BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Міхал Анемпадыстаў: Газета

13.02.2013 Міхал Анемпадыстаў для Budzma.org
Міхал Анемпадыстаў: Газета
Словы "свежая прэса" шамацяць тонкай паперай, маюць пах друкарскай фарбы і смак апельсінавага соку, такога, ведаеце... свежавыціснутага.

Пры гэтым сам выраз паступова робіцца анахранізмам, а папяровая газета - традыцыяй. Учорашнія навіны сёння ранкам - гэта запозна. Самыя апошнія навіны знаходзяцца ў Нэце, а газеты збольшага толькі пераказваюць, інтэрпрэтуюць і каментуюць іх. Добрыя газеты ўсё болей нагадваюць статусны гаджэт, а кепскія - радыёкропку. І калі вы ведаеце, што такое радыёкропка, то зразумелі, пра якія я газеты.

Цяжка сказаць, што лічыць першай газетай: ці звод рукапісных навінаў у антычным Рыме, ці кітайскія світкі 8-га стагоддзя, друкаваныя малым накладам, ці тыя рукапісныя аркушы з навінамі, якія ў Венецыі XVI стагоддзя можна было прачытаць, заплаціўшы дробную манету. Вынаходка Гутэнберга зрабіла падборку навінаў газетай у сучасным разуменні: масавым прадуктам, таварам, але разам з тым - важным элементам грамадска-палітычнага жыцця і культуры. На старонках газет, апроч непасрэдна навінаў, пачэснае месца занялі заканадаўчыя акты, прыватныя абвесткі, а таксама аўтарскія каментары і артыкулы.

"Gazeta Literacka Wileńska" - першая газета на тэрыторыі Вялікага княства - пачала выдавацца ў Вільні ў 1760 годзе. З 1776-га ў Гародні друкуецца "Gazeta Grodzieńska",  першая газета на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Вышэйназваныя выданні не сталіся, аднак, адметнай з’явай у тагачасным палітычным жыцці краю, бо іхнія выдаўцы і не ставілі гэтае мэты: Літва па ранейшаму жыла састарэлымі ідэаламі сарматызму. Мажлівасцяў свабодна выказвацца на соймах і сойміках (на жаль, не заўсёды канструктыўна) у шляхецкай рэспубліцы хапала і без газетаў.

Сітуацыя змянілася даволі хутка пасля падзелаў Рэчы Паспалітае і інкарнарацыі нашых земляў Расеяй - шляхецкія вольнасці скончыліся разам з іншымі грамадзянскімі свабодамі ўключна са свабодай слова. На працягу наступнага стагоддзя жыхары краю былі пазбаўлены мажлівасці абараняць свае інтарэсы і каштоўнасці з дапамогай палітычных механізмаў, а нават праз публічнае выказванне ў прэсе. Наступствам гэтага сталіся перманентныя ўзброеныя паўстанні, у выніку якіх гінула эліта і мізарнела гаспадарка краю.

У той самы перыяд менавіта газета сталася для іншых еўрапейскіх краінаў тым палігонам, дзе фармавалася і кшталтавалася грамадска-палітычная думка, выспяваў плюралізм і іншыя ліберальныя штучкі. У тагачаснай Расеі такой мажлівасці не было, адзіная незалежная газета - "Колокол" Герцэна - рэдагавалася і друкавалася на эміграцыі. Першая газета па-беларуску пачала выдавацца Кастусём Каліноўскім ў 1862 годзе падпольна ў сувязі з падрыхтоўкай да паўстання. А калі паўстанне было задушанае, распачаліся карныя захады ўладаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця разам з новай хваляй русіфікацыі.

У выніку ў беларускіх гарадах запанавала расейская мова і культура, але ў самой Расеі за гэты час пашырыліся ліберальна-дэмакратычная погляды, узніклі інтэлектуальныя цэнтры і асяродкі. Вынікам рэвалюцыі 1905 года сталася шматбаковая лібералізацыя. Упершыню з’явілася мажлівасць легальнай палітычнай і культурна-асветніцкай дзейнасці. У 1906-м з’яўляецца першая беларуская легальная газета "Наша Доля", а следам за ёй - "Наша Ніва". Яна была ўсім адразу: палітычным клубам, інтэлектуальным цэнтрам, літаб’яднаннем. Яна фармавала грамадскую думку, тлумачыла, адукоўвала, гуртавала. Наўрад ці дзе яшчэ газета адыграла такую ж важную ролю ў фармаванні нацыянальнай свядомасці.

З іншага боку, газетны фармат гэтай стартавай мадэлі надоўга заклаў прыярытэт друкаванага слова над іншымі праявамі нацыянальнай культуры. Асабіста мне гэта падаецца перакосам, спрашчэннем, але менавіта з гэтае прычыны, з гэтае традыцыі паўстала адноўленая "Наша Ніва" і амаль праз 100 гадоў зноў паўтарыла феномен папярэдніцы. Традыцыя - важны чыннік, але яна не трымаецца сама па сабе, яе берагуць і захоўваюць. Альбо адраджаюць.

Вяртаючыся да папяровай газеты, трэба дадаць, што яна з’яўляецца элементам беларускай культурнай традыцыі, а таксама традыцыі еўрапейскай. Урэшце газета можа быць вашай уласнай, прыватнай традыцыяй. Штодзённая газета - гэта канстанта, завядзёнка, цырымонія. Газета ідэальна пасуе да нетаропкае кавы, і нездарма ў традыцыйных кавярнях штораніцы з’яўляецца свежая прэса - ёй можна адгарадзіцца ад штодзённай мітусні, а потым перакінуцца з прыяцелем парай словаў, каментуючы прачытанае, і прадэманстраваць тым самым сваю дасведчанасць і абазнанасць.

Часам спрэчкі з нагоды газетных артыкулаў выходзяць за межы кавярняў, а іх наступствы  выклікаюць скандалы, змены рэжымаў альбо проста кардынальна змяняюць жыццё. Зрэшты, потым тая самая газета, з якой усё гэта пачалося, раскажа вам і пра наступствы. І гэта, як усім вядома, будзе іншая гісторыя.

Budzma.org

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео