BE RU EN
rss facebook twitter

Андраш Рац: "Гандаль палітвязнямі як козыр у адносінах Еўразвязу і Беларусі"

22.09.2011
Андраш Рац: "Гандаль палітвязнямі як козыр у адносінах Еўразвязу і Беларусі"

Гандаль палітвязнямі як козыр у адносінах Еўразвязу і Беларусі.

Андраш Рац,
старэйшы навуковы супрацоўнік Венгерскага інстытута міжнародных адносін у Будапешце 

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 верасня заявіў, што ён гатовы вызваліць усіх палітычных зняволеных, пасаджаных за краты пасля выбараў 19 снежня 2010 года. Верагодней усяго, гэты жэст быў зроблены для паляпшэння адносін краіны з Еўрапейскім звязам. Тым не менш, неабходна разумець беспрынцыпны прагматызм гэтай прапановы: рэжым грэбуе нават асноўнымі правамі чалавека, турмы краіны перапоўненыя людзьмі, а ўлады прапануюць вызваліць людзей у абмен на палітычныя і эканамічныя выгады.

Беларускія прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 19 снежня 2010 года, зноў выявілі пераможцай Аляксандра Лукашэнку, які пайшоў ужо на чацвёрты тэрмін. У ноч выбараў рэжым выказаў беспрэцэдэнтную жорсткасць у адносінах да беларускіх апазіцыянераў: адзін з кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі, Уладзімір Някляеў, быў збіты да страты прытомнасці, а некалькі дзесяткаў актывістаў былі арыштаваныя; суды пачаліся ўжо ў студзені. У адказ на гэта, Еўразвяз увёў санкцыі супраць Беларусі 31 студзеня 2011 года, а летам ЕЗ і Злучаныя Штаты некалькі разоў выказвалі заклапочанасць лёсам палітычных зняволеных у краіне. Пасля санкцыі былі павялічаныя, і адной з патэнцыйных карных мер з’явілася нават выключэнне Беларусі з ініцыятывы Усходняга партнёрства.

2 верасня 2011 года Лукашэнка прымаў у Мінску балгарскага міністра замежных спраў Мікалая Младзенава і паведаміў яму пра магчымасць вызвалення Беларуссю чатырох палітычных зняволеных у верасні, а астатніх - у кастрычніку. У адпаведнасці з практыкай Еўразвязу, Младзенаў паведаміў пра вынікі сустрэчы вярхоўнаму прадстаўніку ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, а таксама міністэрствам замежных спраў дзяржаў-чальцаў.

Матывы паводзінаў беларускага боку даволі неадзначныя. Па-першае, Мінск тэрмінова мае патрэбу ў Еўразвязе як супрацьваге ў яго адносінах з Масквой, як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання. Па-другое, якраз эканамічнае і фінансавае становішча Беларусі ў апошнія месяцы радыкальна пагоршылася, і мяркуецца, што беларускі рубель зноў будзе дэвальваваны на 20%, а знешні доўг краіны дасягнуў 55% ВУП. Гэта тым больш уражвае, таму што ў 2007 годзе ён быў толькі 18,5%; больш за тое, доўг краіны працягвае няўхільна расці. Аднак шчодрую беларускую сістэму сацыяльнага забеспячэння практычна немагчыма рэфармаваць, бо прадугледжаныя ёй стабільнасць і адносная бяспека ляжаць у аснове легітымнасці лукашэнкаўскага рэжыму.

У гэтых умовах рэспубліка мае пастаянную патрэбу ва ўсё новых і новых знешніх пазыках, якія, аднак, выкарыстоўваюцца не на рэфармаванне эканомікі краіны, а марнуюцца на падтрыманне ўсё менш і менш устойлівай сацыяльнай сістэмы. Мінск ужо атрымаў крэдыты не толькі ад Масквы і Еўразійскай эканамічнай супольнасці, у якой дамінуе Расія, але і ад Захаду. У 2008 і 2009 гадах Беларусь атрымала больш за 3 мільярда даляраў ад Міжнароднага валютнага фонду, у дадатак да іншых грантаў ад Еўразвязу і Сусветнага банка.

Тым не менш, стабільнасць сістэмы, якая фінансуецца з-за мяжы, паступова зніжаецца і становіцца ўсё менш устойлівай. Пастаянна расце ўзровень знешняй запазычанасці, і рэжым павінен змагацца з павышэннем коштаў, асабліва на тавары штодзённага попыту, якія павялічыліся на 41% за шэсць апошніх месяцаў, з студзеня па ліпень (!). Яркім прыкладам можа быць павышэнне коштаў на бензін, які выкарыстоўваецца большасцю беларускіх аўтамабілістаў: кошт паліва быў падняты на 24 адсоткаў у сярэдзіне жніўня і яшчэ на 10 - у пачатку верасня.

Агульная эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагоршаная яшчэ і тым, што фінансавая падтрымка з боку Расіі, якая дамінуе ў Еўразійскай эканамічнай супольнасці, цесна звязаная з жорсткімі палітычнымі ўмовамі: акрамя націску на Беларусь па ўступленню ў Мытны звяз, Расія чакае, што Мінск дазволіць расейскім інвестарам прыватызаваць стратэгічна важныя беларускія прадпрыемствы.

Больш таго, заходнія крыніцы атрымання крэдытаў практычна вычарпаліся пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. Злучаныя Штаты ўвялі гандлёвыя санкцыі супраць некалькіх буйных беларускіх прадпрыемстваў, якія экспартавалі тавары на амерыканскі рынак; таксама і Каралеўскі банк Шатландыі заявіў аб спыненні выдачы беларускіх еўра-аблігацый.

Шчодрая прапанова, зробленая Лукашэнкам 2 верасня, быў закліканая змяніць гэтую неспрыяльную сітуацыю. Аднак, нават да гэтага было некалькі прыкмет, якія паказвалі на магчымасць змен, паколькі ў канцы жніўня рэжым сказаў аб сваёй гатоўнасці вызваліць некалькіх палітычных зняволеных, і, каб прадэманстраваць сваю добрую волю, адмяніў судовыя працэсы ў дачыненні да некаторых палітычных зняволеных (напрыклад, да былога апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, Андрэя Саннікава).

Тым не менш, беларуская прапанова ў яе цяперашнім фармаце з'яўляецца непрымальнай як па маральных, так і палітычных матывах. Што тычыцца маральнага аспекту прапановы, можна апісаць сітуацыю так: калі рэжым саджае людзей за краты выключана па палітычных матывах, то цяпер ён адпаведна чакае, што зможа атрымаць эканамічныя выгады ў абмен на іх вызваленне. Але ж нават сам факт такой прапановы ўмацоўвае падазрэнне, што суды і арышты былі палітычна матываванымі, паколькі абвінавачванні ў здзяйсненні сапраўдных злачынстваў наўрад ці могуць быць знятыя за адну ноч. Такім чынам, калі гэтыя зняволеныя выходзяць так хутка і без аніякіх пытанняў, можна прыйсці да высновы, што яны могуць быць гэтак жа хутка зноў адпраўленыя за краты па палітычных матывах.

Варта адзначыць, што мы ўжо ведаем, што Мінск здольны зрабіць апісаныя вышэй дзеянні, бо мы былі сведкамі таго, як беларускае кіраўніцтва ігнаравала нават фундаментальныя правы чалавека падчас арыштаў апазіцыянераў у верасні, і працягвае ў тым жа накірунку. На сайтах розных беларускіх арганізацый па правах чалавека можна знайсці некалькі такіх прыкладаў і, зыходзячы з той інфармацыі, прапанова Мінска больш падобная не на справядлівы кампраміс, але на вымаганне з дапамогай  шантажу. Беларускія матывы, вядома, лёгка зразумець. Захад наўрад ці можа дазволіць сабе цалкам ігнараваць лукашэнкаўскую прапанову, бо прыхільнасць абароне правоў чалавека спараджае неабходнасць ўстаць на абарону палітычных зняволеных, і беларускі лідэр добра ведае пра гэта. У рэшце рэшт, Захад павінен даць нейкі адказ.

Што ж да палітычнага аспекту, мы павінны памятаць, што Беларусь ужо не ў першы раз выкарыстоўвае палітычных зняволеных у якасці козыра. Тры гады таму, у 2008 годзе, беларускае кіраўніцтва выкарыстала Аляксандра Казуліна, былога апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ад 2006 года, для паляпшэння адносін з ЕЗ і ЗША. Варта адзначыць, што гэты манеўр адбыўся задоўга да вайны ў Грузіі, і значыць, паляпшэнне ўсходняга накірунку Палітыкі добрасуседства ЕЗ, якое адбылося пасля гэтай вайны, не адыгрывала ролю ў той час. У 2008 годзе спецыяльныя ліберальныя меры рэжыма не прывялі да фундаментальных змен у краіне. Тады многія заходнія аналітыкі меркавалі, што вызваленне палітвязняў сталася прыкметай лібералізацыі рэжыму Лукашэнкі, і гэтыя надзеі, а таксама многія іншыя, канулі ў лету ў снежні 2010 года.

Іншымі словамі, калі палітвязні будуць вызваленыя сёння, іх зноў можна будзе пасадзіць за краты заўтра. І так будзе працягвацца да тых часоў, пакуль палітычныя і прававыя абставіны, якія робяць такія крокі магчымыя, застануцца нязменнымі.

Захад не павінен здзяйсняць гэтую памылку зноў. Замест кропкавых угодаў, у абмен на аднаўленне эканамічных і палітычных адносін рэжымам павінныя быць зробленыя рэальныя, структурныя рэформы. Такім чынам, вызваленне палітычных зняволеныхпавінна разглядацца як неабходная і абавязковая, а не дадатковая ўмова. Эканамічная свабода Лукашэнкі зараз значна слабей, чым гэта было ў 2008 годзе, а такім чынам, яго пазіцыі на перамовах будуць слабейшымі. Ведаючы цяжкае становішча рэжыму, цвёрды падыход да справы палітвязняў, заснаваны на вартасна-маральным падыходзе, можа прынесці цалкам станоўчыя вынікі, якія прынясуць выгоду не толькі Захаду, але і беларускаму народу.

 

Паводле EaP Community

Видео