BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"Карысць ад Форуму для СМІ – у прасоўванні адкрытасці камунікацыі паміж Беларуссю і Еўразвязам..."

28.11.2010
"Карысць ад Форуму для СМІ – у прасоўванні адкрытасці камунікацыі паміж Беларуссю і Еўразвязам..."

Удзельнікам другога Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства трэба заклікаць беларускі ўрад адмовіцца ад стварэння структуры «псеўдаграмадзянскай супольнасці» ў межах УП.

Такую ўпэўненасць выказала Жанна Літвіна 26 лістапада ў Мінску за «круглым сталом» па выніках берлінскага Форуму 18–19 лістапада. Разам з прадстаўнікамі двух дзесяткаў іншых недзяржаўных арганізацый старшыня ГА «БАЖ» прэзентавала Беларусь у Берліне.

«Я катэгарычна супраць адбудоўвання „вертыкалі“ грамадзянскай супольнасці ўладай. У нас ёсць аўтарытэт, інтэлектуальны рэсурс, і мы абавязаны зрабіць усё, каб дасягнуць кансалідацыі ўнутры краіны і не дапусціць стварэння паралельных структур», — заявіла Жанна Літвіна.

Яшчэ адзін удзельнік беларускай дэлегацыі Сяргей Мацкевіч у часе «круглага стала» з жалем канстатаваў, што еўрапейскія журналісты не выказалі асаблівай цікавасці да берлінскага Форуму. У адрозненні ад беларускіх калег, якія актыўна асвятлялі яго працу.

Між тым, высокае прадстаўніцтва на Форуме еўрапейскіх чыноўнікаў сведчыць пра тое, што яго расцэньваюць як паўнавартасны структурны элемент Усходняга партнёрства, — упэўнены кіраўнік міжнароднага кансорцыюму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка, пераабраны на Форуме нацыянальным кандынатарам беларускай дэлегацыі. (Нагадаем, што у Берліне перад удзельнікамі сустрэчы выступаў еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфан Фюле, а таксама міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле.)

Разам з тым, прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацый хацелі б бачыць «гарантаванае месца Форуму ў міжурадавых дачыненнях», чаго пакуль, на жаль, няма, — падкрэсліў сп. Вялічка.

З падачы беларускай дэлегацыі ўдзельнікі Форуму дамовіліся распрацаваць «дарожныя мапы» па кожным з накірункаў праграмы Усходняга партнёрства. (Акрамя сферы СМІ, гэта адміністратыўныя рэформы, візавая лібералізацыя, эканамічная інтэграцыя, правы чалавека, энергетыка і навакольнае асяроддзе і г.д.). У студзені 6 краін-удзельніц праграмы прадставяць па кожным накірунку свае «дарожныя мапы», каб узгадніць іх з «суседскімі» і прэзентаваць на саміце ў Будапешце ў маі 2011 года.

Наколькі такая форма працы будзе эфектыўнай?

Гэтае пытанне прэс-служба ГА «БАЖ
» адрасавала аднаму з удзельнікаў Форуму Дзянісу Мельянцову — палітолагу, вядучаму аналітыку Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).

«Пакуль што я бачу ўсю гэтую структуру Форуму як вельмі неэфектыўную, — прызнаўся сп. Мельянцоў. — Пакуль што гэта проста сход прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый з 6-і краін-удзельніц Усходняга партнёрства і дзяржаў Еўрапейскага Саюзу, якія нават не да канца разумеюць сваю ролю ў гэтым працэсе.

Гэта вельмі добра паказалі паседжанні па „платформах“, калі абмяркоўваліся канкрэтныя прапановы. Частка ўдзельнікаў форуму проста не разумее, для каго гэтыя прапановы, як яны будуць рэалізоўвацца і хто потым будзе адсочваць рэалізацыю гэтых прапаноў. Нехта лічыць, гэта прапановы для Еўрапейскай камісіі, нехта — што для нацыянальных урадаў, нехта — што для саміх сябе, як праграма дзеянняў…

На маю думку, самае важнае, што зараз павінен зрабіць Форум, — гэта прадумаць „формулу“: што гэта за рэкамендацыі, якім чынам яны будуць рэалізоўвацца, хто і як гэта будзе адсочваць…

Важным момантам можа стаць кардынацыя дзеянняў паміж гэтымі шасцю краінамі, каб дзяліцца інфармацыяй і наўпрост "прэсаваць" свае нацыянальныя ўрады. Еўрапейская камісія ніколі не будзе ціснуць на нацыянальныя ўрады, таму што гэта не яе задача — яны зацікаўленыя ва ўцягванні нацыянальных урадаў у працу, а не ў тым, каб змусіць іх выконваць рэкамендацыі грамадзянскай супольнасці…

Што можа Форум зараз? Ён можа „злавіць на слове“ еўракамісара Фюле, калі ён казаў пра адкрытасць працэсу камунікацыі. Варта проста вылучыць запыт ад Форуму грамадзянскай супольнасці: калі ласка, пакажыце нам „часовы план для Беларусі“, які вы распрацавалі і які пакуль што звышсакрэтны. Пакажыце, якім чынам развіваецца ваша камунікацыя з нацыянальнымі ўрадамі, распавядзіце, што адбываецца на пасяджэннях камітэтаў па платформах… Гэта рэалістычны план, і яго можна выкарыстоўваць ужо зараз.

Калі ж казаць пра карысць ад Форуму для СМІ, — гэта перадусім прасоўванне адкрытасці працэсу камунікацыі паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам на ўзроўні Усходняга партнёрства…»

 

Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Видео