BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рудкоўскі: Партрэт Акудовіча на лекцыі паліць не буду

05.03.2012 Глеб Лабадзенка, TUT.BY
Рудкоўскі: Партрэт Акудовіча на лекцыі паліць не буду
Личности
Дзеля гэтага Пётра Рудкоўскі прачытае публічную лекцыю «Слова ў абарону «неактуальнай» філасофіі». Лекцыя адбудзецца ў межах цыкла «Urbi et...

Дзеля гэтага Пётра Рудкоўскі прачытае публічную лекцыю “Слова ў абарону “неактуальнай” філасофіі. Лекцыя адбудзецца ў межах цыкла “Urbi et Orbi” (“Гораду і Свету”) 9 сакавіка (пятніца) па адрасе: прасп. Незалежнасці, 37а (Галерэя "Ў"), пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Пётр Рудкоўскі - унікальная ў Беларусі асоба: ці не адзіны дзейсны ксёндз, які выкладае ў свецкім універсітэце (ЕГУ). Шлях да навукі ў Рудкоўскага быў супрацьзаконны: каб навучацца багаслоўю, ён са сваіх памежных Канвелішак хадзіў цераз лес у Літву. Аднак так хацеў Бог, і хлопца ні разу не злавілі. Потым была адукацыя ў Гродне, у славутым кракаўскім Ягелонскім універсітэце. Цяпер айцец Пётр служыць дапаможным ксёндзам у магілёўскай парафіі святых Казіміра і Ядвігі. У вольны час вядзе ЖЖ, які называецца сціпла: “Джон Купала”. Таксама вядзе блог на партале Catholic.By.

Шлях Пётры Рудкоўскага да беларускай мовы таксама быў пакручасты. У дзяцінстве ён, як і многія савецкія дзеткі, лічыў сябе “рускім”. Потым вывучыў польскую мову, захапіўся паланістыкай і зрабіўся “палякам”, нават напісаў мастацкую кнігу па-польску на 800 старонак школьнага сшытка. Аднак вялікая адукацыя не прамінула дарэмна - сёння філосаф Пётра Рудкоўскі лічыць сябе выключна беларусам. І на лекцыі збіраецца прызнацца, што...

“З Платонам і Арыстоцелем я і сам часцяком не пагаджаюся...”

- На лекцыі, - кажа Пётра Рудкоўскі, - я маю намер абараняць “неактуальную”, “анахранічную” філасофію, якая, можа быць, прызнаная “нямоднай”, але ў якой я бачу пэўны шанец для беларускай філасофіі, беларускай гуманістыкі. Маю намер узняць такую праблему, як тэхніка канструявання шматпавярховых абстракцыяў, якую даводзіцца ў айчынным (і не толькі) філасафаванні назіраць. Маю намер узняць праблему безпрадметнасці філасофіі і аперавання цьмянай эзатэрычнай мовай. І паставіць пытанне пра ўзнаўленне класічнага філасафавання, якое грунтуецца на аналізе, крытыцы і аргументацыі.

- Спадар Пётра, усё гэта Вы хочаце паказваць, я так разумею, з беларускай пазіцыі і на беларускіх прыкладах?

- Маю намер праз прызму класічнага разумення філасофіі глянуць на сітуацыю ў беларускай філасофіі.

- “Класічнае разуменне філасофіі”, давайце нагадаем, - гэта хто?

- Гэта Арыстоцель, Платон, з якімі я часцяком не згаджаюся, але якія з’яўляюцца такім адправачным пунктам. Гэта стаіцкая філасофія, скептычная, гэта Фама Аквінскі, святы Аўгусцін, гэта Дэкарт, Джордж Берклі, Кант і гэтак далей. Тое, што ўвайшло трывала ў філасофскую еўрапейску спадчыну. Па другі бок - тое, што лічыцца “апошнім крыкам філасофскай моды”: дэканструкцыянізм ці постмадэрнізм, ці яшчэ як гэта называюць.

- А хто гэта вырашае: модная ці нямодная? Няўжо нехта выракся названых Вамі класічных філосафаў?

- Да іх назіраецца такі спецыфічны падыход: няма аналізу гэтай спадчыны, дыскусіі з імі. Толькі пры дапамозе іранічнага стылю, аспрэчвання. Часам і згода з імі, але невядома, у імя чаго і дзеля чаго. Гэта можна назіраць, але гэта не ёсць філасофскі дыскурс.

- А хто з сённяшніх беларускіх філосафаў модны? Вось на слыху, у прэсе: Акудовіч, Бабкоў, Мацкевіч...

- Яны даволі модныя.

- Якраз тыя модныя, ад якіх Вы хочаце сыйсці?

- Не ад іх сыйсці, іх не адштурхоўваць, а можа якраз прыцягнуць іх. Толькі ў процівагу гэтай моднай філасофіі, якую яны прэзэнтуюць, абараняць нямодную.

- То бок, партрэт Акудовіча на лекцыі паліць не будзеце?

- Паліць партрэт Акудовіча на лекцыі я, бадай што, не буду. З той прычыны, што я з’яўляюся адным з тых, хто найлепш вывучыў думку Акудовіча. Я напісаў ажно тры з паловай артыкулы на тэму ягонай думкі. Таму партрэт Акудовіча для мяне вельмі каштоўны.

“Біблія - гэта ніякія не вялікія філасофскія трактаты”

- Ці ёсць у Беларусі іншыя прыклады, калі дзейсны ксёндз з’яўляецца адначасова ўніверсітэцкім выкладнікам, блогерам?..

- Духоўных асобаў, якія выкладаюць у семінарыях, багаслоўскіх каледжах, не так ужо і мала. Ёсць многа тых, каторыя робяць навуковыя ступені, якія ўжо зрабілі навуковыя ступені - у адрозненне ад мяне, бо я яшчэ кандыдацкай не маю.

- Але ж Вы выкладаеце ў свецкім універсітэце. Як Вы ў сабе гэта спалучаеце?

- Часам выклікае такое напружанне, але адначасова гэта даволі цікава. Спраўды, я не прыгадваю іншых святароў Беларусі, якія б выкладалі ў свецкай установе. Гэта цікавы досвед.

- Як да гэтага ставіцца касцёл?

- Касцёл ставіцца станоўча. Я належу да дамініканскага ордэна, адной з місіяў якога з’яўляецца пэўная прысутнасць у акадэмічным асяроддзі, дыялог з сучаснымі інтэлектуальнымі плынямі. Таму пачуваюся цалкам добра.

- Адная з кніг Валянціна Акудовіча называецца дзёрзка: “Дыялогі з Богам”. Вы, як святар і выкладнік філасофіі, як лічыце, можна назваць філасофію дыялогамі альбо ж маналогам чалавека да Бога?

- У пэўным сэнсе філасофію можна ўспрымаць як дыялог з Богам, хіба што - з неспазнаным Богам. Акудовіч спрабуе дыялагаваць, дыскутаваць, спрачацца з Богам, набліжаным да хрысціянства, з Богам-этнасам. Гэта - абшар пошуку Бога. Акудовіч робіць гэта часам іранічна, часам скандальна, але цікава, што менавіта ён вядзе гэтыя дыялогі з Богам.

- Атрымліваецца?

- Мне асабіста здаецца, што часам ён больш гаворыць, чым слухае. Але гэта вельмі асабістае маё ўражанне.

- Наколькі гэта дарэчна: ставіць сябе на адну лінію, на адзін узровень з Богам? Дыялог - гэта раўнапраўная гутарка. У многіх мовах, у тым ліку беларускай, можна сказаць “пан” да чалавека і “Пан” да Бога. І тут назіраецца нейкае “набліжэнне статусаў”. І ў жыцці гэта часта сустракаецца, калі людзі кажуць: “Я звярнуўся да Бога, а Ён узяў і не пачуў”.

- Бог, якога я вызнаю, пераўзыходзіць чалавечы свет. Але гэта захапляльна, што ён сышоў на ўзровень чалавека, стаў чалавекам. У Новым Запавеце сказана, што не проста стаў чалавекам, а слова сталася “саркс”. Гэта нізкая, пагарджаная форма чалавечага існавання. Самае галоўнае правіла: не толькі да Яго прамаўляць, у Яго пытацца, але таксама слухаць Яго. Часам бывае такая праблема.

- Біблія - філасофская кніга. І з аднаго боку, яна была створана вельмі даўно, таму ніякай мадэрновай ці постмадэрновай яе не назавеш. А з іншага боку, гэта заўсёды “модная” кніга, людзі чытаюць яе з захапленнем, адкрыццём, вялікай цікаўнасцю. З прагай спазнаць новае і атрымаць адказы. Як Вы тлумачыце такі феномен Бібліі?

- Мой асабісты кантакт з Бібліяй быў у розныя перыяды розны. Прызнаю, што былі і праблемы з Бібліяй. Адначасова мяне заўсёды інтрыгаваў факт, пра які вы згадалі: гэта попыт, якім Біблія заўсёды карысталася і працягвае карыстацца. Пры тым, што ў літаратурным плане гэта ніякія не шэдэўры. У філасофскім плане, гэта ніякія там не вялікія філасофскія трактаты. У гістарычным плане, гэта таксама не ёсць дакладны дакумент... У моўным плане, гэта досыць убогая кніга: знаўцы падлічылі, што габрэйская частка налічвае ўсяго каля 1500 слоў... Адначасова ёсць нешта, што закранае патаемныя струны ў чалавеку, і яна аказваецца актуальнай. Біблія - скарб натхнення для філасофаў. Для таго ж самага Акудовіча, які 30 старонак прысвячае аднаму радку з Бібліі “Напачатку было слова...” І, канешне, Біблія натхняе многіх людзей на духоўную змену свайго жыцця.

- Вы зараз чатыры разы запар збэсцілі Біблію! Яна і так убогая, і гэтак убогая. Вам не здаецца, што ў Сярэднявечча Вас бы ўжо даўно на вогнішчы спалілі?

-  Зусім не так, што мяне б спалілі ці пабілі. У Сярэднявеччы адрознілі гістарычны сэнс ад маральнага, духоўнага. Біблія - гэта інструмент, праваднік да сапраўднага Божага слова, якое глыбейшае за простыя літары.

- Вы не баіцеся, што з вуснаў святара многія могуць зразумець гэта як: “Ай, што тая Біблія!..”

- Калі даслухаюць да канца - адэкватнае зразуменне будзе.

“Я пачаў пешшу хадзіць на багаслоўскія курсы, якія адбываліся ў Літве...”

- Ваш шлях да беларускай мовы ляжаў цераз польскую мову, цераз вывучэнне літоўскай мовы. Па-польску Вы, здаецца, нават кнігу на 800 старонак напісалі. Чаму сёння гэты шлях да мовы быў для Вас такі пакручасты - такі самы, як для Купалы 100 гадоў таму?

- Гэта пэўная эвалюцыя, якую праходзіць арганізм, - нешта падобнае адбылося і ў маім выпадку. Пачыналася ўсё ад зусім няяснага ўсведамлення, кім я ёсць. Паляк? Рускі? Пазней адбылося праясненне маёй свядомасці ў свядомасць таго, што беларускасць - гэта нешта роднае для мяне. Пры тым, што польскасць і літоўскасць таксама з’яўляецца чымсці блізкім.

- Параўнанне, якое напрошваецца само: у цяперашнім грамадстве гэтак жа мала рэлігіі. Чалавек мусіць зразумець і прыйсці да гэтага сам. Чаму шлях сённяшнягя беларуса аднолькава пакручасты і да Бога, і да мовы?

- Мне таксама нярэдка прыходзіць такая аналогія... І бальшавізм, і Расійская імперыя стэрэлізавала тутэйшых людзей, вынішчала беларускую культуру. Два гэтыя монстры накладваюцца адно на адно. Расійская імперыя змагалася з касцёлам, але ж дазваляла хоць праваслаўе. Савецкі Саюз змагаўся з любой рэлігіяй.

- Дзе Вы навучаліся багаслоўю? Дзе Вы навучаліся філасофіі?

- Маё навучанне па-за школай пачалося яшчэ калі я быў у 10 класе. Я пачаў пешшу хадзіць на багаслоўскія курсы, якія адбываліся ў Літве. Затым Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродна: філасофія, багаслоўе. Потым Дамініканскі калегіюм і Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве, уласна філасофская адукацыя, маю ступень магістра.

- Вы сказалі звычайную для жыхара памежжа і незвычайную для жахара Мінска рэч: што на курсы хадзілі пехам у Літву. Ад вашых Канвелішак гэта колькі?

- Той горад, куды я хадзіў навучацца Салечнікі. Гэта амаль што на самай мяжы. Можна пешшу дайсці за 2 гадзіны прыкладна, гэта каля 10 кіламетраў. Гэта калі ісці напрасткі, праз лясы - як я хадзіў.

- У той час гэта яшчэ не было парушэннем мяжы?

- Гэта ўжо было парушэнне мяжы, але яна яшчэ была слабенькая, толькі фармавалася: 1993-94 год. Мяне ні разу не затрымалі.

- Чаму Ваш блог і Вашая электронная пошта называюцца “Джон Купала”?

- Неяк так спантанна атрымалася. Тут некалькі сімпатыяў наклалася. Мой бацька, яго завуць Ян, нарадзіўся паблізу свята Яна Хрысціцеля. Ян Хрысціцель адзін з маіх улюбёных святых. А Джон Купала - гэта беларусізаваная мянушка для Яна Хрысціцеля. Спадзяюся, што Ян Хрысціцель за гэта на мяне не крыўдзіцца. Апрача таго, сантымент да Янкі Купалы як такога.

- Зрэшты, і ён жа пачынаў па-польску пісаць. Чым не нагода правесці паралелі?

- Я не прэтэндую на нешта такое. Гэта так - гульня нашчадка.

 

ТАКІМ ЧЫНАМ

Лекцыя Пётры Рудкоўскага з цыклу “Urbi et Orbi”
Слова ў абарону “неактуальнай” філасофіі
адбудзецца 9 сакавіка (пятніца) а 18.30
у Галерэі "Ў": Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а (ст.м. "Плошча Перамогі")

Уваход вольны!

Анлайн-трансляцыя лекцыі

 

Крыніца

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео