BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рэгіянальны семінар па структурным дыялогу ЕС з краінамі-суседзямі

10.02.2011
Рэгіянальны семінар па структурным дыялогу ЕС з краінамі-суседзямі

9-10 лютага ў Баку праходзіць Рэгіянальны семінар па структурным дыялогу ЕС з краінамі-суседзямі, а таксама Расіяй, Іракам і Іарданіяй. Структурны дыялог - гэта ініцыятыва Еўрасаюза па абмеркаванні ўцягвання арганізацый грамадзянскай супольнасці і органаў мясцовага кіравання ў працэсы супрацоўніцтва дзеля развіцця. Гэты працэс афіцыйна быў пачаты 23 сакавіка 2010 года еўракамісарам па развіцці Андрысам Піебалгсам.

У сустрэчы бяруць удзел чатыры прадстаўнікі ад Беларусі - старшыня Міжнароднага кансорцыюма "ЕЎРАБЕЛАРУСЬ" Улад Вялічка, сябра рады кансорцыюма Таццяна Пашэвалава, а таксама кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі НДА Беларусі Сяргей Лісічонак і прадстаўніца беларускага Чырвонага Крыжа Эла Дулінец.

Прэс-служба кансорцыюма "ЕЎРАБЕЛАРУСЬ" паразмаўляла з Таццянай Пашэвалавай аб важных асаблівасцях і асноўных выніках гэтага мерапрыемства:

- Таццяна, ў чым спецыфіка мерапрыемства, якое праходзіць гэтымі днямі ў Баку?

-  Гэта ўжо не першая падзея ў ланцужку структурнага дыялогу, у якім я прымаю ўдзел. Летам мінулага года я таксама ўдзельнічала разам з Алегам Гулаком і Валянцінам Стэфановічам у аналагічнай сустрэчы ў Амане, дзе быў прадстаўлены трошкі іншы па кампазіцыі рэгіён. Такога кшталту мерапрыемствы закліканы знайсці падыходы і рашэнні для доўгатэрміновай стратэгіі Еўрасаюза ў стасунках з краінамі-суседзямі як на поўдні, так і на ўсходзе. Удзел прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці ў такіх сустрэчах - вельмі важная з'ява, таму што гэта дае нам магчымасць уплываць на бачанне еўрапейцамі будучага нашых стасункаў, даводзіць свае думкі і прапановы наўпрост да Еўракамісіі. Разам з Усходнім партнёрствам - гэта яшчэ адзін канал нашай структураванай камунікацыі з Еўропай. 

- А што вы бачыце на выхадзе ў якасці выніку ад вашага ўдзелу ў Структурным дыялогу?

- Наўрацці мы можам чакаць хуткіх і прагматычных вынікаў ад гэтага працэсу, які, дарэчы, фармальна павінен завершыцца напрыканцы гэтага года. Аднак ужо зараз відавочна, што праз гэты працэс можна дапамагчы Еўрасаюзу пазбавіцца шэрагу відавочных памылак ў палітыцы добрасуседства ў дачыненні Беларусі, а таксама пачаць новую фазу стасункаў з грамадзянскай супольнасцю, дзе ёй будзе прадстаўлена адпаведнае месца і магчымасці. Мы таксама павінны разумець, што структурны дыялог - гэта яшчэ не вырашэнне праблем, але толькі патэнцыйная магчымасць і інфраструктура для камунікацыі. Такім чынам, мы самі павінны быць актыўнымі і кампетэнтнымі ў гэтым працэсе, самі задаваць набор прынцыповых ідэй і падыходаў. Здаецца, што апошнім часам гэта больш-менш удаецца рабіць адпаведным чынам з нашага боку.

 

Прэс-служба Міжнароднага кансорцыюма "ЕЎРАБЕЛАРУСЬ"

Видео