BE RU EN
rss facebook twitter

Браціслаўскі заклік шасьці прэм’ераў да Беларусі

16.02.2011
Браціслаўскі заклік шасьці прэм’ераў да Беларусі

Кіраўнікі ўрадаў Аўстрыі, Вугоршчыны, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны і Чэхіі запатрабавалі спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Украінскі прэм’ер адмовіўся далучыцца да заявы.

Сустрэча прэм’ераў вышаградзкай чацьвёркі (Вугоршчыны, Польшчы, Славаччыны і Чэхіі) адбылася 15 лютага ў славацкай сталіцы Браціславе і была прысьвечаная 20-годзьдзю стварэньня гэтай асацыяцыі. У сустрэчы таксама бралі ўдзел прэм’еры суседніх краінаў рэгіёну – Аўстрыі, Нямеччыны і Ўкраіны.
У супольнай заяве, якую зьмяшчае сайт міністэрства замежных спраў Славаччыны, кіраўнікі ўрадаў шасьці краінаў – Аўстрыі – Вэрнэр Файман, Вугоршчыны – Віктар Орбан, Нямеччыны – Ангела Мэркель, Польшчы – Дональд Туск, Славаччыны – Івэта Радзічава, Чэхіі – Пэтар Нэчас, выказваюць сваю занепакоенасьць падзеямі пасьля “ашуканскіх прэзыдэнцкіх выбараў” у Беларусі і заклікаюць улады неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў, зьняўшы зь іх усе абвінавачваньні. Кіраўнікі таксама раяць Менску аднавіць мандат офісу АБСЭ, а таксама нагадваюць, што выбарчы працэс павінен адпавядаць стандартам АБСЭ.

Аўтары заявы таксама выказалі сваю падтрымку ўведзеным візавым забаронам і пацьвердзілі сваю цьвёрдую прыхільнасьць умацаваньню кантактаў зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Кіраўнікі ўрадаў таксама паабяцалі ўважліва сачыць за сытуацыяй у Беларусі і надалей кіравацца палітыкай “крытычнага ўзаемадзеяньня”, у тым ліку шляхам дыялёгу і Ўсходняга партнэрства, пры ўмове захаваньня прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека.

Карэспандэнт агенцтва УНІАН пацікавіўся, чаму пад заявай не зьявіўся подпіс украінскага прэм’ера Міколы Азарава, які браў удзел у браціслаўскай сустрэчы. Паводле самога Азарава, прычынай сталі працэдурныя пытаньні і ў прыватнасьці тое, што тэкст гэтай заявы Ўкраіна атрымала толькі сёньня раніцай. “Такія дакумэнты не адпрацоўваюцца за 5 мінут”, – сказаў Азараў. Ён дадаў, што Ўкраіна, улічваючы добрыя адносіны зь Беларусьсю, можа паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне іншымі мэтадамі.

Вышаградзкая група атрымала назву ад вугорскага гораду Вышаград, дзе ў 1991 годзе была падпісаная сумесная дэклярацыя краін-удзельніц пра імкненьне ў эўрапейскія структуры. Зь першапачатковай тройкі група стала чацьвёркай пасьля разьдзяленьня Чэхіі і Славаччыны. 

 

Радыё Свабода

Видео