BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Які колер з’яўляецца колерам Беларусі?

24.01.2012 Глеб Лабадзенка, TUT.BY (Фота аўтара)
Які колер з’яўляецца колерам Беларусі?
Личности
Гэтае пытанне задае і прапануе свае варыянты адказаў Міхал Анемпадыстаў. Каму цікава пачуць, прыходзьце у гэтую пятніцу, 27 студзеня а 18.30...

Гэтае пытанне задае і прапануе свае варыянты адказаў Міхал Анемпадыстаў. Каму цікава пачуць, прыходзьце у гэтую пятніцу, 27 студзеня а 18.30 у “Арт Сядзібу” (вул. Куйбышава, 22). “Колер Беларусі” - чарговая публічная лекцыя з цыклу "Urbi et Orbi" (“Гораду і Свету”). Уваход вольны!

Міхал Анемпадыстаў - чалавек, таленавіты ў многім. Мастак - скончыў у свой час славутую Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава. Паэт - напісаў практычна ўсе тэксты да легендарнага ўжо “Народнага альбома”, ягоныя песьні выконваюць NRM, Лявон Вольскі, Кася Камоцкая ды іншыя. Фатограф - увосень 2011 года прадставіў выставу “Under Ground”, дзе на здымках былі выяўленыя... карняплоды! Бульба, буракі, морква... Пагугліце - не пашкадуеце!

Міхал працуе як дызайнер - аздабляе кнігі, дыскі... Колерам у гісторыі і культуры Беларусі цікавіцца даўно. Адказ на пытанне "Якія яны, колеры Беларусі?" - таксама шукае не першы год. І, падаецца, нават знайшоў!.. Аднак наадрэз адмовіўся раскрываць усе карты ў інтэрв’ю, некалькі разоў паўтарыўшы: “На гэтае пытанне адкажу толькі на лекцыі...”

 

 

Глеб Лабадзенка: Спадар Міхал, чаму найчасцейшымі колерамі кашулі-вышыванкі сталі чырвоны і белы? Чаму, калі мы глядзім на гэтую кашулю, яна нам падабаецца?

Міхал Анемпадыстаў: Найперш пэўныя колеры ўжываліся таму, што гэта - традыцыя. І “падабаецца / не падабаецца” шмат у чым завязана на традыцыі. Калі традыцыя жывая, то нашыя густы абапіраюцца якраз на яе. І прыгожым нам здаецца тое, што традыцыйна для нашай культуры. Цяпер у нас з традыцыямі, мякка кажучы, праблема. Калі цяпер чалавека на вуліцы запытацца, што такое “прыгожа”, то ён, хутчэй за ўсё адкажа, што прыгожа - гэта “калі чыста”...

- Што нам кажа пра колеры традыцыя?

- Нашая традыцыя - гэта адсутнасць яркіх фарбаў у штодзённым жыцці. Гэта - натуральнасць матэрыялаў. Інтэграванасць жытла ў прыроднае асяроддзе. Ясна, што ніхто са звычайных людзей ніколі не задумваўся, што такое “прыгожа”. Увогуле тэма “прыгожа / не прыгожа” паўставала толькі тады, калі з’яўлялася нешта прышлае. І гэтае прышлае здавалася “не прыгожым”, бо прыгожае - гэта сваё. Напрыклад, гэтае “не сваё” вельмі добра ўпершыню адчулася, калі з’явіліся расійскія памешчыкі, якія фарбавалі дамы і бляшаныя дахі алейнымі фарбамі. З пункту гледжання тутэйшых людзей, якія жылі ў традыцыйнай культуры, гэта было нешта вельмі дзікае, азіяцкае. У прыклад можна прывесці і традыцыйныя куфры. Калі тут з’явіліся расійскія арцелі, якія прапаноўвалі распісваць іх рознымі фарбамі, то спачатку людзі супраціўляліся, нават пасмеіваліся, бо гэта было чужародным. Аднак калі традыцыю не падтрымліваць, то яна знікае, і цяпер мы бачым шмат распісаных куфраў, пры гэтым даволі старых.

- Але захоўваць традыцыю - гэта ж не значыць, што мы павінны сёння штодня хадзіць у кашулі-вышыванцы? Але чаму? Таму, што гэта “не саўрамённа”, ці таму, што гэта непрактычна?

- Безумоўна, мы не павінны хадзіць у вышыванцы, бо ёсць такі панятак як мода, яго ніхто не адмяняў. Другое - што сапраўды ёсць такая рэч, як практычнасць. І трэцяе - што сэнс захавання традыцыі не ў тым, каб карыстацца рэчамі гэтак сама, як імі карысталіся ў традыцыйным грамадстве. А проста каб ведаць іх каштоўнасць, іхнія ўнутраныя эстэтычныя законы. Каб гэтыя ўнутраныя законы можна было, асэнсаваўшы, выкарыстоўваць. Каб умець стылізаваць іншыя прадукты - візуальныя, архітэктурныя, рэкламныя - стылізаваць паводле нацыянальных каштоўнасцяў. Традыцыйныя рэчы, якія прайшлі выпрабаванне часам - яны “адшліфаваныя”, там няма нічога лішняга.

- Напрыклад?

- Напрыклад, возьмем традыцыйную беларускую кераміку. Гэта абсалютна геніяльныя формы! Я параўноўваў у варшаўскім этнаграфічным музеі, дзе выстаўленая кераміка з усяе Польшчы, у тым ліку з беларускіх земляў: Беласточчыны і Падляшша. Сапраўды, беларуская кераміка адрозніваецца і вылучаецца - найперш прыгажосцю сваіх формаў. Устойлівыя густы, перавагі ў выбары колераў і іх спалучэнняў, таксама складваліся цягам стагоддзяў. І як толькі гэтая традыцыя забываецца, пачынаецца тэндэнцыя зрабіць “як мага ярчэй”, “нарадней”. Гэта - цывілізацыйны крок назад, на чужое культурніцкае поле.

- Гэта таму ў нас сёння дамы расфарбоўваюць у аранжавы, кіслотна-зялёны, ружовы колер?

- У Мінску гэта, відаць, вырашаюць прафесійныя архітэктары... Лепш казаць пра вясковыя хаты, і тут сёння бачым такія колеры нетыповыя, нетрадыцыйныя. Гэта як зараза нейкая! Яшчэ гадоў 10-15 таму каларыстыка вясковых пабудоваў, а значыцца, і ўсяго краявіда, была досыць стрыманай, арганічнай і гарманічнай, а цяпер, калі і гатовых колераў прапануецца болей і ёсць мажлівасць замяшаць любы колер на замову, кожны фарбуе як хоча, найчасцей у яркія барвы і кантрастныя спалучэнні... Я лічу, што менавіта цяпер, варта было б стварыць рэкамендацыйныя каталогі-дапаможнікі, з фіксаванай палітрай, якая мусіць быць суаднесена з традыцыяй, з прыродным асяроддзем. Мы - шэраватая краіна, у нас не так шмат сонца, большую частку года шэры краявід. Трэба глядзець, якія колеры пасуюць пад нашае асяроддзе...

- Дык можа чалавеку якраз ад гэтага шэрага краявіду і хочацца пафарбаваць хату ў жоўты, каб весялей было?

- Думаю, гэта пытанне ўжо да псіхолагаў. Мне падаецца, што беларусы маюць збольшага спакойны тэмперамент, часам нават дэпрэсіўны, і колеры адпаведныя, спакойныя. Яркія колеры выбіраюць звычайна людзі халерычнага складу. А гэта не зусім наш нацыянальны характар, дзе вы бачылі халерыка-беларуса?

 

 

- Вы калі пра збаны казалі, то ўжывалі слова “прыгожыя”. Дык што вы самі ўкладаеце ў гэты панятак?

- Я ўжываў гэтае слова? Мусіў бы не ўжываць. Сярод тых, хто займаецца выяўленчым мастацтвам, слова “прыгожае” - табуяванае, нельга яго ўжываць. У тым выпадку гаворка ішла пра формы, што кераміка ўразіла гарманічнымі, прапарцыйнымі формамі. Уразіў яе чорны колер, які падкрэсліваў гэтую чысціню формы. А чорны колер прыгожы.

- Чырвоны колер прынята ўжываць як колер агрэсіі, увагі, небяспекі. Аднак на вышыванцы ён так не выглядае. Чаму ён зрабіўся адным з самых распаўсюджаных у традыцыйных узорах?

- Я не ўпэўнены, што чырвоны колер - гэта колер агрэсіі. Кожны час надае колерам свае сэнсы, сваё прачытанне. Чырвоны колер у многіх культурах заўсёды быў пазітыўны і боскі. Беларуская традыцыйная культура ў гэтым сэнсе не выключэнне. І выяўлялася гэта якраз у народным арнаменце: на рушніках, кашулях...

- Вось, напрыклад: выбар колеру. Пэўны час таму гарвыканкам прыняў рашэнне, каб усе аўтобусы ў Мінску былі зялёныя. Адкуль гэта? Чым яны кіраваліся?

- На гэтую тэму ёсць вельмі добры анекдот. Настаўніца пытаецца: “Дзеці, як мы ўпрыгожым клас да Новага года?” Вовачка адказвае: “А давайце на столі пасярод пакоя запярдолім чырвоную паласу!” Настаўніца у істэрыку: дзіця лаецца! Бяжыць ад дырэктара, абурана пераказвае яму сітуацыю. Дырэктар пытаецца: “Дык а што ён канкрэтна сказаў?” Настаўніца паўтарае: што прапанаваў на столі “запярдоліць чырвоную паласу”. Дырэктар кажа: “Дык а ў чым праблема? Не падабаецца чырвоная - запярдольце сінюю!” Тут той жа выпадак: калі колер бярэцца проста “ад балды”. Цяжка каментаваць логіку, бо невядома, у чым яна палягала. Хоць такая з’ява, як фірмовы колер - з’ява добрая. Гэта правільна, што ў фірмовым колеры мусяць быць аўтобусы, пажадана пры гэтым таксама адрозніваць іх ад тралейбусаў. Гэта надае фірмовы стыль гораду. Але кожны фірмовы стыль - гэта прадуманая канцэпцыя. Якая мусіць пачынацца не з аўтобусаў, а ўласна з горада, з колеру будынкаў, асяроддзя. Мне незразумела, якая каларыстыка, канцэпцыя ў нашага горада. Таму цяжка разважаць, якога колеру павінны быць аўтобусы… Зноў жа – вяртаемся да традыцыі. Калі ў Лондане прынята, каб аўтобусы, тэлефонныя будкі і паштовыя скрыні былі чырвоныя - ніхто не пытаецца, прыгожа гэта ці не. Для жыхара Лондана гэта норма, традыцыя, гэта Лондан, і так павінна быць, а значыцца, гэта прыгожа. Дарэчы, адценне чырвонага, там выбрана не выпадкова. Яно мае яшчэ больш старую, але таксама англійскую традыцыю.

- А калі з сённяшняга дня і бліжэйшыя 50 гадоў фарбаваць аўтобусы ў зялёны - гэта будзе традыцыяй?

- Так, бо будзе ўжо некалькі пакаленняў, для якіх зялёны аўтобус - гэта нармалёва, звыкла і натуральна. Гэта стане традыцыяй. Калі ўсе трамваі ў Мінску доўгія дзесяцігоддзі былі, умоўна кажучы, чырвона-жоўтыя, гэта была традыцыя. Заўважце, яна знішчаная на нашых вачах: усе новыя трамваі самых розных колераў... Хоць я лічу, што “чырвона-жоўтую” традыцыю варта было б захаваць, нават не зважаючы на тое, што тое традыцыйнае спалучэнне падаецца мне не згарманізаваным.

- А якія колеры згарманізаваныя?

- Для мяне згарманізаванае - гэта, напрыклад, спалучэнне колераў Мірскага замка: цэгла і белая тынкоўка...

- ...тынкоўка ўжо ружовая!

- Ружовая?! Вось бачыце...

 

  • Якім колерам продкі цяперашніх беларусаў аддавалі перавагу ў розныя гістарычныя эпохі?
  • Як і чаму менавіта гэтыя колеры зрабіліся “нашымі”?
  • Які колер з’яўляецца колерам Беларусі?

Адказ - на лекцыі Міхала Анемпадыстава!

ТАКІМ ЧЫНАМ
Лекцыя Міхала Анемпадыстава з цыклу “Urbi et Orbi”
“Колер Беларусі”
адбудзецца 27 студзеня (пятніца) а 18.30
у “Арт Сядзібе”: Мінск, вул. Куйбышава, 22
(ГД “Гарызонт, 2-гі паверх)

Уваход вольны!

Анлайн-трансляцыя лекцыі

 

Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
21.05.2020 Лятучы ўніверсітэт

Размова дванаццатая — пра з’яўленне каштоўнасцей і Бога ў ідэальным плане і радыкальны паварот у развіцці інстытута філасофіі.

Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
Право на наследие по стандартам Конвенции Фаро: возможно ли в Беларуси?
31.03.2020

27-28 марта Беларусский комитет ICOMOS и МНГО "ЕвроБеларусь" провели экспертный онлайн-семинар о расширении возможностей участия сообществ в управлении историко-культурным наследием.

Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
Акции / Фото
Ядвіга Шырокая: Агратурызму не хапае інфраструктуры
24.03.2020 Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Як аб’ядноўваць людзей, падтрымліваць жанчын і развіваць бізнес у беларускай вёсцы.

Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
Міхалу Анемпадыставу сёння споўнілася б 56 год... (Аўдыё)
16.03.2020 Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя

Мастак, паэт, аўтар словаў "Народнага альбома" Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 года.

Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
15.02.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

Отступление об оппозиции.

Видео