманізуе "фашыстоўскі" вобраз дзеячоў нацыянальна-вызвольнага руху Украіны пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя, зводзячы тым самым усе праявы нацыянальнай ідэнтычнасці ўсходнеславянскіх народаў да стыгматызаванай мадэлі насуперак адзіна магчымай вялікарускай ідэнтычнасці. Гэта адбываецца з татальным ігнараваннем гістарычнай канкрэтыкі, выкарыстаннем скажонай карціны падачы фактаў і нават няўважлівасцю да сэнсу імен: паралельна носьбітамі гэтай міфалогіі выкарыстоўваюцца назвы "бандэраўцы", "бендэраўцы", "біндэраўцы", што ўказвае на ігнараванне зыходных фактаў паўстання самога феномена (гэта ўвогуле для міфалогіі няістотна). Сімбіёз гэтых дзвюх міфалогій адпаведна спараджае кумулятыўны эфект маніпулявання свядомасцю паасобных грамадзян ці супольнасцей, ствараючы біпалярную мадэль сусвету (мы - яны, рускія славяне - чужынскія еўрапейцы, мясцовы нацыяналізм як фашызм - вялікарускі нацыяналізм як цэнтр славянскай ідэнтычнасці, імперыя дабра - імперыя ліха, і г.д.). Таксама праз новыя міфалогіі ажыццяўляюцца заклікі да татальнага прыняцця прапанаванай мадэлі свету і поўнай дыфамацыі альтэрнатыўных мадэлей, спараджаючы эфект сацыяльнай гістэрыі і эскалацыі этнічных, рэлігійных, культурна-ментальных пачуццяў. Гэта толькі паасобны прыклад утварэння кангламерату з міфаў, і ўласцівыя яны зусім не толькі ўсходнееўрапейскаму рэгіёну (прыгадайма, напрыклад, вядомую амерыканскую міфалагему наконт існавання г.зв. "асявіны ліха", спалучаную з міфалогіяй дэманічнага Талібана). Хаця менавіта ў нашым выпадку відавочна назіраецца ператварэнне тыповых абыйвацельскіх міфалогій у кшталт масавай медыятэхналогіі, скіраванай на глабальныя маніпуляванне свядомасцю і перафарматаванне палітычнага поля.

Для новых міфалогій уласцівая гераізацыя іх космасу са стварэннем палярнага вобразу пачвары, сусветнага ліха, барацьба з якім з’яўляецца свяшчэнным доўгам і абавязкам для носьбітам гэтых постідэалогій. У нечым паводле свайго духа новыя міфалогіі нагадваюць экзальтаваныя версіі радыкальна-рэлігійнага светаўспрымання з джыхадамі/крыжовымі паходамі супраць няверных, завочным непрыняццем ерэтычных поглядаў апанентаў, іхняй дэманізацыяй. У гэтым сэнсе постідэалогіі ў нечым могуць разглядацца як ментальнае павяртанне ад мадэрнай да сярэднявечнай сістэмы светабачання, дзе новыя ідэалогіі набываюць ролю агрэсіўных секулярных рэлігій. Гэта дазваляе збольшага патлумачыць іх высокі сацыяльна-мабілізацыйны патэнцыял і распаўсюджанне на хвалях штучна створанай грамадскай гістэрыі як чын веры і безумоўнага прыняцця. Постідэалогіі збольшага супрацьстаяць стратэгіям "прамога" дзеяння і "аднаўлення" сэнсу палітычных катэгорый і каштоўнасцей, паколькі самі выкарыстоўваюць рэсурсы постпалітычнай арганізацыі сацыяльнага поля і адхіляюць рацыянальны сацыяльны канструктывізм. Новая сацыяльная аналітыка, у сваю чаргу, мае даць рады апісанню і сістэматызацыі падобных постідэалогій (новых міфалогій), паказваючы асноўныя механізмы працэсаў іхняй агрэгацыі (стварэння кангламератаў) і функцыянавання на ўзроўні масавай свядомасці.Гэта таксама робіцца магчымым праз шырокае выкарыстанне спосабаў дыскурсіўнага аналізу і герменеўтычных працэдур.

Такім чынам, перагляд нашай стратэгіі сацыяльнай аналітыкі прадугледжвае перадусім адмову ад універсалісцкага падыходу да сацыяльнай рэчаіснасці і зварот да тых перадумоў, што вызначаюць яе актуальны стан і трапна апісваюцца ў межах феномена постпалітыкі. Апошняе таксама мае на ўвазе перагляд ролі мас у найноўшым палітычным жыцці і руплівае стаўленне да ўласцівай ім сацыяльнай дынамікі. Першым перспектыўным кампанентам новай аналітыкі ў такім разе стаецца метадалогія дыскурсіўнага аналізу, якая дазваляе дбайным чынам падыходзіць да інтэрпрэтацыі і апісання самых розных сацыяльных з’яў, выводзячы іх за межы тыпалагізаваных вызначэнняў і стэрэатыповых прачытанняў. Апрача таго, дыскурсіўнымі сродкамі магчыма даць рады аналізу такіх прынцыповых феноменаў актуальнага сацыяльна-палітычнага поля, як стратэгіі "прамога" дзеяння ў вызначэнні палітычных каштоўнасцей і ідэалаў, прадукаваныя насуперак постпалітычнай практыцы "скажэння імён", а таксама "новыя міфалогіі" як постідэалагічныя канструкты, што выконваюць зараз ролю сродкаў маніпулявання свядомасцю і падвышэння мабільнасці мас, і ў параўнанні са старымі ідэалогіямі вызначаюцца збольшага сінкрэтычным, сінтэтычным ды ірацыянальным характарам. Пры гэтым, аднак, застаюцца нявызначынымі іншыя магчымасці абнаўлення метадалогіі і мовы сацыяльнага аналізу, акрэсліць якія мы паспрабуем надалей.

Частка ІІІ

У папярэдніх частках гаворка ішла пра высвятленне тых асноўных момантаў, у межах якіх традыцыйная сацыяльная аналітыка выказвае слабасць сваёй метадалогіі і паняццёвага апарату для комплекснага разбору актуальнай сітуацыі, а таксама пра падставовыя аснаванні нашага звароту да прасцягу сацыяльнага сёння і пра тыя магчымасці, якія адчыняе перад сацыяльнай аналітыкай метадалогія дыскурсіўнага аналізу. Асабліва пры звароце да такіх новачасных феноменаў арганізацыі сацыяльнага, як практыкі "павяртання сэнсу"/"прамога дзеяння" ды постідэалогіі. Зараз гаворка мусіць пайсці пра пошукі метадычных сродкаў для аналізу іншых значных з’яў найноўшага сацыяльнага поля: сацыяльных практык як спосабаў выражэнняў адмысловых супольнасцей і салідарнасці (перадусім "спантаннай") як дзейснага сродку сацыяльнай мабілізацыі і перафарматавання палітычнага.

Нягледзячы на ўсю важкасць метадалогіі дыскурсіўнага аналізу для новай сацыяльнай аналітыкі, гэта не адзіны дапушчальны для яе спосаб даследавання сацыяльнага і палітычнага поля. Для паўнавартаснай мадэлі аналітыкі неабходна звярнуць увагу на даследаванні такіх феноменаў арганізацыі сацыяльнага, як супольнасці (у тым ліку новыя супольнасці), а таксама практыкі салідарнасці. Разгляду гэтых фактараў звычайна замінае сацыялагічны і паліталагічны мысленчы стэрэатып, які зводзіць грамадскую актыўнасць індывідаў да дзеянняў у межах грамадства як суперсістэмы альбо замацаваных грамадскіх інстытутаў (партый, рухаў, арганізацый), а феномен салідарнага дзеяння тлумачыць наяўнасцю агульных грамадскіх інтарэсаў, класавых, рэлігійных, этнічных перакананняў і пачуццяў, то бок уважае салідарнасць за прадуктспачатковага паяднання на нейкай папярэдняй аснове.

Узмацненне цікавасці да супольнасцей, спосабаў іх арганізацыі і мабілізацыйнага патэнцыялу вызначаецца ў сучаснай сацыялагічнай і філасофска-палітычнай думцы перадусім адмовай ад структурна-функцыяналісцкіх і арганіцысцкіх мадэлей разважання пра сацыяльнае і ажыццяўляецца праз выхад на паняцце сацыяльнай практыкі (што беспасярэдне робяць сучасныя тэорыі сацыяльных практык такіх вызнаных навукоўцаў, як Энтані Гідэнс і П’ер Бурдзьё). Паняцце сацыяльнай практыкі ў сваім канцэптуальным напаўненні можа быць прыпадобненае тэорыі моўных гульняў, якую яшчэ ў сярэдзіне 50-х гадоў ХХ стагоддзя пачынаў развіваць аўстра-брытанскі філосаф і логік Людвіг Вітгенштайн насуперак дактрыны Мовы як суперсістэмы. Згодна гэтай тэорыі, варта аналізаваць не Мову як агульную прастору мыслення і маўлення для ўсяго чалавецтва, а канкрэтныя моўныя практыкі, т.зв. "моўныя гульні", у якія людзі стала ўцягваюцца на працягу свайго жыцця і якія гуляюць па адрозным правілам унутраной і знешняй граматыкі і лексікі, ствараючы сапраўдныя соцыялекты, то бок спосабы камунікацыі, уласцівыя розным прафесійным, пакаленчым і іншым суполкам. Тады зразумелымі стаюцца патрабаванні наконт пошукаў "агульнай мовы" паміж рознымі грамадскімі групамі, феномены моўнага непаразумення паміж людзьмі адной нацыянальнасці і культуры і г.д.

Прыблізна ж тое самае можна акрэсліць наконт таго, што мы звыкліся ўважаць за грамадскае цэлае: за Грамадства як агульную рамку нашых сацыяльных узаемадзеянняў. Замест апеляцыі да грамадства як гэткага робіцца акцэнт на існаванні канкрэтных сацыяльных практык, у якія розныя людзі ўцягваюцца ў тыя ці іншыя перыяды свайго жыцця. Гэта могуць быць палітычныя, культурніцкія, грамадска-актывісцкія, забаўляльныя, абрадава-рытуальныя і шмат якія іншыя сацыяльныя практыкі. Часткова яны могуць судакранацца ці перасякацца, спараджаць эфекты напластавання, але кожная з іх падначальваецца ўласным правілам і нормам арганізацыі дзейнасці, паводзін, спосабаў камунікацыі і мыслення. Кшталту таго, што адзін і той жа чалавек можа быць уцягнуты ў адную сацыяльную практыку як навуковец і прадстаўнік пэўнай інстытуцыі і там падначальваць свае думкі і паводзіны адным сацыяльным нормам, і адначасова - у іншую, у якасці, напрыклад, члена дамавога самакіравання ці ўдзельніка якога-небудзь клуба гістарычных рэканструктараў. Гэтыя розныя практыкі ствараюць для такога чалавека шматзначную мадэль сацыяльнай рэальнасці, дзе розныя ягоныя практыкі могуць як судапаўняць адна адную, гэтак і ўваходзіць у супярэчнасць, ствараючы асновы для напружання і канфліктаў.

На базе розных сацыяльных практык неўзабаве могуць паўставаць лакальныя супольнасці, якія іх стала ажыццяўляюць і ствараюць механізмы першаснай кансалідацыі. Супольнасці могуць фармалізавацца ці заставацца зусім нефармальнымі як, прыкладам, тыя, што могуць утвараць удзельнікі сталых прыдамавых пасядзелак - дзеля гутаркі і сумесных забаў. Пільная ўвага да існавання падобных супольнасцей, іхняга ладу жыцця, парадку мыслення і норм паводзін можа даваць адказы на пытанні сумеснага дзеяння вонкава ніяк не павязаных паміж сабой сацыяльных дзеячоў і груп, альбо высвятляць прычыны іх магчымых канфліктаў. Напрыклад, гэта можа патлумачыць, чаму супраць палітыкі інтэнсіўнай унутраной забудовы прыдамавых тэрыторый альбо месцаў грамадскага адпачынку могуць разам (з пункту гледжання сваіх практык ці іх магчымага парушэння) выступаць прадстаўнікі экалагічных арганізацый (супольнасцей прыродаахоўчай скіраванасці), жыхары мясцовых дамоў (супольнасцей, якім парушаюць натуральнае асяроддзе іхняга ўзаемадзеяння і камунікацыі), занепакоеныя бацькі (як протасупольнасць, што ўсведамляе агульны інтарэс па захаванні асяроддзя, прыдатнага для баўлення часу з дзецьмі і сумесных форм камунікацыі), грамадскія актывісты (якія маюць адрозны погляд на развіццё ўрбаністычнай палітыкі і маюць сваю суполку аднадумцаў) і г.д.

Зразумела, што, калі гаворка тычыцца буйнейшых сацыяльных ператрусаў, кшталту акцый грамадзянскага пратэсту, рэвалюцый і інш., гэты аналіз робіцца куды як найскладаным і частку працэсаў можна апісваць зыходзячы выключна з фактараў масавай псіхалогіі і сацыялогіі мас, але гэта не адмяняе, тым не менш, неабходнасці руплівага даследавання фактаў першаснай кансалідацыі, разумення прычын і матываў уцягвання ў інтэнсіўныя грамадскія працэсы розных супольнасцей, патлумачэння прычын іхняй першаснай згоды альбо напружанасці і агрэсіі ў адносінах адна да адной. Безумоўна, паняцце супольнасці куды менш фармалізаванае і цяжэйшае для апісання і аналізу ў параўнанні з паняццямі "грамадскай арганізацыі", "партыі", "прафесійнага саюза" і г.д. Але гэтыя новыя супольнасці ("новыя" - у тым сэнсе, што сацыяльная веда іх нанова для сябе адчыняе і заўважае як новыя тыпы сацыяльных практык), якія самі могуць не да рэшты ўсведамляць уласную ідэнтычнасць, нормы і мабілізацыйны патэнцыял, прапануюць вялікія магчымасці для больш грунтоўнай веды пра сацыяльныя працэсы, фактары і прычыны іх дынамікі, чым традыцыйныя сацыялагічныя схемы, якія базуюцца на прызнанні вельмі абмежаванай колькасці суб’ектаў сацыяльнага дзеяння.

Дарэчы, што датычыцца паняцця Суб’екта дзеяння. Фактычна, выкарыстанне гэтага паняцця апелюе да логікі грамадскага актывізму, у межах якой прызнаецца права толькі вызнаным і фармальна арганізаваным структурам мець палітычнае прадстаўніцтва і выступаць у якасці агентаў сацыяльных змен. Гэтыя структуры маюць быць прадстаўленымі пэўнымі публічнымі дзеячамі (палітыкамі альбо лідарамі), якія бяруць на сябе персанальную адказнасць за тыя працэсы, да якіх яны падштурхоўваюць грамадства, але пры гэтым абапіраюцца на аўтарытэт сваёй партыі ці арганізацыі. Сёння мы можам назіраць, што шмат дзе ініцыятарамі сацыяльных зрухаў робяцца хутчэй "бессуб’ектныя структуры": нявызначаная грамадзянская супольнасць, кааліцыя пэўных партый, грамадскіх арганізацый і прыватных асоб без пэўнага і акрэсленага лідарства. Гэта можа паставіць пад пытанне неабходнасць наяўнасці вызначаных суб’ектаў сацыяльнага працэсу, таму што дзеянне можа адбывацца ад імя безасабовых структур, лідэры якіх не маюць паўнавартага мандата на рэпрэзентацыю гэтых супольнасцей, што, у прыватнасці, можна назіраць на выпадку кіеўскага Еўрамайдана. Палітыкі ці грамадскія дзеячы, якія спрабуюць прадстаўляць дадзены рух, маюць досыць абмежаваную легітымнасць у вачах шараговых удзельнікаў гэтага руху і знаходзяцца ўвесь час пад пагрозай страты гэтай легітымнасці, калі будуць спрабаваць падмяніць паспаліты інтарэс уласнымі карпаратыўнымі каштоўнасцямі. Для паліталогіі ці сацыялогіі такая бессуб’ектная палітыка спрычыняе зразумелы галаўны боль, бо не дае магчымасці аналізаваць дзеянні абмежаванага кола ўдзельнікаў грамадска-палітычных працэсаў і змушае разважаць над часам стыхійнымі праявамі падобнай "народнай дэмакратыі". У гэтым сэнсе, можна метафарычна сказаць, што традыцыйная сацыяльная аналітыка спрабуе разглядаць грамадскія працэсы па аналогіі з шахматнай гульнёй, дзе існуе вызначаная колькасць фігур і абмежаваная колькасць рацыянальных хадоў, што вядуць да выйгрышу альбо прайграння таго або іншага боку палітычнага супрацьстаяння. У той жа час, найноўшыя сацыяльныя працэсы, чым далей, тым болей, пачынаюць нагадваць старажытную гульню ў го (больш вядомую ў спрошчаным выглядзе былым школьнікам як гульня ў "кропачкі"): безліч магчымасцей для манёўра, спараджанне ўсё новых канфігурацый сацыяльнага поля пры нязначным змяненні дыспазіцыі, магчымасць для кожнага "сацыяльнага каменчыка" стаць асновай для ператварэння тактычнага паражэння ў стратэгічную перамогу. То бок логіка бессуб’ектнага дзеяння пачынае руйнаваць і скажаць логіку сацыяльна-суб’ектнай аналітыкі. І гэта таксама варта прымаць пад увагу, здзяйсняючы сацыяльную аналітыку сёння!

Такім чынам, новая сацыяльная аналітыка мусіць заняцца дбалым апісаннем і разуменнем множнасці сацыяльных практык і супольнасцей, што паўстаюць на іхняй аснове, даваць рады магчымасцям аналізу сацыяльных трансфармацый нават пры нявызначанасці тых сацыяльных суб’ектаў, якія б маглі ўзяць на сябе адказнасць за іх ажыццяўленне, падключаючы для гэтага механізмы не толькі дыскурсіўнага аналізу, але і сацыяльнага назірання і ў вельмі абмежаваным выглядзе сацыяльнага эксперыменту (напрыклад, праверкі спосабаў, рэсурсаў і гарызонту сацыяльнай камунікацыі ў межах супольнасці за кошт закідання пэўных інфармацыйных пакетаў).

Нарэшце, што датычыць феномена салідарнасці. Як ужо даводзілася, традыцыйна феномен салідарнасці разглядаецца як вытворная ад папярэдняга факта кансалідацыі пэўнай супольнасці, дзе ўнутраная салідарнасць думкі і дзеяння гарантуецца за кошт прыналежнасці чалавека да пэўнай сацыяльнай групы, яе каштоўнасцей, ідэалаў, норм і г.д. Гэта, з аднаго боку, дазваляе патлумачыць механізмы кансалідацыі і мабілізацыі ў межах сфармаваных супольнасцей пры выхадзе іх у шырэйшую прастору сацыяльных узаемадзеянняў, але, з іншага боку, ніяк, на жаль, не дазваляе патлумачыць феномены спантаннай салідарнасці, якія могуць ахопліваць людзей з рознымі палітычнымі, рэлігійнымі, культурнымі і іншымі поглядамі, прадстаўнікоў розных супольнасцей і фармальных структур. Асновай для падобнай спантаннай салідарнасці могуць рабіцца падзеі надзвычайнай моцы, якія могуць схалануць усю прастору сацыяльнага дзеяння і стацца асновай для "салідарнасці закранутых", альбо "салідарнасці шакаваных" (калі браць тэрміналогію чэшскага філосафа-фенаменолага Яна Патачкі). Такімі падзеямі могуць стацца, напрыклад, тэрарыстычныя акты як падзея нацыянальнага і нават інтэрнацыянальнага масштабу (прыкладам, 11 верасня ў ЗША), грамадзянскія хваляванні дзеля барацьбы за свае правы (кшталту "студэнцкай рэвалюцыі" у Францыі 1968 года), грамадзянскаія пратэсты і рэвалюцыі (як прыкладам, той жа ўкраінскі Майдан альбо "арабская всяна"), таксама выпадкі вонкавай агрэсіі (той жа "крымскі крызіс" 2014 года). Але гэта могуць быць і падзеі лакальнага масштабу, якія часова ствараюць падмурак для стыхійнай салідарнасці ўсіх неабыякавых людзей (прыкладам чаго могуць быць, скажамо, грамадзянскія пратэсты з нагоды плана разбурэння Севастопальскага парка ў Мінску і будавання аўтамагістралі на яго месцы ў 2008-2009 гадах).

Феномен салідарнасці, які спараджаецца закранаючай людзей падзеяй, можа істотным чынам уплываць на пашырэнне гарызантальных сувязей у грамадстве, узмацненне і павелічэнне сацыяльнай базы грамадскага дзеяння, з’яўленне новых супольнасцей з іх нетыповымі формамі самаарганізацыі, унармавання, высокім мабілізацыйным патэнцыялам і пасіянарнасцю (тут можна прыгадаць адпаведныя разважанні пра аснавасяжнасць падзеі/здарэння ў вымеры палітычнага ў французскага філосафа-лявака Алена Бадзью). Прыклады гэтага добра бачныя і на выпадку кіеўскага Еўрамайдана, для якога падобнымі аснавасяжнымі падзеямі сталіся разгон мірнага мітынгу 30 лістапада 2013 года, факт прыняцця пакета дыскрымінуючых грамадзянскія правы законаў ад 16 студзеня 2014 года, а таксама ўзброенае супрацьстаянне 20-22 лютага 2014 года, пасля якіх сацыяльная база пратэсту значна ўзрасла і захіснула раней апалітычныя ці малапалітызаваныя пласты насельніцтва, таксама ўзмацнілася скансалідаванасць і рашучасць у неабходнасці "стаяння да апошняга" за свае правы. Трохі ў меншай ступені гэта таксама было відавочна ў пашырэнні грамадзянскай салідарнасці ў Беларусі ў часе існавання феномена Плошчы-2006 і пасля брутальнага разгону мірнай маніфестацыі 19 снежня 2010 года, а таксама за часамі акцый "маўклівых пратэстаў" 2011 годзе, калі да салідарнага дзеяння па арганізацыі дапамогі "людзям у намётах", зняволеным і пацярпелым у выніку дзейнасці карных органаў далучаліся сотні і тысячы раней мала зангажаваных у палітыку людзей, калі формы "маўклівага пратэсту" злучалі і паядноўвалі ў адзінстве дзеяння прадстаўнікоў самых розных сацыяльных груп і супольнасцей, малазнаёмых ці незнаёмых паміж сабой. Іхняя спантанная салідарнасць стварала магчымасці для арганізацыі супольных дзеянняў без наладжаных папярэдніх механізмаў кансалідацыі высілкаў, мэт, тактыкі і дазваляла адчуваць салідарнасць на ўзроўні, звычайна недасяжным у паўсядзённым жыцці беларускіх грамадзян - збольшага вельмі атамізаваным.

Такім чынам, новая сацыяльная аналітыка павінна чуйна рэагаваць на з’яўленне падобных падзей як патэнцыйных пунктаў заснавання новай салідарнасці, аналізаваць іхні канкрэтны сацыяльна-мабілізацыйны патэнцыял, прагназаваць магчымасці далейшай сацыяльнай дынамікі з улікам падобных фактараў грамадзянскай салідарнасці і дзеяння на яе аснове. Гэта варта рабіць праз механізмы залучэння сацыяльнага выабражэння, то бок філасофска-канцэптуальнага складніка дзеля аналізу самой падзеі і яе патэнцыялу, а таксама выкарыстання сацыяльнага мадэлявання і сродкаў пабудовы навуковых прагнозаў дзеля працы з канкрэтнымі варыяцыямі здзяйснення сацыяльных працэсаў.

Нарэшце, варта яшчэ вызначыць астатні момант, што да высвятлення пазіцыі самога сацыяльнага аналітыка, які можа здзяйсняць прыступкі да падобнага кшталту аналізу: ці мусіць тая быць вызначаная нейкім ідэалагічным (постідэалагічным) чынам альбо мае імкнуцца да поўнай тэарэтычнай "бесстароннасці"? З аднаго боку, ніводзін даследчык не ў стане пазбыцца сваёй дзейнай сацыяльнай практыкі, у межах множнасці якіх ён ужо фактычна ўцягнуты ў пэўнае разгортванне сацыяльнай дынамікі і таму не ў ягонай моцы цалкам пазбыцца ад яе ўздзеяння на сябе. Апрача таго, як тое даводзіў нам досвед традыцыйнай аналітыкі, выбар сацыяльнай пазіцыі таксама гарантаваў выбар на карысць той альбо іншай метадалогіі даследавання (ці тое класавы аналіз, ці тое традыцыяналісцкі альбо нацыяналістычны падыход, і г.д.). Гэта ж ставіць пад сумнеў магчымасць цалкам "нейтральнай" альбо "бесстаронняй" аналітыкі, як такую спрабуюць практыкаваць даследчыкі ў межах паліталагічнага ці сацыялагічнага дыскурсу, адмаўляючы наяўнасць у сябе хаця якой актыўнай сацыяльнай пазіцыі на карысць пазіцыі навуковай. Але, з іншага боку, прыняцце новай сацыяльнай аналітыкі не мусіць быць зразуметае як усталяванне, напрыклад, неаліберальнага падыходу (які, дарэчы, найбольш любіць хавацца пад маскаю бесстароннасці) насуперак сацыялісцкаму альбо кансерватыўна-традыцыяналісцкаму. Яна сапраўды можа ствараць новую сацыяльную оптыку і новыя спосабы апісання і інтэрпрэтацыі сацыяльнага, аднак не ў межах нейкай абранай сацыяльнай тэорыі ці ідэалогіі, але хутчэй як працоўны інструмент, да сферы дзеяння якога кожны сацыяльны аналітык можа дадаваць уласную сацыяльную ці практычную пазіцыю. Гэта не робіць ідэалагічнае скажэнне падобнай аналітыкі прадвызначаным ці неадступным, але пакідае тое ў залежнасць ад крытычнай пазіцыі самога даследчыка, які можа здолець таксама прааналізаваць і аснаванні ўласнага сацыяльнага выабражальнага, ягоную ангажаванасць у існыя сацыяльныя практыкі і спароджаныя імі эфекты ідэалагічнай ці постідэалагічнай маніпуляцыі. Іншымі словамі, новая сацыяльная аналітыка можа быць скарыстаная, у тым ліку, і дзеля таго, каб скарэктаваць нашыя ўяўленні пра "бесстароннасць" сваёй пазіцыі, спрычыняючы магчымасці істотнага змянення і нашай дзейнай сацыяльнай практыкі.

Калі падсумаваць усё сказанае раней, можна зрабіць наступную агульную выснову. Новая сацыяльная аналітыка не зыходзіць з неабходнасці татальнага супрацьстаяння і адмаўлення ўсіх папярэдніх форм аналітыкі, якія прыкладаліся да традыцыйных ці раннемадэрных форм арганізацыі сацыяльнага і палітычнага: яна нават можа прызнаваць іхнюю дзейснасць, што да апісання і інтэрпрэтацыі сацыяльнага поля, калі справа тычыцца шэрагу з’яў традыцыйнага зместу. Зыходзячы з таго факту, што ў грамадскім поле суіснуюць праявы самых розных узроўнях арганізацыі сацыяльнага жыцця, рэліктавыя формы сацыяльнага мыслення і дзеяння могуць супадаць па часе існавання з ультрасучаснымі. Але пры гэтым новая сацыяльная аналітыка патрабуе ўжывання прынцыпова новых падыходаў да вызначэння свайго праблемнага поля, метадалогіі працы, калі справа тычыцца тых найноўшых форм сацыяльнай і палітычнай практыкі, якія традыцыйная аналітыка паўнавартасна патлумачыць не ў стане. Гэта тычыцца як апісання новых феноменаў постпалітычнага свету з пункту гледжання магчымасцей дыскурсіўнага і герменеўтычнага аналізу, гэтак і разумення такіх фактараў дынамікі сацыяльнага жыцця, як новыя супольнасці і спантанная салідарнасць - праз механізмы сацыяльнага апісання і эксперымента, сродкі канцэптуалізацыі, мадэлявання і прагназавання. Спрактыкаванасць у новай сацыяльнай аналітыцы стварае магчымасці не толькі для навуковага апісання і прагностыкі, але і дазваляе непасрэдна ўплываць на існыя сацыяльныя практыкі, высвятляючы іхнія магчымасці і даючы разуменне верагодных стратэгій і тактыкі сацыяльнай трансфармацыі. Апошняе набліжае новую сацыяльную аналітыку да сацыяльнай крытычнай тэорыі, хаця і пакідае першую ў выключна аналітычнай прасторы, не спакушаючы на стварэнне арыгінальных тэорый сацыяльнай эмансіпацыі, як тое прынята ў межах другой.

 

______________________________

 

1. У беларускім кантэксце прадстаўленая групай левых інтэлектуалаў, што гуртуюцца вакол часопіса "Прасвет", а таксама паасобнымі аналітыкамі беларускай сацыял-дэмакратыі, кшталту Анатоля Сідарэвіча. У кантэкст гэтай працы не ўваходзіць падрабязны разбор тэкстаў памянёных аўтараў, хутчэй гэтая ўзгадка пра іх патрэбная для лепшага атаесамлення разгледжанай пазіцыі з дзейнасцю канкрэтных носьбітаў ідэі ў межах вылучэння агульнага трэнда.

2. Прадстаўленая ў мясцовых рэаліях з боку традыцыяналістаў праектам "Цытадэль", кансерватыўным цэнтрам "Номас", часопісамі і альманахамі "Druvis" і "Сівер", а з нацыяналістычнага боку шэрагам ідэолагаў нацыянальнага адраджэння, такімі як Сяргей Дубавец, Зянон Пазняк і г.д.

3. Пра што мне ўжо даводзілася пісаць, напрыклад, тут: Постполитика по-белорусски: к учреждению смысла в политике.

4. У сваёй вядомай працы "Наглядаць і караць: нараджэнне вязніцы" (1975) французскі культуролаг і філосаф Мішэль Фуко апісвае новую канфігурацыю ўлады, якая вызначаецца, між іншым, ананімнасцю яе прадстаўнікоў (безаблічнасць бюракратыі), усепаднагляднасцю дзеянняў індывіда, дысціплінарным ладам жыцця ад школы да працы і ўсепранікальнасцю ўладных стасункаў у жыццё чалавека.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео