BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Гісторыкі Беларусі і Літвы дыскутавалі пра ролю сваіх продкаў у ВКЛ

07.05.2013
Гісторыкі Беларусі і Літвы дыскутавалі пра ролю сваіх продкаў у ВКЛ
Публічная дыскусія «Ці ёсць супярэчлівасць беларускай і літоўскай візіі гісторыі ВКЛ навуковай і палітычнай праблемай?» з удзелам беларускіх і літоўскіх гісторыкаў прайшла ў Мінску 4 мая.

«Мы маем адзінае цэлае, якое называецца Вялікае Княства»

«Менавіта таму, што дыскусіі вядуцца вакол гэтага адзінага цэлага, яны такія палкія, — распачаў гаворку гісторык Алег Дзярновіч, піша "Наша ніва". — Што тычыцца найноўшага этапа гэтай дыскусіі, то ён мае т.зв. родавую траўму. Стартавым пунктам стала публікацыя кнігі Міколы Ермаловіча, які пісаў яе ў падполлі, яна цыркулявала ў падполлі ў вельмі абмежаваным коле беларускай інтэлегенцыі, і толькі ў другой палове 80-х, калі гэта кніжка здолела апублікавацца, яна сваім заяўленнем нанесла траўму літоўскай акадэмічнай супольнасці. Пры тым, што многія базавыя палажэнні канцэпцыі Ермаловіча не вытрымалі выпрабавання часу, мала хто ўспрымае яе як адэкватную.

Пытанне наконт таго, было ці не было заваяванне… Калі разглядзець гісторыю ранніх дзяржаў – без прымусу, без ціску яны не ствараліся. Што тычыцца прыняцця канцэпцыі літоўскім бокам… Я прывяду Вам назву рэцэнзіі спадара Гудавічюса, якая з’явілася пасля кніжкі Ермаловіча: «Слон то слон, а был лі он?» Яна сведчыць пра палемічны запал, які ўзнік пасля».

Такім чынам, канцэпцыя Ермаловіча, можа, і не спраўдзілася, але дала імпульс спрэчкам і дыскусіям, ускалыхнула гістарычную свядомасць беларусаў. Сёння ёсць магчымасць у больш разважлівым тэмпе размаўляць пра гэтыя праблемы супольнага мінулага.
«Можа, з беларускага боку гэта і выглядае як дыскусія, але я б сказаў, што Ермаловіча за сур’ёзнага гісторыка ў Літве не лічылі, — адказвае доктар гісторыі Русціс Камунтавічус, — і рэцэнзія гэтая даволі жорсткая, рэцэнзент сур’ёзна паглядзеў на Ермаловіча і не пакінуў камня на камяні. Пасля хтосьці таксама рэагаваў на Ермаловіча і іншых беларускіх гісторыкаў, якія хацелі штосьці падобнае зрабіць, але там часцей за ўсё працы неадэкватныя, яны не сыходзяцца. Я не ведаю, як іншыя, але я так адчуваю рэакцыю літоўскіх гісторыкаў на беларусаў, якія робяць штосьці вось у гэтым трэндзе Ермаловіча».

«Гістарыяграфія можа мець уплыў на свядомасць»

У чэрвені 1992 г. у Гервятах адбыўся круглы стол, які меў удакладніць пэўныя пытанні адносна супольнай гісторыі Літвы і Беларусі. Гэта было неўзабаве пасля таго, як беларусы здабылі незалежнасць (Літва абвясціла трошкі раней), і было ясна з абодвух бакоў: сканчаецца каланіяльная гісторыя Беларусі, наша краіна будзе выпрацоўваць уласнае суб’ектнае бачанне гісторыі, напісанае не з пазіцыі Масквы, не з пазіцыі Варшавы, не з пазіцыі Вільні, а з пазіцыі Мінска. І палічылі за патрэбнае ўступіць у дыялог, каб узгадіць некаторыя моманты адносна ўтварэння ВКЛ.

У якасці прыкладу доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч прыводзіць цытату з сустрэчы: «ВКЛ можна вызначыць як беларуска-літоўскую ці, раўназначна, літоўска-беларускую дзяржаву, улічваючы пры гэтым уклад, які ў палітычнае і культурнае развіццё ВКЛ працяглы час уносіў украінскі народ».
«Вось такая навукова і палітычна карэктная фармуліроўка, — працягвае спадар Краўцэвіч, — якая на той час магла стаць асновай для выпрацоўкі супольнай гісторыі. Але праз два гады да ўлады прыйшоў Лукашэнка, які пачаў ліквідацыю нацыянальнай канцэпцыі гісторыі праз забарону падручнікаў. Адносна ВКЛ канцэпцыя такая: злыя літоўцы беларусаў заваявалі, добрыя расейцы – вызвалілі.

І калі выйшла мая манаграфія пра стварэнне ВКЛ, то рэцэнзент А.Дубоніс на гэты мой ўпамінак пра дамоўленасць пасмяяўся, што гэта як бы дырэктывы камуністычнай партыі. Пасля змены палітычнай сітуацыі ў краіне нашыя літоўскія калегі не бачылі патрэбы ў дыялогах і ўзгадненні агульных падыходаў адносна ВКЛ. Сітуацыя вярнулася ў статус-кво як пры СССР.

Але прайшло 20 гадоў, і аказалася, што незалежная беларуская гісторыяграфія можа мець уплыў на масавую свядомасць, у першую чаргу — на адукаваную частку беларускага грамадства. Таму, дзякуючы нашым высілкам, адукаваныя беларусы перакананыя, што ВКЛ з’яўляецца і беларускай, і літоўскай дзяржавай. А найбольш радыкальна перакананыя лічаць, што ВКЛ наагул толькі беларуская дзяржава, я да такіх не належу».

«Літоўцы бегаюць з палкамі, усіх б’юць»

Падчас дыскусіі таксама ўзнікла пытанне наконт канцэпцыі, якую адной са сваіх кніг прапанаваў Алесь Краўцэвіч. Маўляў, ВКЛ пачалося з аб’яднання беларусаў і літоўцаў…

«Вось з аднаго боку былі беларусы, — уступае ў дыскусію Русціс Камунтавічус, — з культурай, гарадамі і ўсім такім, а літоўцы мелі мілітарную моц, і вось гэтае яднанне адбывалася мірна. Гэта значыць інтэрас: у літоўцаў энергія, але культуры няма, яны бегаюць там з палкамі, усіх б’юць, але ў галаве там, значыць, нічога; а беларусы сядзяць цывілізавана у гальштуках. І абодва народа знаходзяць адзін у адным партнёра.

Мо, канечне, я тут утрырую, але сутнасць размовы такая. Для літоўцаў гэта смешна гучыць. Пра гэта, дарэчы, ні адзін літоўскі гісторык не пісаў. Як гэта можа быць: прыбягае ён з палкай і кажа, маўляў, забяру тваю культуру, мову і будзем сябраваць. Малаімаверна, што ўсё было так мірна. Там павінны быць канфлікты, і яны, безумоўна, былі. Таму перыяд Сярэднявечча і ўтварэння ВКЛ трэба пераглядаць і паглыбляцца, каб не было гэтага ідэалізму.

Канечне, было так, што нашая эліта асімілявалася ў бок беларусаў з самага пачатку, і пасля, у XVI стагоддзі пачалася асіміляцыя эліты ў бок польскай культуры, мы гублялі эліту, гэта самы вялікі мінус, прызнаваць гэта дыскамфортна».

У адказ Алег Краўцэвіч нагадаў факты: на сярэдзіну ХІІІ стагоддзя, калі пачыналася дзяржава, у літоўцаў не было ўласных гарадоў, не было хрысціянскай рэлігіі, яны не будавалі мураваную архітэктуру, не ведалі пісьмовасці.

Гістарычная практыка паказвае, што ва ўмовах фарміравання дзяржавы не выдумляецца нешта новае – бярэцца тое, што ёсць побач. Гэта як варвары заваявалі правінцыю Рымскай імперыі і перанялі нават мову, рымскае права і г.д. Гэта як маскавіты перанялі ардынскую ментальнасць, нават назву грошай – «деньгі» ад ардынскай манеты «дэньга». Гэта норма. І таму вельмі натуральна, што калі дзяржава фарміравалася, гэтыя два кампаненты злучаліся. Сапраўды, літоўскія саюзы плямёнаў знаходзіліся да канца ХІІ стагоддзя ў стане ваеннай дэмакратыі, і галоўным заняткам мужчынаў была вайна, гэткі пасіянарны рух.

«Менавіта ВКЛ стала апорай прэтэнзіі»

«Я спецыяльна шукаў у крыніцах хоць адзін факт нападу літоўцаў на Горадню, Наваградак, Ваўкавыск, Слонім, — працягвае Краўцэвіч. — І не знайшоў. Адзіная ўзгадка ёсць у «Слове пра паход Ігаравы», якое не з’яўляецца гістарычнай крыніцай [«Слова пра паход Ігаравы» — гэта, найхутчэй, фальсіфікацыя XVIII ст. — НН]. Усё гэта паспрыяла ўзнікненню маёй канцэпцыі ўзнікнення ВКЛ».

Супярэчнасць існуе, і за 20 гадоў яна паглыбілася, мяркуе Краўцэвіч. «Але вельмі цешыць той факт, што, улічваючы рэаліі беларускага грамадства, яго настрой, нашыя літоўскія калегі ўступаюць у дыялог. І лічу, што так блізкім суседзям і гістарычна, і этнаграфічна няма іншага выйсця, акрамя як сядаць і дамаўляцца пра супольную візію нашай сумеснай гісторыі».

Чаму такая супярэчнасць узнікла? «Гэта звязана з развіццём нацыянальных рухаў, літоўскага і беларускага. Справа ў тым, што новыя нацыяналісты імкнуліся да сучаснай дзяржавы, якая разумеецца як рэалізатар інтарэсаў нацыі. Літоўскі нацыянальны рух меў свой плацдарм у Малой Літве. Украінцы мелі Галіцыю, беларусы ж адсталі. Так атрымалася, што менавіта ВКЛ стала апорай для прэтэнзіі на сучасную дзяржаву. Усе народы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы шукалі апоры на традыцыю ў дзяржавах сярэднявечча, калі будавалі новую дзяржаву.

Чэхі — калі перасталі быць багемцамі, а сталі чэхамі — азірнуліся на слаўнае мінулае Чэшскага каралеўства. Палякі – на сваё каралеўства. Харваты мелі сваё аўтаномнае каралеўства ў складзе Венгрыі. Літоўцы здолелі абаперціся на традыцыю ВКЛ па прычынах палітычных. І ў міжваенны перыяд літоўская гістарыяграфія развівалася ў незалежнай дзяржаве пры поўнай падтрымцы ўсяго дзяржаўнага апарата. Беларусь і Украіна дзяржаўнасці не змаглі абараніць, таму і не маглі стварыць нацыянальнай суб’ектнай канцэпцыі гісторыі.

Адказ на пытанне, чыёй дзяржавай этнічна было ВКЛ: беларускай ці літоўскай? Вось гэта — карэннае пытанне, якое нас падзяляе.

Я прапаноўваў наступныя тэзы. ВКЛ не было этнічнай дзяржавай. У Сярэднявеччы дзяржавы не будаваліся па этнічным прынцыпе. Кіраўнікі ВКЛ, паны-рада, тыя людзі, якія прымалі рашэнні, не імкнуліся працаваць на сучасны літоўскі народ альбо на сучасны беларускі».

Паўстае пытанне: а як аб’ектыўна 500 гадоў існавання ВКЛ паўплывалі на сучасныя народы? «Справа ў тым, што і той, і той народ прыйшлі ў найноўшы час т.зв. сялянскімі народамі. Сацыяльная эліта была альбо паланізаваная (нашчадкі змагаліся ў войсках Пілсудскага), альбо русіфікаваная. І новая нацыя будавалася на сялянскай аснове традыцыйнай культуры».

«Да пачатку ХІХ стагоддзя этнічная мяжа з Нёмана перасунулася да Вільні, — нагадвае доктар Краўцэвіч. — Напрошваецца такі адказ, што, аб’ектыўна, існаванне ВКЛ больш паспрыяла сучаснаму беларускаму народу», — кажа Краўцэвіч. Іншая справа – як беларусы скарысталіся гэтымі магчымасцямі ў ХХ ст.

«У гэтым плане я ў захапленні ад нашых паўночных суседзяў, — прызнае Краўцэвіч. — У такіх цяжкіх умовах векавога асіміляцыйнага ціску і з боку славянаў, і з боку немцаў яны захавалі асновы культуры, збудавалі сучасную дзяржаву”.

«Лётчыкаў ці Вітаўта?»

«Цікавым вынікам усіх гэтых размоў і спрэчак было тое, што мы, літоўцы, бачым кожны дзень, калі глядзім на грошы, — заўважае Русціс Камунтавічус. — Вось, польскія, напрыклад: сто злотых — Ягайла, дзвесце — Жыгімонт Стары. А на літах — лётчыкі, якія ляцелі з Амерыкі ў Літву, упалі ў Германіі, не даляцелі... 10 літаў… На адным ліце была бабуля-пісьменніца. І тады запытваеш студэнтаў: каго вы хочаце больш бачыць на літах: лётчыкаў ці Вітаўта Вялікага? Бабулю ці Альгерда? Канечне, тады студэнты ўжо пачынаюць разважаць.

Раней на літах і Альгерд быў, і Вітаўт, усё з князямі было добра, а цяпер у нас гэтага няма. І наколькі я разумею, чаму князі зніклі з літаў і з’явіліся дзеячы сучаснага перыяду на банкнотах – з-за гэтых вось дыскусій. Іншага варыянта я не бачу, бо які сапраўдны літовец вырашыцца адмовіцца ад Вітаўта і Гедыміна на карысць бабуль і лётчыкаў?

У 1990—1994 гадах дыскусіі паміж беларусамі і літоўцамі былі вельмі інтэнсіўныя, пасля ўжо атрымлівалася гульня ў адны вароты, і калі б мы літы малявалі пасля 1995 года, там было б штосьці падобнае да Польшчы. Канечне, гэта толькі мая гіпотэза, але думаю, яна вельмі блізкая да праўды».

«Ваяваць не будзем»

Доктар гісторыі Дангірас Мачуліс прызнаецца, што перад дыскусіяй ён вырашыў пацікавіцца, як Літва і Беларусь афіцыйна прадстаўляюць сваё гістарычнае мінулае. Пайшоў ён самым простым шляхам: параўнаў, як выкладаецца гістарычны наратыў на афіцыйных парталах. І аказалася, што на абодвух парталах пішацца, што і адзін, і другі народ з’яўляецца нашчадкам усіх гэтых традыцый ВКЛ.

Калі паглядзець на Канстытуцыі, то ў прэамбулах заўважны адзін цікавы нюанс. У прыватнасці – спроба абапірацца на традыцыі ВКЛ. То бок, афіцыйна абедзве краіны прызнаюць, што маюць права на так званую сімвалічную спадчыну ВКЛ. Але ў Літве гэта больш выражаецца ў сімвалічным памкненні паказваць сябе як тых, хто мае права на гэту спадчыну.

Па-першае, у Літве існуюць узнагароды: Ордэн Вітаўта, Ордэн Пагоні, Ордэн Гедыміна. Па-другое, акрамя Дня Незалежнасці і Дня аднаўлення незалежнасці (18 лютага і 11 сакавіка) літоўцы маюць свята 6 ліпеня, калі святкуецца Дзень каранацыі Міндаўга.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, у краіне-суседцы часам даводзіцца назіраць пэўныя хваляванні адносна прыналежнасці літоўскай сталіцы той ці іншай дзяржаве. Наконт гэтага Русціс Камунтавічус заўважае, што Вільня заўсёды была шматнацыянальным горадам і што літоўцы ў ХХ стагоддзі з гэтай нагоды вельмі перажывалі».

Пасля Другой сусветнай, — кажа прафесар, — там засталося шмат палякаў і беларусаў, да таго ж, яшчэ расейцы прыехалі… І таму нават сёння літоўцы засталіся вельмі датклівымі адносна пытання, каму Вільня павінна належаць. Зразумела, ніхто ўсур’ёз не думае, што там хтосьці будзе ваяваць, але эмацыйная датклівасць засталася».

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео