BE RU EN
rss facebook twitter

Што нефармальная адукацыя гатова прапанаваць рэгіёнам Беларусі?

21.09.2011
Што нефармальная адукацыя гатова прапанаваць рэгіёнам Беларусі?

24 верасня - 2 кастрычніка 2011 года ў Беларусі ў шосты раз будзе праходзіцьТыдзень нефармальнай адукацыі. У гэтым годзе тэматычнай рамкай мерапрыемстваў стала "Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё".

Арганізатарамі тыдня выступаюць:

  • Установа адукацыі "Міжнародны прыватны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БелТЮФ"
  • ТАА "Трэнінгавы цэнтр "Квадратны апельсін"
  • Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы (АДАіА)
  • Прадстаўніцтва зарэгістраванага таварыства Deutscher Volkshochschul-Verband eV (ФРГ) у Рэспубліцы Беларусь.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у беларускім грамадстве сфармаваўся пэўны попыт на розныя праграмы навучання, накіраваныя на асабістае, сацыяльнае і прафесійнае развіццё, і гэта характэрна не толькі для сталіцы і абласных цэнтраў, але і для малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Наколькі нефармальная адукацыя гатова адказаць на запыт грамадства? Якія актуальныя падыходы, інавацыйныя распрацоўкі, кірункі гатова прапанаваць жыхарам абласных і раённых гарадоў? Магчымасці развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі дарослых у рэгіёнах Беларусі на працягу васьмі дзён будуць абмяркоўваць і дэманстраваць прадстаўнікі недзяржаўных, бізнес і адукацыйных структур рознага кірунку.

Арганізатары пастараліся максімальна пашырыць геаграфію мерапрыемстваў. Гомель адкрые Тыдзень НФА выставай "Адукацыя - гэта цікава" (Клубная асветніцкая ўстанова "Кинобункер"). Цыкл з 4-х тэматычных экскурсій пад агульнай назвай "Страчаная Гародня", які правядзе аб'яднанне маладых навукоўцаў "ВІТ", дасць магчымасць жыхарам Гродна даведацца пра малавядомыя факты з гісторыі свайго горада і ўдзельнічаць у стварэнні новых экскурсійных маршрутаў; гісторыка-краязнаўчая тэматыка стане падставай да абмеркавання важных праблем грамадскасці на семінары-практыкуме Ініцыятыўнай групы МП-21 у Вілейцы. Серыю трэнінгаў і тэматычных сустрэч правядуць на базе Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова псіхолагі валанцёрскага клуба "Рука дапамогі", прадстаўнікі экалагічнага аб'яднання "ЭНДО", грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў Магілёўскай вобласці.

Пра магчымасці адукацыйных праграм 2011-12 года гродзенцам раскажуць на прэзентацыі прадстаўнікі "Цэнтра інфармацыйнай падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў "Трэці сектар" і аб'яднання маладых навукоўцаў "ВІТ". У Барысаве і Жодзіне каманда экспертаў РГА "БелАЮ", МГА "Фокус-група" і праекта KARIERA.BY запрашаюць маладых людзей навучыцца эфектыўна планаваць сваю кар'еру. А мерапрыемствы Творчай студыі ОН-STUDIO і "Трэнінгавага цэнтра "Квадратны апельсін" (філіял у Магілёве) дазволяць больш падрабязна даведацца пра адукацыйныя паслугі, якія прадстаўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі. Семінары, трэнінгі, тэматычныя круглыя сталы, майстар-класы пройдуць таксама ў Смалявічах, Ходасах, Крычаве, Брэсце, Светлагорску, Шчучыне, Маладзечна.

Завяршае Тыдзень нефармальнай адукацыі прэзентацыя ў Гомелі праграмы "Лятучага універсітэта", на якой можна будзе больш падрабязна даведацца пра задуму і ідэю "Лятучага універсітэта", магчымасці ўдзелу ў рэгіянальных семінарскіх курсах. Прэзентацыя пройдзе ў супрацоўніцтве з "Агенцтвам рэгіянальнага развіцця "Стратэгічная думка".

Падрабязная праграма Тыдня НФА-2011 

Каардынатар - Святлана Анташкевіч: (+375 17) 270 38 96, [email protected] 

Видео