BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Тымаці Снайдэр: Пра паходжанне нацый Усходняй Еўропы

07.09.2012 Беларускі гістарычны агляд
Тымаці Снайдэр: Пра паходжанне нацый Усходняй Еўропы
Аналитика и исследования
Тэкст публічнага выступу прафесара гісторыі Ельскага ўніверсітэта Тымаці Снайдэра на прэзентацыі беларускага выдання яго кнігі "Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 1569-1999” (Мн., 2010).

Прэзентацыя адбылася 19 мая 2010 года ў Інстытуце імя Гётэ ў Мінску.

Тэкст выступу Тымаці Снайдэра друкуецца ў чарговым нумары часопіса "Беларускі гістарычны агляд".

"Шчыра дзякую за запрашэнне, шчыра дзякую ўсім тым, хто прычыніўся да перакладу маёй кнігі на беларускую мову, шчыра дзякую вам усім за тое, што прыйшлі паслухаць лекцыю на замежнай мове, прычым не проста на замежнай мове, а яшчэ і з чужым для гэтай замежнай мовы акцэнтам. Вось жа шчыра вам усім удзячны, і яшчэ ўдзячны спадарам перакладчыкам-сінхраністам за іх працу.

Я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра галоўную тэму маёй кнігі, а менавіта пра тое, адкуль паходзяць нацыі Усходняй Еўропы, чаму склаліся акурат тыя нацыі, якія склаліся, а не нейкія іншыя. Гэта па-ранейшаму застаецца краевугольным пытаннем у гісторыі гэтага рэгіёна, пытаннем, якое далёка не такое банальнае, як выглядае, і на якое вельмі цяжка адказаць. Вось на гэтую тэму я і хацеў бы сказаць некалькі слоў.

Я буду гаварыць не пра ўвесь рэгіён, а толькі пра чатыры краіны, якія, лічу, утвараюць сабой гістарычнае адзінства. Маю на ўвазе Беларусь, Літву, Украіну і Польшчу. Пачну з рэчаў, якія могуць здавацца відавочнымі. Што такое краіна? Гэта можа быць аб’ектыўным, канкрэтным, геаграфічным паняццем. Краінай можа быць Новая Зеландыя, Мадагаскар, і пры гэтых словах у вас, бадай што, не ўзнікае ніякіх асаблівых пачуццяў, ніякай трывалай псіхалагічнай рэакцыі. З іншага боку, паняцце краіны, краю можа быць суб’ектыўным, расплывістым, асабістым. Калі адзін паляк, скажам, у Лондане гаворыць другому: "Вяртаюся ў краіну", - то ў нас не ўзнікае пытання, у якую менавіта. Вядома, гаворка ідзе пра Польшчу. Падобная дваістасць уласціва і паняццю "нацыя". Калі я, напрыклад, другому амерыканцу скажу: "Нацыя цяпер вельмі падзелена ў палітычных адносінах", - ён не стане ў мяне пытацца, пра якую нацыю ідзе гаворка. Яму будзе ясна, што я маю на ўвазе жыхароў ЗША, амерыканцаў, нашу нацыю. Гэта цікавая рэч, і гэта дзейнічае, гэта працуе, нават калі я гэтага другога амерыканца зусім не ведаю. І такім чынам ствараецца магічнае кола. Я з гэтым земляком маю нешта супольнае; наша нацыя - праз тое супольнае, што мы маем, - таксама з’яўляецца нечым цэлым. Мы знаёмыя, мы, як вельмі прыгожа гавораць у славянскіх мовах, "нашы”. Але адкуль усё гэта бярэцца, чаму мы "нашы” ў нацыянальным сэнсе, а не ў нейкім іншым?

У 1943-1944 гадах, калі Чырвоная Армія вызваліла Беларусь, большасць беларусаў маглі сказаць: "Нашы вяртаюцца”. Гэта з’ява, якая яшчэ не надта глыбока вывучана, - гэта пачуццё, ці нехта з’яўляецца "нашым” ці "не нашым”. Неабавязкова гэта ідзе па нацыянальнай прыкмеце. Рускія, армянскія, грузінскія, узбекскія салдаты, якія тады прыйшлі ў Беларусь, былі, вядома, зусім не беларусамі. Вярталіся не беларусы, а савецкая дзяржава. І вось у гэтым заключаецца, можа, галоўнае пытанне: якую ролю ў развіцці нацыянальнай ідэнтычнасці адыгрывае дзяржава? На думку вядомага нямецкага сацыёлага Макса Вэбэра, дзяржава - гэта механізм, які імкнецца да манапалізаванай улады. Можна таксама заўважыць, што дзяржава імкнецца да ма напалізаванага сімвалічнага поля. Менавіта такі агульны кірунак даследаванняў аб узнікненні нацый у нас, у Амерыцы. З іх вынікае, што нацыянальная тоеснасць, як і іншыя віды тоеснасці, - гэта вынік пэўнай дзяржаўнай палітыкі. Гэта можа быць вынік пабочны, ненаўмысны, нават непажаданы. Як давёў вучань Макса Вэбэра Эрнэст Гелнэр, шматнацыянальная імперыя можа зусім не ставіць перад сабой задач нацыятварэння, маючы пры гэтым цалкам іншыя мэты - напрыклад, эканамічны рост. Імперыі XIX ст. уводзілі ўсеагульную адукацыю для моладзі, стандартызавалі мову, для таго каб больш эфектыўна гадаваць сабе працоўную сілу. Але калі яны дасягалі гэтага, то насельніцтва, выхаванае такім чынам, раптам усведамляла, што належыць да адной нацыі. Гэта ўсведамленне, якога не было ў першапачатковых планах.

Акурат у гэтым пункце аргументацыі мае польскія калегі гавораць: "Стоп, гэта не так”. Яны не згаджаюцца са сцверджаннем, што імперыі ўтвараюць нацыі. Палякі часта звяртаюць увагу, што захопніцкія дзяржавы дзейнічалі насуперак польскаму народу, але, нягледзячы на гэта, польскі народ працягваў існаваць. Нешта ў гэтым, вядома, ёсць, але калі глянуць крыху глыбей, то мы ўбачым не стабільнае існаванне аднаго старога польскага народа, а хутчэй узнікненне некалькіх новых нацый, у тым ліку і новай польскай нацыі. Польскі народ не існаваў бесперапынна, а ствараў сябе наноў, і пры гэтым адначасова з’яўляліся новыя нацыі: беларуская, літоўская, украінская. У XIX ст. на тэрыторыі даўнейшай польска-літоўскай Рэчы Паспалітай змянілася само паняцце нацыі. Нацыя стала ўжо не элітарнай супольнасцю, а масавай.

У канцы XVIII ст., калі спыніла сваё існаванне Рэч Паспалітая, палітычнай нацыяй, як цяпер кажуць, была шляхта. Селянін, які размаўляў па-польску, не быў палякам, не лічыўся палякам, і, вядома, шляхта яго таксама не лічыла палякам. Той факт, што ён размаўляў па-польску, тады не меў ніякага палітычнага значэння. Адпаведна, тое, што іншыя сяляне размаўлялі па-беларуску, па-літоўску, па-ўкраінску, таксама не мела палітычнага значэння. У канцы ж XIX ст. польскія палітычныя дзеячы ўжо ставіліся да селяніна, які гаварыў па-польску, як да паляка, і селянін сам мог лічыць сябе палякам. Але прашу заўважыць, што такая змена паняцця польскасці цягнула за сабой пэўныя вынікі. Масавая польскасць была ўжо не тым самым, чым была польскасць элітарная. Польская мова стала адзнакай нацыі, але адной нацыі замест некалькіх. А што ж тады павінна было стаць з насельніцтвам, якое не гаварыла па-польску? Відавочна, што большасць людзей на ўсходніх абшарах Рэчы Паспалітай гаварылі хутчэй па-ўкраінску, па-беларуску, па-літоўску. Іншыя палітычныя дзеячы, г. зн. не палякі (хоць яны і маглі пры нагодзе карыстацца польскай мовай), рэкрутавалі такіх людзей у склад іншых, няпольскіх нацый: беларускай, літоўскай, украінскай.

Цяпер, у гэты момант нашых разважанняў, мы сутыкаемся з той небяспекай, што дзяржава, г. зн. у гэтым кантэксце Расійская імперыя, увогуле знікае як нацыятворчы фактар. А яе ролю не хацелася б выпускаць з-пад увагі. Новая палітычная арыентацыя на народныя масы была вынікам паражэння традыцыйнай палітыкі. Разгром абодвух польскіх нацыянальных паўстанняў, і перш за ўсё паўстання 1863-1864 гадоў, паказаў, што царызм, Расійскую імперыю немагчыма перамагчы без саюзніка - без народных мас. А чым былі гэтыя народныя масы? Аказалася, што пры іх уключэнні ў сацыяльныя працэсы на іх аснове ўтвараюцца зусім новыя супольнасці - нацыі.

Дзяржава ўдзельнічала ва ўсім гэтым іншым спосабам, які не з’яўляецца такім відавочным і які я цяпер паспрабую раскрыць. І каб гэта зрабіць, будзе вельмі карысна звярнуцца да беларускага прыкладу. Акурат для разумення ролі імперый XIX ст. у нацыятварэнні беларускі выпадак мае ключавое значэнне.

Як усе ведаюць, беларусы ў XIX ст. не зрабілі ніякіх рашучых крокаў па шляху ўтварэння ўласнай нацыі. Менавіта на гэтым мы павінны засяродзіць сваю ўвагу. Калі б дзяржаўны фактар не меў значэння, калі б мела значэнне толькі наяўнасць на пэўнай тэрыторыі сялян, што гавораць па-беларуску, то беларуская нацыя напэўна б тады ўзнікла. Але перашкодай гэтаму была структура дзяржавы. Усе сяляне, што гаварылі па-беларуску, пражывалі на землях, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Менавіта ў гэтым і заключалася праблема - у тым, што ўсе сяляне, якія гаварылі па-беларуску, жылі ў Расійскай імперыі, усе былі пад Расіяй. Нягледзячы на ўсё тое, што па-ранейшаму сцвярджаюць нацыянальныя гісторыкі, і польскія гісторыкі перш за ўсё, шанцы на нацыянальнае адраджэнне значна лепшыя, калі насельніцтва таго ці іншага народа падзелена паміж дзвюма-трыма імперыямі. Для гэтага ёсць дзве прычыны. Па-першае, заўсёды можа быць так, што адна імперыя дазваляе нешта, чаго другая не дазваляе. Значыць, можна дабіцца чагосьці на тэрыторыі адной імперыі і потым пашырыць плён гэтай працы на землі другой імперыі. Класічны прыклад тут - літоўскія выдавецтвы, якія дзейнічалі ў Германскай імперыі, а потым распаўсюджвалі кнігі на літоўскіх землях у складзе Расійскай імперыі. Па-другое, адна імперыя можа, хоць бы на працягу пэўнага часу, дапамагаць паняволенаму народу як фактару канкурэнцыі, фактару барацьбы з другой імперыяй. На пачатку XIX ст. Габсбургская манархія дапамагала сваёй украінскамоўнай інтэлігенцыі, бо хацела адкалоць украінскае насельніцтва Расійскай імперыі, і дзякуючы гэтаму спрыяла на значнай тэрыторыі росту ўкраінскага руху. Падсумуем: нацыянальныя падзелы могуць дапамагаць нацыянальнаму руху, бо калі народ падзелены, яму ў пашпарт нельга запісаць грамадзянства толькі нейкай адной імперыі, адной дзяржавы. Польскі, літоўскі, украінскі народы - усім ім спрыяў нацыянальны падзел. Але для беларускага народа гэта было немагчыма. Гэта роля дзяржаўнага фактару, роля межаў, г. зн. роля геаграфіі межаў. Але гэта і роля выпадку.

Яшчэ адзін выпадковы збег абставінаў вёў да таго, што расійская палітыка тармазіла развіццё беларускага народа. У першай палове XIX ст. расійская адукацыйная палітыка падтрымлівала польскую культуру на землях з пераважна беларускім насельніцтвам. Чаму? Таму што тады, на пачатку XIX ст., куды больш людзей у Расійскай імперыі ўмелі чытаць па-польску, чым па-руску. І калі цар Аляксандр I захацеў ажыццявіць пэўную рэарганізацыю гэтай імперыі, быў сэнс у тым, каб рабіць гэта пры дапамозе людзей, якія ўжо былі пісьменныя. Такім чынам, мадэрнізацыю Расійскай імперыі пачалі ажыццяўляць палякі, а дакладней, шляхта, якая гаварыла па-польску. Напрыклад, даўняя Віленская езуіцкая акадэмія стала расійскім універсітэтам з польскай мовай выкладання. Дзякуючы, у прыватнасці, гэтай расійскай палітыцы польская мова была ў Расійскай імперыі фактарам прасоўвання па службовай лесвіцы, праўда, толькі на працягу пары дзесяцігоддзяў. За некалькі дзесяцігоддзяў насельніцтва, якое гаварыла па-беларуску, яшчэ больш апалячылася пры панаванні Расійскай імперыі.

Спадзяюся, вы бачыце, што тут нам даводзіцца лавіраваць паміж дзвюма тэорыямі паходжання нацый. На Захадзе, у Амерыцы, падкрэсліваецца вага дзяржавы. Там часта прынята лічыць, што тая ці іншая нацыя - гэта вынік нейкай спланаванай дзяржаўнай палітыкі. Тут, на ўсходзе, усё, вядома, было не так проста. Нельга, канечне, сцвярджаць, што Расійская імперыя свядома спрыяла фармаванню польскай, літоўскай, украінскай нацый. Але гэтыя нацыі існавалі і сфармаваліся. З другога боку, іншая частка даследчыкаў падкрэслівае, што нацыя - гэта вынік самаадданай працы нацыянальных дзеячаў з насельніцтвам. У гэтым, вядома, таксама ёсць зерне ісціны. Але праца гэтых нацыянальных дзеячаў завяршалася поспехам тады, калі яны маглі карыстацца той ці іншай спрыяльнай кан’юнктурай у палітыцы вялікіх дзяржаў.

У XX ст. асноўным фактарам такой кан’юнктуры паслужыла Першая сусветная вайна. Але яна не ў роўнай ступені дапамагла ўсім нацыянальным рухам. Літоўскім палітыкам удалося стварыць уласную незалежную дзяржаву, а, напрыклад, украінскім палітыкам - не ўдалося, хоць сам украінскі нацыянальны рух быў куды мацнейшы за літоўскі і намнога больш украінцаў змагалася за незалежнасць, чым літоўцаў. Такім чынам, пасля Першай сусветнай вайны становішча нашых чатырох нацый аказалася вельмі розным. Рызыкну, аднак, зрабіць галоўнае абагульненне: і для літоўцаў, і для ўкраінцаў, і для беларусаў брак нацыянальнай суверэннасці быў тыповай сітуацыяй у XX ст., гэтак жа, як і ў ХІХ ст. І тым не менш у канцы XX ст., нягледзячы на незлічоныя трагедыі, перажытыя гэтымі народамі, узровень нацыянальнай самасвядомасці ва ўсіх іх быў вышэйшы, чым у пачатку таго ж стагоддзя. Як гэта сталася? Хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць ролю дзяржаўнага фактару - не абавязкова намераў дзяржавы, а вынікаў той ці іншай дзяржаўнай палітыкі.

Для поўнай яснасці растлумачу, што я не збіраюся прымяншаць велізарныя крыўды, нанесеныя беларусам ці ўкраінцам, - напрыклад, знішчэнне іх нацыянальных эліт савецкай уладай, галадамор на Украіне ў пачатку 1930-х гадоў, высылкі ў ГУЛАГ, савецкі і нямецкі тэрор. Гэта вельмі важная тэма. Я якраз скончыў другую кнігу, прысвечаную самым розным знішчальным праявам савецкай і нямецкай палітыкі. У гэтай кнізе Беларусь адыгрывае цэнтральную ролю. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, ясна, што тагачасная дзяржаўная палітыка была нацыятворчай. Напрыклад, міжваенная Польшча падтрымлівала нацыянальную самасвядомасць украінцаў на Валыні. Чаму? Таму што хацела канкураваць з Савецкім Саюзам за ўплыў на ўкраінцаў. У 1920-я гады Савецкі Саюз спрабаваў скіраваць нацыянальную энергію на будаўніцтва камунізму. Праўда, гэта было не так проста. Вядома, федэратыўныя прынцыпы будовы Савецкага Саюза былі наскрозь фальшывая. Але менавіта гэтыя прынцыпы мелі доўгатэрміновыя вынікі. Узяць, напрыклад, сучасныя межы Рэспублікі Беларусь. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі тры разы ўзбуйнялася за кошт Расіі, а чацвёрты раз - за кошт Польшчы. Паступова Саветы пашырылі на захад і Савецкую Украіну. Без гэтай украінскай савецкай дзяржаўнасці цяжка ўявіць сабе сучасную Украіну. Праўда, як і ў XIX ст., гэтыя змены межаў не спрыялі беларусам у такой самай ступені, як іншым народам. Класічны прыклад, вядомы, пэўна, усім прысутным, - гэта літуанізацыя Вільні. Перад Другой сусветнай вайной Вільня была, як вядома, горадам польскім, а паводле свайго насельніцтва - польска-яўрэйскім. Тое, што пасля вайны яна стала горадам літоўскім, азначала немагчымасць для яе стаць беларускай, хоць мы ведаем, што Сталін разглядаў і такі варыянт. Горад Мінск быў ушчэнт зруйнаваны пад час вайны і пазней стаў хутчэй звычайным савецкім горадам, а не асяродкам беларускага нацыянальнага жыцця, тым больш што сталінскі тэрор у 1937-1938 гадоў вынішчыў найлепшых прадстаўнікоў народа, а савецкія партызаны ў 1942-1944 гадах забівалі мясцовых настаўнікаў за калабарацыю з немцамі. Таму беларусы ўскладалі свае спадзяванні на Вільню - горад, які яны ж некалі і запачаткавалі. Але гэтыя надзеі не здолелі рэалізавацца. Такое было рашэнне Сталіна. Але гэтае рашэнне было і рэакцыяй Сталіна на сілу канкрэтных нацыянальных рухаў. Беларускі рух быў слабейшы, а нацыянальнага партызанскага руху практычна не было. Таму патрэба кампрамісу з беларусамі была меншай, чым патрэба кампрамісу, напрыклад, з літоўцамі ці ўкраінцамі. У 1991 годзе пытанне межаў было, можа, важнейшае за ўсе іншыя, бо гэтыя межы сталі міждзяржаўнымі. У гэты момант, момант распаду Савецкага Саюза, немалаважным было і тое, што Польшча, якая страціла так шмат тэрыторый на ўсходзе, тым не менш, адразу прызнала гэтыя межы. Такая замежная палітыка была, у прыватнасці, заслугай Ежы Гедройца, які быў, да слова, сынам гэтага горада. Такая пазіцыя Польшчы дапамагала літоўскім і ўкраінскім дзеячам скарыстаць гістарычную кан’юнктуру таго моманту.

Дык адкуль жа паходзяць нацыі? Усе яны новыя, і сярод іх можна вылучыць толькі новыя ды яшчэ навейшыя. Усе яны маюць свае карані ў гісторыі імперый, але не заўсёды ў ролі паўстанцаў або ахвяр. Усе народы ўзнікаюць разам, у канкурэнцыі за лаяльнасць мас і ў супольным бунце супраць супольнай гісторыі. Яны ўзнікаюць разам, і ніколі яшчэ ніякая нацыя не нараджалася сама па сабе.

Вялікі дзякуй".

Пераклаў з польскай Сяргей Петрыкевіч

Крыніца

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео