BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ірына Дубянецкая: Нацыя не склалася, пакуль яна не мае перакладу Бібліі на сваю мову (Відэа)

26.03.2012 Юлія Інышава, ЕўраБеларусь
Ірына Дубянецкая: Нацыя не склалася, пакуль яна не мае перакладу Бібліі на сваю мову (Відэа)
Нацыя не сфармавалася да канца, пакуль на яе мову не зроблены пераклад Бібліі з мовы арыгіналу, лічыць доктар філасофіі, тэолаг Ірына...

Нацыя не сфармавалася да канца, пакуль на яе мову не зроблены пераклад Бібліі з мовы арыгіналу, лічыць доктар філасофіі, тэолаг Ірына Дубянецкая, чыя публічная лекцыя з цыклу "Urbi et Orbi" адбылася ў Галерэі “Ў”.

Назва лекцыі дастаткова правакацыйная: “1000 гадоў без Бібліі”. Як гэта разумець? Біблія ж - самая перакладаная кніга ў нашай цывілізацыі. Яна перакладзеная на 479 моў (а ўсяго ў свеце існуе каля 1230 моў і дыялектаў). Сярод гэтых 479-ці ёсць і беларуская. Але перш чым гаварыць аб асаблівасцях беларускіх перакладаў, Ірына Дубянецкая прыгадала гісторыі іншых перакладаў.

Многія мовы сталі пісьмовымі менавіта дзякуючы перакладу на іх Бібліі. Армянская, грузінская, паўднёва-славянская - на гэтых мовах адукаваныя святары спачатку распрацоўвалі алфавіт, каб выкарыстаць яго дзеля перакладу Бібліі.

У часы Рэнэсансу і Рэфармацыі адбылася лібералізацыя Бібліі: менавіта тады пачынаюць рабіць яе пераклады на нацыянальныя мовы, каб Кніга кніг была зразумелай простаму чытачу. Уільям Тындэйл быў спалены жыўцом за свае рэлігійныя погляды, у тым ліку за пераклад Бібліі на простанародную ангельскую мову. У 2011-м адзначалася 400-годдзе найбольш уплывовага перакладу Бібліі на ангельскую мову - "Бібліі караля Якуба".

Нямецкі пераклад Бібліі Марціна Лютэра можна лічыць сапраўдным подзвігам аднаго чалавека. Гэты пераклад стаў фактарам умацавання нямецкай мовы.

Самыя раннія пераклады на польскую мову датуюцца ХІІІ-XV ст.ст. "Берасцейская Біблія", або "Радзівілаўская Біблія", была замоўленая Мікалаем Радзівілам Чорным кальвінскім навукоўцам і выданая ў Берасці ў 1563 годзе. У адказ на пераклад, зроблены пратэстантамі, каталікі выканалі некалькі новых перакладаў. Самай уплывоваю сталася праца езуіта Якуба Вуйка (1593 г.) і была такою аж да 1965 г. - выдання новай "Бібліі тысячагоддзя".

Праца па перакладзе Бібліі на расійскую мову пачалася ў 1813 г. з дазволу цара Аляксандра І і завяршылася за Аляксандрам ІІ. Свяцейшы Сінод даручыў пераклад чатыром праваслаўным багаслоўскім акадэміям: у Маскве, Пецярбургу, Казані і Кіеве. Апошняя рэдактура была зробленая Сінодам і асабіста Мітрапалітам Маскоўскім і Каломенскім Філарэтам і апублікаваная ў 1876 г., пасля смерці Філарэта.

Што датычыць перакладаў Бібліі на беларускую мову, то ў часы Рэфармацыі асобныя кнігі перекладалі і выдавалі Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі.

Чаму ж скарынава Біблія не адыграла ў XVI ст. нацыя- і моўна-кансалідуючую ролі для беларусаў? Ірына Дубянецкая называе тры прычыны: пераклад быў няпоўны, зроблены не з мовы арыгіналу і не на жывую мову.

У наш час сп-ня Ірына прыгадвае два пераклады Новага Запавету 1930-х гг., поўныя і няпоўныя аўтарскія пераклады, а таксама пераклады царкоўных камісій (праваслаўны і каталіцкі варыянты). Пераклады Янкі Станкевіча (1970 г.), Васіля Сёмухі (2002 г.) і Уладыслава Чарняўскага (2012 г.)  - поўныя. А яшчэ існуе доўгі спіс недрукаваных і аўтарскіх перакладаў асобных кніг Бібліі. І тут назіраюцца вялікія адрозненні ў мове. Варыянты назвы "Евангелля Яна": "Паводле Іоана сьв. Эвангельле" (Антон Луцкевіч і Лукаш Дзекуць-Малей), "Святое Дабравесце паводле Іаана" (Біблейская камісія БПЦ), "Паводле Яна сьв. Евангельле" (а. Аляксандар Надсан), "Сьвятое Эвангельле паводле Яна" (кс. Уладыслаў Чарняўскі), "Святое Евангелле паводле Яна" (секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў Касцёла пры ККББ), "Евангеля паводле Яана" (Янка Станкевіч), "Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце" (Васіль Сёмуха), "Паводля сьв. Яна Эвангеле" (Ян Пятроўскі), "Эванэлія паводля св. Яна" (кс. Пётр Татарыновіч). Як бачым, адзінства ў мове дагэтуль не дасягнутае.

- Беларускія пераклады маюць шэраг праблем, - зазначае сп-ня Ірына. - Бібліі Станкевіча і Сёмухі, зробленыя паводле пратэстанцкай традыцыі (39 кніг), з пункту гледжання каталіцкай і праваслаўнай традыцый (46 кніг) не з’яўляюцца поўнымі. Біблія Станкевіча напісана мовай, якая практычна не ўжываецца, пераклад Сёмухі грунтуецца не на арыгінальнай мове, а на сінадальным перакладзе, Чарняўскі выкарыстоўваў польскую "Біблію тысячагоддзя". 

Чаму аніводная са шматлікіх спробаў перакладу Бібліі на беларускую мову не адыграла культура-, мова- і нацыякансалідуючай ролі? Ці могуць новыя спробы адыграць такую ролю? У адказ на гэтыя пытанні Ірына Дубянецкая сфармулявала патрабаванні да сучаснага перакладу. Ён павінны быць зроблены з мовы арыгіналу і на літаратурную беларускую мову пры захаванні якаснай тэкстуальнай традыцыі. З навуковага пункту гледжання пераклад мае адпавядаць стандартам сучаснай біблістыкі. Перадумовамі культурнай якасці сучаснага перакладу павінны стаць сацыяльная запатрабаванасць, надканфэсійнасць, канфэсійная прымальнасць і давер да перакладчыкаў.

 

Відэазапіс публічнай лекцыі:

Пасля перапынку:

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео