BE RU EN
rss facebook twitter

Таццяна Драздоўская: Сцяг незалежнасці — бел-чырвона-белы

17.01.2014
Таццяна Драздоўская: Сцяг незалежнасці — бел-чырвона-белы
Личности
Лідэр нацыянальнай каманды Таццяна Драздоўская летась упершыню ў гісторыі Беларусі ўзначаліла ўсясветны рэйтынг Міжнароднай федэрацыі паруснага спорту ў класе суднаў «Лазэр-Радыял».

На фінішы году Таццяна не пакінула шанцаў суперніцам на чарговым этапе ў акваторыі ціхаакіянскага заліву Порт-Філіп у Аўстраліі. А днямі выпраўляецца на буйныя спаборніцтвы ў Маямі. Чэмпіёнка свету, пераможца этапаў Кубкаў свету, уладальніца Кубкаў Еўропы — пра сябе, радзіму, родную мову і нацыянальныя сімвалы ў інтэрв'ю Радыё Свабода.

— Таццяна, як становяцца «марскімі» чэмпіёнамі ў краіне, дзе мора няма? Адна справа — веславанне, дзе поспехі беларусаў таксама істотныя, але трэніравацца можна на каналах, рэках, азёрах. І зусім іншае — парусны спорт.

— Ужо амаль стандартная сітуацыя, калі мяне запытваюць: як бяз мора, на маленькім возеры, мог вырасці чэмпіён свету? Шчыра кажучы, самае галоўнае — атрымаць школу. Паверце, асноўныя азы можна атрымаць на любым вадаёме, на любым вадасховішчы. Яскравы прыклад: у Польшчы ёсць цудоўная база Мрангова на Мазурах, там нават спартыўны парусны інтэрнат. Гэтае возера, напэўна, разоў у пяць меншае за наша Мінскае мора, яно ж Заслаўскае вадасховішча. Прыблізна як Камсамольскае возера, дзе цяпер зрабілі Парк Перамогі. Але на базе ў Мрангова выраслі практычна ўсе лепшыя яхтсмены Польшчы. Так, я не вырасла на цячэнні, і з цячэннем мне ганяцца даволі складана, бо спецыфіка мора, вядома, унікальная, свае нюансы мае спецыфіка цячэння. Тым не меней, калі правільна зразумець спецыфіку хвалі (нават у азёрных умовах з маленькай хваляй), то на моры ганяцца нашмат лягчэй. Толькі трэба правільна паставіць гэтую тэхніку.

— Фактычна 8–9 месяцаў з 12 вы праводзіце за мяжой. Якая частка свету найбольш блізкая вам паводле менталітэту? Дзе народ найбольш блізкі па духу?

— Я, напэўна, нідзе і ніколі не знайду нічога больш блізкага па духу, бо ўсё роўна застануся ў Беларусі. Не змагу памяняць на нешта іншае сваю радзіму, як гэта ні пафасна гучыць. Адзіны, як мне падаецца, больш-менш падобны да нас народ, — гэта палякі. Але ніяк не далей.

— Афіцыйная ідэалогія сцвярджае, што беларусы браты навек выключна з рускімі, а з палякамі — ледзьве не ворагі...

— Не. З рускімі кантактаваць складана. Хоць мне днямі і сказалі, што я нахабная, але сама я звычайна лічу нахабнымі менавіта рускіх, бо ў гэтым даводзіцца часцяком пераконвацца. У мяне шмат рускіх сяброў-спартоўцаў, пра якіх я нічога дрэннага не магу сказаць. Але калі шмат ездзіш па свеце, у вялікай колькасці сутыкаешся з рускімі, якія ставяць сябе такім чынам, як быццам ім нехта нешта вінен. Вось гэтага я не люблю. Не люблю, каб гэтак жа ставіліся да мяне, таму стараюся заўсёды паводзіць сябе ціха-мірна. Я ўвогуле рэдка канфліктую, але калі ўжо канфліктаваць, то дзеля таго, каб адстойваць справядлівасць. Рускім гэтага бракуе. Таму ў гэтым выбары я, натуральна, больш схільная да палякаў, чым да рускіх. Рускія — не, яны дакладна не ў маім спісе прыярытэтаў.

— Цягам мінулага году шэраг беларускіх спартоўцаў акрэслілі сваю грамадзянскую пазіцыю, станоўча выказаўшыся адносна беларускай мовы, гісторыі і культуры...

— Цалкам з імі салідарная. Але, шчыра кажучы, з улікам таго ж польскага фактару я, здараецца, блытаю польскія словы з беларускімі. Мой сын Коля пайшоў у школу, і калі я з ім раблю ўрокі, пачынаю гаварыць па-беларуску, мяне мама папраўляе: «Таня, гэта не беларускае слова, а польскае». Сорамна, але я сапраўды часам блытаюся. Хоць я абсалютная прыхільніца таго, што мы беларусы і павінны размаўляць па-беларуску. Сама я вельмі люблю беларускую мову, у захапленні ад беларускіх песень. У пэўнай ступені я, канечне, патрыёт сваёй Беларусі. Многія, асабліва мамінага пакалення, сябры гавораць: «Таня, у цябе такая магчымасць з'ехаць, дзесьці застацца, што ты тут робіш?» А я не магу. Так, магчыма, у нас у чымсьці складаная палітыка, я гэта таксама разумею. Аднак я беларуска, менталітэт у мяне наш, беларускі, і туды я магу паехаць толькі ў госці. Жыць дзесьці я не змагу. Жыць можна і ў нас, іншая справа — як? Але ў маім выпадку ўсё дастаткова проста: я люблю Беларусь і люблю нашых людзей. Так, людзі ўсе розныя, але ў асноўнай сваёй масе беларускі народ добры і прыветлівы. Вось і я такая ж, спадзяюся.

— Але чаму «добрыя людзі» не хочуць зразумець, што, жывучы ў сваёй краіне, важна гаварыць на сваёй мове, ведаць сваю гісторыю ад глыбіні вякоў, а не ад 1917 году? Чаму бязвольна растварыліся ў рускім асяроддзі?

— Мая мама з вёскі, з-пад Узды. Яна згадвае, што калі прыехала ў Менск, то, зразумела, гаварыла па-беларуску. З яе многія смяяліся, было шмат насмешак. Для маладой дзяўчыны гэта было, канечне, балюча. І тады яна пачала старацца гаварыць рускай мовай. Таму калі мы з братам Сяргеем былі маленькія, каб з нас не насміхаліся, мы выхоўваліся рускамоўнымі. Думаю, такое перажыла бальшыня сем’яў, якія пераехалі ў горад. На лета прыязджаючы ў вёску, натуральна, мы моцна папаўнялі беларускі запас, разумелі сэнс усіх словаў. Але цяпер сітуацыя іншая. Мы чытаем Мікалаю кніжкі на беларускай мове, народныя казкі, і парой я ад яго чую: «Мама, а што гэта значыць? Нічога не разумею, што ты прачытала». Мне так дзіка. Здавалася, калі нарадзіўся ў Беларусі, ужо на генетычным узроўні павінен разумець беларускую мову. Даводзіцца канстатаваць, што не. І гэта насамрэч праблема, якую я спрабую выправіць. І дагэтуль вадзіла яго на беларускія спектаклі, а цяпер цешыць, што калі ён пайшоў у школу, у іх там шмат пазнавальных экскурсіяў, паходаў у тэатры, у тым ліку беларускія. Напэўна, мяне таксама трэба дзесьці прымусіць, прышчаміць, каб я пачала гаварыць па-беларуску.

— Вам даводзілася асабіста пераконвацца, што беларусы «забуксавалі» ў савецкім мінулым?

— Прыкладам, калі я пачынаю размаўляць з літоўцамі — а ў нас у Літве ёсць сябры, добрыя знаёмцы — яны пачынаюць атакаваць: ну што Беларусь? Вось Літва — сіла, наша Вялікае Княства Літоўскае і г.д. Мяне гэта так бярэ за душу, што я адразу пачынаю спрачацца: на якой падставе яны «прыватызавалі» ВКЛ? Тым не меней яны перакананыя, што гэта мы не ведаем гісторыі, нам няправільную падаюць інфармацыю і гэта мы, беларусы, сапраўднай праўды не ведаем. На гэтай глебе ў мяне з імі ідзе вайна. Але гэта яскравы паказнік таго, як можна перакруціць факты на сваю карысць. Літоўцы ўжо напраўду вераць, што Вялікае Княства Літоўскае было іхным. А вось беларусам у большай масе ўсё роўна. Зноў жа, я за гэта не віню беларусаў, бо гэта палітыка краіны такая. Я лічу так: каб палітыка дзяржавы была накіраваная на падачу гістарычнай праўды, то і народ цягнуўся б за гэтымі ведамі. А тут курсы, на жаль, не супадаюць.

— У той час як літоўцы карыстаюцца «Пагоняй», у Беларусі фактычна забаронены і гістарычны герб, і бел-чырвона-белы сцяг. А хто пад ім ходзіць, аўтаматычна прыраўноўваюцца да апазіцыянераў...

— Я лічу, што гэта перабор. У кожнага свая праўда. Я такіх забаронаў абсалютна не разумею. У мяне бацька вельмі добра ведаў нашу гісторыю і яшчэ за савецкім часам сам пашыў бел-чырвона-белы сцяг. Яны з мамай часта хадзілі ў паходы, захапляліся водным турызмам, да траўмы брата прайшлі ўвесь Савецкі Саюз ад Камчаткі да Ўзбэкістану і Кіргізстану, шмат дзе пабывалі. І бацька ўвесь час на байдарцы мацаваў бел-чырвона-белы сцяг. Апазіцыянерам я яго не магу назваць, ён быў проста адукаваны чалавек. Калі на пачатку 1990-х Станіслаў Шушкевіч стаў кіраўніком Беларусі, тата быў надзвычай задаволены, вельмі ганарыўся за краіну. Я таксама люблю бел-чырвона-белы сцяг за тое, што гэта наша гісторыя. Яна была, навошта яе адкідваць? Шмат людзей лічаць, што ў нас гістарычна павінен быць гэты сцяг. Дзеля Бога! Дайце ім такую магчымасць, каб яго прынамсі ўшаноўваць, чаму не? Гэта ж гісторыя, яе змяніць нельга, гэта ўжо адбылося! Тым больш, па часе гэты сцяг быў нашмат даўжэй, чым чырвона-зялёны.

— Вам давялося выступаць на спаборніцтвах пад бел-чырвона-белым?

— На адным з чэмпіянатаў свету ў Галандыі, калі я толькі пачынала ў парусным спорце, да нас падыходзяць арганізатары і запытваюць: скажыце, які ваш сцяг? І паказваюць бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны. Мы з трэнерам выбралі бел-чырвона-белы. Прычым гэта было ўжо ў 1998 годзе. Хацелася пачуцця сапраўднай датычнасці да беларускага народу, нацыі. Для мяне бел-чырвона-белы — гэта сцяг незалежнасці. То бок — гэта свабодная краіна, незалежная краіна. Усё ж чырвона-зялёны — гэта сцяг савецкай рэспублікі. Я не спрачаюся: мы цяпер незалежныя, так. Але, прыкладам, я ў душы вельмі баюся, каб мы не патрапілі пад Расію. Я насамрэч баюся, каб не паўтарылася сітуацыя Савецкага Саюзу. Расія вельмі вялікая і нахабная, і я апасаюся, што наша маленькая краіна проста не вытрымае гэтага прыгнёту, якому з нашымі людзьмі супрацьстаяць надзвычай складана. Вядома, я вельмі жадаю, каб у нас была незалежная, вольная краіна. Чаму тыя самыя літоўцы, латышы, эстонцы, у якіх дзяржавы яшчэ меншыя, насамрэч незалежныя, размаўляюць на сваіх родных мовах? Я гэтага таксама вельмі хачу.

— Вы асабіста адчуваеце падзел у грамадстве на «чэсных» і «нячэсных»? Пісьменнікі, мастакі, журналісты, ня кажучы пра палітычных і грамадскіх актывістаў, — усе яны альбо «добранадзейныя», альбо не...

— Такое сапраўды ёсць. Калі казаць, прыкладам, пра нашага славутага Васіля Быкава, якога я вельмі люблю як пісьменніка, то яго фактычна нідзе няма! Мая мама да гэтага часу не можа супакоіцца: як гэта ў нас у Мінску няма вуліцы Быкава? Ёсць, кажа, бульвар Мулявіна, але няўжо ягоны ўнёсак настолькі большы, чым Быкава? Хоць, канечне, і неаспрэчны. Насамрэч маем факт: чалавек прызнаны ва ўсім свеце, і каб адносінамі да яго дэманстраваць такую непавагу да ўласнай культуры — шчыра кажучы, у галаве не ўкладваецца. Дарэчы, я да гэтага часу не магу прызвычаіцца да перайменаванага праспекту Машэрава: адкрываюцца іншыя вуліцы, няўжо нельга там эксперыментаваць? Навошта ламаць тое, што ўжо склалася гістарычна? Быў праспект Францішка Скарыны. Выбітны беларускі дзеяч, такая фігура, усясветная гісторыя! І куды яго перасунулі? Тая ж экскурсія замежных турыстаў: вы едзеце па праспекце Скарыны. «Хто гэта?», — пацікавяцца людзі і прынамсі атрымаюць адказ. А цяпер? «Вы едзеце па праспекце Незалежнасці». Хто-небудзь задасць пытанне? Пра што? Вядома, ёсць шмат момантаў, якія не падабаюцца.

— Дзякуючы брату Сяргею, каардынатару Офіса па правах людзей з інваліднасцю, вы, напэўна, кантактуеце з прадстаўнікамі «трэцяга сектару». Чаму, адрозна ад іншых краінаў, беларускія ўлады, па сутнасці, ігнаруюць грамадзянскую супольнасць?

— Мая думка такая: разумных людзей проста баяцца. Гэта ўжо амаль не сакрэт. Так, я кантактую з Аленай Танкачовай, нас сапраўды пазнаёміў Сяргей. У мяне, шчыра кажучы, быў шок, калі я трапіла ў тое асяроддзе. Я проста сядзела, маўчала і слухала. Найперш, я трапіла ў асяроддзе неспартыўнае, абсалютна для мяне нязвыклае. І для мяне радыкальная змена абстаноўкі аказалася вельмі цікавай. Людзі цудоўна ведаюць тую гісторыю, якую не выкладаюць у школах, у ВНУ — гісторыю, скажам так, сапраўдную. Нават калі я задаю Лене і яе сябрам нейкія пытанні і яны пачынаюць адказваць, мне проста падабаецца іх слухаць. Таму што яны расказваюць такія рэчы, якіх я сапраўды не ведаю. Нават не тое што нейкія палітычныя рэчы, не. Гаворка пра Беларусь, пра нашу гісторыю, пра асобныя моманты, якія мне цікавыя, але я пра гэта нідзе не прачытаю. Магчыма, што на самой справе я гэтымі тэмамі дагэтуль асабліва і не цікавілася, але цяпер давялося на многае адкрыць вочы.

— То бок пэўныя абставіны прымусілі зацікавіцца палітыкай?

— Я цудоўна ведаю, якая ў краіне палітыка. Я цудоўна ведаю, як ставяцца да апазіцыянераў. Я нават ведаю такую сітуацыю, што былую настаўніцу Сярожы, класную кіраўніцу, папрасілі звольніцца са школы, таму што яна нейкім чынам была звязаная з апазіцыяй. Я лічу, што гэта так няправільна! У кожнага чалавека ёсьць свой пункт гледжання, навошта кагосьці за гэта душыць? Так, людзі розныя, але ж яны не ворагі сваёй краіне! Можа, не ведаю, наверсе баяцца нейкага перавароту? Але ж гэта глупства! Пераварот будзе, калі людзям не даваць выказвацца. Таму, калі я ўсё шырэй пазнаю кола зносінаў Сяргея, мне ўсё больш цікава адкрываць для сябе штосьці новае, бо я трапляю ў зусім іншы свет. Адназначна сказаць, за што я іх паважаю, наўрад ці можна. Але для мяне гэта сапраўды людзі з нейкага іншага вымярэння. Яны сапраўды вельмі разумныя, вельмі шмат ведаюць і рэальна робяць для краіны.

— Таццяна, якія спаборніцтвы вас чакаюць бліжэйшым часам?

— 19 студзеня я адлятаю ў Маямі, там будзе трэці этап Кубку свету гэтага году, бо два леташнія — кітайскі і аўстралійскі этапы Кубку свету — пайшлі на 2014 год. Потым, на пачатку красавіка, на Пальма-дэ-Мальёрка заплянаваны чацвёрты этап Кубку свету, а пры канцы красавіка ў Францыі стартуе пяты, апошні этап Кубку свету. Пасля гэтага распачнуцца этапы Кубку Еўропы, чэмпіянат Еўропы і чэмпіянат свету. Першынства Еўропы ў мяне сёлета будзе ў Харватыі, у чэрвені, а чэмпіянат свету, ужо ліцэнзійны, таму што будуць разыгрывацца першыя ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2016 году, пройдзе ў верасні ў Іспаніі, у Сантандэры.

Таццяна Драздоўская нарадзілася 6 снежня 1978 году ў Мінску, скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Будучая чэмпіёнка свету спярша пачала займацца ў секцыі плавання, а ў 14 гадоў перайшла ў парусны спорт. Упершыню выступіла на спаборніцтвах «Кубку Мінску», а ў 1996 годзе яе залічылі ў штатны склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Міжнародны дэбют адбыўся ў 1997-м на «SpaRegatta» у галандскім Мэдэмбліку. У 2000 годзе выканала нарматыў майстра спорту міжнароднага класу. У 2007-м стала чэмпіёнкай свету. Удзельніца чатырох Алімпійскіх гульняў, кандыдатка на ўдзел у Алімпіядзе-2016 у Бразыліі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео