BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Валянцін Акудовіч: Калі мы не хочам зноў вярнуцца на дрэвы і кідацца какосамі - мы павінны нястомна думаць

29.10.2012
Валянцін Акудовіч: Калі мы не хочам зноў вярнуцца на дрэвы і кідацца какосамі - мы павінны нястомна думаць
Личности
Публичная лекцыя Валянціна Акудовіча з цыклу "Urbi et Orbi" (“Гораду і Свету”) называецца "Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?".

Яна адбудзецца 2 лістапада 2012 года (пятніца) у 18.30 у Галерэі "Ў" (прасп. Незалежнасці, 37а). Уваход вольны!

На лекцыі будзе прэзентаваная і новая кніга Валянціна Акудовіча, якая называецца "Кніга пра Нішто". Пытацца, пра што будзе сама лекцыя сэнсу не было - яна таксама будзе пра Нішто. Там жа вы даведаецеся, што вас - няма, а ўсё наўкол - Адсутнасць.

Напярэдадні лекцыі адзін з найбуйнейшых беларускіх філосафаў адказаў на пытанні журналіста TUT.BY Глеб Лабадзенка.

 

"Мая задача была гранічна нахабная: знайсці ў чалавеку чалавека"

Глеб Лабадзенка: Спадар Валянцін, чаму ўсіх хвалюе нешта, а Вас - Нішто?

Валянцін Акудовіч: У кожнага, відаць, свой кон. Пэўна маім наканаваннем было стацца палоннікам менавіта гэтай праблемы. Бо нейкіх аб’ектыўных падстаў - пайсці не тым шляхам, якім пераважна ідуць схільныя да роздуму людзі - у мяне не было. Ды і маё жыццё збольшага апынулася ўнармаваным. Праўда, цягам чвэрці стагоддзя я не стамляўся бадзяцца па гарах (Валянцін Акудовіч - майстар спорта СССР па турызму. - Г.Л.), але горы ў тую эпоху вабілі шмат каго. І калі што мяне адрознівала ад многіх, дык гэта хіба маё здумленне. З маладых гадоў мяне надакучліва вярэдзіла думка, што, па сутнасаці, чалавек не ведае, для чаго ён чалавек. А значыць не ведае, і хто ён такі, чалавек? Значна пазней я нарэшце наважыўся сесці за пісьмовы стол, каб хаця б для сябе развязаць гэтую праблему. Задача была гранічна нахабная: знайсці ў чалавеку чалавека. Але яшчэ не завершыўшы сваю працу, я напэўна зразумеў, што ніякага чалавека ў чалавеку няма. (З гэтага і назва эсэ, а затым і першай кнігі "Мяне няма"). Натуральна, тут меўся на ўвазе не сацыяльна-культурны канструкт з мяшэчкам сперматазоідаў ці яйцаклетак ў чэраве, а Чалавек як самазавершанае "Я" з унікальным пасланнем "Urbi et Orbi". Калі кашчунна спрасціць праблему, дык сітуацыя, паводле маіх роздумаў, выглядала наступным чынам. Фабрыка прыроды няспынна і незлічона прадукуе біялагічныя матрыцы, на якія пакрысе накладаюцца самыя розныя праявы свету. Тут найперш згадаем мову, культуру, рэлігію, нацыянальныя рарытэты, разнастайны комплекс сацыяльных праяваў, палітычныя актуальнасці і г.д., і т.п. Усе гэтыя знадворкавыя аб’ектнасці, згуртаваныя разам на прасторы аднаго чалавека, у кожным асобным выпадку разумеюцца намі як персанальнае "Я". Але насамрэч ніякага "Я" няма, "я" - гэта толькі граматычная катэгорыя, перадусім патрэбная мове... Дарэчы, пра апошняе. Мы закінутыя ў мову з самага немаўляцтва і таму можам размаўляць адно так, як яна нас навучыла і як дазволіла нам размаўляць. Таму, па-сутнасці, Глеб, гэта не мы з вамі цяпер размаўляем, а мова размаўляе намі (ці праз нас?). З іншага боку, паколькі ніякага “Я” няма, дык у кожным чалавеку не адзін чалавек туліцца, а цэлы натоўп. Найперш гэта сексуальны чалавек, потым сацыяльны, расавы, этна-культурны, рэлігійны, этычны, нацыянальны... І ў кожнага з іх ёсць свае задачы ды прыярытэты. Сексуальны чалавек зразумела чаго хоча, а рэлігійны абураецца: як так можна, заўтра ж Вялікдзень! Нацыянальнаму чалавеку карціць натаўчы ў каршэнь хоць якому маскалю, а этычны яго дакарае: ці ж так яно будзе па людску?! Бадай, не варта далей апісваць бясконцую свару гэтага натоўпу, з якой і паходзяць усе нашыя неўрозы. Лепей давайце ўявім, што застанецца ад нас, калі мы выдалім з сябе ўсе тыя знадворкавыя аб’ектнасці свету (сацыяльныя, культурныя, нацыянальныя...), якіх ў нас панапхана да каптура? Слушна: біялагічная матрыца і колькі там спадчынных генаў. І дзе вы там бачыце “Я”?

- А калі мы дараскладаемся да Нішто, у людзей не ўзнікне пытанне: а навошта тады нешта ўвогуле рабіць у жыцці?

- Не хвалюйцеся, Глеб, за чалавека. Ужо чаго толькі розныя мудрагелі не нагаварылі пра яго. Похапкам згадаем хаця б Зігмунда Фрэйда, які заўважыў у чалавеку “дзіцячую сексуальнасць”, абавязковую пажаду кожнага сына да роднай маці (“комплекс Эдыпа”), “комплекс кастрата”, сексуальную біпалярнасць усялякай асобіны і розныя іншыя страхоцці... Даведаўшыся пра такія жудасці, кожны адказны за Чалавека чалавек, павінен быў павесіцца на першым суку, бо такая пачвара не мусіла лашчыцца жыццём пад ясным сонейкам. Але нешта ніхто з гэтай праўды пра сябе не засіліўся. І, бадай, найперш таму, што чалавек не сам сабе належыць, а магутнай стыхіі жывога жыцця. З гэтага воля да жыцця ў яго невымерна мацнейшая нават за ўсведамленне неўніковасці ўласнай смерці і, адпаведна, марнасці ўсіх вымогаў у змаганні за персанальнае жыццё. Але навошта тады ён сам сабе патрэбны? З гэтага запытання пакрысе і вызналася вусцішнае “мяне няма”. Тады я і ўсвядоміў, што каб зразумець, як такое можа быць, трэба перанесці ўвагу на вялікае, анталагічнае Няма, якім шчыльна атуленае ўсё тое, што хоць недзе ёсць у Сусвеце. Так перада мной і паўстала праблема Нішто.

“Прастора Нішто” - значна шырэйшая за патэнцыял слова Нішто”

- Праблемай Нішто Вы заняліся настолькі грунтоўна, што атрымалася вось такая таўшчэзная “Кніга пра Нішто”!

- Дарэчы, пачынаецца яна з таго ж эсэ “Мяне няма”. А цэнтральная і самая грунтоўная частка кнігі мае назву “Праклён Парменіда”. Адзін з найвялікіх філосафаў антычнасці сфармуляваў геніальную ў сваёй прастаце і лагічнай яснасці падставовую формулу існавання Свету. Для публічнай прэзентацыі, мы яе прасветлім наступным чынам: ”Ёсць адно тое, што ёсць, а ніякага няма - няма”. Мяне гэтае здумленне Парменіда зачаравала, але маё “мяне няма” рашуча запратэставала чарам. Тады і паўстала галоўная інтэлектуальная задача майго жыцця - перасягнуць “праклён Парменіда” з яго “ёсць толькі тое, што ёсць”, каб давесці наяўнасць Няма. На пачатак я вырашыў правесці агледзіны ўсяго дыскурса еўрапейскай філасофіі ў праекцыі на праблему Нішто. Натуральна, перадусім трэба было паразумецца з “старымі грэкамі”, у філасофіі якіх і сфармуляваўся канцэпт “Нішто” (між іншым, далёка не адразу). Таму сярод маіх герояў, акрамя Парменіда, вы сустрэнеце Геракліта, Платона, Арыстоцеля, Плоціна... Вельмі важным быў для мяне метафізічны досціп Готфрыда Лейбніца. А бліжэй да сучаснасці ў загалоўных героях апынуліся Марцін Гайдэгер і Жан-Поль Сартр. Першы ў лекцыі “Чым ёсць метафізіка?” рэвалюцыйна пераінтэрпрэтаваў праблему “Нішто” на новы лад, а другі ў кнізе “Быццё і Нішто” лакалізаваў Нішто свядомасцю чалавека.

- Напраўду нічога новага пад сонцам няма - ведаем мы з Бібліі. Ды Вы і самі пералічылі: Парменід, Гайдэгер, Сартр... Вы думаеце тое, што ўжо думалі да Вас ці раскрываеце тут нешта новае?

- Наколькі я ведаю, ніхто не займаўся даследваннем феномена Нішто ў праекцыі ўсёй гісторыі еўрапейскай філасофіі, ніхто не задзіночваў усе працы падобнага кшталту ў адну праблему. Між іншым, іх зусім няшмат як на два з паловай тысячагоддзі філасафавання. Можа таму, што да яе вельмі складана падступіцца. Бо сама праблема мусіла цікавіць ужо хаця б таму, што, як мы ведаем з юда-хрысціянскай міфалогіі, Бог стварыў свет “ex nihil” - “з нічога”. Значыцца, да стварэння свету спрэс панавала Нішто... Дарэчы, у кнізе ёсць вясёлае метафізічнае фэнтэзі, дзе я даводжу, што гэты свет Бог не ствараў - гэты свет стварыўся сам з последаў Вялікага выбуху. А Бог вымудрыў адно патойбочны свет. Бо толькі Бог, які, як вядома, усё можа, мог стварыць свет насуперак усім нам вядомым законам гэтага свету... А калі казаць пра тое, ці ёсць у мяне нешта арыгінальнае стасоўна гэтай праблемы, акрамя таго, што я правёў шырокае даследванне феномена Нішто... Я сціпла мяркую, што нешта ўсё такі ёсць. Проста мне няёмка пра гэта казаць.

- Выбачайце, што я правакую!..

- Прынамсі і як мінімум я крытычна адрэфлексаваў канцэпцыі Гайдэгера, і Сартра, і прапанаваў выдаліць на перыферыю канцэпт Нішто, паколькі ён з сваёй адмаўленчай сутвы самаанігілюе праблему ад самага яе пачатку (як толькі мы прамаўляем слова “нішто”, дык яно адразу фіксуецца як “нешта”). Але не гэта галоўнае. “Прастора Нішто” – значна шырэйшая за патэнцыял слова Нішто. Таму з пэўнага моманту я пачаў працаваць з універсалам “Адсутнае”, куды “Нішто” ўваходзіць толькі лакальным фрагментам. Бо Нішто - гэта тое, што было і зніштожылася ці проста не існуе. А вось Адсутнае - гэта і тое, што яшчэ ніколі не было, і тое, што яшчэ пакуль толькі не з’явілася, і тое, што з’явілася ды знікла, і тое, што адно некалі з’явіцца, але, бадай, базавая складовая Адсутнага - гэта тое, што ніколі ўвогуле не з’явіцца...

“Я належу да таго пакалення, калі думаць, чым ёсць Свет і чалавек у гэтым Свеце было натуральнай патрэбай”

- Вы самі заўважылі, што “Нішто”, “Няма”, “Адсутнае” - маюць адмоўнае значэнне. Нейкае разбуральнае, нестваральнае значэнне. Людзі не пачнуць моцна нудзіцца, начытаўшыся пра Вашае Нішто?

- Ведаеце, і Гайдэгера ўпікалі, што ён са сваім Нішто “настрой псуе”! І так, маўляў, хапае!.. Гайдэгер нават спрабаваў публічна апраўдвацца - замест таго, каб паслаць усіх падалей. Я вас таксама не буду пасылаць!.. (смяецца) Рэч у тым, што мысленне - гэта найперш інтэлектуальная мужнасць, бо тое, што табе памысліцца, часам бывае вельмі страшным. І адно той, хто не саступае гэтаму страху - мысліць. У нашым свеце зло нельга выкараніць ні са света, ні з чалавека. Між іншым, як і дабро. І калі тваё мысленне прыходзіць да не самых аптымістычных высноваў, дык твая адказнасць як мысляра палягае на тым, каб не хавацца ад гэтага. Інакш, прабачце, на якую халеру тады філасофія? Дзеля тупога аптымізму даволі дэкларацый палітыкаў ды ідэолагаў.

- Усё гэта, пра што Вы будзеце казаць на лекцыі – чым яно павінна палегчыць далейшае існаванне слухача?

- Нічым, канешне! Смешна! Гэта ж не інструкцыя па карыстанню прасам! Філасофія не робіць Свет лепшым (што праўда, і горшым не робіць), яна ўсяго толькі спрабуе яго зразумець адэкватна самому Свету. Да таго ж метафізіка адсутнасці, як і ўвогуле метафізіка, ніколі і не была завязаная на непасрэднае жыццё. Зрэшты, мая лекцыя па азначэнню для тых, у каго ёсць патрэба памысліць Свет як цэлае ці параўнаць сваё бачаннне быцця з маім і крытычна яго адрэфлексаваць. І гэта зусім не пустая справа. Калі мы не хочам зноў вярнуцца на дрэвы і кідацца там какосамі - мы павінны нястомна думаць не толькі як паесці і адпачыць, а думаць пра вялікую тайніцу быцця і ўсё, што з ёй знітавана...

Сучасны чалавек баналізуецца са страшэннай сілаю. І гэтаму банальнаму чалавеку, канешне, непатрэбныя ні праблемы Быцця, ні праблемы Адсутнага. Мы жывем ужо нават не ў эпоху спажывання тавараў, а ў эпоху спажывання жыцця! А я ж яшчэ належу да таго пакалення, калі думаць, чым ёсць Свет і дзеля чаго ты ёсць у гэтым Свеце, было натуральнай патрэбай. Таму, калі ў вас з’явіцца жаданне хаця б проста паслухаць чалавека, у якога, як на сёння, ёсць вось такая дзіўная патрэба, дык - калі ласка...

Такім чынам

Лекцыя Валянціна Акудовіча з цыклу "Urbi et Orbi"
"Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?"
адбудзецца 2 лістапада 2012 года (пятніца) у 18.30
у Галерэі "Ў" (г. Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а).

Уваход вольны!

“Кнігу пра Нішто” Валянціна Акудовіча можна будзе набыць перад лекцыяй у кнігарні "логвінаЎ" (побач з Галерэяй "Ў").

Таксама будзе весціся анлайн-трансляцыя лекцыі.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео