BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Форум грамадзянскай супольнасці на сустрэчы Міністраў краін ЕС і Усходняга партнёрства

14.12.2010
Форум грамадзянскай супольнасці на сустрэчы Міністраў краін ЕС і Усходняга партнёрства

13 снежня ў Брусэлі ў межах рэгулярных паседжанняў на вышейшым узроўні адбылася чарговая сустрэча міністраў замежных спраў краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага Саюза. На сустрэчы абмяркоўваліся сучасны стан Усходняга партнёрства, а таксама яго перспектывы ў фокусе падрыхтоўкі да Самміта УП, які павінен адбыцца ў траўні 2011 года ў Будапешце.  З боку ЕС на сустрэчы прысутнічалі Высокі прадстаўнік па замежных справах і палітыцы бяспекі Катарын Эштан, а таксама Еўракамісар па пашырэнні ЕС і еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле. Беларускі бок на сустрэчы прадстаўляў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

На сустрэчы з 10 хвіліннай прэзентацыяй выступіў Спікер Форума грамадзянскай супольнасці, нацыянальны каардынатар Форума па Беларусі Улад Вялічка, які прадставіў падрыхтаваныя Кіруючым камітэтам ФГС асноўныя вынікі і рэкамендацыі другога Форума, які адбыўся ў лістападзе ў Берліне.

У адрозненне ад першага Форума, рэкамендацыі другога насілі больш канкрэтны і прагматычны характар, што дае магчымасць прадстаўнікам урадаў краін ЕС і Усходняга партнёрства не толькі азнаёміцца з імі, але і пры наяўнасці палітычнай волі знайсці магчымасць для рэалізацыі шэрагу прапаноў грамадзянскай супольнасці ў межах праграмы.

Асноўны акцэнт у выступе Улада Вялічкі быў зроблены на планах і праектах саміх удзельнікаў Форума (ініцыятыва праектаў па візавай лібералізацыі, маніторынгу правоў чалавека, развіцці кантактаў паміж людзьмі ў сферы культуры, адукацыі, моладзевай палітыкі і інш.), а таксама на тых кроках, якія грамадзянская супольнасць жадае бачыць з боку Еўрапейскага Саюза і нацыянальных урадаў краін-партнёраў. Сярод такіх крокаў:

  • Стварэнне базуючагася ў Брусэлі Сакратарыята Форума грамадзянскай супольнасці з адпаведным мандатам і адпаведным фінанасаваннем.
  • Статус “пастаяннага ўдзельніка” для Форума на сустрэчах афіцыйных платформ, працоўных груп, экспертых панэляў і флагманскіх ініцыятыў з папярэднім доступам да іх чарнавых дакументаў.
  • Фасілітацыя праз дэлегацыі ЕС трохбаковага дыялогу на нацыянальным узроўні ў дачыненні да двухбаковых пагадненняў, уключна вызначэнне прыарытэтаў у фінансаванні еўрапейскай палітыкі добрасуседства і перагляд фінансавых перспектыў, а таксама папярэдні доступ да планаў і прыарытэтаў, якія з’яўляюцца прадметам Планаў дзеянняў і Дамоваў аб ассацыяцыі.
  • Доступ да інфармацыі на нацыянальным узроўні пра агульныя і сектарныя фінансавыя плыні бюджэтнай падтрымкі з боку Еўракамісіі.
  • Аналагічна прыкладу Заходніх Балканаў, стварэнне асобнага Інструмента грамадзянскай супольнасці ў межах палітыкі добрасуседства для фінансавання развіцця арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх дыялогу з нацыянальнымі ўрадамі.
  • Забеспячэнне адпаведнага ўдзелу прадстаўнікоў Форума грамадзянскай супольнасці на Саміце ў Будапешце (травень 2011) як паважанага і прызнанага ўдзельніка працэсаў Усходняга партнёрства.

Як паведаміў Улад Вялічка, прапановы Форума грамадзянскай супольнасці былі добра сустрэты афіцыйнымі асобамі ЕС, а таксама ўдзельнікамі сустрэчы. Аднак, за выключэннем станоўчых рэплік Катарын Эштан ды чэскага міністра Карэла Шварцэнберга, ніякай дыскусіі па іх не адбылося, што пакідае неадназначнае ўражанне ад эфекта іх прадстаўлення: альбо міністры краін ЕС і Усходняга партнёрства ў прынцыпе не маюць нічога супраць рэалізацыі гэтых прапаноў і збіраюцца іх ажыццяўляць, альбо агучаныя тэзісы проста не былі пачуты і зразуметы.

Па ранейшаму, асноўным прыхільнікам умацавання Форума і самой грамадзянскай супольнасці ў межах праграмы застаецца Еўракамісія, прадстаўнікі якой неаднаразова вярталіся ў размове падчас сустрэчы да пытання абавязковага і больш глыбокага ўцягвання грамадзянсках супольнасці ў працэсы, праграмы і праекты Усходняга партнёрства.

Далейшае развіццё стасункаў Форума і прадстаўнікоў урадаў, роўна як і пра-актыўная стратэгія развіцця дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці ў межах праграмы будуць абмяркоўвацца на бліжэйшай сустрэчы Кіруючага камітэта Форума, якая запланавана на 1-2 лютага 2011 года ў Брусэлі.

 

Крыніца: Прэс-служба Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці

Видео