BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Тацяна Гацура: У імя абароны дзіцяці можна наламаць шмат дроваў

01.06.2012 Паўліна Калтавічанка, ЕўраБеларусь
Тацяна Гацура: У імя абароны дзіцяці можна наламаць шмат дроваў
1 чэрвеня Беларусь разам з усім светам адзначае Міжнародны дзень абароны дзяцей. Cпецыялiст па адвокасi Мiжнароднага кансорцыюма...

1 чэрвеня Беларусь разам з усім светам адзначае Міжнародны дзень абароны дзяцей. Cпецыялiст па адвокасi Мiжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” і маці чатырох дзяцей Тацяна Гацура падзялілася сваім досведам, як у рэальнасці беларускія ўлады клапоцяцца пра маленькiх суайчыннiкаў.

Наколькі сёння ў Беларусі выконваюцца правы дзіцяці?

– Па-першае, хачу сказаць, што гэта стэрэатып, быццам праваабаронца і маці чатырох дзяцей добра ведае, як выконваюцца правы дзіцяці ў краіне. Я, канешне, маю свой уласны досвед – і з яго магу сказаць, што ў гэтай галіне вельмі шмат фармалізму: прымаюцца нейкія захады, каб абараняць дзіця, а на справе яны могуць паўплываць адмоўна.

Напрыклад, у школе для дзяцей з шматдзетных сем’яў ёсць датацыі на харчаванне. Можна сказаць, што гэта пазітыўна – але дзеці, якія харчуюцца на датацыях, маюць іншае меню. І на практыцы такія дзеці адчуваюць, што яны не з усімі дзецьмі разам, не ў кампаніі. Не хачу сказаць, што яны адчуваюць сябе прыніжанымі, але адчуваюць сябе не такімі, як усе, нейкімі асобнымі – у адмоўным сэнсе.

У школах вельмі цяжка з тымі сама дзецьмі-інвалідамі. Няма інтэграцыйных школаў, дзе звычайныя дзеці навучаліся бы разам з тымі, у якіх ёсць нейкія асаблівасці развіцця. Напрыклад, я бы вельмі хацела, каб мае дзеці хадзілі ў школу разам з інвалідамі ці дзецьмі іншых нацыянальнасцяў.

Бо павага да правоў чалавека выпрацоўваецца не з падручніка “Чалавек і грамадства”, а на прыкладах у жыцці. І безсэнсоўна казаць дзецям пра павагу правоў, калі яны не бачаць іх практычнай рэалізацыі. А з нашай сістэмай адукацыі дзеці могуць добра адказаць па падручніку пра правы і Дэкларацыю правоў чалавека, але не маюць гэтых каштоўнасцяў у душы. Яны проста не разумеюць гэтага на ўзроўні каштоўнасці.

Вельмі цяжка забяспечыць права дзіцяці атрымлімаваць адукацыю на роднай мове. Ні дашкольнай, ні сярэдняй адукацыі па-беларуску не створана. Калі з маёй практыкі – мы ездзілі ў беларускамоўную групу дзіцячага садка, які быў не ў нашым раёне, а ў цэнтры Мінска. Таксама наведваем беларускамоўную гімназію, якая знаходзіцца ў цэнтры горада. А ўвогуле, наколькі я ведаю, у сталіцы гэтае права рэалізаваць вельмі цяжка.

Ці ёсць нейкія асаблівасці ў парушэнні правоў дзіцяці ў параўнанні з парушэннем правоў дарослых?

– Спецыфічнасць перадусім у тым, што самі дзеці не могуць абараняць сваё права на сям’ю. Вельмі часта, калі бацькі разыходзяцца, дзеці церпяць – і не маюць у поўнай ступені магчымасцяў аднолькава бачыцца ды кантактаваць з маці і бацькам. Сацыяльныя службы да гэтага часцей за ўсё падыходзяць фармальна. Калі бацькі паміж сабой вырашаюць дадзенае пытанне, у прынцыпе можна казаць, што дзеці застаюцца ахвярамі.

Але гэта здараецца ў любой краіне?

– Калі параўноўваць з суседнімі Расіяй, Украінай – так, яно паўсюль. Але калі ўзяць іншыя еўрапейскія краіны, я бы сказала, што гэта наша спецыфіка.

Таксама існуе такая беларуская спецыфічнасць, як прафілактычна-працоўныя лагеры для дарослых, пазбаўленых бацькоўскіх правоў. У першую чаргу гэта, канешне, парушэнне правоў дарослых, але адбіваецца на дзецях. У большасці краінаў, калі дзіця застаецца без бацькоў, дзяржава выхоўвае яго і бярэ на сябе ўсе грашовыя праблемы. У нас пазбаўленыя бацькоўскіх правоў павінныя выплочваць на ўтрыманне дзяцей дастаткова вялікія грошы. Не 200-300 тысяч рублёў, а, здаецца, нешта каля двух мільёнаў.

Часта бацькі хаваюцца і хаваюць сваіх дзяцей – каб толькі не пазбавілі бацькоўскіх правоў, каб толькі не трапіць у гэтыя працоўныя лагеры! Здараецца, бацькам дзіцё рэальна “не патрэбнае”. Яно магло бы патрапіць у дзіцячы дом, у лепшыя сацыяльныя ўмовы – але бацькі баяцца, каб іх не прымусілі аддаваць грошы, і гэтага дзіцёнка паўсюль цягаюць за сабой, а ў дзіцячыя дамы не аддаюць.

Ці сапраўды вы думаеце, што дзіцяці ў нейкім прытулку будзе лепей, чым з роднымі бацькамі, нават калі яны алкаголікі?

– Гледзячы з якімі бацькамі. Паматаю, у Глыбоцкім раёне 15-гадовая дзяўчына, у якой не было маці, нарадзіла дачку. Дзіця ў яе забралі, бо не было добрых ўмоваў. Я тады думала: ці гэта правільна? Калі з’ездзіла туды і пабачыла ўрослую ў зямлю аднапакаёвую хату з разваленай печчу, якая страшэнна дыміць, бацьку, які быў ўвесь сіні і да якога ўвесь час прыходзілі сябры альбо жанчыны – згадзілася, што сацыяльныя службы зрабілі правільна.

Адыходзячы ад гэтага выпадка, хачу падкрэсліць: пытанне пра тое, што лепш – гэта зусім не тое сама, калі бацькі самі хочуць адмовіцца ад дзяцей і не адмаўляюцца толькі праз страх патрапіць у прафілактычна-працоўны лагер.

Яшчэ можна ўзгадаць пра смяротнасць нованароджаных. Апошнім часам у навінах паведамляюць пра выпадкі, калі маці забіла, задушыла сваё немаўля… У еўрапейскіх краінах існуе магчымасць пакінуць дзіця ў прытулку – і там не запытваць ні імя, ні прозвішча. Гэта дазваляе немаўлятам выжыць. У нас, я думаю, у некаторых выпадках бацькі вырашаюць забіць сваё дзіця, бо няма магчымасці яго аддаць на выхаванне дзяржаве без таго, каб за гэта адпрацоўваць.

З вашых словаў вынікае, што дзяржава з дадзенай сітуацыяй, як мінімум, не спраўляецца. Ці можна сказаць, што дзяржаўныя праграмы не спрыяюць таму, каб бацькі клапаціліся пра дзяцей, не заахвочваюць да гэтага? Не дапамагаюць сацыялізавацца ды жыць у грамадстве?

– Мне цяжка сказаць, бо не вывучала дзяржаўных праграм і не магу дакладна паведаміць, што дзяржава не заахвочвае... У кожнай краіне, зноў-такі, будуць людзі, якія проста не здольныя жыць у грамадстве і гадаваць дзяцей.

Пра дзяржаўныя праграмы па выхаванні дзяцей магу сказаць, абапіраючыся на прыклад “каменданцкай гадзіны”, якую зараз уводзяць. Пракуратура прааналізавала, што ўночы 55% злачынстваў адбываецца з удзелам непаўнагадовых, і у 60% выпадкаў апошнія з’яўляюцца ахвярамі (а ўдзень – 40%). Самі непаўнагадовыя здзяйсняюць 53% злачынстваў уночы і 47% – удзень. Атрымліваецца, што розніца невялікая, а за парушэнне “каменданцкай гадзіны” прадугледжаны штраф, прыфілактычныя гутаркі з бацькамі і г.д.

Я разумею, што мае дзеці не будуць хадзіць па падворках уночы, таму для мяне гэты закон не мае сэнсу. А для бацькоў, якія не глядзяць за дзецьмі, якім усё адно, а якой гадзіне тыя прыходзяць дадому, прафілактычныя размовы і штрафы – як памерламу прыпаркі. Тобок, калі сям’я асацыяльная, фармальныя размовы мала чым дапамогуць.

Чалавеку больш патрэбна, каб у яго з дзяцінства былі годныя ўмовы для жыцця. Тады ён вырастае, маючы маральныя каштоўнасці ў душы, і будзе даглядаць сваіх уласных дзяцей, а не выганяць іх на вуліцу. Калі ж каштоўнасцямі дарослых выступаюць “чарка і шкварка”, а да дзяцей яны ставяцца яе да непаўнавартасных членаў сям’і, данесці ім нейкую праграму і нейкія каштоўнасці вельмі цяжка. Таму я лічу, што дзяржаўныя праграмы павінныя больш працаваць з дзецьмі ў школах – як я казала, прыкладам, пра сумеснае навучанне з інвалідамі. Дзеці павінныя вучыцца талерантнасці ў школе, тады яны не будуць парушаць правы ўласных дзяцей.

Наколькі дзеці ў Беларусі адчуваюць сябе бяспечна? Ці не баяцца яны, прыкладам, што бацькоў могуць у любы момант арыштаваць, скажам, пасля нейкіх акцыяў пратэсту?

– Я бы сказала, што гэта вузкая катэгорыя дзяцей, таму агрэсіі, што забяруць бацькоў, няма. Але ў прынцыпе нашы дзеці да дзяржаўных асоб ставяцца з насцярогай, менавіта як да паліцэйскіх, да цэрбераў. Як да людзей, каторыя ў выпадку непрыемнай сітуацыі будуць не дапамагаць, а рабіць толькі наадварот. У нашай дзяржаве вобраз міліцыянта – не пазітыўны. І дарослыя, і дзеці хутчэй лічаць, што з міліцыяй лепей не сутыкацца.

У Нямеччыне за адзін год з сем’яў забралі 70 тыс. дзяцей, бо палічылі, што бацькі “недастаткова забяспечаныя”. А колькі такіх сем’яў у беларускіх вёсках!

– Не думаю, што наша дзяржава зацікаўленая адбіраць дзяцей. У Нямеччыне надта іншыя стандарты.

У нас таксама былі выпадкі, калі дзяцей пагражалі забраць у бацькоў толькі таму, што праверка сацыяльнай службы зайшла ў хату якраз калі сям’я толькі вярнулася з лесу, і дзеці былі мурзатымі. А як яны павінныя выглядаць, калі хадзілі па грыбы? Альбо спрабавалі забраць дзяцей у жанчыны, якая адна гадуе трох дачок і патрапіла ў шпіталь.

– Канешне, дзяця могуць забраць адкуль заўгодна. У імя абароны дзіцяці можна наламаць шмат дроваў… У нармалёвай краіне маці, якая адна гадуе дзяцей і кладзецца ў шпіталь, дадуць на гэты час сацыяльнага супрацоўніка. У нас, на жаль, дзяржаву наўрад ці будзе хваляваць падобная праблема. Я думаю, сацыяльныя супрацоўнікі насамрэч і ў Беларусі прадугледжаныя. Іншая справа – што гэтым ніхто не карыстаецца, бо пра іх не ведае.

Сёння беларускія законы дазваляюць маці пазбавіцца дзяцей, якія не паспелі нарадзіцца. Вельмі часта жанчыны, якія рыхтуюцца нарадзіць дзіця, скардзяцца, што лекары ледзь не прымушаюць рабіць аборт, запалохваючы рознымі хваробамі.

– Гэта жахліва. Я думаю, што гэта прыватная ініцыятыва лекараў, а не патаемная праграма дзяржавы. Наадварот, прэзідэнт заклікае нараджаць дзяцей – бо памяншаецца колькасць людзей, ужо працаваць няма каму! Для шматдзетных сем’яў ёсць і праграма палёгкавага крэдыта на жытло. Такі крэдыт – рэальная дапамога, рэальная дэманстрацыя таго, што дзяржава зацікаўленая ў шматдзетнасці. Я сама карысталася з дадзенай праграмы ў 2007 годзе. Зараз, на жаль, яна ўжо не працуе. Трэба выканаць столькі ўмоваў – быць жыхаром Мінска, не мець ва ўласнасці ніякага іншага жытла на тэрыторыі краіны... Тобок, зараз гэтая праграма мала людзей можа забяспечыць жытлом. Напрыклад, калі бабуля падаравала шматдзетнай сям’і домік на вёсцы, ужо будзе ўлічвацца, што яны маюць жытло – хаця той домік можа знаходзіцца за 300 км ад Мінску.

Некаторыя беларускія законы прадугледжваюць правы ненароджанага на спадчыну. І гэтаму ж дзецяці не даюць права на жыццё! Як гэта суаднесці?

– Сапраўды ёсць выпадкі, калі яшчэ ненароджаны з’яўляецца спадчыннікам. Напрыклад, калі ў жанчыны, якая носіць дзіця, нехта з родных памер, яна можа паведаміць, каб спадчыну дзялілі, улічваючы, што ёсць яшчэ адзін уласнік.

Але, калі проста забараніць аборты… Я думаю, ад самой забароны не знізіцца колькасць жанчын, якія хочуць зрабіць аборт, і яны будуць альбо выязджаць для гэтага ў Расію, альбо рабіць аборт нелегальна.

Напрыклад, досвед Польшчы паказаў, што пасля такой заброны нелегальных абортаў не стала больш.

– Польшча, Італія – рэлігійныя дзяржавы, там шмат вернікаў. У прынцыпе, я веру, што там яно так ёсць. І ўсё ж сама забарона не вырашае праблемы.

– Значыць, патрэбна ставараць нейкія адмысловыя праграмы?

– Трэба выпрацоўваць у людзей каштоўнасці. Калі каштоўнасці пражытыя “на ўласнай шкуры”, яны зразумелыя і з’яўляюцца для чалавека сапраўды каштоўнымі. А калі людзі іх не пражываюць і з імі не сутыкаюцца, тады і ставяцца да жыцця як да нейкай абстракцыi.

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео