BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Першая сустрэча новага Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

08.02.2011
Першая сустрэча новага Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

1-2 лютага 2011 года ў Брусэлі адбылася першая сустрэча новага Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які быў абраны на апошнім Форуме ў Берліне ў лістападзе мінулага года.

На сустрэчы прысутнічалі ўсе 17 сябраў Камітэта, дзевяць з якіх - новыя, а восем працавалі ў складзе кіруючага органа на працягу мінулага года. Беларусь у Камітэце прадстаўляе кіраўнік Міжнароднага кансорцыўма "ЕЎРАБЕЛАРУСЬ" Улад Вялічка, які быў абраны Нацыянальным каардынатарам па Беларусі, а таксама Спікерам Форума.

Сп. Вялічка распавёў аб асноўных выніках сустрэчы ў Брусэлі: "На сёняшні момант Нацплатформы створаныя ў пяці краінах з шасці. У канцы студзеня ў Кіеве была заснаваная Украінская Нацыянальная платформа Форума! Праўда, на жаль, ніхто з украінцаў не падумаў пра запрашэнне на гэта мерапрыемства сваіх калег з Беларусі".

"Яшчэ адной навіной сустрэчы, - кажа сп. Вялічка, - з'яўляецца той факт, што зараз я больш не спікер Форума, а су-старшыня (Co-Chair) Кіруючага камітэта разам з Антанэлай Валморбіда (ALDA). Гэта была мая ініцыятыва, і пасля дыскусіі і галасавання такое рашэнне зацвердзіў Кіруючы камітэт. Два сустаршыні патрэбныя, каб можна было больш якасна арганізаваць працу Камітэта, а таксама забяспечыць лабісцкія і рэпрэзентатыўныя функцыі з большай эфектыўнасцю. Цяпер мы з Антанэлай распрацоўваем план працы і падзел функцый".

Сп. Вялічка таксама паведаміў, што наступная сустрэча Кіруючага камітэта запланаваная на 4-6 красавіка ў Мінску, таму ёсць шмат чыннікаў, адным з галоўных з'яўляецца жаданне прадэманстраваць падтрымку Нацплатформе і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Мяркуецца, што ў адзін з гэтых дзён адбудзецца сустрэча чальцоў Кіруючага камітэта з удзельнікамі Беларускай Нацыянальнай платформы.

"Асаблівая ўвага ў межах Форума надаецца саміту Усходняга партнёрства ў Будапешце 24-25 мая, які разам з Познаньским Форумам  у лістападзе стане адной з галоўных кульмінацый Усходняга партнёрства ў межах бягучага года. У сувязі з гэтым плануецца рэалізацыя цэлай праграмы дзеянняў, якая уключае правядзенне ацэнкі прагрэсу Усходняга партнёрства з боку грамадзянскай супольнасці, а таксаме правядзенне паралельнага саміту мерапрыемства грамадзянскай супольнасці ў Будапешце", - дадаў сп. Вялічка. 

Улад Вялічка разам з калегамі па Кіруючым камітэце на працягу мінулага тыдня таксама меў сустрэчы з камісарам ЕС Штэфанам Фюле, генеральным сакратаром Рады Еўропы Турб'ёрнам Ягландам, прэзідэнтам Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта Стафанам Нільсанам, прэзідэнтам Камітэта рэгіёнаў Мэрсэдэс Брэса і іншымі стратэгічнымі партнёрамі Форума грамадзянскай супольнасці.

Прэс-служба Кансорцыюма "ЕЎРАБЕЛАРУСЬ"

Видео