BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чужыя сярод сваіх, або Тры прычыны, па якіх мы не бачым інвалідаў на вуліцы

10.03.2012 Надзея Дрыла, Звязда (Фота аўтара)
Чужыя сярод сваіх, або Тры прычыны, па якіх мы не бачым інвалідаў на вуліцы
О нас в медиа
Прычына 1: для 9 з 10 інвалідаў-калясачнікаў уласная кватэра ператварылася ў турму Пачну з гісторыі, якую распавялі ў Офісе па правах людзей...

Прычына 1: для 9 з 10 інвалідаў-калясачнікаў уласная кватэра ператварылася ў турму

Пачну з гісторыі, якую распавялі ў Офісе па правах людзей з інваліднасцю. Дзяўчынка-інвалід з Бярозы жыве з бацькамі ў доме, які не абсталяваны пандусам. Таму самастойна выехаць на вуліцу, зразумела, яна не ў стане. Яе ж бацька па доўгу службы часта не бывае дома. Каб вырашыць пытанне з пандусам, камандзір вайсковай часці, дзе служыць тата дзяўчынкі, адправіў хадайніцтва мясцовым уладам. У адказ саслужыўцы атрымалі прапанову "прыняць долевы ўдзел у вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі і ўстаноўцы пандуса ці пад'ёмніка".

- Гэтая прапанова, - паводле слоў юрыстаў, - супярэчыць заканадаўству. Таму што забяспечваць інвалідам неабходныя ўмовы для свабоднага доступу да аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жылым, грамадскім, вытворчым будынкам і збудаванням, бесперашкоднага карыстання месцамі адпачынку павінны менавіта мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.

У іншай сям'і яшчэ больш сумная сітуацыя. Пенсіянерка І. жыве разам з двума інвалідамі-калясачнікамі 2-й групы - сынам і мужам - у 2-х пакаёвай кватэры. Прычым мужчыны не толькі не маюць магчымасці выязджаць на вуліцу з-за адсутнасці пандуса на ўваходзе ў дом, але і не могуць самастойна карыстацца санвузлом і ваннай. А ўсё з-за таго, што ў кватэры занадта вузкія калідоры і дзвярныя праёмы, непераадольныя парогі. Неаднаразовыя звароты ў дзяржаўныя органы з нагоды абмену кватэры не далі вынікаў.

Па ацэнках Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, 9 з 10 інвалідаў-калясачнікаў не могуць паўнавартасна карыстацца жыллём і бесперашкодна выходзіць і вяртацца дадому. Гэта прамое парушэнне канстытуцыйнага права на свабоду перасоўвання. А не дай Бог у такім доме здарыцца пажар?..

Ці вось яшчэ адна паказальная сітуацыя.

- Хлопец-калясачнік, які звярнуўся да нас у офіс, пабудаваў кватэру, - распавядае каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. - Але жыць у ёй не можа, бо пры будаўніцтве быў парушаны закон "Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь". Згодна з дакументам, з 1991 года забараняецца ўводзіць у эксплуатацыю новыя і рэканструяваныя аб'екты без забеспячэння даступнасці для інвалідаў. Парушэнні ж спецыяльных будаўнічых норм сустракаюцца на кожным кроку. Але чаму за гэта ніхто не нясе адказнасці: ні праекціроўшчыкі, ні той, хто ставіць свой подпіс пад здачай дома, ні Дзяржбуднагляд, які не ў праве прыняць аб'ект, што не адпавядае будаўнічым нормам? Чаму ніхто не адсочвае гэтую сітуацыю?

Агульная даступнасць інфраструктуры, згодна з альтэрнатыўным дакладам Офіса па правах людзей з інваліднасцю, не перавышае 35%. Нярэдкая з'ява - адсутнасць пандусаў каля крам, альбо іх недаступнасць. Не ўсё ў парадку і з пешаходнымі пераходамі: часта будаўнікі паніжаюць тратуар толькі на адным баку дарогі, забыўшыся аб супрацьлеглым. Маўчу ўжо пра вышыню бардзюраў на нашых вуліцах... Усё гэта сведчыць аб тым, што і па-за межамі кватэры інвалідаў-калясачнікаў не надта чакаюць...

- Нельга сказаць, што нічога не робіцца, - кажа Сяргей Драздоўскі. - Вялікія грошы сёння страчваюцца на ўладкаванне безбар'ернага асяроддзя. Але з гэтым фармальным падыходам, з парушэннем стандартаў, адпаведнасць якім ніхто не кантралюе, усе намаганні дарэмныя. Вось і атрымліваецца, што з усіх інвалідаў-калясачнікаў у горад выбіраюцца адзінкі. Яны сядзяць па дамах, сыходзяць у ілюзорны свет кніг ці Інтэрнэту. І здаецца, што нас няма. А значыць, і няма праблем, якія не варта і вырашаць.

Прычына 2: праблема даступнасці адукацыі для інвалідаў пакуль яшчэ характэрна для нашай краіны

Паводле альтэрнатыўнага даклада аб выкананні правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі толькі 6% дарослых інвалідаў, якія перасоўваюцца на калясцы, маюць вышэйшую адукацыю. Гэта, у першую чаргу, абумоўлена фізічнай недаступнасцю навучальных устаноў для інвалідаў-калясачнікаў: адсутнасцю спецыяльных ліфтаў, дзвярных прыстасаванняў і г.д.

Тым не менш, паводле слоў Вікторыі Тройніч, вядучага інспектара ўпраўлення спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, пэўныя зрухі ў гэтым плане ўжо ёсць. Штогод скарачаецца колькасць школ-інтэрнатаў і павялічваецца колькасць спецыяльных і інтэграваных класаў у агульнаадукацыйных школах. У прыватнасці, у Мінску ёсць 15 школ, дзе створана безбар'ернае асяроддзе для навучання асоб з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Прадугледжаны там і памочнікі выхавацеля, якія могуць суправаджаць дзяцей па-за вучобай, ствараюцца ўмовы, каб дзеці былі там на працягу дня.

Абітурыенты, у тым ліку і з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, маюць права паводле заключэння дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі выбраць форму здачы ўступнага іспыту. Здаць яго можна ў самой установе адукацыі пісьмова альбо вусна ці прыняць удзел у цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэтая форма захавалася і ў новай рэдакцыі правілаў для паступлення ў сярэднеспецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

- Сёння ў нас вялікая праблема ў ведах, якімі валодаюць звычайныя настаўнікі ў адносінах людзей з абмежаваннямі, - адзначыла Вікторыя Тройніч. - Большасць з іх, трэба прызнаць, псіхалагічна не гатова прыняць вучня з асаблівасцямі ў школе. У сувязі з гэтым разглядаецца пытанне аб увядзенні абавязковага спецкурсу па тэхналогіях інклюзіўнага абучэння і выхавання. Сэнс яго не ў тым, каб з кожнага педагога зрабіць дэфектолага, а ў тым, каб сфарміраваць правільныя талерантныя адносіны педагога да чалавека з абмежаваннямі. Я думаю, калі гэта адбудзецца, то адмоў у прыёме ва ўстановы адукацыі будзе значна менш.

Прычына 3: у Беларусі каля 80 % людзей з інваліднасцю працаздольнага ўзросту не працуюць

Згодна з дзейным заканадаўствам, адмова ў заключэнні працоўнага дагавора па матывах інваліднасці не дапускаецца. За выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з медзаключэннем стан здароўя перашкаджае выкананню працоўных абавязкаў альбо пагражае бяспецы працы.

Аднак 40% людзей з інваліднасцю, якія шукалі працу, сутыкнуліся з тым, што наймальнікі не жадаюць іх браць на працу менавіта з-за інваліднасці.

У Офісе распавялі гісторыю працаўладкавання 37-гадовага інваліда 2 групы Яўгена з Касцюковічаў, які жыве з маці-пенсіянеркай. Фактычна сям'я існавала на 2 пенсіі: пенсію маці і пенсію сына па інваліднасці. Жанчына атрымлівала зусім мізэрныя грошы, бо працавала толькі на паўстаўкі, каб мець магчымасць больш часу ўдзяляць свайму тады яшчэ дзіцяці-інваліду.

У цэнтры занятасці па месцы жыхарства рэгістраваць Яўгена ў якасці беспрацоўнага адмаўляліся. Хоць той, згодна з індывідуальнай праграмай рэабілітацыі да акту агляду МРЭК, мог працаваць вахцёрам, заўгасам, кладаўшчыком, справаводам... Матывавалі тым, што ён атрымлівае пенсію па інваліднасці. Але ж не сакрэт, што такім сем'ям пенсіі не хапае на задавальненне жыццёва неабходных патрэбнасцяў: лячэнне, лекі, аздараўленне, сродкі гігіены, аплата камунальных паслуг і г.д.

Мужчына звярнуўся па дапамогу ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Супрацоўнікі апошняга, у сваю чаргу, - у райвыканкам па месцы жыхарства Яўгена з просьбай аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні.

Гісторыя Яўгена скончылася добра: яго ўладкавалі ў якасці вядучага інжынера па ахове працы на адно з прадпрыемстваў горада. Аднак гэты выпадак - толькі адзін з, на жаль, нямногіх. У Беларусі каля 80% людзей з інваліднасцю працаздольнага ўзросту не працуюць. Прычым большасць з іх знаходзіцца каля рысы крайняй беднасці.

Меркаванне на тэму

Алег Шэпель, старшыня Паралімпійскага камітэта Беларусі:

- Вышэйшая ступень рэабілітацыі - гэта калі інвалід запатрабаваны і карысны грамадству. Менавіта таму вельмі важна, каб як мага большая колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі была працаўладкавана. А для гэтага дзяржава павінна кампенсаваць нерэнтабельную працу інваліда, каб тая прадукцыя, якую ён вырабляе, была канкурэнтаздольнай. Напрыклад, калі вы прыходзіце ў краму, вам жа без розніцы, хто тавары вырабляе? Наша галоўная задача - навучыць чалавека працаваць, бо зароблены рубель несумненна страчваецца больш рацыянальна. А льготы, пенсія і чатыры сцяны - гэта не рашэнне праблемы.

* * *

Якое стаўленне сёння ў грамадстве да інвалідаў? У лепшым выпадку нейкае спачувальнае. Але што мы ведаем пра іх лёс, пра іх беды і радасці, пра іх пачуцці, калі гэтая бяда не тычыцца нашай уласнай сям'і? І што мы можам для іх зрабіць? Здаецца, адзінае, але вельмі істотнае, - паспрабаваць "пасадзіць" сябе на іх месца. Не шкадаваць, а зразумець і падтрымаць. Дзе - проста дапамагчы пераадолець бардзюр, заехаць у пад'езд, а дзе - проста паразмаўляць. Бачыць не інваліда, а паўнавартаснага чалавека, абмежаванага ў руху, а не ў правах ці развіцці. Можа, тады нешта і зварухнецца ў лепшы бок... Спачатку - у нашым грамадстве, потым — на дзяржаўным узроўні.

 

Крыніца

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео