BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі: студзень 2013 года

11.02.2013 Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі: студзень 2013 года
Аналитика и исследования
Першы месяц новага 2013 года не прынёс зменаў у сітуацыі з правамі чалавека.

У месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца 12 палітычных зняволеных, расследванне спраў аб знікненні палітычных апанентаў А. Лукашэнкі ў 1999 годзе (Ю.Захаранкі, В. Ганчара і А. Красоўскага) зноў было працягнута на тры месяцы, не спыняўся пераслед і ціск на грамадскіх і палітычных актывістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў незалежных СМІ.

Значнай падзеяй для разумення пазіцыі ўладаў па найбольш вострых пытаннях, датычных правоў чалавека, найперш лёсу палітвязняў, стала праведзеная прэс-канферэнцыя А. Лукашэнкі з прадстаўнікамі беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. На пытанне «Калі на свабоду змогуць выйсці палітвязні Аўтуховіч, Бяляцкі, Дашкевіч і ваш апанент на прэзідэнцкіх выбарах Мікалай Статкевіч?» - кіраўнік дзяржавы адказаў: «Могуць. А што для гэтага трэба рабіць - пачытайце ў «Савецкай Беларусі». Адбудуць тэрмін - выйдуць. Могуць і датэрмінова - чытайце закон. У мяне няма ў турмах апанентаў. Статкевіч мне не супернік.... » Што тычыцца зняволеннага кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага, то А.Лукашэнка наогул зрабіў выгляд, што ён «не ў курсе справы», дзе ён знаходзіцца. «Яго вызвалілі ці ён яшчэ знаходзіцца ў турме?» - звярнуўся ён з рытарычным пытаннем.

Відавочна спекулятыўнага характару былі выказванні А. Лукашэнкі адносна асуджанай да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады журналісткі Ірыны Халіп, жонкі экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які пасля вызвалення папрасіў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. На пытанне журналіста, чаму яна не можа выехаць за мяжу да мужа, А. Лукашэнка ва ўласцівай яму манеры адказаў: «Ірына сама адмовілася ехаць - яна разумее, што тут яна пакутніца, а паедзе - там яна нікому не патрэбна будзе, як і яе муж». За больш падрабязнай інфармацыяй ён парэкамендаваў журналістцы звярнуцца да Генеральнага пракурора. Пасля прэс-канферэнцыі і заяваў Лукашэнкі кантроль з боку праваахоўных органаў за Ірынай Халіп узмацніўся.

Нягледзячы на выразнае жаданне А. Лукашэнкі звуаляваць балючасць праблемы палітвязняў, ягоныя выказванні ў чарговы раз яскрава падкрэслілі, што іх лёс знаходзіцца пад пільнай увагай дзяржаўнага кіраўніцтва, а пытанне вызвалення знаходзіцца пад ягоным асабістым кантролем. Гэта найперш звязана з тым, што наяўнасць палітвязняў з’яўляецца адным з ключавых момантаў у перамоўным працэсе паміж  ЕС і Беларуссю і магчымасці ўзнаўлення паўнавартаснага дыялогу. Падчас прэс-канферэнцыі А. Лукашэнка выказаўся адносна прэтэнзій ЕС да афіцыйнага Мінска. Па ягоным меркаванні, дарма на Захадзе склалі спіс беларускіх палітвязняў і патрабуюць іх вызвалення і рэабілітацыі. «Ну вы ж туды і бандытаў, і хуліганаў пазапісвалі!» - заявіў Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў вырашаць усе праблемы за сталом перамоваў, адзначыўшы, што нармалізацыя адносін патрэбна толькі яму, а не ягоным апанентам у Мінску.

У студзені беларускія афіцыйныя ўлады працягнулі спробы наладжвання стасункаў з заходнімі краінамі, пра што сведчыць шэраг сустрэч міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў дзяржаў-членаў ЕС, Ватыкана, ЗША і Швейцарыі а таксама з дэлегацыяй Савета Еўропы на чале з кіраўніком кабінета генеральнага сакратара CЕ Б’ёрнам Бергам, якая прыбыла ў Мінск 14-15 студзеня. Нягледзячы на абмежаваную інфармацыю пра павестку дня сустрэч, ёсць падставы меркаваць, што ЕС і ЗША не адмаўляюцца ад артыкуляваных раней перадумоваў узнаўлення супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам, найперш датычных неабходнасці вызвалення палітвязняў, а беларускі бок спрабуе выпрацаваць прымальны для сябе механізм, каб прадпрыняць пэўныя крокі ў дадзеным накірунку на сваіх умовах, не “згубіўшы твару”. Пра гэта сведчыць той факт, што адразу пасля сустрэчы з дэлегацыяй Савета Еўропы экс-кандыдату ў прэзідэнты Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, пасля паўгадавога перапынку зноў прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы.

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

2 студзеня стала вядома, што са жніўня 2012 года, калі Васіль Парфянкоў трапіў у баранавіцкі арыштны дом, яму ніводнага разу не дазволілі патэлефанаваць дамоў. Тэрмін пакарання В.Парфянкова заканчваецца 9 лютага 2013 года.

3 студзеня да абвінавачанага ў шпіянажы Андрэя Гайдукова, якога напярэдадні Новага года перавялі з Віцебскага СІЗА ў СІЗА КДБ  у Мінску, зноў не дапусцілі адваката. «У будынку КДБ не знайшлося памяшкання для сустрэчы» -- такую прычыну назвалі адвакату Андрэя Гайдукова, калі той трэці раз запар спрабаваў сустрэцца з падабаронным. Варта адзанчыць, што паводле КПК Беларусі адвкат мае права на канфідэнцыйныя  спатканні са сваім падабаронным без абмежавання колькасці і часу такіх спатканняў. Неаднаразовыя факты нядопуску адваката да зняволенага ў СІЗА КДБ  сталі падставай для апасенняў, што вязень можа падвяргацца катаванням. З гэтай нагоды ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» накіравала адмысловы зварот да спецдакладчыка ААН. Аўтары звароту просяць запатрабаваць у беларускіх уладаў тлумачэнняў нядопуску абаронцы да А. Гайдукова і рэкамендаваць у тэрміновым парадку забяспечыць умовы для сустрэчы адваката з падабаронным. Праваабарончы цэнтр “Вясна” не выключае, што пераслед А.Гайдукова можа насіць палітычна-матываваны характар і пільна адсочвае дадзены крымінальны працэс.

9 студзеня Таццяна Францкевіч паведаміла, што ў сына Аляксандра абвастрыліся праблемы са страўнікам. Напярэдані Новага года ён правёў 10 сутак у штрафным ізалятары (агулам за 2012 год ён прабыў у карцэры каля месяца). Маці Аляксандра Францкевіча непакоіцца за здароўе свайго сына, у якога толькі адна нырка, і падрыхтавала медыцынскую бандэроль.

11 студзеня стала вядома, што палітвязню Мікалаю Дзядку дазволена толькі адно спатканне і бандэроль на год. Перавод у крытую турму горада Магілёва, куды яго накіравалі са Шклоўскай калоніі нібыта за злоснае парушэнне рэжыму адбыцця пакарання, пазбавіла яго дадатковай колькасці харчовых перадач і спатканняў з роднымі.

11 студзеня з калоніі патэлефанаваў сваёй маці Марыне Лобавай палітвязень Эдуард Лобаў, які паведаміў, што яго могуць пакараць пазбаўленнем кароткатэрміновага спаткання, запланаванага на люты.

15 студзеня А.Лукашэнка на прэс-канферэнцыі заявіў, што Ірына Халіп адмовілася з'язджаць з Беларусі насуперак прадстаўленай ёй магчымасці. 24 студзеня намеснік Генеральнага пракурора Аляксей Стук адзначыў, што прысуд І.Халіп не ўтрымлівае прамой забароны на выезд за мяжу: «Перашкод для яе выезду за мяжу, зыходзячы з прысуду, не маецца. Для гэтага трэба звярнуцца ў орган, якi загадвае выкананнем прысуду, - крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУС Мінска.Яна за ёй ажыццяўляе прафілактычнае назіранне. Неабходна звярнуцца туды з заявай, якую Халіп хацела б выкласці.Начальнік інспекцыі разгледзіць яе і прыме законнае рашэнне». Ірына Халіп пракаментавала заявы вышэйшых службовых асобаў краіны наступным чынам: «Стук забыў згадаць галоўнае — ёсць закон аб выездзе з Беларусі, у адпаведнасці з якім усе асобы, асуджаныя ўмоўна або з адтэрміноўкай выканання прысуду, аўтаматычна ўносяцца ў спіс асоб, якім забаронены выезд з краіны. Аб гэтым не гаворыцца ў прысудах, таму што гэта дзейнічае самастойная норма закона. Так што расказы аб тым, што я свабодная, — гэта бязглуздзіца». 28 студзеня падчас наведвання крымінальна-выканаўчай інспекцыі Партызанскага РУУС Мінска, дзе Ірына Халіп кожны тыдзень павінна адзначацца, яна перадала заяву з просьбай дазволіць ёй выезд за межы Беларусі: «Я прашу дазволіць мне выезд на адзін тыдзень у Вялікабрытанію для сустрэчы з мужам і на адзін тыдзень — у Расійскую Федэрацыю для ўдзелу ў рэдакцыйных мерапрыемствах "Новой газеты", супрацоўнікам якой я з’яўляюся». На заяву журналісткі, паводле закону, улады павінны даць адказ на працягу 30 сутак.

16 студзеня стала вядома, што ад Мілакая Статкевіча зноў пачалі патрабаваць напісання прашэння аб памілаванні. Пра гэта палітык паведаміў у лісце да жонкі Марыны Адамовіч, дзе адзначыў, што форма для прапановы гучала наступным чынам: «Перастаньце гуляць у казакі-разбойнікі, выходзьце на свабоду і едзьце на мора».

26 студзеня стаў вядомы дыягназ хваробы, ад якой пакутуе ў Гродзенскай турме лідар «Маладога Фронту» Дзмітрый Дашкевіч. «У Змітра лекары выявілі запаленне цэнтральнага нерва», - паведаміла жонка палітвязня Наста Дашкевіч. Паводле яе дадзеных, Дзмітрый ад прыступу хваробы не мог нармальна рухацца і турэмныя лекары калолі яму абязбольваючыя лекі. «Але гэта лячэнне часовае і далей яму патрэбна пастаянная медыцынская дапамога», - адзначыла жонка палітвязня.

Смяротнае пакаранне

26 студзеня маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва атрымала з упраўлення Вярхоўнага Камісара паведамленне пра тое, што яны чакаюць да 3 ліпеня бягучага года ад беларускага ўраду інфармацыі аб прынятых мерах па выкананні рашэння  Камітэта па правах чалавека ААН па справе яе сына. Беларусь, па рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН, павінна прызнаць, што ў адносінах да Уладзіслава Кавалёва былі парушаны права на жыццё і абарону, прэзумпцыя невінаватасці і справядлівага судовага разбіральніцтва, а таксама права перагляду судовага рашэння.

Гвалтоўныя знікненні

4 студзеня Аб’яднаная грамадзянская партыя паведаміла, што рыхтуе зварот да Генеральнага пракурора па справе зніклых палітычных апанетаў А. Лукашэнкі -- Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, партыя збіраецца выкарыстаць досвед справы загінулага ў следчым ізалятары ў Расіі аўдытара інвестфонда Hermitage Capital Management Сяргея Магніцкага (маецца на ўвазе ўвядзенне ЗША візавых санкцыяў у дачыненні да расійскіх службоўцаў, нібыта датычных да яго гібелі). А.Лябедзька заявіў, што АГП мае намер актуалізаваць справы зніклых, бо ў 2014 годзе сканчаецца тэрмін даўніны, і гэтыя справы могуць быць закрыты. АГП выказала намер накіраваць Генеральнаму пракурору канкрэтны, падрабязны зварот і запатрабаваць адказу па ўсіх пытаннях, якія былі агучаныя яшчэ ў 1999–2000 гадах у сувязі са знікненнем апанентаў А.Лукашэнкі. Анатоль Лябедзька сказаў, што калі яны атрымаюць адпіску, то вырашэнне гэтай праблемы будуць шукаць у міжнародным ракурсе.

Выкарыстанне катаванняў и жорсткага абыходжання

1 студзеня стала вядома, што скарга студэнткі Маі Абромчык, якая пацярпела ад неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў АМАП 19 снежня 2010 года падчас разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску, зарэгістраваная ў Камітэце па правах чалавека ААН. Беларускія суды не захацелі знайсці вінаватых у прычыненні дзяўчыне цяжкага пералому нагі, хаця іх прозвішчы стаялі пад пратаколам затрымання. Рэабілітацыя складанага пералому доўжылася цягам году, за гэты час Мая перанесла тры аперацыі.У красавіку 2011 года пракурор Маскоўскага раёну Мінску паведаміў Маі Абромчык, што па яе скарзе пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкула 155 КК РБ (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці) на нявысветленую асобу, аднак супрацоўнікі міліцыя ў гэтай справе не фігуравалі. Пры гэтым ў судова-медыцынскай экспертызе, якая была праведзена па патрабаванні пракуратуры, адзначана, што зафіксаваныя траўмы могуць быць нанесены прадметам, падобным да міліцэйскай дубінкі.

14 студзеня вартаўнік мінскай аўтастаянкі Васіль Сарочык абскардзіў у гарадской пракуратуры Мінска пастанову аб спыненні крымінальнага пераследу і расследавання па крымінальнай справе ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС сталіцы, якія, па ягоных словах, бралі ўдзел у яго збіванні. У тэкст скаргі Сарочыка ўвайшла экспертыза юрыстаў Platform Innovation, якая зводзіцца да таго, што «орган крымінальнага пераследу не прыняў усіх прадугледжаных законам мер па ўсебаковым, поўным і аб`ектыўным даследаванні акалічнасцяў крымінальнай справы, з-за чаго прыйшоў да неабгрунтаванай высновы аб адсутнасці складу злачынства ў дзеяннях супрацоўнікаў АКВ Ленінскага РУУС Мінска». Абскарджанне звязана з тым, што ў канцы снежня 2012 года крымінальная справа ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Мінска, удзельнікаў інцыдэнту з Васілём Сарочыкам, была спынена. Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Паводле слоў В.Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не прад`яўляючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіроўвацца ў Ленінскае РУУС. Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часці ўпраўлення, а затым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Ж. П. Паводле слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго наручнікі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дабіцца прызнання аб тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку «Свелта». Дадзеную сітуацыю падчас прэс-канферэнцыі 15 студзеня А. Лукашэнка пракаментаваў наступным чынам: "Гэта мяне ўсхвалявала. Я Пяткевіч (Наталля Пяткевіч, памочнік прэзідэнта) даручыў разабрацца. І мяне праінфармавалі ў той жа дзень, што нібыта жанчына яго збіла... Я вось шчыра скажу - калі ўжо жанчына збіла мужыка, то ў мяне адразу цікавасць знік да гэтай тэмы. Але вось бачыце - вы ўзнялі гэтае пытанне. Давядзецца цяпер Генеральнаму пракурору гэтым займацца. Але я ведаю, гэтага не было. Не трэба там раскручваць і папракаць нашу міліцыю. Там не было так, як вы гэта падаяце. Але гэта пракурор вам пакажа і дакажа".

Палітычна матываванае абмежаванне свабоды перамяшчэння

21 студзеня суд Маскоўскага раёна Мінска не задаволіў пазоў юрыста Беларускага Хельсінкскага камітэта Гары Паганяйлы да дзяржаўных органаў аб кампенсацыі нанесенай яму маральнай шкоды ў памеры 3 мільёнаў рублёў з-за неправамернага ўключэння яго ў спіс невыязных, а таксама вяртанні 300 тысяч рублёў дзяржпошліны.Справа была разгледжана з удзелам прадстаўнікоў адказчыкаў - Міністэрства фінансаў, Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў. Г.Паганяйла быў забаронены выезд з краіны на падставе таго, што ён нібыта быў даўжніком або зацікаўленай асобай у адносiнах да даўжнiка па справе аб банкруцтве, і яму спатрэбілася тры месяцы, каб дамагчыся выключэння з гэтага спісу. 

Пераслед праваабаронцаў 

5 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Гродна адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў гарадзенскіх праваабаронцаў Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Уладзіміра Хільмановіча. У сусветны Дзень правоў чалавека 10 снежня 2012 года яны сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Гарадзенскай міліцыяй гэты медыйны факт быў кваліфікаваны як “несанкцыянаваны пікет”. Усе тры справы былі аб’яднаныя ў адзін адміністрацыйны працэс, які вёў суддзя Віталь Ляцко. Разгляд доўжыўся каля двух з паловай гадзін. У судзе не было прадстаўлена аніякіх доказаў віны праваабаронцаў, не знойдзена ніякіх сведак, усё абвінавачанне грунтавалася выключна на рапартах і домыслах  прадстаўнікоў міліцыі. У выніку суддзя Віталь Ляцко, абвесціў сваё пастанову – па 15 базавых велічыняў штрафу кожнаму.

Актывізацыя ціску спецслужб на грамадска і палітычна актыўных грамадзян

14 студзеня на актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Юлію Сцяпанаву напалі невядомыя ў цывільным. Напад адбыўся каля яе ўласнага пад’езда ў Мінску каля 1 гадзіны ночы, калі Юлія ішла дадому з апошняга аўтобуса. Нападнікі нецэнзурна лаяліся, кінулі дзяўчыну тварам у снег і абрэзалі ёй валасы. Ю. Сцяпанава паведаміла, што на працягу двух апошніх тыдняў атрымлівала ананімныя пагрозы. Яна звязвае напад са сваёй дзейнасцю па дапамозе палітвязням і рэпрэсаваным. 17 студзеня Ю. Сцяпанава прайшла судова-медыцынскую экспертызу, паколькі пры нападзе ёй не толькі адрэзалі валасы, але і разбілі губу, а таксама падала заяву ў УУС Фрунзенскага раёна Мінска з просьбай прыцягнуць злачынцаў да адказнасці. 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

10 студзеня суд Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіў актывістку кампаніі «Гавары праўду» Святлану Волкаву да 5 сутак арышту, двух іншых актывістаў кампаніі -- Юрыя Фабішэўскага і Аляксея Марозава — да 10 сутак. Падстава — непадпарадкаванне міліцыі. Святлану Волкаву затрымалі 9 студзеня, калі яна выйшла з кватэры Юрыя Фабішэўскага а 19-й гадзіне. Хлапцоў забралі з гэтай кватэры праз паўтары гадзіны. Падставай для затрымання стаў распаўсюд улётак кампаніі пра Грамадзянскую дамову.

15 студзеня салігорскага актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзіміра Лемеша суддзя першамайскага суда Мінска Юры Гарбатоўскі пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Па словах маладзёна, увечары 14 студзеня ў яго было запланава некалькі важных сустрэч, звязаных з тэматычнай выставай, прысвечанай лістам палітвязняў, але ён быў затрыманы ў Мінску ў метро прыкладна а 16-й гадзіне людзьмі ў цывільным. Калі ён паспрабаваў паклікаць міліцыю, людзі, што яго затрымлівалі, паказалі ім пасведчанні. У.Лемеша павезлі ў РУУС Першамайскага раёна, дзе пратрымалі да раніцы наступнага дня. З пастарунку актывісту ўдалося патэлефанаваць сваім родным з Салігорску і паведаміць пра затрыманне і месца знаходжання.

22 студзеня Анатоль Лябедзька атрымаў па пошце паведамленне аб вынесеным 15 студзеня штрафе за “несанкцыянаванае пікетаванне” ў памеры 3 базавых велічынь. Разглядаў справу суддзя Зміцер Паўлючэнка, паседжанне праходзіла ў судзе Савецкага раёна Мінска. Сам лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі  пра вынясенне штрафу даведаўся постфактум, на судовае паседжанне ён не быў запрошаны. “Несанкцыянаваным пікетаваннем” суддзя прызнаў тое, што Анатоль Лябедзька разам з партыйцамі 19 снежня 2012 года раздаваў каля Камароўскага рынку ўлёткі з назвай “Прынцыповая пазіцыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі і яе прыхільнікаў па прыватызацыі дзяржуласнасці. У нас скралі выбары, каб прадаць краіну”.

24 студзеня актывіст “Маладога Фронту” Уладзімір Яроменак прыйшоў адзначацца ў РУУС Першамайскага раёну Мінска, што ён абавязаны рабіць кожны чацвер згодна з правіламі прэвентыўнага  нагляду. У РУУС актывісту прад’явілі пастанову суда аб тым, што ён пакараны адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 12 сутак за парушэнне дадзеных правілаў. У. Яроменак паведаміў пра гэта сваім паплечнікам, якія пад’ехалі і перадалі яму неабходныя рэчы перад адпраўкай у ЦІП на Акрэсціна.

24 студзеня актывіст з Наваполацку Яўген Парчынскі быў аштрафаваны на 5 базавых велічынь. Яго прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі, якая заключалася ў фатаграфаванні са здымкам зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага. Працэс над актывістам вёў асабіста старшыня Наваполацкага гарадскога суду Пётр Ляўчонак, які і вырашыў, што падобная акцыя  – гэта парушэнне заканадаўства пра вулічныя масавыя мерапрыемствы. У якасці доказаў правапарушэння суддзя разглядала фотаздымкі, зробленыя на ганку гарадскога суда.

29 студзеня актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Сяргея Малашонка гарадскі суд Наваполацка прызнаў вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі. Суддзя Зоя Балаболава прысудзіла Сяргею Малашонку штраф у памеры 25 базавых велічынь. Доказам вінаватасці актывіста сталі фотаздымк, размешчаныя ў інтэрнэце: Сяргей Малашонак разам з яшчэ адным наваполацкім актывістам Яўгенам Парчынскім сфатаграфаваліся, трымаючы ў руках партрэты Алеся Бяляцкага, на ганку Наваполацкага гарсуду. Сяргей Малашонак сфатаграфаваўся і на ганку мясцовага аддзялення міліцыі.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

11 студзеня Брэсцкая абласная пракуратура вынесла папярэджанне за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі актывістцы АГП Аліне Літвінчук. «Мяне папярэдзілі пра недапушчальнасць супрацы з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі. Сказалі, што выявілі быццам бы нейкія артыкулы на «Радыё Рацыя», якія пісала я. Аднак я ім сказала, што ні з якімі замежнымі СМІ не супрацоўнічаю, і папрасіла прад’явіць доказы, што я пісала для сайта «Радыё Рацыя», -- адзначыла А. Літвінчук. -- Але мне паказалі толькі нейкія раздрукоўкі артыкулаў з інтэрнэту. Сказалі, што была пракурорская праверка, якая і пацвердзіла, што артыкулы мае. Аднак з дакументамі той праверкі мяне ніяк не азнаёмілі».

11 студзеня прыйшоў адказ на накіраваны перад Новым годам калектыўны зварот на адрас рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства РУП «Белпошта» з просьбай стварыць для «Газеты Слонімскай» роўныя ўмовы, уключыўшы незалежнае выданне ў сістэму распаўсюду праз РУП «Белпошта» і ў рэалізацыю праз кіёскі РУП «Саюздруку». З РУП «Белпошта» быў атрыманы адказ за подпісам намесніка генеральнага дырэктара па эксплуатацыі Алены Анатольеўны Скрыпчык , у якім паведамляецца: «Ваш калектыўны зварот, які паступіў ў адрас Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта»(РУП«Белпошта»), а таксама з сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, па пытанні ўключэння газеты «Газета Слонімская» у падпісны каталог прадпрыемства разгледжаны. Па выніках паведамляю наступнае. Артыкулам 391 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей - ГК) устаноўлена, што грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя ў заключэнні дамовы.Згодна з часткай 3 артыкула 2 ГК ўдзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Яны вольныя ва ўсталяванні сваіх правоў і абавязкаў на аснове дагавора і ў вызначэнні любых умоў дагавора, што не супярэчаць заканадаўству. На падставе п. 1 артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года № 427-3 «Аб сродках масавай інфармацыі» распаўсюджванне прадукцыi сродку масавай інфармацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі сродка масавай інфармацыі, альбо на падставе дагавора, заключанага ім ва ўстаноўленым парадку з распаўсюднікам прадукцыі сродка масавай інфармацыі.Паміж РУП «Белпошта» і рэдакцыяй вышэйпаказанага выдання адсутнічаюць дагаворныя адносіны, згодна з якім дадзенае выданне магло быць уключана ў падпісны каталог прадпрыемства.Паколькі абавязак па ўключэнні друкаванага выдання ў каталог не прадугледжаны заканадаўствам, выбар друкаваных выданняў для фармавання каталога з мэтай наступнага іх распаўсюду праз падпіску з'яўляецца правам РУП «Белпошта», рэалізуецца ім у адпаведнасці з заканадаўствам.Зыходзячы з вышэй сказанага, распаўсюд друкаванага выдання «Газета Слонімская» павінен ажыццяўляцца непасрэдна самой рэдакцыяй».Варта нагадаць, што падобная сітуацыя цягнецца з пачатку 2006 года. Менавіта тады «Газета Слонімская» і шэраг іншых незалежных друкаваных выданняў былі выключаныя з спісу цэнтралізаванай падпіскі РУП «Белпошта». 26 студзеня з Міністэрства інфармацыі РБ таксама прыйшоў адказ за подпісам намесніка міністра У.У.Матусевіча, які паведаміў, што не мае права ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасць камерцыйнай арганізацыі.

Абмежаванне свабоды сходаў

9 студзеня Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне права на выказванне меркавання віцебскай пенсіянеркі-актывісткі Антаніны Піванос. Справа датычылася падзеяў 25 сакавіка 2008 года, калі А.Піванос выйшла каля так званага Сіняга дому з вышыванкай са словамі малітвы "Ойча наш", што было расцэнена міліцыяй як плакат апазіцыйнага зместу. Антаніна Піванос была пакараная штрафам у памеры дзвюх базавых велічынь нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце судом Чыгуначнага раёна Віцебска. Абскардзіць гэтае рашэнне не ўдалося ні ў Віцебскім абласным, ні ў Вярхоўным судзе. Згодна з рашэннем Камітэта па правах чалавека ААН, у дачыненні да спадарыні Піванос быў парушаны артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле частка 2 гэтага артыкулу, грамадзяне дзяржаў-удзельніц Пакту, сярод якіх ёсць і Беларусь, маюць права на вольнае выказванне сваіх думак.  Беларускія ўлады абавязаныя выплаціць кампенсацыю, пакрыць панесеныя актывісткай выдаткі і вярнуць канфіскаваную  маёмасць.

19 студзеня актывісты з Наваполацку планавалі звярнуцца з заяўкай на правядзенне пікета салідарнасці з палітзняволенымі і супраць збяднення беларускага насельніцта ва ўмовах сучаснай эканамічнай палітыкі. Да гэтага ім тры разы адмаўлялі, у тым ліку і па прычыне адсутнасці дамоваў на абслугоўванне акцыі. Рыхтуючы чарговую заяўку на акцыю, актывісты вырашылі выканаць усе патрабаванні гарадскіх уладаў, але дамоваў з міліцыянтамі і медыкамі ім заключыць так і не ўдалося. У міліцыю заяўнікі звярнуліся загадзя, 5 студзеня. У гарадскім аддзеле міліцыі ім прапанавалі напісаць заяву на імя начальніка ў адвольнай форме. Праз чатыры дні заяўнікі зайшлі ў гараддзел міліцыі, каб пацікавіцца вынікамі. Аказалася, што заяву ніхто не разглядаў. А калі яна трапіла да начальніка ГАУС Д.Разянкова, той сказаў, што яна "складзена не па форме" і разгляду не падлягае. Як скласці заяву і дамову на ахову пікета і пікетоўцаў належным чынам, супрацоўнік міліцыі патлумачыць адмовіўся. Форма дамовы не задаволіла і медыкаў. Прычым прадстаўнікі гарадской бальніцы самі склалі гэтую дамову, якую праз некалькі дзён  самі ж і анулявалі. У дамове ад 27.12.2012 было ўказана, што гэтая паслуга мусіць быць аплачана пасля мерапрыемства. Але праз два тыдні заяўнік Сяргей Малашонак атрымаў паведамленне з гарадской бальніцы, што дамова анулюецца праз "неўзгодненасць і супярэчлівасць парадку аплаты”.

Абмежаванне свабоды асацыяцый

3 студзеня стала вядома пра судовы пераслед грамадскага аб’яднання “Добрая воля”. Мінюст запатрабаваў ад арганізацыі склікаць чарговы сход, прызнаўшы мінулы сход незаконным. Чыноўнікі не мелі магчымасці пракантраляваць, ці сход сапраўды адбыўся, бо яны яго праігнаравалі, паведаміў старшыня грамадскага аб’яднання Леанід Скарабагаты. Грамадскае аб’яднанне “Добрая воля” спецыялізуецца на абароне правоў дзяцей, у прыватнасці дзяцей-сірот. У 2011-2012 сябрамі грамадскага аб’яднання былі выяўлены злоўжыванні і парушэнні, якія былі дапушчаныя ў дачыненні да прыёмных сем’яў і дзяцей-сірот службовымі асобамі Міністэрства адукацыі.  Судовы пераслед “Добрай волі” працягваецца з траўня 2012 года па скарзе Мінадукацыі.

5 студзеня старшыня суполкі незалежнага прафсаюза на “Граніце” у Мікашэвічах Алег Стахаевіч паведаміў, што з-за пераследу з боку адміністрацыі колькасць сяброў прафсаюза значна скарацілася. Так, калі на пачатку 2012 года ў прафсаюз увайшлі каля 300 чалавек, то к пачатку 2013 года ў арганізацыі застаўся дзесятак актывістаў. Галоўная прычына – адміністрацыя “Граніту” працягвае іх пераслед і пагражае звальненнямі рабочым, што бяруць удзел у незалежным прафсаюзным руху. Так,скарбніка суполкі Анатоля Літвінка кіраўніцтва прадпрыемства прымушае амаль штодня пісаць тлумачальныя лісты і спрабуе стварыць такія ўмовы для працы, каб ён звольніўся паводле ўласнага жадання. Яшчэ аднаго актывіста – Леаніда Дубаносава – начальства ставіць перад выбарам: альбо ён забярэ з бухгалтэрыі дакументы пра пералік унёскаў у незалежны прафсаюз са свайго заробку, альбо будуць знойдзены падставы для звальнення.  

8 студзеня грамадзянская ініцыятыва «Хопіць піць – трэба жыць» паведаміла, што не можа зарэгістраваць грамадскую арганізацыю з-за перашкод уладаў. Па словах актывіста ініцыятывы Кастуся Жукоўскага, спачатку яны сутыкнуліся з праблемай знаходжання юрыдычнага адрасу. «Напрыклад, знаходзім аб'явы аб прадстаўленні юрыдычнага адрасу, тэлефануем, ніякіх праблем, нам абяцаюць прадставіць юрыдычны адрас, а потым па розных прычынах адмаўляюць. Потым мы падалі дакументы ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна Гомеля, каб узгадніць юрыдычны адрас па месцу майго жыхарства, гэта гучыць як «выкарыстанне не па прызначэнню жылога дома або яго часткі». Па закону такое магчыма з дазволу тых людзей, што пражываюць у гэтым доме, і ўсе. Але і тут пачаліся праблемы», - патлумачыў актывіст. З адміністрацыі яму адказалі, што яго зварот будзе разглядаць галоўны архітэктар адміністрацыі раёна. Таксама з адміністрацыі напісалі, што «Вам неабходна атрымаць узгадненне арганізацый, пералічаных у частцы чацвёртай артыкула 8 Жыллёвага кодэксу (органы горадабудаўніцтва, санітарнай гігіены, супрацьпажарнай бяспекі)». «Нічога гэтага па законе не трэба! Гэта нам ствараюць штучныя перашкоды», - адзначыў Кастусь Жукоўскі.

ПЦ "Вясна"

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео