BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Заява Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 20 снежня 2010 г.

25.12.2010
Заява Грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 20 снежня 2010 г.
ЗАЯВА
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

20 снежня 2010 г., Мінск

 

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” выказвае рашучы пратэст супраць шакуючага факту прымянення сілы супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў увечары 19 снежня.

Праваахоўнікі жорстка збілі нашых калег, пашкодзілі і аднялі іх прафесійную апаратуру, не зважаючы на сапраўдныя журналісцкія пасведчанні. Пры гэтым пацярпелі рэпарцёры беларускіх СМІ і афіцыйна акрэдытаваныя ў краіне замежныя журналісты.

Пасля мірнай грамадзянскай акцыі на плошчы Незалежнасці ўвечары 19 снежня міліцыя затрымала шэраг журналістаў, якія асвятлялі ход падзеяў. І зноў супрацоўнікі праваахоўных органаў не зважалі на журналісцкія пасведчанні, груба і беспадстаўна парушаючы прафесійныя правы нашых калег на бесперашкоднае збіранне інфармацыі.

Паводле інфармацыі ГА “БАЖ”, як мінімум 20 журналістаў былі затрыманыя, яшчэ столькі ж былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі.

Такім брутальным чынам улады краіны ў чарговы раз выказалі сваю абсалютную непавагу да базавых грамадзянскіх і прафесійных правоў.

ГА “БАЖ” выказвае свой рашучы пратэст супраць формы асвятлення вядучымі дзяржаўнымі электроннымі СМІ мірнай грамадзянскай акцыі, якая адбылася ўвечары ў Мінску 19 снежня. Беларускае грамадства было абсалютна дэзінфармаваным наконт мэтаў гэтага мерапрыемства, колькасці ўдзельнікаў і іх дзеянняў, а таксама жорсткасці, з якой дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі падчас разгону мірнай акцыі.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” патрабуе неадкладнага расследавання ўсіх выпадкаў гвалту супраць журналістаў і перашкодаў для іх прафесійнай дзейнасці, а таксама прыцягнення ўсіх вінаватых да адказнасці.

 

Прынята Праўленнем ГА “БАЖ”

 

Крыніца: ГА "БАЖ"

Видео