BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

«Простыя рэчы» Міхала Анемпадыстава: Кветкі

07.03.2013 Міхал Анемпадыстаў, Budzma.org
«Простыя рэчы» Міхала Анемпадыстава:  Кветкі
Вясна ў беларускіх гарадах пачынаецца з кветак — пахкай мімозы і далікатных цюльпанаў, нарцысаў, касачоў.

Міжнародны дзень жаночай салідарнасці цалкам абуржуазіўся і ператварыўся ў свята веснавых кветак і карпаратываў. Мне падабаецца гэтае свята, нягледзячы на ягоныя рэвалюцыйныя карані. У гэты дзень беларускія цёткі — папрыгажэлыя і прыбраныя, дзядзькі — пры справе, а ўвечары на вуліцах лёгка можна сустрэць павесялелых ад шампанскага настаўніц, падаткавіц і нават (тэарэтычна) супрацоўніц вертыкалі. І ўсе яны з кветкамі. І пахне вясной.

Шчыра кажучы, я не думаў пісаць пра кветкі. І так усім вядома, што кветкі — гэта і культурна, і прыгожа, і крыху паляпшае жыццё. Вось вылезлі яны са сваіх цыбулінаў, прараслі ў цяпліцах і шклярнях, прыехалі фурамі на базы, з базаў — у крамы, з крамаў — у рукі, а пахі ў нос — і ўсё... Як не сказаць пра іх пару словаў?! І вось жа, столькі напісана іншымі, пачынаючы ад антычных часоў, а ўсё адно ў кожнага — свае кветкі, свае звязаныя з імі ўспаміны, вобразы, людзі. У мяне, напрыклад, першыя кветкі — гэта жабіны вочкі: такую беларускую назву падае для незабудак у «Батанічным слоўніку» Зоська Верас.

Была позняя вясна, мы толькі пераехалі з бульвара Шаўчэнкі на Камароўку, і бацькі ўзялі мяне на вечаровы шпацыр — глядзець, як красуюцца камароўскія сады. Квецень ўжо асыпалася, і белыя пялёсткі ляжалі паўсюдна. Мне тады было гадоў пяць, я цьмяна памятаю забудову і тапаграфію Камароўскіх завулкаў, а вось жабіны вочкі перад адным з дамоў памятаю выдатна. Яны раслі шчыльна, зграбнымі блакітнымі купкамі, і быццам падсвечваліся ў прыцемках, як карцінка на маніторы. Мы затрымаліся, і з дому выйшла старэнькая гаспадыня, а следам — і гаспадар. Проста павітацца і пагаварыць. Яны былі нечым падобныя адзін да аднаго, старыя і іхнія кветкі.

Камароўка, Старажоўка, Грушаўка ў першую чаргу былі багатыя садамі, а не кветкамі. Шмат кветак было ў татавай мамы, маёй бабулі Марыі, якая жыла ў Баранавічах. Дом стаяў у глыбіні, прыблізна пасярэдзіне дзялкі, выцягнутай перпендыкулярна вуліцы. За домам расла бульба, за ёй, у самым канцы гарода — старыя каштаны, а ўсю прастору перад домам займалі кветкі. Кветкі, сабраныя ў вялікія букеты, былі і ў самой хаце. Півоні, язмін, лілеі запаўнялі паўзмрок жытла смутна-салодкім водарам. Побач з кветкамі на сталах былі расстаўленыя абразкі з выявамі Хрыста і Дзевы Марыі. Не скажу, што я пачуваўся там утульна, але кветак было багата. Ніколі дагэтуль я не бачыў столькі кветак.

Потым бачыў і паболей. Потым мы досыць часта хадзілі ў Батанічны сад глядзець на сезонныя кветкі, потым, калі ўжо я вучыўся ў мастацкай вучэльні, у тым самым Батанічным садзе мы пісалі эцюды «а ля Клод Манэ». Кветкі, безумоўна, глядзяцца лепей, калі іх шмат, калі яны збіраюцца ў групы. Але і паасобку, зблізку, кожная, нават самая маленькая кветка — гэта хараство, мікракосмас, гэта дар Божы і цуд. Як на здымках Карла Бласфельта альбо як у хоку. З той толькі розніцай, што ў першым выпадку цуд адкрываецца з дапамогай аптычнай тэхнікі, у другім — інтуітыўна і пачуццёва. Зрэшты, у нашых паэтак і паэтаў таксама ёсць безліч цудоўных радкоў і нават цэлыя кнігі пра кветкі, а ў мяне ёсць спакуса іх працытаваць. Але не цяпер. Цяпер пра верас і вяргіні.

Верас — вельмі беларуская кветка. Чым больш яго топчаш, тым лепей ён расце. Верасовыя пусткі я ўпершыню пабачыў за Валожынам, у пойме Заходняй Бярэзіны. Потым сустрэў у Караткевіча ў «Дзікім паляванні караля Стаха». Памятаеце? «Дзікі верас звінеў пад іхнімі капытамі». На жаль, верасовая пустка — гэта не поле. Поле, я быў упэўнены, — гэта прыгожая мастацкая гіпербала. Не бывае ніякіх верасовых палёў, думаў я, ажно пакуль мой стрыечны дзядзька Пётр не пераехаў працаваць у Борна Сулінова. Ён — наш польскі родзіч, ляснічы, і цяпер ў ягоным вялізарным лясніцкім уладанні —зарослыя верасам былыя танкавыя палігоны, некалі вермахта, потым савецкія. Сапраўдныя верасовыя палі, найвялікшыя раўнінныя вераснякі ва Усходняй Еўропе. Я спецыяльна паехаў туды ў верасні. Квітнеў верас, гудзелі пчолы, мы стаялі на вяршыні пагорка і, як багі, глядзелі на ўсё гэтае хараство.

Вяргіні я палюбіў дзякуючы Лёніку Тарасевічу. Калі хто не ведае, то гэта выбітны мастак, прафесар Варшаўскай акадэміі мастацтваў, беларускі дзеяч — але лепей самі гляньце пра яго ў інтэрнэце. Апошнім часам да шматлікіх захапленняў Тарасевіча дадаліся вяргіні, іх у ягонай калекцыі пад паўтысячы гатункаў. А людзі ўсё меней садзяць ля дома гэтыя кветкі. Іх яшчэ можна сустрэць на Падляшшы, па беларускіх вёсках, і ў самой Беларусі. Яны яркія, буйныя, барочныя, яны «жывыя». Яны задаюць маштаб, і традыцыйны вясковы дом здаецца побач з вяргінямі меншым, чым ён ёсць насамрэч. Ідзеш па вёсцы, а паабапал — кветкі, магутныя, нібы дрэвы. Лёнік знаецца на маштабах і колерах, а яшчэ ён апантаны і паслядоўны, ён развіў сваю канцэпцыю і склаў план.

План Тарасевіча шматэтапны, але просты і эфектыўны. Па-першае, вяргінямі спрэс засаджваецца сядзіба Сакрата Яновіча (Villa Sokrates) у Крынках, невялікім мястэчку ля самай мяжы. На другім этапе, увосень, калі вяргіні Сакрата закрасуюць ва ўсю моц, абвяшчаецца конкурс на наступны год: новае аўто за найлепшы кветнік з вяргінямі (фундатар Тарасевіч). Далей, на думку прафесара, наступае трэцяя, галоўная фаза праекту: суседзі крадком цягаюць («падтырваюць») клубні вяргіняў у Сакрата і саджаюць ля сваіх хатаў. Увосень падводзяцца вынікі, вызначаецца пераможца, які атрымлівае ўзнагароду. Далей ўсё ідзе праторанай каляінай: конкурс працягваецца з меншым прызавым фондам, а вяргіняў у Крынках ўсё более. Неўзабаве Крынкі робяцца вяргіневай сталіцай свету, рэгіянальным культурным цэнтрам і турыстычнай цікавосткай.

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Сакрат Яновіч не дажыў да гэтых метамарфозаў, пайшоўшы ад нас зусім нядаўна, у лютым. Ён быў знакавай асобай для беларусаў Падляшша, а значыць, і для ўсёй беларускай культуры. Тарасевіч апекаваўся Яновічам у ягоныя апошнія гады; часткова план «Вяргіні» быў прыдуманы, каб проста аздобіць апошнія гады Сакрата кветкамі і падзеямі. Не ведаю, ці рэалізуецца план Лёніка цяпер, калі няма Сакрата, і ці зробяцца Крынкі вяргіневай сталіцай свету. Было б цудоўна, калі б так сталася. У кожным разе, для мяне асабіста памяць пра Сакрата Яновіча цяпер трывала звязаная з вяргінямі. Кожная вяргіня — у ягоны гонар.

Калонка Міхала Анемпадыстава «Простыя рэчы» на Budzma.org

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео