BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Андрэй Хадановіч: Перакладчык у Беларусі – больш чым перакладчык

29.04.2013
Андрэй Хадановіч: Перакладчык у Беларусі – больш чым перакладчык
Пераклад паэтычнага твора на іншую мову заўсёды патрабуе радыкальнага яго ператварэння.

З такога пасылу распачаў сваю публічную лекцыю”Мастацтва немагчымага. Красавіцкія тэзісы” з цыклу Urbi et Orbi вядомы беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Ён нагадаў, што неабходнасць захавання рыфмы і рытма ставіць амаль невырашальную задачу перад чалавекам, які ажыццяўляе паэтычны пераклад. Нездарма сярод паэтаў-перакладчыкаў здаўна існуе прымаўка “пераклады – яны, як жанчыны: альбо верныя, альбо прыгожыя”. Таму часцей за ўсё паэтычны пераклад – гэта здрада і махлярства, заўважыў Андрэй Хадановіч.

Разам з тым ён падкрэсліў, што паэтычны пераклад робіцца магчымым у тым выпадку, калі дамовіцца разумець яго, як факт чужой літаратуры, а не літаратуры арыгінала. Ён прапанаваў успрымаць перакладзеную паэзію, як жанр унутры літаратуры перакладчыка, а самога перакладчыка разглядаць, як суаўтара твора. Таксама Андрэй Хадановіч прапанаваў глядзець на перакладчыка, як на патэнцыйнага рэдактара твора, які ён перакладае. Бо добры перакладчык глядзіць на верш, як на складаную сістэму. І ён ведае, якія элементы гэтай сістэмы трэба крануць, каб пераклад атрымаўся ўдалым.

“Здзекі” з класікаў, як мастацкі прыём

У якасці адзінкі, пры дапамозе якой можна ацаніць адэкватнасць паэтычнага перакладу, выступоўца прапанаваў выкарыстоўваць мастацкі прыём. У якасці прыкладу ён нагадаў пра пераклад беларускай паэткі Веры Бурлак вядомага твору Льюіса Кэрала “Скрозь Люстэрка і што ўбачыла там Аліса”. У арыгінале Льюіс Кэрал змясціў шмат вершыкаў, якія, паводле сваёй сутнасці, былі пародыямі на вядомыя павучальныя ангійскія паэтычныя творы, вядомыя кожнаму ў тыя часы. Для адэкватнасці перакладу Вера Бурлак была вымушаная ўзяць вершы беларускіх класікаў (такіх, як “Спадчына” Янкі Купалы) і “паздзеквацца” ужо з іх.
Але, ажыццяўляючы пераклад, падкрэсліў Андрэй Хадановіч, варта прытрымлівацца намеру аўтара арыгінальнага твору. І ўжо пад рэалізацыю гэтага намеру можна падбіраць нейкія свае сродкі.

Таксама Андрэй Хадановіч звярнуў увагу на праблему ведання перакладчыкамі мовы, на якую ажыццяўляецца пераклад. У ідэале пераклад павінен ажыццяўляцца на родную мову чалавекам, які валодае пры гэтым паэтычным словам. Выступоўца нагадаў пра сітуацыю, калі пад вылучэнне на Нобелеўскую прэмію па літаратуры выбітнага беларускага паэта Рыгора Барадуліна у Мінскім дзяржаўным лінгвістыным універсітэце ўзяліся за пераклад ягонай паэзіі на розныя замежныя мовы. Аднак паколькі для тых, хто перакладаў складаныя вершы Барадуліна, мовы перакладаў не былі родныя, і практыкі стварэння паэтычных твораў на гэтых мовах у перакладчыкаў не было, то можна было казаць хутчэй пра “мядзьвежую паслугу” для нашага вядомага паэта.

Перакладчык, як рэстаўратар

Разам з тым, няведанне мовы арыгіналу не заўсёды з’яўляецца неперадольнай перашкодай для перакладчыкаў. Андрэй Хадановіч распавёў пра практыку правядзення паэтычных пленэраў, дзе паэты з розных краінаў чытаюць адзін адному свае вершы, паралельна тлумачачы ўсе падводныя камяні і паказваючы ўсе ўжываныя прыёмы. У якасці прыкладу выступоўца прачытаў уласны пераклад вершу грузінскага паэта Давіда Рабакідзэ.

Чарговым тэзісам Андрэй Хадановіч нагадаў прысутным, што якасны пераклад – гэта заўсёды прыклад жывой, сёньняшняй літаратуры. Таму працу перакладчыка ў пэўнай ступені можна таксама параўнаць з працай рэстаўратара, які, маючы сучасныя сродкі і тэхналагічныя магчымасці, імкнецца вярнуць старажытнай рэчы першаснае аблічча, зрабіўшы яго дасягальным для сучаснікаў. Разам з тым, такі феномен перакладу прыводзіць да таго, что пераклад састаравае яшчэ хутчэй за арыгінальны тэкст. Таму ў багатых літаратурах вельмі папулярнай з’явай сталіся пера-пераклады, якія робяцца дя чарговых пакаленняў чытачоў.

Кожнаму – сваё

Яшчэ адзін істотны тэзіс ад Андрэя Хадановіча кажа пра тое, што навука перакладу – гэта перадусім практыка. Бо толькі перакладаючы паэтычныя творы, робячы памылкі і набіваючы гузакі, беларускія паэты могуць дасканаліцца ў гэтым майстэрстве. Прычым практыка перакладаў станоўча адбіваецца і на ўласнай творчасці нашых паэтаў, лічыць Андрэй Хадановіч. Ён заўважыў, што, безумоўна, існуюць і розныя падручнікі па тэорыі перакладу, напісаныя навукоўцамі-лінгвістамі. Аднак найбольшую каштоўнасць маюць усё ж працы, напісаныя паэтамі-перакладчыкамі, якія самі маюць за плячыма вялікі практычны досьвед у гэтай галіне.

Кажучы пра ролю перакладчыкаў у беларускай літаратуры, аўтар лекцыі заўважыў, што яны ўплываюць на актуальны стан мовы ў краіне і на патэнцыйных арыгінальных аўтараў унутры Беларусі. “Перакладчык у Беларусі – больш чым перакладчык”, - сфармуляваў гэты тэзіс Андрэй Хадановіч, дадаўшы, што, так ці інакш, выбар твораў для перакладу уплывае на фармаванне будучага чытача. І тут паэт бачыць 2 асноўныя стратэгіі – “Гульня на павышэнне“, якая працуе на стварэнне кола элітарных чытачоў, і ”Гульня на пашырэнне”, якая павінна спрыяць павелічэнню колькасці спажыўцоў беларускай культуры.

Напрыканцы свайго выступу Андрэй Хадановіч праспяваў тры песні, тэксты якіх ён сам пераклаў з французскай (аўтар арыгіналу - Серж Гензбур) англійскай (Леанард Коэн) і польскай (Яцак Качмарскі). У выніку, як заўважыў прысутны на лекцыі паэт-перакладчык Алесь Разанаў, кожны прысутны атрымаў ад мерапрыемства тое, што ён хацеў: ці то цікавы погляд на паэтычны пераклад, ці то прыклады цікавай паэзіі, ці то чарговую сустрэчу з улюбёным аўтарам – Андрэем Хадановічам.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео