BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Шляхамі паўстанцаў: падарожжа ў невядомую Беларусь

24.06.2013 Зміцер Казлоўскі, ЕўраБеларусь
Шляхамі паўстанцаў: падарожжа ў невядомую Беларусь
Прэзентаваны 22 чэрвеня новы экскурсійны маршрут па мясцінах, звязаных з Паўстаннем 1863-64 гг., адкрывае новыя кропкі на турыстычнай мапе Беларусі.

Маршрут быў распрацаваны ў межах грамадскай кампаніі “1863” пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыюму “ЕўраБеларусь”.

Як адзначыў падчас прэзентацыйнай экскурсіі гід Цімафей Акудовіч, распрацоўваючы гэты маршрут, ён свядома абіраў месцы, мала вядомыя большасці беларускіх турыстаў. У выніку вандроўка дае магчымасць не толькі атрымаць новыя веды пра Паўстанне, але і адкрыць для сябе некалькі новых месцаў на мапе Беларусі.

Плябань (Маладзечанскі раён)

Першым пунктам вандроўкі стаўся касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, які пасля Паўстання быў перададзены праваслаўнай царкве нібыта за тое, што тутэйшы ксёндз захоўваў у храме зброю для паўстанцаў. Ці так яно было, ці не –сказаць дакладна даволі цяжка, але ж у той час такая практыка была вельмі распаўсюджанай. Прычым нагодай для пераводу храма ў праваслаўе маглі быць не толькі рэальныя факты супрацы касцёлу з паўстанцамі, але і неабгрунтаваныя паклёпніцкія даносы.

На сёння храм перададзены праваслаўнай царкве, але знаходзіцца ў стадыі доўгае рэстаўрацыі.

Каля Плябані знаходзяцца старыя каталіцкія могілкі, на якіх знаходзіцца пахаванне паўстанцаў, якія загінулі ў першым узброеным сутыкненні з царскімі войскамі на тэрыторыі Беларусі ў 1863 годзе. У гэтай магіле палеглі паўстанцы Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант і Леапольд Панькоўскі, якія загінулі ў баі у вёсцы Свечкі у сакавіку 1863 года.

Латыголь (Вілейскі раён)

Тутэйшая драўляная царква Святога Мікалая была пабуданаваная ў XVIII стагоддзі. Як заўважыў Цімафей Акудовіч, драўляныя храмы ў найбольшай ступені адлюстроўваюць уласна беларускі стыль у архітэктуры, выпрацаваны за доўгія стагоддзі тутэйшымі дойлідамі.

Беларускія цэрквы і касцёлы былі тымі месцамі, дзе паўстанцкія атрады, заходзячы ў вёскі, вялі гутарку з сялянамі, спрабуючы загітаваць іх пайсці на змаганне. Зрэшты, шырокага водгуку сярод сялянаў ідэі паўстанцаў так і не атрымалі. Прычынаў даволі шмат: і палітыка расійскіх уладаў, якія імкнуліся рознымі “пернікамі” перацягнуць сялянства на свой бок, і недавер мужыкоў да шляхты, якая складала аснову паўстанцкіх атрадаў, і цвярозае разуменне таго, што дрэнна ўзброеныя нешматлікія паўстанцы не змогуць супрацьстаяць добра падрыхтаванаму расійскаму войску.

Варта прызнаць, што і сярод дробнай засцянковай шляхты, якая была стрыжнем паўстанцкага руху на Беларусі, было не так шмат адважных людзей, гатовых пайсці на змаганне. Паўстанец Яўген Кавалеўскі, які дзейнічаў у мясцінах, па якіх праходзіла экскурсія, сутыкнуўся з тым, што з 60 чалавек, якія папярэдне пагадзіліся ўступіць у ягоны атрад, у прызначаны час на змаганне прыйшло толькі 9. У выніку Кавалеўскі вымушаны быў рушыць на злучэнне з атрадам Вінцэнта Козел-Паклеўскага. Па ягоных слядах рушыла і наша экскурсія.

Вялікая Сэрвач (Вілейскі раён)

На могілках каля мястэчка знаходзіцца капліца-пахавальня роду Козел-Паклеўскіх.

У Паўстанні 1863-64 гг. удзельнічалі пяцёра братоў Козел-Паклеўскіх. Палкоўнік Ян Козел-Паклеўскі збіраўся удзельнічаць у Паўстанні на малой радзіме. Але паколькі расійскія ўлады выйшлі на ягоны след, Ян быў вымушаны з’ехаць у Варшаву, дзе стаў адным з кіраўнікоў Паўстання і быў камендатам гораду. Кіраваць атрадам застаўся Вінцэнт Козел-Паклеўскі, які, разам з братам Міхалам загіне ў баі каля вёскі Уладыкі. А Юзаф і Зянон Козел-Паклеўскія перажывуць Паўстанне, але будуць сасланыя ў Омск і Арэнбург.

Ад былога родавага палацу Козел-Паклеўскіх у Сэрвачы амаль нічога не засталося. А вось ад тутэйшы бровар выкарыстоўваўся да 90-х гадоў XX стагоддзя. Праўда, і ягоны стан зараз – далёка не найлепшы.

Даўгінава (Вілейскі раён)

Касцёл Святога Станіслава быў пабудаваны ксяндзом Юзафам Львовічам на месцы старога драўлянага касцёла. А грошы на пабудову, паводле легенды, удалося знайсці пасля сустрэчы Львовіча са сваім таварышчам па таварыстве філарэтаў Тамашам Занам, які выпадкова праязджаў праз Даўгінава. Тамаш Зан, які быў у ссылцы ў Арэнбурзе, адкрыў там золата. І вырабленую з гэтага золата табакерку ён падарыў Юзафу Львовічу, сказаўшы, што той пабудуе за яе новы касцёл. У адказ Львовіч падарыў Зану адзін злоты, сказаўшы, што той зможа купіць за яго сабе вёску. Праз пэўны час усё менавіта так і сталася.

Менавіта каля касцёла Святога Станіслава і зачытвалі паўстанцы свой маніфест сялянам, якія сабраліся на адзін з кірмашоў, што рэгулярна адбываліся ў Даўгінаве. Магчыма, што адной з памылак паўстанцаў на Беларусі было зачытванне маніфесту, складзенага ў Варшаве, у якім шмат увагі надзялялася аднаўленню Рэчы Паспалітай (Польшчы). Заклікі да вызвалення Польшчы не моцна краналі мясцовых мужыкоў. У гэтым сэнсе ”Мужыцкая праўда” Кастуся Каліноўскага і іншыя падобныя да яе выданні былі значна больш трапнымі.

Альковічы (Вілейскі раён)

Звярталіся паўстанцы да сялянаў і каля касцёлу ў Альковічах. Цяперашні мураваны касцёл быў пабудаваны на пачатку XX стагоддзя і з падзеямі паўстання непасрэдна не звязаны. Але ўскосная сувязь усё ж такі ёсьць. Справа ў тым, што менавіта на пачатку XX стагоддзя расійскі цар адмяніў забарону на пабудову каталіцкіх храмаў на беларускіх землях. І тутэйшая шляхта, якая дзесяцігоддзямі адкладала на гэта грошы, змагла за кароткі час пабудаваць у розных кутках Беларусі шмат прыгожых храмаў.

Уладыкі (Вілейскі раён)

Менавіта каля Уладыкаў адбыўся апошні бой атрада Вінцэнта Козел-Паклеўскага, у якім паўстанцы пацярпелі паразу. Загінулыя паўстанцы былі пахаваныя ў лесе нападалёк. На жаль, ні імёны, ні нават дакладная колькасць палеглых у магіле, невядомыя. Разам з тым, вельмі важна, што мясцовая супольнасць падтрымлівае памяць пра гэтае месца і рэгулярна наводзіць на месцы пахавання парадак. Менавіта такія дзеянні надаюць сэнсу таму змаганню, на якое ішлі паўстанцы ў 1863 годзе, часцей за ўсё загадзя ведаючы пра немінучую паразу і нават пагібель.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео