BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства прайшоў у Берліне

24.11.2010
Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства прайшоў у Берліне

На Гамадзянскі форум Усходняга пртнэрства, які праходзіў 18-19 лістапада ў Бэрліне, прыехалі больш за 250 прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацыяў з краінаў Аб’яднанай Эўропы і 6 краінаў-суседзяў Эўразьвязу.

Яны сабраліся ў нямецкай сталіцы, каб сфармуляваць свае прапановы па тым, як павінна разьвівацца праграма "Ўсходняе партнэрства". У форуме ўдзельнічалі прадстўнікі больш за 20 беларускіх грамадзкіх арганізацыяў.

На адкрыцьці Форуму грамадзянскай супольнасьці з урачыстымі прамовамі выступілі высокапастаўленыя прадстаўнікі Міністэрстваў замежных справаў Нямеччыны, Чэхіі ды Польшчы, а таксама эўракамісар па пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу Штэфан Фюле. Ён падкрэсьліў, што ў такіх краінах, як Беларусь, ЭЗ павінен надаць яшчэ большую ўвагу падтрымцы няўрадавых арганізацыяў.

Удзельнікі Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства былі падзелены на 4 рабочыя групы, якія адпавядаюць тэматычным плятформам Усходняга партнэрства – гэта “Дэмакратыя, добрае кіраваньне й правы чалавека”, “Эканамічная інтэграцыя”, “Энэргетыка”, а таксама “Кантакты паміж людзьмі”. Беларускія няўрадавыя арганізацыі былі прадстаўлены ў асноўным у першай і чацьвёртай працоўных групах. Гэта каля двух дзясяткаў арганізацыяў, сярод якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў, Таварыства беларускай школы, Беларускі цэнтар стратэгічных дасьледаваньняў, падстаўнікі прафсаюзаў. Пра мэты свайго ўдзелу ў форуме кажа Алесь Бяляцкі з Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

А. Бяляцкі: Мы павінны тлумачыць і беларускаму грамадзтву, і беларускім уладам, што праграма Ўсходняга партнэрства грунтуецца на каштоўнасьцях і зьвесьці яе да голых эканамічных стасункаў з Эўразьвязам наўрад ці ўдасца. Роля няўрадавых арганізацыяў, у прыватнасьці праваабарончых, у гэтай праграме зьяўляецца вельмі істотнай. Адным словам, нас не пераскочыць.

На форум у Бэрлін зь Беларусі прыехалі ня толькі праваабаронцы ці экспэрты незалежных дасьледчых цэтраў. У Форуме грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства бралі ўдзел і прадстаўнікі такіх арганізацыяў, як Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў. Сябры асацыяцыі выказалі спадзяванні, што дзякуючы іх удзелу ў эўрапейскім форуме беларускія ўлады прыслухаюцца да патрабаваньняў інвалідаў. Пра гэта гаворыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі.

С. Драздоўскі: Нам трэба знайсьці спосаб зрабіць так, каб грамадзянская супольнасьць і дзяржава ў Беларусі пачалі весьці дыялёг. Сапраўдны дыялёг, а не “размову глухога са сьляпым”. Мы хочам, каб рашэньні, якія непасрэдна датычаць нашага жыцьця, перад іх зацьвярджэньнем, узгадняліся з намі.

Сёлетні Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства – ужо другі па ліку. На думку спэцыялістаў, удзел у такой прадстаўнічай асамблеі пазытыўна паўплываў на трэці сэктар у Беларусі. Недзяржаўныя арганізацыі пачалі кантактаваць паміж сабой, фармуляваць супольныя прапановы, якія датычаць дыялёгу паміж Беларусьсю й Эўразьвязам. Гэта прывяло да паўстаньня Нацыянальнай плятформы Ўсходняга партнэрства, у якую ўваходзіць больш за 100 беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Пра мэты Нацыянальнай плятформы распавядае яе каардынатар Улад Вялічка.

У. Вялічка: Нацыянальная плятформа – гэта форма самаарганізацыі грамадзянскай супольнасьці ў рамках праграмы Ўсходняга партнэрства. Ствараецца яна, каб забясьпечыць на нацыянальным узроўні падтрымку працэсу Ўсходняга партнэрства. Гэта значыць дзеля таго, каб у самой Беларусі ішло абмеркаваньне, працы па разьвіцьці ідэяў Усходняга партнэрства, а таксама дзеля таго, каб гэтыя агульныя напрацоўкі былі прадстаўленыя на агульнаэўрапейскай пляцоўцы.

Беларускія няўрадавыя арганізацыі, якія ўваходзяць у склад Нацыянальнай плятформы, прывезьлі на форум свае прапановы па набліжэньню Беларусі  да эўрапейскіх стандартаў у розных сфэрах. Прапановы аформленыя ў выглядзе брашуры. Яна зьмяшчае “дарожныя мапы” па правядзеньню ў Беларусі рэформаў, скіраваных на паляпшэньне абароны працоўных, забесьпячэньня свабоды СМІ, рэформу мясцовага самакіраваньня. Беларускія ўдзельнікі форуму лічаць, што Эўразьвяз павінен будаваць супрацоўніцтва з краінамі Ўсходняга партнэрства менавіта на такіх “дарожных мапах”.

Як зазначыў спадар Вялічка, пакуль што беларускія ўлады адмаўлюцца прыслухоўвацца да прапановаў грамадзкіх арганізацыяў. Аднак ён спадзяецца, што сытуацыя хутка зьменіцца.

Пасьля адкрыцьця форуму й вырашэньня арганізацыйных пытаньняў адбыліся паседжаньні працоўных падгрупаў, дзе фармуляваліся канкрэтныя рэкамэндацыі па такіх пытаньнях, як барацьба з карупцыяй, адмена візаў ці разьвіцьцё малога бізнэсу.



Крыніца: Аляксандар Папко, Польскае радыё для замежжа


 

У Бэрліне завершыў працу другі Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства. Прадстаўнікі трэцяга сэктару сфармулявалі свае прапановы па правядзеньню праграмы "Ўсходняе партнэрства" ды абралі новае кіраўніцтва.

У заключны дзень працы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства адбыліся паседжаньні чатырох працоўных групаў, прысьвечаных эканамічнай інтэграцыі з Эўразьвязам, дэмакратыі й правам чалавека, энэргетычнаму супрацоўніцтву, а таксама кантактам паміж людзьмі. Не абышлося без скандалу. На паседжаньні рабочай групы “Эканамічная інтэграцыя” старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік патрабаваў уключыць у сьпіс прапановаў да Брусэлю надкладнае правядзеньне перамоваў па ўступленьні Беларусі ў Эўразьвяз. Пра інцыдэнт распавядае старшыня праўленьня “Цэнтру прававой трансфармацыі” Алена Танкачова.

А. Танкачова: Падчас канчатковага абмеркаваньня тэксту рэзалюцыі спадар Козік парэкамэндаваў працоўнай групе абмеркаваць адмену эканамічных санкцыяў – гэта значыць, вяртаньне Беларусі ў сыстэму гандлёвых прэфэрэнцыяў Эўразьвязу. Пасьля гэтага ён настойліва парэкамэндаваў як мага хутчэй распачаць працэс уступленьня Беларусі ў Эўразьвяз альбо неадкладна уключыць Беларусь ў гэтак званы “сьпіс чаканьня”.  

Алена Танкачова прадставіла сваё тлумачэньне нечаканаму эўраінтэграцыйнаму запалу кіраўніка праўладных прафсаюзаў.

А. Танкачова: Я адразу падумала, што ён спэцыяльна ставіць недасяжныя мэты, каб зацягнуць перамовы й зрабіць іх неэфэктыўнымі. Таму ў групе вырашылі не рэагаваць на гэтую прапанову, затое пытаньне вяртаньня Беларусі ў сыстэму прэфэрэнцыяў падрабязна абмеркавалі. Беларусь была выключаная зь яе з-за аб’ектыўных парушэньняў правоў працоўных. У першую чаргу гэта парушэньні правоў прафсаюзаў, а таксама кантрактная сыстэма найму. Гэтыя хібы проста трэба выправіць, і пытаньне прэфэрэнцыяў вырашыцца само сабой. Бліжэйшае паседжаньне воргану, які можа адмяніць санкцыі, адбудзецца ў ліпені. Калі ласка – выпраўцеся й апынецеся аўтаматычна ў агульнай сыстэме прэфэрэнцыяў.

Сябры кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства на прэс-канфэрэнцыі падвялі вынікі першага году дзейнасьці й распавялі пра далейшыя кірункі працы форуму. Як зазначыў каардынатар ад Беларусі Ўлад Вялічка, большасьць прапановаў, сфармуляваных год таму, яшчэ ня выкананая. Таму недзяржаўныя арганізацыі засяродзяць увагу менавіта на рэалізацыі раней сфармуляваных патрабаваньняў.

Форум пераканаў улады Эўразьвязу ў тым, што ў краінах Усходняга партнэрства ёсьць актыўная грамадзянская супольнасьць, падкрэсьліла Ірыс Кэмпэ з фонду імя Генрыха Бёля. Дзякуючы таму, што форум адбываецца ў Бэрліне, ён можа аказаць вялікі ўплыў на ўсходнюю палітыку Нямеччыны – перакананая экспэрт.

Ірыс Кэмпэ: Дзяржава, якая згаджаецца прыняць у сябе Форум грамадзянскай супольнасьці, заяўляе, што бярэ на сябе адказнасьць фармуляваць усходнюю палітыку Эўразьвязу. Для Нямеччыны прыярытэтам заўсёды была Ресея. Аднак выбар Бэрліну ў якасьці месца правядзеньня форуму я ацэньваю як сьведчаньне таго, што  Нямеччына хоча актыўна ўдзельнічаць у выпрацоўцы палітыкі, якая датычыць непасрэдных суседзяў Эўразьвязу.

Завяршальным этапам сёлетняга форуму сталі выбары новых уладаў. Быў абраны новы склад кіраўнічага камітэту й сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці. Вынікі першага году дзейнасьці форуму падсумоўвае ўжо былы сьпікер асамблеі Сяргей Мацкевіч.

С. Мацкевіч: На жаль, мушу прызнаць, што мы выканалі недастаткова працы ў пэрыяд паміж двума форумамі. Працоўныя групы ўжывую сустракаліся толькі раз, камунікаваліся мы ў асноўным праз электронную пошту. Таму шмат якія пытаньні прыйшлося вырашаць непасрэдна на форуме. Але нам удалося дасягнуць узаемапаразуменьня наконт таго, што й як мы павінныя рабіць. Мы павінны будаваць сваю працу, абапіраючыся на канкрэтныя паказчыкі, па якіх будзе лёгка ацаніць, ці дасягнулі мы прагрэсу, ці не. Мы вырашылі выкарыстоўваць у дыялёгу зь дзяржавамі “дарожныя мапы”. Мы таксама салідарныя ў жаданьні дабівацца нашай прысутнасьці на мерапрыемствах з удзелам прадстаўнікоў урадаў. Таму ў цэлым я ацэньваю нашую працу станоўча.

Сяргей Мацкевіч вельмі станоўча ацаніў той факт, што на форуме ўсе дні прысутнічалі высокапастаўленыя эўрапейскія палітыкі, такія як эўракамісар Штэфан Фюле ды міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. Наступны Форум грамдзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства павінен прайсьці праз год у польскім горадзе Познань. Сяргей Мацкевіч лічыць, што польскае кіраўніцтва надасьць яму ня меншую ўвагу, чым нямецкае.

 

Міністар замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле й эўракамісар Штэфан Фюле на Форуме грамадзянскай супольнасьці

 

Крыніца: Аляксандар Папко, Польскае радыё для замежжа

Видео