BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Андрэй Расінскі: Чым нашая Барбара Радзівіл горшая за іхняга Дракулу?..

10.04.2012 Глеб Лабадзенка, TUT.BY (Фота і відэа аўтара)
Андрэй Расінскі: Чым нашая Барбара Радзівіл горшая за іхняга Дракулу?..
Личности
Чаму дагэтуль не зняты серыял пра першага прэзідэнта Гаваяў, які нарадзіўся ў Магілёве? Адкуль Караткевіч ведаў тэхналогіі сусветнага...

Чаму дагэтуль не зняты серыял пра першага прэзідэнта Гаваяў, які нарадзіўся ў Магілёве? Адкуль Караткевіч ведаў тэхналогіі сусветнага піяру? Ці ёсць шанцы ў беларускіх творцаў рабіць суперпапулярны прадукт?

Адказы на гэтыя пытанні вы пачуеце на публічнай лекцыі з цыкла "Urbi et Orbi" (“Гораду і Свету”). Культуролаг Андрэй Расінскі распавядзе пра “Унікальнасць тыражаванага”. Лекцыя адбудзецца ў кафэ “Лофт” (вул. П. Броўкі, 22) 13 красавіка (пятніца). Пачатак а 18.00. Уваход вольны!

Трэба сказаць, што назваю лекцыі “Унікальнасць тыражаванага” Андрэй Расінскі адначасова і дражніць, і інтрыгуе нас. Інтрыгуе - бо нават у гэтай гутарцы не выдаў усіх сакрэтаў, пакінуўшы іх для лекцыі. Дражніць - бо так і чакае, каб мы сказалі: “Так не бывае”.

“Да таго, як зацікавіцца кіно, уводзіў трусікам электроды ў мазгі...”

Глеб Лабадзенка: Усе ведаюць Вас найперш як кінакрытыка. А скончылі Вы біяфак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Што Вас увогуле прывяло па адукацыю ў Маскву?

Андрэй Расінскі: У тыя часы я займаўся біялогіяй, а ў Маскве была адпаведная кафедра фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці, на якую я паступіў. Вось калі вы памятаеце сабачак Паўлава з іхным слінацячэннем і з іхнымі ўмоўнымі рэфлексамі, то гэтым я займаўся. Праўда, не на сабачках, а на іншых жывёлах.

- Вы таксама здзекваліся з жывёл?

- Ну, я аперацыі ім рабіў.

- Яны выжывалі пасля гэтага ці паміралі?

- Яны цудоўна выжывалі і добра сябе адчувалі!

- А якім Вы жывёлам рабілі аперацыі?

- Трусікам.

- Чароўным?.. І што былі за аперацыі?

- Ім уводзіліся электроды ў мазгі...

- GPS-навігацыя?

- Не, там была стымуляцыя пэўных ядраў мозга.

- Іх біла потым у галаву токам?

- Так.

“Біялогія дапамагла ў аналізе фільмаў...”

- Менавіта ў Маскве я патрапіў у кінаклуб. Гэта былі перабудовачныя часы, мы глядзелі класіку кінематографа. І як чалавек, які прызвычаіўся ўсё аналізаваць, я задаўся пытаннем: чаму адное кіно чапляе, а другое - не? Стаў гэта даследваць. Хацеў кінуць біялогію на трэцім курсе - аднак скончыў. Пасля паступіў у магістратуру МДУ, але ўжо на культуралогію. Маімі настаўнікамі былі Елеазар Меляцінскі, Нэя Зоркая і Валянцін Міхалковіч. Я прысвяціў бы гэтую лекцыю іх памяці, бо ў значнай ступні абапіраюся на іх працы. Праца Нэі Маркаўны “Унікальнае і тыражаванае” - ад яе я адштурхоўваюся ў значнай ступені.

- Спадар Андрэй, але калі Вы ажно ў Маскву паехалі па сваю біялогію, як вы з такога захаплення пераключыліся на кіно?

- Магчыма, таму, што я займаўся класічнай навукай канца ХІХ - пачатка ХХ стагоддзя. Мне гэтага было недастаткова. І потым, калі я быў ужо злоўлены на кручок кінематографа - з гэтага кручка саскочыць ужо было немагчыма. Мне было цікава: як працуе мастацтва, як працуе культура, за кошт чаго гэта ўсё праяўляецца? Тут, у адрозненне ад навукі, усё адбываецца абсалютна вольна...

- Трэба думаць, што навыкі біялагічнага анатамавання дапамаглі Вам аналізаваць кіно і мастацтва ў цэлым?

- Безумоўна, школа жорсткага прыродазнаўчага аналізу дапамагла ў аналізе культурных феноменаў!

“Кепскія аўтары механікай тыражавання не валодаюць”

- Спадар Андрэй, назва лекцыі - “Унікальнасць тыражаванага” - гэта аксюмарон, як “гарачы лёд”. Вось я гляджу Мону Лізу ў Луўры, а вось я гляджу яе рэпрадукцыю ў ГУМе. Хіба выключна дзякуючы такому тыражаванню яна зрабілася ўнікальнай?

- Бачыце, варта весці гутарку пра ступень унікальнасці і ступень тыражаванасці. Тое, што актуальна ці патэнцыйна не тыражуецца - увогуле выпадае з камунікацыі.

- Пытанне застаецца: “унікальнае” - гэта адзінае. Як жа можа быць унікальным тое, чаго наштампавалі мільёны?

- Ад тыражавання рэч робіцца ўнікальнай, бо ёсць глыбінныя матрыцы, звязаныя з гэтым тыражаваннем. Умоўна кажучы, калі рэч робіцца звышпапулярнай - яна ўнікальная і цікавая гэтым.

- Ці залежыць гэтае тыражаванне ад аўтара? Большасць прыкладаў - гэта калі рэч рабілася культавай ужо пасля смерці аўтара: Эйфелева вежа, Мона Ліза, “Фаўст” Гётэ, Гамлет Шэкспіра...

- Незалежна ад таго, праз які час пасля стварэння рэч стала тыражаванай, - адбылося гэта ад таго, што туды была закладзена пэўная механіка тыражавання, якую абраў аўтар. Калі атрымалася - аўтар добры. Бо кепскія аўтары механікай тыражавання не валодаюць.

- Дык усё, што сёння тыражаванае - гэта ўсё ж заслуга аўтара?

- Не, не толькі. Там ёсць іншыя чыннікі ды элементы. Аўтар тут не адзіны. Ёсць крытыка, ёсць улада, ёсць гандляр, ёсць чытач... Але падрабязней я хачу раскрыць гэта на лекцыі.

“Паспяховыя прыклады: Дракула, Папялушка...”

- Вы казалі цяпер агульна пра механізмы і тэхналогіі. Можаце назваць канкрэтныя прыклады, якія персанажы сталі ўнікальныя дзякуючы таму, што яны тыражаваныя персанажы?

- Дракула. Папялушка...

- Ок, Дракула - дзякуючы якому механізму ён растыражаваўся?

- Спачатку трэба паглядзець на вытокі. А вытокі - гэта сапраўдны персанаж, які жыў у даволі змрочныя часы для Трансільваніі. Ягоная жорсткасць пайшла ў легенды, потым гісторыя пра Дракулу стала вядомая ў тагачаснай Масковіі, і калі пісалі пра Дракулу, то намякалі на Івана Жахлівага. Потым гэты персанаж выцягнуў з нябыту Брэм Стокер, і пачалася гэтая эпапея. Ён стварыў сістэму-матрыцу, у значнай ступені абапіраючыся на фальклор. Далей пачалося масавае тыражаванне, прычым у розных варыяцыях: Дракула лысы, Дракула валасаты, цэлая ягоная сямейка: сыны, дочкі і нават сабакі. Пэўнае падсумаванне адбылося ў фільме Фрэнсіса Форда Копалы, які спаслаўся не толькі на ўсю папярэднюю Дракуліану, але і на Івана Жахлівага... Папялушка - таксама персанаж фальклорны, якога падхапілі і растыражавалі пісьменнікі. Акрамя таго, варыянт Папялушкі перакачаваў у серыялы: няшчасная дзяўчына, якая працуе служанкай і выходзіць замуж за свайго гаспадара. Тыповы прыклад - гэта, канешне, Рабыня Ізаўра. Альбо “Прыгажуня” Рычарда Гіра і Джуліі Робертс. Гэта таксама - гісторыя Папялушкі.

- Але гэта - прыгожая гісторыя з добрым фіналам, якую многія “пражываюць” разам з героямі. Няўжо Дракулу нехта таксама прымярае на сябе?

- А тут як “Супер 8”: ведаеш, што будзе страшна, але не заб’ешся. Чалавеку ўласціва шукаць сабе вострыя ўражанні.

“Барбара Радзівіл і Мікалай Судзілоўскі - нашыя патэнцыйныя персанажы!”

- Ці магла б да такой ступені, як Дракула, раскруціцца Чорная Панна Нясвіжа альбо гальшанская Белая Панна?

- Так! Барбара Радзівіл, гісторыя яе кахання з Жыгімонтам Аўгустам, абсалютна добры прыклад унікальнага і адначасова тыражаванага персанажа. Трэба рабіць серыял! Але ж не толькі Барбара! Гісторыя Саламеі Русецкай - яна сама, яе жыццё, яе прыгоды ў Асманскай імперыі... Ёсць гісторыя жыцця Мікалая Судзілоўскага, выхадца з Магілёва, які стаў першым прэзідэнтам Гавайскіх астравоў. Потым - кантрабандысцка-шпіёнскія гісторыі Пясецкага. Я не кажу ўжо пра Караткевіча. “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха” - гэта, на маю думку, не на адну экранізацыю!..

- Дарэчы, Караткевіч, як і Сальвадор Далі,  загадзя задумваўся пра верагодную папулярнасць сваіх твораў?

- Так, ён спецыяльна пісаў творы, разлічаныя на гэта! Дарэчы, калі “Дзікае паляванне” паказалі на Захадзе, там адразу сказалі: “Дык гэта наша, мы маем такія самыя сюжэты, гэта Корман!” У той жа самы час у Іспаніі выходзіць цэлая серыя фільмаў пра сляпых мерцвякоў. Сляпыя рыцары на конях пераследуюць людзей і сякуць іх на капусту! Гэта - прыклад глыбінных фальклорных матрыц, якія выдатна ведаў Караткевіч, і якія цудоўна выкарыстоўваў.

- Спадар Андрэй, а зняважлівы вобраз “бульбаша” - можна назваць тыражаваннем?

- Гэта адмоўны прыклад. Гэта - тыражаванне каланіяльнага статусу. Зараз у нас афіцыйная культура - гэта культура смецця. Прычым смецця, якое мусіць заблакаваць камунікацыю як такую, заблакаваць тыражаванне як такое. Гэта вірусная сістэма, калі ўсё забіваецца “шумам у эфіры”. У нас няма творчых асяродкаў, людзі не бачаць і не чуюць адзін аднаго!

- Аднак калі ёсць гатовыя схемы тыражавання, і ў нас ёсць выдатныя сюжэты і персанажы, чаму не атрымліваецца?

- Тут праблемы дзве: памылка аўтараў і праблемы грамадства. Памылка аўтараў у тым, што яны ў значнай ступені грэбуюць гэтай сітэмай глыбінных матрыц тыражавання. А памылка грамадства ў тым, што яно напоўнена вірусамі, якія забіваюць камунікацыю...

 

Ці можна лічыць паспяховым тыражаваннем гурты NRM і “Ляпис Трубецкой"?
Ці ёсць прыклады ўнікальнага тыражаванага ў Бібліі?
Хто можа стаць беларускім Шрэкам?

ТАКІМ ЧЫНАМ
Лекцыя Андрэя Расінскага з цыкла “Urbi et Orbi”
“Унікальнасць тыражаванага”
адбудзецца 13 красавіка (пятніца) а 18.00
у кафэ “Лофт” - вул. Петруся Броўкі, 22 (бліжэйшая ст. м. “Акадэмія навук”). Уваход вольны!

Анлайн-трансляцыя лекцыі

Крыница

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео