BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Духан: "Праспект - тая частка Мінска, якая надае яму характар еўрапейскай сталіцы"

01.04.2013 Глеб Лабадзенка, TUT.BY, фота і відэа аўтара
Ігар Духан: "Праспект - тая частка Мінска, якая надае яму характар еўрапейскай сталіцы"
Личности
5 красавіка ў межах цыклу публічных лекцый “Urbi et Orbi” ("Гораду і Свету") Лятучы ўніверсітэт ладзіць лекцыю архітэктара і тэарэтыка мастацтва Ігара Духана.

Тэма лекцыі - “Карціны шчасця. Неакласіцызм у ХХ-ХХІ стагоддзі”

Пералік рэгалій Ігара Духана займае некалькі радкоў: загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогіяў БДУ, сябра Еўрапейскага таварыства культуры (Венецыя), Міжнароднага і Беларускага саюза дызайнераў, Беларускага саюза архітэктараў, Акадэміі архітэктуры, запрошаны прафесар Баухаўза, Каралеўскага ўніверсітэта Белфаста, Універсітэтаў Паўночнай Караліны, Палерма, Эдынбурга...

Нягледзячы на ўсю “сур’ёзнасць” лектара і тэмы, паслухаць расповед будзе цікава і далёкім ад архітэктуры людзям. Спадар Ігар проста і зразумела “расшыфроўвае” мінскі праспект Незалежнасці, праводзіць паралелі з Рымам, Лонданам, Берлінам і Эдынбургам.

Напярэдадні лекцыі журналіст інтэрнет-партала TUT.BY Глеб Лабадзенка меў размову з Ігарам Духанам.

“Гатэль “Кемпінскі” - гэта найгрубейшая горадабудаўнічая памылка”

Глеб Лабадзенка: Спадар Ігар, ці правільна разумею, што на лекцыі Вы хочаце паказаць, як наш праспект Незалежнасці ставіць Мінск у адзін шэраг з Рымам ды іншымі вялікімі сталіцамі?

Ігар Духан: (смяецца) Ну гэта вы востра інтэрпрэтавалі мой тэзіс! Але сэнс вельмі просты. У выглядзе праспекта Мінск атрымаў адзін з самых лепшых неакласічных ансамбляў эпохі мадэрнізму. У той жа час гэты неакласічны ансамбль Мінска - гэта адзін з апошніх неакласічных ансамбляў у гісторыі сусветнай архітэктуры. Найперш таму да гэтага трэба ставіцца паважна. Пра Рым я прыгадваў у іншым кантэксце. Вельмі шмат матываў праспекта - і планіровачных, і ў самой архітэктуры - узыходзяць да Рыма эпохі Аўгуста. Але гэта не значыць, што Мінск - гэта Рым. Гэта значыць, што архітэктары, якія будавалі праспект, трымалі ў галаве ўзоры рымскай архітэктуры - хоць і не дэкларавалі гэта ўголас. Калі пачынаць шукаць іншыя падабенствы, то варта прыглядацца да спадчыны архітэктара Карла Шынкеля ў Берліне, Роберта Адама ў Лондане і Эдынбургу. Пра гэта мы і пагаворым падрабязней на лекцыі.

- Некалькі гадоў таму Вы пісалі, што адрэзак між цыркам і Плошчаю Перамогі ўнікальны, бо галоўная магістраль горада перакрыжоўваецца там з ракою і паркам. Цяпер там імкліва будуецца гмах гатэля “Кемпінскі”. Праз гэта адрэзак страціў унікальнасць?

- Уварванне гэтага цела - гэта проста трагедыя. Пры пабудове праспекта архітэктары разумелі важнасць водна-зялёнага дыяметра, адчувалі ўнікальнасць гэтага эпізода ўрбанізма. Таму тое, што цяпер на водна-зялёным дыяметры ўзнікла гэтае цела - для мяне гэта вобраз начнога кашмара.

- Дык ансамблю праспекта гамон?

- Ну, можа потым разбяруць гэты “Кемпінскі”... Ведаеце, гэта агромністы ўдар. Праспект майстарскі свядома праектаваўся ў “адзін карніз”, з вельмі прадуманым рытмам, са скразным прапарцыянаваннем. Гэта па сённяшні дзень тая частка Мінска, якая надае яму характар еўрапейскай сталіцы. Гэта парадаксальна, але гэта так. Таму нават з гэтых меркаванняў - меркаванняў рэпрэзентацыі сталіцы нашай дзяржавы - варта захоўваць праспект. Гатэль “Кемпінскі” - гэта найгрубейшая горадабудаўнічая памылка, усе прафесіяналы гэта цудоўна разумеюць. Я не хачу сказаць, што на праспекце нельга нічога будаваць. Але рабіць гэта трэба вытанчана і выкшталцона. Тут трэба майстар, якому хопіць таленту працаваць з такім складаным асяроддзем. І праблема, што такіх майстроў няма.

- Чаму забудова цэнтра Мінска адбываецца варварскім спосабам: урваў інвестар кавалак зямлі - і будуе што хоча. Вы добра ведаеце Лондан. Чаму там не так?

- Рэч у тым, што Лондан перажыў гэты перыяд у ХІХ стагоддзі - калі ўся вольная зямля ў цэнтры горада актыўна, і часам хаатычна забудоўвалася. Перажыў - і засвоіў урокі!

- І шчасце Лондана, што тады не ўмелі будаваць хмарачосы!

- Сапраўды, не толькі Лондан, але і многія еўрапейскія гарады перажылі такую пару ў час капіталізму пачатку ХХ стагоддзя. Што да “хмарачосаў” у Мінску... Увесь свет апошнія 20 гадоў адыходзіць ад практыкі хмарачосаў. Альбо будуе іх кампактнымі “сіці”.

“Я не ў вялікім захапленні ад рэканструкцыі Купалаўскага тэатра”

- Спадар Ігар, значны ўнёсак у разбудову праспекта пасля вайны ўнёс архітэктар Абрам Духан. Гэта Ваш сваяк?

- Так, гэта мой сваяк, даволі далёкі. Таму пра яго я магу казаць троху адасоблена. Гэта адзін з найбольш выбітных архітэктараў, якія працавалі ў Мінску пасля вайны. Вучань Міхаіла Паруснікава - галоўнага архітэктара нашага праспекта. Калі Абрам Духан прыехаў з маскоўскага інстытута ў Мінск, то першы ягоны аб’ект, які ён рабіў з Уладзімірам Каралём - гэта паштамт. Можаце сабе ўявіць? 25-гадовы чалавек, толькі пасля сканчэння архітэктурнага ВНУ!

- Дазвольце я Вас усё ж спытаю не пра паштамт. Вядома, што ў 1956-58 годзе Абрам Духан перабудаваў Купалаўскі тэатр. Падчас цяперашняй рэканструкцыі фактычна, каб вярнуць тэатру блізкі да першапачатковага выгляд, “зрэзалі” з фасада ўсё, чым яго “абляпіў” Абрам Духан. Як Вы да гэтага ставіцеся?

- Справа ў тым, што рэканструкцыя Купалаўскага тэатра, якая была выканана Абрамам Рыгоравічам Духанам, яна была зроблена ў вельмі вымушаных умовах - там трэба было пашыраць прастору. Вядома, той тэатр, які быў створаны ў канцы ХІХ стагоддзя, - гэта вытанчаны неабарочны аб’ект. І, вядома, я не ў захапленні ад рэканструкцыі 1950-х гадоў. І, прызнаюся, не ў вялікім захапленні і ад цяперашняй рэканструкцыі. Патлумачу чаму. Вядома, над цяперашняй рэканструкцыяй працавалі вельмі прафесійныя архітэктары. Але заўсёды складана ацэньваць рэканструкцыю, якая мае на мэце нейкую адэкватнасць першапачатковаму вобразу - і ў той жа час валодае пэўным стылістычным вольнадумствам. Калі глядзіш на новы будынак, асобныя матывы, элементы - яны прамаляваныя не зусім так ці зусім не так, як іх маляваў архітэктар Караль Казлоўскі ў канцы ХІХ стагоддзя. Але ў цэлым будынак выйшаў адэкватным асяродку.

“Архітэктар Драздоў, які вымушана рабіў з каталіцкай катэдры спартовую залу, - зрабіў усё вельмі мудра”

- Спадар Ігар, а калі паглядзець на гэта як на пытанне неабходнасці зразання пазнейшых наслаенняў, якія разбураюць першапачатковы твор архітэктуры? Вось мы маем музычны каледж злева ад каталіцкай катэдры. Гэта дом губернатара, яшчэ раней - езуіцкая школа пачатку XVII стагоддзя. За савецкім часам будынак спахаблены да непазнавальнасці. Трэба яго “адчышчаць”?

- Гэта неверагодна складанае пытанне. Напрыклад, архітэктар Драздоў, які вымушана рабіў з каталіцкай катэдры спартовую залу - зрабіў усё вельмі мудра. І дзякуючы гэтаму захаваўся манументальны жывапіс розных этапаў XVIІІ стагоддзя, дзякуючы гэтаму стала магчымай нармалёвая рэканструкцыя знешніх элементаў фасада. Што тычыцца савецкай рэканструкцыі. Мы цудоўна ведаем будынак, дзе цяпер месціцца МУС (на рагу праспекта і Гарадскога Вала). Архітэктар Паруснікаў бліскуча ўключыў яго ў ансамбль суседняга будынка КДБ. А гэта ж колішняе Сельскагаспадарчае таварыства ўзаемапомачы архітэктара Гая 1915 года. Вельмі вытанчана ўключыў! Паруснікаў адчуваў першакласны характар гэтай архітэктуры! Для гэтага трэба не толькі прафесіяналізм, але і інтуіцыя. Парадаксальная рэч: у цэнтры Лондана цяпер растуць хмарачосы. Некаторыя ўдалыя, некаторыя няўдалыя. Але нават самы вялікі хмарачос Ранца Піяна вельмі лёгка і празрыста сеў у лонданскае асяроддзе.

- Чаму, на Вашую думку, ў Мінску “хмарачосы” і ўсякія палацы рэспублікі не сядаюць гэтак жа лёгка і празрыста - а глядзяцца як барадаўкі на целе горада?

- Ведаеце, я вярнуся да аднаго эпізода. У Мінску працаваў вельмі неадназначны чалавек, але бясспрэчна таленавіты архітэктар, доўгія гады старшыня Дзяржбуда БССР Уладзімір Кароль. І доўгія гады на конкурсах, якія праходзілі на цэнтральную плошчу, не даваў забудоўваць гэтую цэнтральную плошчу. Казаў прыкладна так: “Яшчэ не час, яшчэ няма рашэння”. Гэта вельмі тактычная і вельмі мудрая пазіцыя. У перыяд фармавання сучаснага Мінска тут працавалі вельмі дасведчаныя майстры. Скажам, планіроўка раёна Плошчы Свабоды, скразныя прамяні, суадносіны масаў, сама кампазіцыя на плошчы - гэта прыклад вельмі прафесійнай працы. Самым цудоўным аб’ектам Плошчы Свабоды быў знішчаны пасля вайны Дамініканскі касцёл. Гэта бліскучая праца, якая перагукалася са школай познеітальянскага барока. На маю думку, гэта быў найлепшы аб’ект архітэктуры барока ў Мінску.

- Чаму архітэктары, якія прыехалі з Ленінграда і Масквы аднаўляць Мінск пасля вайны, не зважалі на колішні маштаб горада? І замест звыклага 2-3 павярховага цэнтра вырас каласальнага памеру праспект. Чаму горад аднаўлялі, перакрэсліўшы ягоную гісторыю?

- Калі сюды прыбыла камісія адразу пасля вызвалення Мінска, яны дастаткова карэктна ацанілі гістарычную частку Мінска. Хоць яны яе не вельмі добра зразумелі. Бо ў запісцы, якую падрыхтавалі гэтыя паважаныя акадэмікі архітэктуры, вельмі забаўна кажацца, што “мінская архітэктура злучае рысы заходняй і рускай”. Яны зразумелі якасць гэтай архітэктуры. Над генпланам працавалі выбітныя архітэктары, якія проста цудам захавалі ў сабе праз усю сталінскую эпоху дух неакласіцызму пачатку ХХ стагоддзя, усё рафінаванае майстэрства. І сама праца ішла забаўна. Паколькі распрацоўка генплана робіцца доўга, то пабудова праспекта ішла паралельна з распрацоўкай генплана. Бо трэба было ў сціслыя тэрміны прадэманстраваць стыль трыюмфа, стыль перамогі. Праспект узнікаў як міраж сярод разбуранага Мінска, як эмблема стыля вялікай новай імперыі. Аднак тая праца была ўзорная - у пазнейшы час, і асабліва сёння такой ахайнай працы з горадам мы ўжо не назіраем. Хоць і тады вакол архітэктуры былі дыскусіі. Іосіф Лангбард (аўтар Опернага тэатра, Дома ўрада, Дома афіцэраў, галоўнага корпуса Акадэміі навук. - Г.Л.) называў архітэктуру праспекта “пустазвоннымі порцікамі”. А сваю архітэктуру ён называў “архітэктура простасці і яснасці”.

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Ігара Духана з цыклу “Urbi et Orbi”
"Карціны шчасця. Неакласіцызм у ХХ-ХХІ стагоддзі"
адбудзецца 5 красавіка (пятніца)
у Галерэі “Ў” (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а).
Пачатак у 18.30.
Уваход вольны!
Анлайн-трансляцыя лекцыі

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео