BE RU EN
rss facebook twitter

На сустрэчы АБСЕ абмеркавалі стан свабоды асацыяцый у Беларусі

30.09.2011
На сустрэчы АБСЕ абмеркавалі стан свабоды асацыяцый у Беларусі

29 верасня 2011 года ў Варшаве ў межах сустрэчы па чалавечым вымярэнні Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе адбылося паралельнае мерапрыемства "Свабода асацыяцыяй у Беларусі: як палепшыць прававыя ўмовы для дзейнасці няўрадавых арганізацый". Імпрэза была арганізаваная Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі пры ўдзеле Цэнтра прававой трансфармацыі. 

Асамблея НДА ўжо трэці год запар ладзіць прэзентацыі, прысвечаныя свабодзе асацыяцый на штогадовых сустрэчах АБСЕ па чалавечым вымярэньні. Арганізатары адзначылі, што сёлета тэматыка стану правоў чалавека ў Беларусі дамінуе на Варшаўскай сустрэчы: катаванні, безпадстаўныя і адвольныя арышты, пераслед палітычных апанентаў і праваабаронцаў узгадваліся падчас пленарнага паседжання, а таксама знаходзіліся ў фокусе ўвагі шматлікіх паралельных мерапрыемстваў. Аднак тэма ўмоваў дзенасці НДА не губляе сваёй актуальнасці і застаецца ў ліку тых крытэраў, паводле якіх Еўрасаюз і іншыя міжнародныя суб’екты ацэньваюць прагрэс у развіцці сітуацыі ў краіне.

У сваім выступе старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч прадставіў дадзеныя пра сотні ператрусаў і канфіскацый абсталявання, з якімі грамадскія аб’яднанні краіны сутыкнуліся пасля выбараў 19 снежня 2010 года.

"За апошні год умовы для дзейнасці НДА ў Беларусі пагоршыліся. Па колькасці арыштаў і затрыманняў становішча ў краіне з’яўляецца беспрэцэдэнтным: толькі колькасць арыштаваных па палітычных прычынах ў 2011 годзе перавысіла 2000 чалавек", - адзначыў Сяргей Мацкевіч.

Паводле юрыста Юрыя Чавусава, артыкул 193-1, які карае за дзейнасць у складзе незарэгістраваных аб’яднанняў, па-ранейшаму застаецца ў арсенале аўтарытарнай улады ў якасці сродку застрашэння і прадухілення непажаданай грамадскай актыўнасці.

"І хоць цяпер невядома пра вядзенне новых судовых справаў па гэтым артыкуле, пракуратура выносіць папярэджанні аб магчымасці ягонага выкарыстання ў дачыненні да актывістаў незарэгістраваных арганізацый. У гэтым годзе такое папярэджанне было вынесенае лідэру Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесю Бяляцкаму", - зазначыў Юры Чавусаў.

Юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка паведаміла, што залішнія бар'еры для рэгістрацыі НДА, крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных НДА, абмежаванні ў галіне атрымання ўнутранага і замежнага фінансавання для дзейнасці НДА, а таксама дыскрымінацыйныя падыходы ў правапрымяняльнай практыцы перашкаджаюць развіццю грамадзянскай супольнасці ў краіне.

Пад час дыскусіі былі абмеркаваныя магчымыя сродкі павелічэння ўплыву міжнародных стандартаў у галіне свабоды асацыяцыяй на развіццё заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Была агучаная прапанова для стварэння плану дзеянняў па рэфармаванні заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях, якая б стварала паслядоўную і цэласную карціну тых дзеянняў, якія б былі сапраўдным сведчаннем памкнення беларускага ўраду да паляпшэння сітуацыі ў гэтай сферы.

У паралельным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі праваабарончых і іншых няўрадавых арганізацыяў, журналісты, а таксама чальцы афіцыйных дэлегацыяй ЗША і Рэспублікі Беларусь на сустрэчы АБСЕ.

 

Служба інфармацыі "ЕЎРАБЕЛАРУСІ"

Видео