BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Уладзімір Мацкевіч: Сёння трэба, каб лідары думкі, у тым ліку Алексіевіч, самі выходзілі на Плошчу

06.04.2019 Віталь Цыганкоў, Радыё "Свабода"
Уладзімір Мацкевіч: Сёння трэба, каб лідары думкі, у тым ліку Алексіевіч, самі выходзілі на Плошчу
Як падзеі ў Курапатах звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі? Як улады імкнуцца дасягнуць поўнай пасіўнасці і абыякавасці грамадства? І як грамадства можа гэтаму супрацьстаяць?

Пра гэта разважае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч — госць перадачы "Інтэрв’ю тыдня" на "Свабодзе".

Гэта можна лічыць выпрабаваннем цярпімасці, абыякавасці беларусаў

— Зруйнаванне крыжоў у Курапатах выклікае ў многіх людзей найперш эмацыйную рэакцыю. Але відавочна, што ўлада, ідучы на такі крок, мела перад сабой даволі практычныя, палітычныя мэты. На вашую думку, чаго дабівалася ўлада, робячы разгром у Курапатах?

— Заўсёды вельмі цяжка ўлазіць у свядомасць тых, хто робіць рэчы, якія з любога гледзішча падаюцца недарэчнымі. Бо такімі дзеяннямі ўлады, падаецца, наступілі на інтарэсы праваслаўнай, каталіцкай царквы, усіх людзей, якія гэтымі гадамі ўшаноўвалі і ўладкоўвалі Курапаты.

Нават тых людзей, якія асабліва не цікавіліся такой тэматыкай, абурылі і абудзілі гэтыя дзеянні напярэдадні Вялікадня. Тым болей што гэтыя крыжы нікому не заміналі. Таму, напэўна, гэта можна лічыць выпрабаваннем цярпімасці, абыякавасці беларусаў. Наколькі яны, абураючыся кожны паасобку, здольныя ці няздольныя аб’яднацца і рашуча адказаць на гэты вандалізм, дзеянне, якое не падлягае ніякай маральнай ацэнцы.

Адбываецца дыскрэдытацыя праяваў любога свабоднага мыслення і дзеяння. Бо ўсё гэта залічваецца ў "палітыку"

— Калі вяртацца да палітычнага аспекту, то варта нагадаць, што мы маем перадвыбарчы год. Палітолагі лічаць, што, як мінімум, ад восені Аляксандр Лукашэнка дэ-факта праводзіць выбарчую кампанію. І зразумела, што рашэнне пра акцыю ў Курапатах было прынята на самым версе. Можа, улада хоча задаць пэўны тон і атмасфэру выбарчай кампаніі?

— Так, я і сам у сваіх каментарах казаў, што гэта звязана з выбарчай кампаніяй. Але ж я разглядаю гэта троху ў іншым аспекце. На сёння відавочна, што гэтая кампанія будзе вельмі вялай. Няма ніякага інтарэсу ў людзей да гэтай кампаніі, і таму магчыма, што людзі проста праігнаруюць гэтыя выбары. І на гэтым фоне нейкае абвастрэнне, нават узбуджэнне негатыўнага стаўлення да ўладаў можа выклікаць інтарэс да гэтых выбараў. І людзі пацягнуцца, нават з пратэставымі мэтамі.

Думаю, што разлік можа быць зроблены менавіта на гэта — хоць нейкім чынам выклікаць інтарэс. Таксама гэта можа быць звязана з т.зв. "інтэграцыйнымі" захадамі з боку Расіі, якая імкнецца ўплываць на беларускі рэжым і можа нават высоўваць пэўны ўльтыматум.

— Звычайна, калі ўлада робіць нешта абуральнае для той часткі грамадства, якую мы называем палітычна актыўнай, нацыянальна свядомай, грамадзянскай супольнасцю, — то ўлада разумее, што колькасна гэтая частка даволі невялікая, і іхняе меркаванне і абурэнне ў фэйсбуках можна праігнараваць. Ці можна сказаць, што ў Курапатах улада пралічылася, у тым сэнсе, што яе дзеянні могуць выклікаць хаця б кухоннае, але абурэнне больш шырокага кола беларусаў?

— Калі разважаць абстрактна, то гэта так і выглядае. Бо руйнаванне крыжоў, здаецца, не можа пакінуць абыякавымі вернікаў самых розных канфэсій. Але ж практыка паказвае, што можа! Бо вернікі, якія цураюцца палітыкі, могуць сказаць: "гэта несапраўдныя крыжы, гэта палітычныя сімвалы, і таму ўладзе гэта дазволена".

Адбываецца дыскрэдытацыя праяваў любога свабоднага мыслення і дзеяння. Бо ўсё гэта залічваецца ў "палітыку". А ўсё, што робяць улады — гэта нібыта "па-за палітыкай", гэта "навядзенне парадку". І такія галасы ўжо чуваць.

Людзі, далёкія ад палітыкі, абураюцца гэтымі дзеяннямі ўладаў, але абураюцца ціха, не думаючы актыўна адказаць на іх. Таксама і царква. На малітве 4 красавіка было літаральна некалькі праваслаўных і каталіцкіх святароў, астатнія засталіся абыякавымі.

І гэта трэба ўлічваць. Улады гэта робяць. І мы павінныя лічыцца з рэчаіснасцю, а не выдаваць свае фантазіі за веды.

Менавіта дасягненне поўнай пасіўнасці і абыякавасці грамадства — гэта мэта ўладаў

— Сярод шматлікіх рэакцый, якія можна назіраць у сацыяльных сетках, нярэдка можна сустрэць і такое: "ад нас нічога не залежыць, мы нічога не зробім, нічога не зменіцца, ад гэтага хочацца з’ехаць у эміграцыю" і г.д. Можа, такая рэакцыя і ёсць мэтай дзеянняў уладаў — каб насадзіць адчуванне бездапаможнасці і бессэнсоўнасці пратэсту?

— Думаю, так. І пра гэта філосафы, аналітыкі, разумныя людзі кажуць досыць даўно. Менавіта дасягненне пасіўнасці грамадства — гэта мэта ўладаў. Гэта мэта тых паліттэхналогій трэцяга пакалення і той працы са свядомасцю, якую праводзіць беларускі рэжым.

Я заўсёды кажу, што беларускі рэжым — гэта першая дыктатура XXI стагоддзя. Ён выкарыстоўвае (не заўсёды ўсведамляючы гэта) самыя апошнія дасягненні грамадскай, сацыялагічнай, антрапалагічнай думкі. Рыхтуючы сабе нязменнасць рэжыму на доўгія гады, ідэолагі разумеюць, што гэта магчыма толькі пры дасягненні поўнай абыякавасці і пасіўнасці народа.

Усёмагутнасць улады — гэта не жорсткасць паліцэйскага рэжыму. Дастаткова нават таго, што ёсць на сёння — калі людзі не здольныя аб’яднацца. Гэта з’ява, якая, можа, і не мае пакуль навуковага вызначэння. Магчыма, самая блізкая назва — "стакгольмскі сіндром".

То бок калі прычыны таго кепскага, што адбываецца, спісваюцца не на тых, хто робіць зло, а на ахвяраў. Маўляў, вінаватыя тыя, хто без дазволу ставіў крыжы, тыя, хто не пайшоў на перамовы з рэстаранам, тыя, хто працягвае курапацкую варту. І вось гэтае насаджэнне такіх установак у свядомасць — і ёсць кансервацыя гэтага рэжыму. Да таго часу, пакуль мы не будзем кемлівымі і гуманітарна адукаванымі ў гэтай галіне — мы не будзем разумець, чаго дамагаецца гэтая ўлада такімі, на першы погляд, бязглуздымі дзеяннямі.

— Якой канкрэтна, на вашую думку, павінна быць рэакцыя незалежнага грамадства на курапацкія падзеі? Як можа выглядаць тое самае аб’яднанне, да якога вы заклікаеце?

— Тут вельмі істотны парадак дзеянняў. Першае, што патрэбна — каб лідары грамадзянскай думкі (знакамітыя пісьменнікі, навукоўцы, спартоўцы) адразу адрэагавалі сваёй агульнай заявай. Калі рэакцыі ўладаў не будзе — трэба, каб яны звярнуліся да сваіх прыхільнікаў, да тых, хто лічыць іх аўтарытэтам, па грамадскую падтрымку свайго патрабавання.

Калі і на гэта ўлада не рэагуе — трэба, каб гэтыя лідары самі выйшлі на Плошчу. Хай сабе ў колькасці 100-200 чалавек. За імі пацягнуцца іншыя.

А сёння што атрымліваецца? Сёння на Плошчу заклікае Статкевіч, з вялізарным адмоўным рэйтынгам. Вядомыя рэсурсы, якія ён можа задзейнічаць — яны не вялікія.

Мы ўсе выказалі сваю думку, але сярод нас няма нейкай еднасці, каб рабіць усё супольна. Таму ўлады глядзяць: ну, абурылася Святлана Алексіевіч, але яна будзе сядзець у сваёй кватэры і абурацца адтуль, у інтэрв’ю Радыё "Свабода".

Але ж яны самі не выйдуць на Плошчу. А трэба, каб яны, лідары думкі, самі выйшлі на Плошчу, сваім прыкладам узначалілі гэта ўсё.

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
22.05.2020 Владимир Мацкевич, философ и методолог

21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: "Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть".

Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
Андрей Егоров. Системный кризис: Беларусь-2020 (Видео)
25.04.2020 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации

Представляем вашему вниманию видеолекцию политолога Андрея Егорова, посвященную процессам, которые разворачиваются в Беларуси в 2020 году.

Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
Владимир Мацкевич: Беларусь должна стать уважаемой, процветающей и современной страной (Видео)
31.12.2019 Канстытуцыя.бел

Новогоднее поздравление от беларусского философа и методолога Владимира Мацкевича.

Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
Калькулятор национального суверенитета. Сколько его осталось у Беларуси?
04.10.2019 Андрей Егоров, Центр европейской трансформации — специально для "Беларусского Журнала"

Механика полной интеграции Республики Беларусь в состав Российской Федерации набирает обороты.

Видео