BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Баркоўскі: Як даказаць чыноўніку карысць філасофіі для гаспадаркі краіны? (Відэа)

07.05.2012 Глеб Лабадзенка, TUT.BY (Фота і відэа аўтара)
Баркоўскі: Як даказаць чыноўніку карысць філасофіі для гаспадаркі краіны? (Відэа)
Личности
Вучыць такому каштоўнаму майстэрству кандыдат філасофскіх навук, дацэнт БДУ Павел Баркоўскі будзе на публічнай лекцыі «Герменеўтыка...

Вучыць такому каштоўнаму майстэрству кандыдат філасофскіх навук, дацэнт БДУ Павел Баркоўскі будзе на публічнай лекцыі “Герменеўтыка сацыяльнага” з цыкла лекцый “Urbi et Orbi”. Лекцыя адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу, 11 мая, пачатак а 18.30 у Галерэі "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а, ст. м. "Плошча Перамогі"). Уваход вольны!

Дык што ж такое герменеўтыка? Даслоўна - інтэрпрэтацыя, тлумачэнне. Першапачаткова гэты тэрмін ужываўся да тлумачэння літаратурных тэкстаў. Але Павел Баркоўскі задаецца пытаннем: а ці не трэба нам тлумачыць саміх сябе? А таксама намагацца зразумець, чаму іншыя людзі робяць пэўныя рэчы і паводзяць сябе так, а не іначай? Тлумачыць і разумець працэсы ў грамадстве. Разуменне - ключ да таго, каб прадказваць, што будзе далей. Уменне бачыць наперад - моцная зброя!

Напярэдадні лекцыі мы пагутарылі са спадаром Паўлам не толькі пра герменеўтыку сацыяльнага, але і пра цікавосткі ягонай асобы.

“Няма такога, што адпрацаваў 8 гадзін, пасля адклаў сваю мантыю і далей жывеш, як звычайны чалавек”

Глеб Лабадзенка: Спадар Павел, Вы скончылі легендарны Коласаўскі ліцэй, закрыты ўладамі ў 2003 годзе. Чым гэтая навучальная ўстанова адрознівалася ад звычайных школ?

Павел Баркоўскі: Я вучыўся ў ліцэі ў пачатку 1990-х. І тады склалася адпаведная атмасфера другога нацыянальнага Адраджэння. Стаўленне і бацькоў ліцэістаў, і саміх ліцэістаў да навучання ў такім ліцэі было зусім адрознае ад таго, якое, можа быць, склалася сёння. Зацікаўленасць беларускай мовай, гісторыяй, культурай паўставала ў людзей збольшага натуральна, вельмі добра ўспрымалася знаёмымі, сваякамі ліцэістаў. Апроч таго, гэта быў вельмі бурлівы час: першыя прэзідэнцкія выбары, першыя палітычныя расчараванні, імклівае сацыяльнае жыццё... Ліцэй адрозніваўся ад астатніх школ, бо тут рабіўся ўхіл на комплексную гуманітарыстыку. Звычайная школа давала стандартны набор абавязковых прадметаў і не вельмі рупіла, каб у навучэнца склаўся нейкі агульны светапогляд, каб ён абапіраўся на класічныя веды. Ліцэй даваў класічную адукацыю: веданне некалькіх замежных моў (раманскіх, германскіх, славянскіх, старажытнагрэцкая, лаціна). У гэтай атмасферы было вельмі прадуктыўна вучыцца, там хацелася вучыцца. Ліцэістам гэта падабалася. Са мной тады вучыліся дзеці немалых чыноў, якія аддавалі дзяцей менавіта дзеля добрай адукацыі. Іх тады не бянтэжыла нейкая апазіцыйнасць ці нешта падобнае.

- Можна сказаць, што ў ліцэі Вам задалі падмурак таго, што Вы потым развівалі?

- Дзесьці так, бо ў нас быў вельмі добры настаўнік па гісторыі і сацыяльных дысцыплінах - Анатоль Сідарэвіч. У нас і філасофія добра выкладалася, логіка, паліталогія. І гэты добры настаўнік, і тое, што была ўвогуле такая добрая гуманітарная атмасфера, паўплывала на мой выбар, куды ісці. Пасля мяне яшчэ некалькі выпускнікоў нашага ліцэя таксама абіралі гэты шлях - пайсці вучыцца на філосафа.

- Я так разумею, што сям’я ў Вас таксама філасофская?

- Так, мая мама дацэнт філасофіі, яна ўжо больш як 30 гадоў выкладае ў БДУ. Мама падтрымала мой выбар, хаця і не заўжды яго ўхваляла. Можа, ёй і не хацелася, каб дзіця ішло на такую турботную прафесію, як філосаф, бо і не вельмі грашовая, і шмат заўжды пытанняў паўстае і да свайго жыцця, і да навакольнага. Якія звычайны чалавек, можа, і не заўжды будзе сабе задаваць.

- То бок філасофія - гэта не толькі праца. Вы і ў жыцці напружваеце сябе вечнымі пытаннямі?

- Ведаеце, у нас увогуле вельмі цяжка развесці, дзе праца пачынаецца, дзе сканчаецца... Так атрымліваецца, што мысліць ты пачынаеш зусім у іншым рэжыме, зусім па-іншаму пачынаеш ставіцца да нейкіх пытанняў. Няма такога, што адпрацаваў 8 гадзін, пасля адклаў сваю мантыю і далей жывеш, як звычайны чалавек. Жаданне здзіўляцца, бачыць незвычайнае ў звычайным - яно вельмі моцнае! 

“Сакрат з Платонам нават універсітэцкай стаўкі не мелі!”

- У Інтэрнэце з Вашым удзелам створаны нават адмысловы рэсурс “Беларуская філасофская прастора” (www.prastora.org). Ці можаце для нашага чытача патлумачыць, што там дзеецца?

- Гэтая эксперыментальная пляцоўка нарадзілася ад жадання групы адмыслоўцаў ладзіць еўрапейскае філасофскае мысленне тут, у Беларусі. Бо сітуацыя, якая складаецца цяпер ва універсітэтах, нават на адмысловых філасофскіх спецыяльнасцях, - гэта сітуацыя ментальнай стагнацыі. Калі нешта і адбываецца, няма, аднак, нейкага плёну, нейкага зруху не бачна. Таму тут сабраліся людзі, якія адчуваюць сваё філасофскае пакліканне, маюць што сказаць, і якім цесна ў іншых месцах. Такая праца ідзе ўжо болей за два гады: ладзім прэзентацыі кніг, канферэнцыі, публічныя лекцыі, сустрэчы, перакладчыцкі праект...

- З боку чыноўнікаў не так даўно гучалі думкі, што Інстытут філасофіі пры Акадэміі навук трэба прыкрываць: маўляў, чым яны там займаюцца, гэныя філосафы. Ці не ставіць гэта пад удар развіццё беларускай філасофіі? Наколькі філосафы залежныя ад улады, ад існавання афіцыйнай установы?

- Гэтыя размовы я ўжо чую 8 год, калі не больш. Самі інстытуцкія так і жывуць гэты час - “на валізах”. Што іх альбо зліюць з Інстытутам сацыялогіі, альбо з якім іншым інстытутам: агратэхнічным, напрыклад, каб які-небудзь плён ад філасофіі атрымаць урэшце для гаспадаркі рэспублікі (усміхаецца). Што тычыць карысці афіцыйнага інстытута, то, можа, для актуальнай філасофіі гэта і не вельмі вялікі падмурак. Іншая справа, што за памкненнем зачыніць гэты інстытут стаіць логіка чынавенства, якое не ўспрымае гуманітарныя дысцыпліны як навуку, як тое, што трэба падтрымліваць.

- Можа, таму, што яны гэта памацаць не могуць, не бачаць практычнага прымянення?

- І гэта таксама. Заўжды такім камянём для філасофіі было даказаць чыноўнікам, якая практычная карысць ад гэтага.

- Што вы праізводзіце.

- Фактычна, так: якое выкарыстанне для гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад гэтых філасофскіх напрацовак.

- На гэтае пытанне ўвогуле можна адказаць?

- Канешне, спрабуюць па-рознаму адказваць. Хтосьці спрабуе вынырнуць у ідэалагічную, вельмі паважаную нашай дзяржавай галіну. Сказаць, што вось, для фармавання ідэалогіі беларускай дзяржавы філасофскія ідэі могуць быць патрэбныя. Хтосьці спрабуе паказаць наўпростую цікавасць для развіцця навукі як гэткай. Але гэта ўжо не так добра ўспрымаецца чынавенствам... Яны штогод неяк падводзяць гэта пад нейкія дзяржаўныя праграмы, знаходзяць нейкую карысць...

- Дык без дзяржаўнай падтрымкі беларуская філасофія не памрэ?

- Ну вось, напрыклад, мы з “Філасофскай прасторай” ужо амаль тры гады існуем без усялякай падтрымкі. Гэта цалкам валанцёрскі праект. І ён паказвае, што сама па сабе філасофія не патрабуе падтрымкі дзяржавы. Антычныя мудрацы, тыя ж Сакрат з Платонам...

- на стаўках не знаходзіліся...

- Так, нават універсітэцкай стаўкі не мелі! І тым не менш філасофія з імі жыла і не памірала. Іншая справа, што каб правесці нейкую канферэнцыю, прэзентацыю, выдаць кнігу - гэта вымагае пэўных сродкаў... Але гэта важна для публічнай прасторы, а не для развіцця філасофскай думкі.

“Нашая “сацыяльна арыентаваная” дзяржава - таксама плён філасофскай ідэі”

- Які прадукт працы філосафа можа спажываць кожны чалавек? Мысленне ж Вашае не спажывеш.

- Самае проста - гэта кніга, праца філосафа. Але гэта вымагае пэўнай падрыхтоўкі... Іншая справа, наколькі ўвогуле філасофскія ідэі ўплываюць на нашае жыццё, на тыя думкі і паводзіны, якія нашае жыццё арганізуюць. Нашае існаванне ў былой сацыялістычнай дзяржаве, ды і цяпер яна ў нас “сацыяльна арыентаваная”, - гэта ж таксама спадчына пэўных філасофскіх ідэй, якія потым былі рэалізаваныя ў палітычнай прасторы. Іншая справа, як рэалізаваныя… Ёсць пэўныя формы, якія нібыта замяшчаюць сапраўднае. Ведаеце, гэта як на прадуктах нашых пішуць: “замяняльнік, ідэнтычны натуральнаму”. Гэта самае адбываецца і з ідэяй “сацыяльнай справядлівасці”, якую нібыта паклалі ў падмурак нашага палітычнага жыцця.

- То бок гэта ідэалагічны міф “бясплатная адукацыя”, калі ў рэале большасць ужо вучыцца за грошы?

- Так, “бясплатная адукацыя”. З “платнасцю” яшчэ з узроўню школы, дзе з бацькоў увесь час арганізуюць паборы: не за навучанне як гэткае, але ці тое за рамонт, ці тое за дапаможныя навучальныя сродкі... І сканчваючы універсітэтамі, дзе цяпер толькі мізэрны адсотак вучыцца на бюджэтных формах... Дзе тут сацыяльная справядлівасць? Тое самае з бясплатнай медыцынай. Усе ведаюць, што якаснае медычнае абслугоўванне можна атрымаць ці за грошы, ці па знаёмстве, што таксама мае на ўвазе нешта такое, бо з пустымі рукамі не пойдзеш.

“Мы ў бліжэйшы час можам назіраць канец вышэйшай адукацыі ў Беларусі”

- Спадар Павел, Вы самі выкладаеце ва універсітэце. Вы ўспрымаеце нашыя універсітэты ўсур’ёз?

- Да сённяшняй мадэлі вышэйшай адукацыі ў мяне ёсць вялікія пытанні. Мая сумесная з Уладзімірам Мацкевічам кніга “Універсітэт: дыскусія пра падмуркі” якраз прысвечана гэтым пытанням і спробам даць на іх адказы. Вышэйшая адукацыя ў нас сёння, асабліва па гуманітарных дысцыплінах, у досыць катастрафічным стане. Які з кожным годам пагаршаецца. Я нават думаю пра тое, што мы ў бліжэйшы час можам назіраць канец вышэйшай адукацыі ў Беларусі. З гэтым не зусім дарэчным імкненнем увайсці ў Балонскую сістэму на тых пачатках, якія ёсць сёння - фактычна, з нічым. Такія спробы прыводзяць да таго, што мы намагаемся ўвасабляць форму, не зважаючы на змест. На выхадзе атрымліваем вельмі вузкага спецыяліста, можа, крыху лепшага за таго, хто выходзіць з ПТВ, з вельмі несфармаваным мысленнем.

- Дарэчы, куды дзяецца такая колькасць выпускнікоў філасофскага факультэта?

- Ведаеце, зусім розныя сферы. Чым увесь час мог ганарыцца філасофскі факультэт - што сама спецыяльнасць патрабавала, каб студэнтаў вучылі мысленню. Нельга быць філосафам і не мысліць. І калі чалавек вучыўся добра, яму было лёгка потым адаптавацца да любога віду творчасці альбо да бізнэсу...

- Вы сказалі ўжо, што філосаф у сваёй форме рэагуе на рэчаіснасць, рэфлексуе з яе. І тэма Вашай лекцыі датычная таго, што кожны чалавек і сукупнасць людзей - гэта аб’ект для разумення і тлумачэння...

- На мой погляд, асноўнае, чаго нам заўжды бракуе па жыцці, - гэта разуменне. Мы ўвесь час спрабуем так сябе паводзіць і так выкладаць думкі, каб нас разумелі іншыя людзі. Іншых людзей мы таксама ўвесь час спрабуем зразумець і патлумачыць сабе, чаму яны так сябе паводзяць. Бо чалавек - істота сацыяльная, існуе ў камунікацыі. А камунікацыя без разумення немагчымая. Чым гэтае разуменне можна абумовіць? На якія падмуркі яго можна пакласці? Вось гэтыя пытанні я і хацеў бы закрануць у сваёй лекцыі.

- Будзеце вучыць разбірацца ў людзях і нашым грамадстве?

- Мне хацелася б, каб так было. Я буду імкнуцца не разважаць філасофскімі катэгорыямі і цьмяна. І такая інтэлектуальная практыка як герменеўтыка дазваляе правільна фармуляваць гэтыя пытанні ў адносінах да сябе і да таго, што мы хочам атрымаць у выніку.

- Дарэчы, герменеўтыка - гэта ж “тлумачэнне, інтэрпрэтацыя”. Але чаму само слова стала сёння такім “модным”, што яго спрабуюць прыляпіць да чаго заўгодна!

- Такія модныя словы ўвесь час трапляюць у мову. Адзін час было модным слова “філасофія”, якое таксама чаплялі да ўсяго: ад “філасофіі бізнесу” да “філасофіі канапы”. Было моднае слова “метафізіка”. Нават у спецыялізаваным выданні “Пытанні філасофіі” давялося пабачыць артыкул, які называўся “Метафізіка хрэну”. А да таго, што слова “герменеўтыка” моднае, можа, і так... Але цікава, што гэтаму “моднаму” слову ўжо болей за 2000 год!

ТАКІМ ЧЫНАМ
Публічная лекцыя Паўла Баркоўскага з цыкла лекцый “Urbi et Orbi”
“Герменеўтыка сацыяльнага”
адбудзецца 11 мая (бліжэйшая пятніца) а 18.30
Уваход вольны!
у Галерэі "Ў" (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а (ст.м. "Плошча Перамогі")

Онлайн-трансляцыя лекцыі

Крыніца

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео