BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Еўрапейзацыя iдзе насуперак дзяржаўнай прапагандзе

01.03.2013 Адар’я Гуштын, спецыяльна для "Еўрабеларусi"
Еўрапейзацыя iдзе насуперак дзяржаўнай прапагандзе
“Еўрарамонт”, “Еўрапейскі ўзровень жыцця”, “Еўрапейскія стандарты”, - выразы, якія стала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё беларусаў.

 Яны гучаць не толькі ў рэкламе прадуктаў і паслуг, але і з вуснаў дзяржаўных прапагандыстаў, якім трэба засведчыць прымяненне новых тэхналогіяў, мадэрнізацыю і развіццё наперад у вытворчасці. Якім чынам сёння ў Беларусі развіваюцца праеўрапейскія настроі і густы, мы высветлялі ў экспертаў.

Вынікі апошняга апытання грамадскай думкі, праведзенага Незалежным інстытутам эканамічных і палітычных даследаванняў, сведчаць, што
праеўрапейскія настроі ў грамадстве выраслі ўпершыню з чэрвеня 2011 г. Так, за праеўрапейскі выбар Беларусі выказаліся 44.1 % рэспандэнтаў, у той час я за інтэграцыю з Расіяй - 36.2%.

Дырэктар “Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый” Святлана Зянкевіч кажа, што арганізацыя ў апошні час атрымлівае больш запытаў на ўдзел у інфармацыйных мерапрыемствах, дзе распавядаецца пра розныя еўрапейскія магчымасці як для грамадскіх арганізацый, так і для спецыялістаў у розных галінах. “Так бы мовіць “попыт на Еўропу” расце, у тым ліку і сярод прадстаўнікоў дзяржавы”, - удакладняе эксперт.
 
Вынік працы СМІ
 
Разам з тым, важна разумець, што менавіта ўплывае на фарміраванне і змены грамадскай думкі. У гэтым сэнсе вялікая роля належыць сродкам масавай інфармацыі. Дырэктар “Цэнтра еўропейскай трансфармацыі” Андрэй Ягораў адзначае: “Тое, што частка грамадства выразна падтрымлівае праеўрапейскія настроі, а другая – прарасейскія, - выразны вынік працы нашых СМІ”.
 
Кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Уладзімір Мацкевіч падтрымлівае гэты тэзіс і удакладняе: “Дзяржаўныя СМІ складаюць вельмі непрывабны вобраз ЕС. Напрыклад,  шмат мусіруецца тэма эканамічнага крызісу. Пры гэтым пытанне таго, што наша айчынная эканоміка знаходзіцца не ў часовым, а ў перманентным крызісе, наўмысна замоўчваецца. Журналісты спрабуюць гуляць на кантрасце: невядомасць там, стабільнасць тут, - кажа эксперт. – Але, на мой погляд, найбольшую шкоду праеўрапейскім настроям наносяць незалежныя СМІ, якія павінны акурат ствараць альтэрнатыву дзяржаўным. Сёння беларускія незалежныя СМІ амаль не падаюць еўрапейскую палітыку ў станоўчым выглядзе. Паведамляюць аудыторыі, што Еўропа не мае дакладнай палітыкі адносна Беларусі, што Еўропа не уводзіць санкцыі, каб ціснуць на рэжым. Такім чыным, журналісты проста не ўлічваюць тую сітуацыю, якая склалася ўнутры ЕС. На мой погляд, незалежныя журналісты павінны больш рэалістычна тлумачыць сваім чытачам і гледачам пазіцыю Еўропы адносна нашай краіны”.
 
Дарэчы, апошнім часам дзяржаўнае тэлебачанне апроч негатыўных навінаў і каментарыяў аб ЕС стала інфармаваць аудыторыю аб сустрэчах беларускіх чыноўнікаў, асабліва з МЗС, з еўрапейскімі калегамі. Ці можа гэта сведчыць аб спробе аднавіць дыялог, згублены пасля падзеяў 19 снежня 2010 года?
 
Андрэй Ягораў мяркуе, што цяперашнія кантакты, якія адбываюцца паміж беларускімі і еўрапейскімі афіцыйнымі прадстаўнікамі, - спробы МЗС Беларусі “прашчупваюць” еўрапейскіх дыпламатаў, ці магчыма здабыць выгоды ад ЕС без выканання ўмоваў. “Яшчэ не склалася сітуацыя, каб можна было сказаць, што Беларусь і Еўропа паварочваюцца адзін да аднаго. З боку афіцыйнага Мінску, гэта хутчэй спроба эксплуатацыі слабасці еўрапейцаў і пэўных магчымасцяў і кропак уздзеяння на ЕС, каб здабыць нейкія прэферэнцыі, не змняючы па сутнасці сітуацыю ў краіне”.
 
Стыхійная еўрапейзацыя праз грамадзянскую супольнасць
 
Па меркаванні Святланы Зянковіч, грамадзянская супольнасць таксама павінна ўдзельнічаць у інфармаванні грамадства адносна еўрапейскай палітыкі і перспыктываў. “Лепшае супрацьстаянне любой прапагандзе - гэта аб'ектыўная падача інфармацыі, то бок дэманстрацыя як станоўчых так і негатыўных бакоў з’явы. Менавіта гэта мы і намагаемся рабіць праз нашы праекты,- кажа яна. - Калі мы ладзім свае мерапрыемствы ў межах праграмы па абмене досведам, якую мы ажыццяўляем разам з “Офісам за дэмакратычную Беларусь” , запрашаем самых розных экспертаў з Еўрапейскіх краін, а таксама дзяржаў “Усходняга партнёрства”, арганізуем азнаямляльныя візіты для беларусаў у гэтыя краіны, праводзім экспертныя сустрэчы. Падчас такіх сустрэч, беларускія спецыялісты могуць зрабіць для сябе высновы, які досвед варта запазычыць, а што, напрыклад, зусім не падыходзіць для Беларусі. Калегі з іншых краін шчыра распавядаюць не толькі пра свае поспехі, але і складанасці і няўдачы, з якімі сутыкнуліся падчас ажыццяўлення рэформ”.
 
На сёння “Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый” сканцэнтраваў сваю працу з экспертамі ў трох абласцях:  вышэйшая адукацыя, энергетыка і транспарт.
 
Андрэй Ягораў кажа, што ўсім беларускім праеўрапейскім сілам трэба разварочваць медыйную праграму прасоўвання еўрапейскага ладу жыцця, каштоўнасцяў і г.д. “Гэта робіцца ўжо і зараз, але стыхійна. НДА час ад часу ўзгадваюць пра гэту тэму, нешта робяць, але штодзённай працы ў гэтым накірунку ўсё ж такі не хапае”, - мяркуе ён.
 
Еўрапейскае = якаснае
 
Нягледзячы на спробу негатыўныя паведамленні ў прэсе адносна Еўрапейскага саюза, у простым побытавым жыцці беларусаў даўно склаўся вобраз: еўрапейскае, значыць, якаснае.
 
Перакладчык і грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі тлумачыць гэту з’яву: “З лінгвістычнага пункту гледжання, гэта хутчэй уплыў усходняга суседа. Расіяне ніколі не адчувалі сябе паўнавартасна ў Еўропе, і ўсё, што было лепшае, яны называлі еўрапейскім, каб паказаць, што гэта не рускае. Праз сродкі масавай інфармацыі гэтыя ўстойлівыя выразы і паняцці перакінуліся і да нас. У Літве, дарэчы, таксама можна ўбачыць надпісы кшталту “Еўрарамонт”. На іх гэта таксама аказала ўплыў, хоць можа ў меньшай ступені, бо яны заўсёды меньш верылі маскоўскаму тэлебачанню”.
 
Ці можа змяніць спажывецкі густ інфармацыйная кампанія, якую зараз развярнулі дзяржаўныя СМІ, даводзячы, што прадукцыя краінаў Мытнага звязу канкурэнтназдольная еўрапейскім таварам?
 
Андрэй Ягораў кажа, што такая палітыка медыяў нагадвае стары савецкі анекдот, калі Вовачцы расказваюць, як добра жывецца ў СССР: і адзенне самае якаснае, і прадукты самыя смачныя, і забавы самыя разнастайныя… У рэшце хлопчык пачынае плакаць: “Я хачу жыць у Савецкім саюзе!”
 
“Спажыўца не падманеш, бо якасць прадуктаў кажа сама за сябе, - адзначае Ягораў. - Ніякай інфармацыйнай прапагандай немагчыма давесці спажыўцу, што замежнае адзенне і абутак горшае за расійскае, беларуская ці казахскае”.
 
Пры гэтым варта адзначыць, што паводле дадзеных Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, летась самым папулярным новым аўтамабілем у беларусаў стала Lada. У 2012 продажы аўтамабіляў расійскай вытворчасці выраслі ў параўнанні з 2011 на 138%, замежныя брэнды - на 6%.
 
“Гэта вынік вымушанай сітуацыі з паднятымі мытнымі тарыфамі, якія невыгодныя беларускаму насельніцтву, - тлумачыць Андрэй Ягораў. - Набыць новую расійскую машыну танней, чым  якасную еўрапейскую, хай сабе і б/у, таму і атрымалі мы такія лічбы напрыканцы 2012 года”.
 
Лявон Баршчэўскі лічыць, што паняцце “еўрапейскага” ў беларусаў трансфармуецца: “Пры сучаснай глабальнай эканамічнай інтэграцыі, калі ў Еўропе самым папулярным таварам робіцца тавар з Паўднёвай Азіі, які горшай якасці, затое танны. Гэта сёння наадварот выклікае іншае значэнне. Еўрапейскі, значыць, даражэйшы. А людзі эканомяць грошы. Таму прапаганда спажывецкага ажыятажу наўрад ці дапамагае змяніць спажывецкія густы”.

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео