BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ігар Марозаў: Чаму будынак нельга разглядаць як архітэктурны тэкст?

06.02.2012 Глеб Лабадзенка, TUT.BY (Фота аўтара)
Ігар Марозаў: Чаму будынак нельга разглядаць як архітэктурны тэкст?
Личности
Лекцыя Ігара Марозава з цыклу «Urbi et Orbi» адбудзецца 10 лютага (пятніца) а 18.30 у «Арт Сядзібе» (вул. Куйбышава, 22, ГД «Гарызонт», 2-гі паверх). Уваход...

Лекцыя Ігара Марозава з цыклу “Urbi et Orbi” адбудзецца 10 лютага (пятніца) а 18.30 у “Арт Сядзібе” (вул. Куйбышава, 22, ГД “Гарызонт”, 2-гі паверх). Уваход свабодны!

Называецца лекцыя “Герменеўтыка дойлідства”. Дойлідства - гэта архітэктура, але ў больш шырокім разуменні. Якраз гэтаму разуменню і будзе прысвечаная сустрэча.

Па тэме лекцыі Ігар Марозаў выдаў некалькі кніг і абараніў доктарскую працу. Абараняць давялося ў Пецярбургу, бо айчынныя адказныя асобы ўпарта не пагаджаюцца, што панятак “герменеўтыка архітэктуры” мае дачыненне да архітэктуры. Яны мяркуюць, што “тлумачэнне” і “разуменне” - гэта ўжо выключна гуманітарныя паняткі. У выніку, кандыдат архітэктуры Ігар Марозаў стаў доктарам культуралогіі ў Пецярбургу. Напярэдадні лекцыі мы сустрэліся з прафесарам Ігарам Марозавым.

 

 

“За мяжой прызнаюць, што я першапачынальнік тэорыі архітэктурнай герменеўтыкі”

- Спадар Ігар, у Інтэрнэце напісана, што тэрмін “архітэктурная герменеўтыка” вынайшлі Вы. А ў Вікіпедыі мы можам пачытаць толькі пра герменеўтыку як такую. Дык патлумачце сэнс вынайдзенага Вамі панятку.

- Герменеўтыка сама па сабе бярэ назву ад бога Гермеса, які вытлумачаў волю багоў ды іх жаданні людзям. То бок, перакладаў на чалавечую мову. Адсюль пайшла герменеўтыка як мастацтва тлумачэння тэкстаў. І вось мне ў свой час падумалася: калі мы нешта разумеем у дойлідстве (у свеце, які мы ствараем), то якія жаданні ў гэта ўкладзеныя? А жаданні - жыць гарманічна, жыць спакойна, нармалёва, не баючыся пра будучыню. Гэта ўкладаецца ва ўсё, што чалавек стварае. І нарадзілася думка: а чаму гэта не тэксты? А калі гэта тэксты архітэктурныя, то як мы іх чытаем? У выніку, склалася ёмістая і шматбаковая тэорыя, і за мяжой ўжо прызнана, што я першапачынальнік тэорыі герменеўтыкі дойлідства.

- А мы тлумачым тое, што закладаў архітэктар, ці тое, што бачым самі?

І тое, і другое. Гэта як з літаратурным творам: мы і аўтара шукаем, і ўкладаем свае перажыванні. І кожны раз, праглядаючы фільм, карціну, чытаючы твор - мы бачым яго інакш. Гэта называецца “герменеўтычны круг” - калі дадаецца досвед, успаміны, узрост, будзёнасць, настрой...

- Спадар Ігар, у музеі Далі ў Фігерасе, паводле тэстамента мастака, забароненыя экскурсаводы, каб ягоныя творы ніхто не браўся тлумачыць. А ці дарэчна тлумачыць творы архітэктараў?

- Я намагаюся навучыць разумець, паказаць заканамернасць, паводле якой мы разумеем. Я даю не рыбку, і нават не вуду - я хачу даць здольнасць чытаць, каб яна была глыбейшая. Падштурхнуць да пошуку свайго ўспрымання.

- Мне прыгадваецца, зноў жа, Саграда Фамілія ў Барселоне, дзе табе тлумачаць усе біблійныя і прыродныя сюжэты, з якіх складзены вобраз храма. А калі ўзяць шэрыя мінскія панэльныя халабуды - што тут тлумачыць?

- Тое, чаго тут няма. Тое, якімі яны маглі быць. А чаму гэтага няма? А чаму гэтага не можа быць?.. Нават паўза ці пустэча - гэта падмурак для роздуму.

 

“Тое, што мы маем навокал - гэта не нашае, не ўласцівае нам...”

- Архітэктар Вальмен Аладаў прыгадваў, што калі ён праектаваў тыповыя жылыя дамы ў Мінску, то хацеў недзе ўвесці ўзор са Слуцкіх паясоў. Яму сказалі, што гэта лішняе і - забаранілі. Можа, варта цяпер да гэтага вярнуцца?

- Я не вялікі аматар шукаць нацыянальнае ў саламяных капелюшах і паясах. Трэба шукаць, што ва ўзорах ёсць нацыянальнага ў цэлым, а гэта ўвогуле глыбіннае... Скажам, калі рабілася Нацыянальная бібліятэка, я прапаноўваў засяродзіцца на тым, што наш край - азёрны. І пагуляцца з гэтым, тым больш, што шкляная паверхня спрыяе гэтаму. У свеце ёсць выпадкі, калі струмень вады пускалі проста па сцяне будынка... Але абралі ў выніку “алмаз”.

- І ўсё-ткі: гэтыя ўбогія страшныя дамы - іх можна неяк палепшыць?

- Стары, нямодны строй - што вы з ім робіце?.. Выкідаеце. Гэта ўсё вырачана. Я б пакінуў колькі такіх пяціпавярховых “хрушчобаў” у якасці музейных экспанатаў савецкай індустрыяльнай эпохі.

- Наколькі выгляд будынкаў, у якіх мы жывем, якія нас атачаюць, уплывае на нашу псіхалогію і менталітэт?

- Каласальна ўплывае, гэта ўзаемаўплывовы працэс! Адзінае што, уплыў гэты немагчыма ніяк ацаніць. І калі вы пабываеце за мяжой, то прыязджаеце сюды і глядзіце іншымі вачыма.

- Можа, таму там людзі часцей усміхаюцца?

- Напэўна. Ведаеце, я ўжо двойчы быў у Індыі. Іх шараговая архітэктура - у нашым разуменні, як шалаш! Але гэта натуральна для іх: яны шчаслівыя, бо гэта іх уласнае, звычнае! Гэта так, як яны змаглі! Але мы вартыя большага, чым маем, бо мы змаглі б больш! І гэтая навакольная шэрасць і пасярэднасць - была важная ў свой час: паказаць, хто кім ёсць, кім ёсць наш народ. Памятаеце, была забарона лецішчаў - па вышыні, па выглядзе, па дэкору? Каб чалавек не вылучаўся! Хоць тыя, хто трымаў уладу, забяспечвалі сябе па поўнай праграме. І гэты паказ сацыяльнай розніцы быў ва ўсім. Нават калі б ты меў грошы, табе б не прадалі “Волгу”, бо “не паложана”. Нават калі б ты набыў андатравую шапку, ты б не наважыўся ў ёй хадзіць, бо гэта быў бы выклік: увесь савецкі ўрад на дэманстрацыях стаяў у такіх шапках! А сёння чалавек вырываецца, шукае... Памятаю, адзін “новы беларус” замовіў мне спраектаваць яму катэдж, галоўнай умовай было “каб ні ў каго такога не было”. Я зрабіў. Праз тыдзень ён мне кажа: “Ігар, усё супер, я аб’ездзіў усё ў радыюсе 60 км, нідзе такога няма!..”

 

 

“Майстар мусіць з павагай ставіцца да асяроддзя, у якім стварае”

- Што ў Мінску цікава тлумачыць?

- Цікава тлумачыць абсалютна ўсё! Скажам, наш праспект, які нават была ідэя ўключыць у Спіс ЮНЕСКА. Яго будавалі пасля вайны, як праспект-пераможцу : ад вакзала да Плошчы Перамогі. А ордэн Перамогі наверсе манумента я лічу ўказальнікам на Маскву, бо там выяўлены Крэмль!

- Але што ж тут нашага?! Гэта паказаве на правінцыйнасць, каланіяльнасць! Чаму галоўны праспект самастойнай дзяржавы мусіць быў быць “указальнікам на Маскву”?!

- Элемент ёсць. Так было тады: трэба было ўсім указваць на сталіцу “дзяржавы-пераможца”... І ў гэтым таксама герменеўтыка дойлідства!

- У вашым артыкуле пра Іосіфа Лангбарда прыгадваецца ягонае цікавае выслоўе, што “добрая архітэктура - гэта добрая палітыка, а дрэнная архітэктура - дрэнная палітыка”. Гледзячы на сённяшнія будоўлі Мінска, Вам гэтыя словы часта прыгадваюцца?

- Да гэтай думкі я прыйшоў яшчэ не прачытаўшы выслоўе Лангбарда... Скажам, на “падзелку” насупраць гандлёвага Дома на Нямізе я стараюся ўвогуле не глядзець. Гэта вартая жалю спроба фліртавання з гісторыяй, няўклюдная. Гэта як параўнаць дзяўчыну і манекен...

- З таго, што захавалася ў нас, што Вы лічыце “беларускай архітэктурай”?

- Усё, што стаіць з даўніх часоў на нашай зямлі, - гэта беларуская архітэктура. Хоць гэта частая спрэчка: паводле якой прыкметы лічыць яе беларускай? Тое, што на беларускай зямлі? Ці тое, што рабілі беларусы? Усё гэта спрэчна... Узяць таго ж Іосіфа Лангбарда. Ягоны “квартэт” - Опера, Дом урада, Акадэмія навук і Дом афіцэраў - гэта найцікавейшая рэч! Прыгадайце, з нацыянальнасці Лангбард быў самі ведаеце кім, з адукацыі і месца працы - расіянінам... Але тое, што ён збудаваў тут, - гэта надзіва беларуская архітэктура!.. Ён адчуў гэта! Шкада, што цяпер Оперу Лангбарда сапсавалі гэтымі недарэчнымі батлеечнымі скульптурамі... Радуе, як напісаў мой калега, што яны туды не ўпісваюцца, і зняць іх можна ў любы момант.

- Калі развіваць тэму “заезжых” архітэктараў, атрымліваецца цікавая рэч. Бернардоні, Пэнс, Сака, Спампані, Нонхарт. Усе яны былі “заезжымі”, аднак усе іх творы мы ўспрымаем як беларускую архітэктуру!

- Бадай, таму, што яны адчувалі і паважалі, што было тут да іх, што будзе тут дарэчна. Майстар мусіць з павагай ставіцца да асяроддзя, у якім стварае. Сёння такога няма: калі глядзіш, якія недарэчнасці з’яўляюцца там, дзе ім ніяк не месца.

- То бок, архітэктурная герменеўтыка вельмі важная яшчэ да таго, як будзе ўзведзены новы дом, помнік, комплекс?

- Абавязкова! І гэтаму важна вучыць тых, хто будзе ствараць і будаваць! Калі тут будзе стварацца сваё - мы будзем гэта любіць. Чалавеку трэба даць зарад, каб ён адрозніваў дрэннае ад добрага, імкнуўся да лепшага. Гэты зарад я і паспрабую даць на лекцыі.

 

ТАКІМ ЧЫНАМ
Лекцыя Ігара Марозава з цыклу “Urbi et Orbi”
“Герменэўтыка дойлідства”
адбудзецца 10 лютага (пятніца) а 18.30
у “Арт Сядзібе”: Мінск, вул. Куйбышава, 22
(ГД “Гарызонт”, 2-гі паверх)
Уваход вольны!

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео