BE RU EN
rss facebook twitter

Дзень народзінаў праваабаронцы Алеся Бяляцкага

25.09.2011
Дзень народзінаў праваабаронцы Алеся Бяляцкага

Ад 4 жніўня ён знаходзіцца ў турме.

 

25 верасня вядомы на ўвесь свет праваабаронца Алесь Бяляцкі адзначае дзень народзінаў. 49-я дзень народзінаў, на жаль, ён сустракае за кратамі. Нагадаем, што старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" быў затрыманы 4 жніўня, у той жа дзень на яго кватэры, лецішчы і офісе "Вясны" прайшлі ператрусы.

12 жніўня Бяляцкаму прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для распачынання крымінальнай справы стала інфармацыя аб рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дамовы аб прававой дапамозе з Беларуссю.

Насамрэч Алесь Бяляцкі акумуляваў грошы на дапамогу рэпрэсаваным, зніклым і іх сем’ям. Легальна займацца такой дзейнасцю ў Беларусі было немагчыма.

Замежныя грошы ішлі на аказанне дапамогі рэпрэсаваным грамадзянам Беларусі і іх сем’ям.

Алесь Бяляцкі утрымоўваецца ў следчым ізалятары № 1 МУС Беларусі па вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Павіншаваць Алеся Бяляцкага ніколі не позна, лепш пазней, чым раней. Зрабіць можна паштоўкай або лістом, напісаўшы на наступны адрас:

220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 СІЗА-1, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу.
Указанне поўнага імя і імя па бацьку неабходна, каб ліст ці віншаванне дайшлі да адрасату.

Можна таксама сёння павіншаваць тэлеграмай па тэлефоне 166.

Набіраем з гарадскога тэлефона нумар 166. Дыктуем тэкст віншавання, і адрас Мінск, 220030, Валадарскага, 2, СІЗА-1, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу.

Трэба паведаміць сваё імя і прозвішча, інакш могуць не перадаць. Насамрэч нічога складанага. Праверана на Пачобуце :)

Таксама сёння паплечнікі і сябры Бяляцкага супольна дашлюць віншавальныя паштоўкі праваабаронцу.

У 12 гадзін дня яны збяруцца каля Галоўпаштамта, каб разам укінуць віншаванні ў паштовыя скрыні. Паштоўкі могуць падпісаць таксама і іншыя ахвотныя. Дзеля гэтага падрыхтаваныя адмысловыя віншавальныя тэксты, дадае Праваабарончы цэнтр "Вясна". 

 

Наша Ніва

Видео